- Ліст на старонку “Беларускай Салідарнасьці” * Янка Корбут
Падчас наладжанага антыбеларускім рэжымам у кастрычніку сёлета выбарчага фарсу і антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму на палітычнай арэне ў чарговы раз выступіла групоўка пад назвай “Партыя БНФ”. Афіцыйныя газэты, радыё і тэлебачаньне час ад часу падкрэсьлівалі, што “у выбарах актыўна ўдзельнічае апазыцыя і нават БНФ з ягоным кіраўніком Вінцуком Вячоркам”.
Гэтым самым прапаганда рэжыму імкнулася прадэманстраваць “дэмакратычнасьць і плюралізм” выбарчага спэктаклю, разыгранага дзеля падману беларускага грамадзтва і дасягненьня пастаўленых мэтаў. Дыктатура пакарысталася невялікай групоўкай пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі (ён жа – Валентин Григорьевич Вечерко), якая была незаконна зарэгістраваная ў 2000 г. міністэрствам юстыцыі РБ пад назвай, якую маюць іншыя арганізацыі. Незаконная рэгістрацыя была праведзена з дапамогай нямецкага разьведчыка Ганса-Георга Віка, пра што паведаміла беларуская прэса. Гэта той самы Г.-Г. Вік, які прызнаўся, што асноўнай задачай ягонай дзейнасьці ў Беларусі ёсьць “уключэньне Беларусі ў склад Расеі, бо Расея – больш дэмакратычная краіна”. Гэта той самы “дэмакратызатар” Г.-Г. Вік, які прызнаўся, што ў ягонай дзейнасьці “адзінай таямніцай было тое, што ўсе паперы падпісваў таксама шэф беларускага КГБ” (“Белорусская газета” за 12.01.2004).
Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ (Партыя БНФ) пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка ў лукашэнкаўскіх выбарах і рэфэрэндуме ня ўдзельнічалі і заклікалі беларускае грамадзтва да байкоту выбарчага фарсу і рэфэрэндуму. Задоўга да 17 кастрычніка 2004 г. яны папярэджвалі беларусаў і міжнародную супольнасьць пра небясьпеку антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму, які рэжым можа аб’яднаць з выбарамі ў пацешны псэўдапарлямант “палату”. Прагнозы апраўдаліся – рэжым падрыхтаваў і разыграў бяспрыкладны па цынізму і антызаконнасьці фарс, пры якім выбаршчыкі павінныя былі расьпісвацца ў адным сьпісе і за выбары і за рэфэрэндум. Сапраўдны Народны Фронт і сапраўдная Партыя БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка зьвярнуліся да беларускага грамадзтва з заклікам “Не ідзіце на выбарчыя ўчасткі, ня дайце падмануць сябе — байкот выбарчаму фарсу!” Ужо 17 кастрычніка стала ясна, што гэтая пазыцыя была правільнай, што толькі байкот мог сарваць пляны дыктатуры, а любы ўдзел у галасаваньні разьвязаў рукі фальсіфікатарам.
Групоўка Вінцука Вячоркі дзейнічае як тыповая структура, падпарадкаваная спэцслужбам. Гэтая структура і яе “лідэр” выстаўляюць сабе перад беларускім грамадзтвам і міжнароднай супольнасьцю як “БНФ” альбо як “Партыя БНФ”, хаця на самай справе ўсімі сваімі дзеяньнямі з самага пачатку свайго існаваньня ў 1999 г. яны сфальсіфікавалі і зганьбілі сьвятыя ідэалы змаганьня за Вольную Беларусь, ідэалы, якім служаць людзі ў сапраўдным Беларускім Народным Фронце і сапраўднай Партыі БНФ. Групоўка Вячоркі аб’ядналася ў такзваную “Пяцёрку плюс” з іншымі мікраскапічнымі партыйнымі ўтварэньнямі, якія прэтэндуюць прадстаўляць дэмакратычны рух у нашай краіне. Гэтыя асобы не належаць сабе, яны выконваюць волю чужых палітычных сілаў – Расеі і Нямеччыны, якія зацікаўленыя ў стварэньні і існаваньні ў Беларусі падстаўной псэўдаапазыцыі. У задачу гэтай псэўдаапазцыі ўваходзіць падман беларускага грамадзтва пустымі і бессэнсоўнымі лёзунгамі, увядзеньне ў зман міжнароднай супольнасьці і прафанацыя вызвольнага змаганьня. Менавіта гэтыя групоўкі ў 2000 – 2001 гг. арганізоўвалі бязглуздыя “маршы свабоды” і “марши за лучшую жизнь”, падстаўляючы людзей пад міліцэскія дубінкі. Яны выконвалі чужы заказ – іхняй задачай было падставіць палітычна актыўных людзей пад рэпрэсіі і паспрыяць запалохваньню грамадзтва. Ім удалося пераканаць значную частку грамадзтва ў небясьпецы і бессэнсоўнасьці вулічных акцыяў пратэсту. За гэта ім шчодра заплацілі іхныя гаспадары-грантадаўцы.
Групоўка Вячоркі падчас усіх выбарчых кампаніяў з 1999 г. па цяперашні час актыўна ўключалася ў выбарчыя фарсы, падтрымлівала намэнклятурных антыбеларускіх падстаўных кандыдатаў (як Ганчарыка ў 2001 г.), выстаўляла ўласных “дэмакратычных кандыдатаў” (як на апошнім выбарчым фарсе 17 кастрычніка). Адзінай мэтай гэтай выбарчай актыўнасьці было імкненьне заблытаць людзей, зацягнуць іх на выбарчыя ўчасткі, стварыць ілюзію выбару. Памятаем, як кінуліся перад 17 кастрычніка тлуміць галаву беларусам “дэмакратычныя кандыдаты”, заклікаючы на “выбары”– яны расчысьцілі дарогу для лукашэнкаўскай намэнклятуры.
В. Вячорка актыўна дзейнічае за межамі Беларусі, прадстаўляючы сабе “мужным змагаром за дэмакратыю”. Ён рэгулярна езьдзіць з іншымі здраднікамі ў Маскву на запрашэньне крамлёўскіх структураў, адказных за арганізацыю зьнішчэньня Беларускай Дзяржавы і акупацыю нашай краіны Расеяй. Там В. Вячорка і ягоныя калегі дзеляцца з прадстаўнікамі расейскіх спэцслужбаў інфармацыяй і дапамагаюць у распрацоўцы і рэалізацыі антыбеларускіх праектаў. Падчас сваіх ваяжоў на Захад В. Вячорка актыўна займаецца дыскрэдытацыяй арганізацыяў Нацыянальна-Вызвольнага Руху і заадно палітычным бізнэсам – зарабляе грошы на палітыцы “чего ізволіте”. Здраднікі Беларусі, падстаўныя агенты антыбеларускіх спэцслужбаў ня здольныя спыніць гісторыю, іхная справа марная. Дыктатура абрынецца, Беларусь будзе вольнай і дэмакратычнай. Але гэта не адбудзецца само сабой. Трэба змагацца за Волю і Незалежнасьць. Трэба ўмець ацаніць дзеяньні асобаў і груповак, каб сарваць пляны пярэвяртняў і ілжэпрарокаў.
Беларусы, не давайце веры здраднікам і агентуры!
Змагаймася разам з Беларускім Народным Фронтам “Адраджэньне” і ягонай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй — БНФ за нашу Бацькаўшчыну – Беларусь!
*** Янка Корбут***