27 лістапада, у дзень 84-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла ды старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Зянон Пазьняк зьвяртаюцца да суайчыньнікаў са сьвяточнымі лістамі.
Івонка Сурвілла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
“На ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну
Дарагія суродзічы.
Было іх ня больш як дзесяць тысячаў чалавек у той слаўнай Слуцкай брыгадзе БНР, якая 27 лістапада 1920 году стала на абарону Бацькаўшчыны. Сёньня беларусы на цэлым сьвеце з удзячнасьцяй адзначаюць іхную памяць. Бо тыя дзесяць тысячаў патрыётаў-герояў зразумелі, што толькі ў вольнай Беларусі зможа наш народ жыць годна й шчасьліва. І вырашылі “жыць для Беларусі, або зусім ня жыць”, як прыгожа пісала пазьней Ларыса Геніюш.
Дык вітаю Вас у гэтыя 84-я ўгодкі Слуцкага паўстаньня! Бо Слуцкім Збройным Чынам мае права ганарыцца ня толькі кожны случчак, але й кожны беларус.
Спадзяюся, што ўсе мы дачакаемся тае пары, калі беларускі Дзень Герояў станецца агульным нацыянальным сьвятам. А ў міжчасе прашу суродзічаў як на Бацькаўшчыне, гэтак і тых, хто далёка ад яе, прыпомніць сьвецкай урачыстасьцяй і малітвай 27 лістапада герояў, што 84 гады таму “ішлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.
Жыве Беларусь!
- Зянон Пазьняк, старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (Варшава – Слуцак):*
Дарагія сябры! Дарагія фронтаўцы!
У часы нацыянальнага паніжэньня (як цяпер) і ў часы акупацыі лепшым людзям народу трэба зьвяртацца да прыкладаў гераічнай беларускай гісторыі. Яны падтрымліваюць упэўненасьць і мацуюць сілу. Такіх прыкладаў у беларусаў мноства. Да іх адносіцца найперш Слуцкі Збройны Чын – народнае супраціўленьне расейска-бальшавіцкай агрэсіі і абарона незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі восеньню 1920 года. Барацьба слуцкага войска дае нам прыклад сапраўднага змаганьня за Бацькаўшчыну. Бо калі абараняюць Айчыну, то ня лічацца з сілай ворага! Абараняць Беларусь трэба гэтак, — як бы абараняў сваё жыцьцё.
Вось чаму мы памятаем слуцкіх герояў і кожны год адзначаем угодкі гераічных падзеяў.
Слуцкі Чын дае надзею, што ня будзе чэзлае кустоўе зарастаць навечна ў нашым полі. Ня будзе халуйскае семя навечна сьпець. Міне час і на моцных прыкладах, на вялікіх ідэях зноў падымецца, устане наш Вялікі магутны народ.
Яшчэ ўчора ў паняверцы маўчала Украіна. А сёньня б’е ў званы: прэч з маскалём! На дол бандытаў! Заслон Расеі!
Будзе гэтак і ў нас. Ня стане шайка паўманголаў над намі вечна кіраваць. Нашыя беларускія героі ўжо нарадзіліся. Яны ўжо ідуць. Яны ў дарозе. Хай жа мосьціцца і хутчэе іх сьветлы шлях!
Віншую ўсіх зь вялікай датай – 84-мі ўгодкамі Слуцкага змаганьня за Вольную Беларусь! Хай імя Яе жыве вечна ў нашых сэрцах!