Прывід Пуціна без галавы бадзяецца па постсавецкай прасторы.

26 снежня 2004 г.

Актуаліі

New York Times запальвае.

Учора New York Times апублікавала артыкул Нікаласа Крыстофа «Атрутны пазл». У артыкуле Уладзімер Пуцін названы прывідам без галавы, што шастае па постсавецкай прасторы, пагражаючы незалежным дзяржавам ад Грузіі да «такой маленькай прыгожай прыбалтскай краіны як Латвія» і распальваючы жахі халоднай вайны.

Зразумела, у цэнтры ўвагі аўтара выбары ва Ўкраіне. У прыватнасьці, Нікалас Крыстоф паведамляе сваім чытачам, што «ўсе ўкраінцы шэпчуцца» пра дачыненьні Расеі да атручаньня Юшчанкі, пасьля чаго нагадвае, што Расея ўжо ліквідоўвала сваіх супраціўнікаў за мяжой, прыводзячы ў якасьці прыкладу прысуд двум расейцам у Катары, абвінавачаным у забойстве Зелімхана Яндарбіева. Далей калумніст New York Times пераходзіць да новых абагульненьняў: Пуцін ня толькі безгаловы прывід, ён таксама Франка і Піначэт, паколькі вядзе Расею да фашыстоўскай дыктатуры. Завяршае свой артыкул Крыстоф на аптымістычнай ноце: «Калі прыбалтскія грамадзяне і ўкраінскія сьмельчакі могуць устаяць супраць Пуціна, зможам і мы». Калі ўлічваць тое, што New York Times лічыцца дастаткова ўзважанай і ўцямнай газэтай, зьяўленьне там настолькі экстравагантнага па тоне і ўзорам матэрыялу здаецца зусім дзіўным. Сутыкненьні і перыяды ахалоды паміж Расеяй і Захадам здараліся і раней і бывалі значна глыбейшыя – дастаткова ўспомніць тую ж Югаславію. У той час і расейская, і заходняя прэса многа чаго нагаварылі ў адносінах адзін да аднаго, аднак у салідных і паважаных выданьнях ніякай істэрыі з прывідамі не было. Мяркуючы па ўсяму, украінская народная стыхія дзейнічае на розум нейкім асаблівым, пакуль яшчэ цьмяным спосабам, выклікаючы прыступы публіцыстычнага глуму.

Пераклад з рускай мовы С. Папкова Крыніца: www.globalrus.ru (17.12.2004)