Ухвала Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
Украінская рэвалюцыя засьведчыла ўсяму сьвету, што ўкраінскі народ больш не дазволіць зьдзеку над сабой. Народная салідарнасьць і высокая палітычная культура абаронцаў Украіны супрацьстаялі цёмным сілам рэакцыі, зброяй якіх ёсьць падман і гвалт.
Сьведамыя беларусы з хваляваньнем сачылі за драматычным разьвіцьцём падзеяў у Кіеве і іншых рэгіёнах Украіны. Мы бачым, што, апракідваючы нахабную выбарчую фальсіфікацыю, украінскія патрыёты змагаюцца за Бацькаўшчыну, за незалежную Дзяржаву, за родную мову і культуру, за будучыню сваіх дзяцей. Змаганьне ідзе супраць расейскага імпэрыялізму, супраць дыктатуры ФСБ-КГБ. Правалам скончылася агрэсіўная спроба Масквы прывесьці да ўлады на Украіне калябарацыйныя структуры на чале з данецкім крымінальнікам і пракласьці шлях да новай імпэрскай акупацыі Украінскай Дзяржавы. Для ўсёй цывілізаванай Эўропы прыкладам ёсьць патрыятызм мільёнаў украінцаў і высокі маральны дух барацьбітоў. Цяпер перад Украінай адкрываецца пэрспэктыва стваральнай працы на карысьць нацыянальных інтарэсаў, пэрспэктыва вяртаньня ў сямью народаў эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі.
Для беларускага народу подзьвіг мільёнаў украінцаў ёсьць крыніцай натхненьня і ўзорам агульнага клопату аб сваім жыцьці і дяржаўных справах. Няма вечных імпэрыяў, няма вечных дыктатураў. Сёньня Украіна – заўтра Беларусь!
Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
12 сьнежня 2004 г. Менск