Шэсьце і мітынг у Лошыцкім яры

6 лістапада 2004 г.

Навіны

6 лістапада сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ арганізавалі традыцыйныя мэмарыяльныя шэсьце і мітынг на ўскраіне Менску – у Лошыцкім Яры, дзе ў 1930-я – 40-я гг. расейскія каты НКВД расстралялі тысячы беларусаў. Людзі прайшлі пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі па ходніках ад вул. Маякоўскага да Лошыцкага Крыжа, усталяванага нашымі партыйцамі ў 1990-я гг. на месцы трагедыі. Людзі несьлі таксама транспарант “Абаронім Беларусь ад расейскага імпэрыялізму!”, кветкі і сьвечкі. Каля Крыжа адбыўся жалобны мітынг, распачаты сьпяваньнем духоўнага гімну “Магутны Божа”. Быў зачытаны зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ, “Дзяды пад сьцягамі праўды” (прыкладаецца).

Выступілі таксама нам. старшыні Фронту і Партыі сп. Сяргей Папкоў, сакратары Управы Фронту і Партыі сп. Алесь Чахольскі і Валеры Буйвал. Выступоўцы казалі пра неўмяручую памяць аб нашых продках, якая павінна быць з намі, натхняць нас на жыцьцё і змаганьне. Расейскі генацыд не павінен паўтарыцца на беларускай зямлі, таму народ павінен бараніць Бацькаўшчыну ад расейскай імпэрыі, якая зноў забівае і нішчыць ва ўсім сьвеце. Каты ФСБ-КГБ зусім нядаўна забілі сотні асэцінскіх дзяцей, іхніх бацькоў і настаўнікаў у Беслане. Цынічная крамлёўская ўлада імкнецца з гэтага злачынства зрабіць рэклямнае шоў і крыніцу прыбытку. Арганізатары гэтага злачынства – дэпутаты расейскай Думы — гуляюць у футбол у Італіі, зьбіраючы пад лёзунгам “за здравие детей Беслана” грошы ў наіўнага Захаду. Мы добра памятаем, як крамлёўская мафія пакарысталася гуманітарнай дапамогай, якая паступала нашым ахвярам Чарнобыльскай катастрофы, — крамлёўцы езьдзілі на гэтыя грошы ў круізы, будавалі раскошныя дачы і марнавалі сродкі. Расейская імпэрыя не памянялася, яе антычалавечая сутнасьць засталася тая ж. Але імпэрыя перажывае сьмяротны крызіс. Расейская моладзь ня хоча ісьці ў жудаснае расейскае войска, ня хоча паміраць і калечыцца ў імперскіх канфліктах. Тысячы юнакоў хаваюцца, уцякаюць за мяжу, адкупляюцца ад войска. Менавіта таму Крэмль цягне свае лапы да беларускай моладзі. Аднак беларусы не дазволяць акупантам яшчэ раз зрабіць з нашых мужчынаў гарматнае мяса. Па ўсёй нашай краіне ёсьць мноства месцаў пакутніцтва народу, магілы бязьвінных ахвяраў расейскага генацыду. Дбаць пра гэтыя магілы, ушаноўваць іх – гэта абавязак цывілізаванага народу. Тое, што прамаскоўскі рэжым зрабіў з магіламі ў Лошыцкім Яры, зьяўляецца яшчэ адным сьведчаньнем яго сатанінскага стану. Узурпатары ўлады яшчэ раз – 17 кастрычніка сёлета – прадэманстравалі зьнявагу да закону і Канстытуцыі, падманулі і прынізілі народ, карыстаючыся сваёй рэжымнай псэўдаапазыцыяй, якая заганяла людзей на выбарчы фарс. З нашай трывогай мы ідзем да нашых дзядоў, да іхных сьвятых магілаў. Яны з намі. З намі, а не з прамаскоўскімі каляніяльнымі паслугачамі наша культура, наша гісторыя і наша будучыня.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ