Паведамленьне
4 верасьня 2003 г. грамадзяне Беларусі: Зянон Пазьняк, Юры Беленькі, Кастусь Кашэль, Сяргей Папкоў, Генадзь Пляшко, Алег Радзюк, Уладзімер Раманцоў, Алесь Чахольскі, Уладзімер Юхо патрабавалі ад кіраўніцтва Расеі спыніць умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі.
Грамадзяне выступілі як суб’екты міжнароднага права і ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзеля абароны незалежнасьці і суверэнітэту краіны ў сувязі з тым, што ўлада дыктатарскага гэжыму А. Лукашэнкі парушыла Канстытуцыю, Закон і служыць інтарэсам чужой дзяржавы.
Заява накіраваная Расейскаму паслу Блахіну А.В. для перадачы ў адрас Прэзыдэнта, Ураду, Дзярждумы, Савету Фэдэрацыі Расейскай Фэдэрацыі.
Тэкст Заявы дадаецца.
Грамадзянская ініцыятыва «Беларуская Салідарнасьць»
Патрабуем спыніць умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі, парушэньні правоў і свабод грамадзянаў Беларусі ўладнымі ворганамі Расейскай Фэдэрацыі.
Заява.
Мы, грамадзяне Беларусі, патрабуем ад уладных ворганаў Расейскай Фэдэрацыі спыніць парушэньне норм міжнароднага права ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь і 10-ці мільённага беларускага народу. Справа тычыцца незаконнай дзейнасьці вышэйшых ворганаў улады Расейскай Фэдэрацыі па выкананьні незаконнага дагавора аб стварэньні саюзнай дзяржавы, які 8 сьнежня 1999 г. падпісаны з боку Расейскай Фэдэрацыі Прэзыдэнтам Б. Ельцыным. Гэты дагавор незаконны, паколькі накіраваны на ператварэньне ўнітарнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь у суб’ект нейкай “саюзнай дзяржавы”, што забаронена нашай Канстытуцыяй.
Парушэньне Канстытуцыі нашай дзяржавы цягне за сабой парушэньне нашых канстытуцыйных і агульнапрызнаных правоў і свабод. Менавіта:
· права жыць і рэалізоўваць свае сацыяльна-духоўныя і творчыя магчымасьці ў незалежнай суверэннай беларускай дзяржаве;
· права ня ўдзельнічаць у ваенных канфліктах іншай дзяржавы і не аддаваць сваіх сыноў у чужое войска, на чужыя войны;
· права на валоданьне нацыянальнай маёмасьцю, у аснове якой ляжыць праца кожнага беларуса;
· права на стварэньне прыватнай уласнасьці на аснове беларускай нацыянальнай маёмасьці;
· права ўласнасьці на зямлю (з-за стварэньня неспрыяльных для беларусаў эканамічна-праўных умоваў);
· права на інтэлектуальную маёмасьць беларускай нацыі (у выніку вынішчэньня беларускай нацыянальнай адукацыі);
· права на адукацыю ў роднай мове (у выніку ліквідацыі беларускай нацыянальнай агульнаадукацыйнай і вышэйшай школы);
· права на беларускую нацыянальна-культурную самарэалізацыю асобы ( у выніку ліквідацыі афіцыйнага ўжываньня беларускай мовы).
Дагавор аб стварэньні саюзнай дзяржавы і праграма па яго рэалізацыі дакумэнтальна сьведчаць аб грубым умяшаньні Расейскай Фэдэрацыі ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь з мэтай ліквідацыі яе дзяржаўнай незалежнасьці і суверэнітэту. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў сьнежні 1999 г., калі быў падпісаны гэты незаконны дагавор, ні А.Лукашэнка, ні прызначаныя ім “палаты Нацыянальнага сходу” не зьяўляліся легітымнымі ўладамі ў Беларусі. А. Лукашэнка, падпісаўшы гэты дагавор, парушыў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь (артыкулы 7 і 8) і Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь” (артыкулы 3 і 6).
Знаходжаньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ворганаў незаконнай саюзнай дзяржавы, уключэньне Беларускага войску ў склад аб’яднанай вайсковай групоўкі, уключэньне беларускай мяжы і беларускіх памежных войскаў у мяжу і памежныя войскі “саюзнай дзяржавы”, праца па ліквідацыі беларускай валюты і ўвядзеньні расейскага рубля, татальная русіфікацыя ў галінах адукацыі, дзяржаўнага справаводства і СМІ, утрыманьне савецкага ладу ў пытаньнях уласнасьці на зямлю і на сродкі вытворчасьці, кадравая палітыка, згодна якай на адказныя пасады прызначаюцца грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, заканадаўчая і нарматыўная “творчасьць” па абмежаваньні эканамічных, палітычных, культурных правоў беларусаў сведчаць аб тым, што А. Лукашэнка і яго рэжым дзейнічае ў інтарэсах чужой дзяржавы (Расейскай Фэдэрацыі). Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь кваліфікуе такую дзейнасьць як злачынства супраць дзяржавы і здрада дзяржаве (глава 32, арт. 356).
Расейская Фэдэрацыя праз дзейнасьць незаконна створаных арганізацыйных структураў незаконнай саюзнай дзяржавы, менавіта праз: Вышэйшы Савет саюзнай дзяржавы, Савет Міністраў саюзнай дэяржавы, Парляманцкі сход саюзнай дзяржавы, сумесныя калегіі сілавых міністэрстваў, міністэрстваў замежных справаў ды іншых адкрыта ўмешваецца ва ўнутраную і зьнешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь.
У сітуацыі, калі вышэйшая службовая асоба дзяржавы А. Лукашэнка і ворганы ўлады на Беларусі пераступілі Канстытуцыю і Закон, сталі на службу вялікадзяржаўным інтарэсам Расеі, мы, грамадзяне Беларусі, выконваючы свае канстытуцыйныя абавязкі, мусім прыняць неабходныя меры для абароны сваіх правоў і свабод, для абароны незалежнасьці і суверэнітэту сваёй дзяржавы Рэспублікі Беларусь.
Мы разглядаем дзейнасьць кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь як палітычную агрэсію з прымяненьнем эканамічнай і інфармацыйнай сілы, подкупу і карупцыі, што не сумяшчальна з абавязацельствамі Расейскай Фэдэрацыі, як члена Савета Бясьпекі Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў. Дачыненьні кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі з А. Лукашэнкам і яго акружэньнем перацяклі ў сфэру карупцыі (Лукашэнка перадае Расеі беларускую тэрыторыю, матэрыяльныя і людскія рэсурсы – кіраўніцтва Расеі дапамагае яму ўтрымліваць ўладу над Беларусьсю).
Мы патрабуем ад Прэзыдэнта, Дяржаўнай Думы, Савета Фэдэрацыі, Савета Міністраў Расейскай Фэдэрацыі:
-
Спыніць ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь. -
Дэнансаваць незаконны дагавор ад 8 сьнежня 1999 г. аб стварэньні саюзнай дзяржавы. -
Ліквідаваць усе незаконныя арганізацыйныя структуры незаконнай саюзнай дзяржавы. -
Спыніць працу па навязваньні беларусам незаконнага рэфэрэндуму аб прыняцьці “канстытуцыйнага акта” незаконнай саюзнай дзяржавы. Ва ўмовах дыктатуры, якая створана і ўтрымліваецца ў Беларусі з дапамогай расейскіх уладаў і спэцслужбаў, вынікі “рэферэндуму” прызнанымі быць не могуць.
Вольная Беларусь не прызнае незаконнага дагавору аб стварэньні незаконнай саюзнай дзяржавы.
Мы заяўляем нашыя патрабаваньні ад імя больш за 2500 грамадзянаў з розных гарадоў і вёсак Беларусі, якія падпісалі на сёньняшні дзень калектыўную заяву ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем прызнаць несапраўдным дагавор аб стварэньні саюзнай дзяржавы за 8 сьнежня 1999 г. Мы абапіраемся на пазыцыю мільёнаў грамадзянаў Беларусі, якія не жадаюць уваходзіць у склад Расеі, якія будуюць і сьцвярджаюць сваё жыцьце і сваю будучыню ў незалежнай суверэннай Беларусі. Гэта пацьверджана сацыялягічнымі дасьледваньнямі і апытаньнямі 2001-2003 гадоў, вынікі якіх апублікаваныя ў прэсе.
Ад дзеяньня (ці бязьдзеяньня) Расейскай улады ў адказ на нашу заяву будуць залежыць дачыненьні Беларусі да Расеі. Бо рэжым Лукашэнкі (як бы яго не падтрымлівалі адпаведныя сілы ў Расеі) ня будзе вечным. *** 4 верасьня 2003 г.*** *Грамадзяне Рэспублікі Беларусь: * Зянон Пазьняк Юры Беленькі Кастусь Кашэль Сяргей Папкоў Генадзь Пляшко Алег Радзюк Уладзімер Раманцоў Алесь Чахольскі Уладзімер Юхо
Адрасы для сувязі: 220071, Менск-71, а/с 153.
Тэлефоны: 8-029-661-51-43, 8-029-602-16-18, факс:285-99-90
E-mail: belsalidar@tut.by