Дарагія сябры, паважаныя беларусы!
Працягваюцца дні трагічнай памяці нашага народа. Крочаць дзяды. Мне ўяўляецца, што я тут, на мітынгу, з Вамі ў Лошыцы. Зірніце перад сабой на гаражы, на заасфальтаваны роўны пляц. Некалі тут быў шырокі і глыбокі яр, дзе ў 1937 годзе савецкія энкавэдзісты расстралялі тысячы беларусаў.
У 1988 годзе, калі я даведаўся пра гэтае месца і апытаў сьведкаў, людзей, і стаў рыхтавацца да археалягічных раскопак, тады, летам, вельмі хутка, калі ўжо прагучэлі Курапаты, раптам адабралі зямлю ў калгаса пад Менск, панаганялі шмат тэхнікі і пачалі вазіць машынамі жвір, засыпаць гэты яр. Выкарчавалі навакольны сад на ўзгорках і скапалі гэтыя ўзгоркі бульдозерамі ў шырокі яр. Такая была тут егіпецкая праца, каб зрабіць у гэтым няроўным пустым месцы пляцоўку для машын. Дорага абышлася такая пляцоўка для будаўнікоў камунізму. А ўсё дзеля таго, каб засыпаць, схаваць магілы растраляных, што ляжалі ў Лошыцкім яры на дне.
Тое самае было з Курапатамі – зрабілі б, відаць, стадыён, ці выкапалі б штучнае мора, — калі б да пары не ўдалося б схаваць таямніцу. Пасьля Курапатаў гэбісты сачылі за мной і, ўбачыўшы мой інтарэс да Лошыцы, апярэдзілі мае справы.
Толькі няшмат яны дамагліся, недалёка схаваліся нікчэмныя хаўрусьнікі маскоўскай шайкі. Мы ведаем, што такое Лошыца ў нашым мартыралёгу, ведаем спраўцаў забойства, бачым іх пакрывальшчыкаў і замятайлаў.
Нічога ня ўдасца схаваць злачынцам і іхным нашчадкам цяпер. Пройдзе час і кроў растраляных прасочыцца праз сямімэтровы жвір, праз чорны асфальт, чырвоныя кветкі запалымнеюць на гэтых гэктарах – пунцовы дыван, над якім ўзвысіцца ў неба наш адзінокі Лошыцкі народны Крыж. І ад гэтага Крыжа, як з Курапатаў, пойдуць рыцары Беларусі па ўсенькай Зямлі. Помста і справядлівасьць запануе іх сэрцам. Бо ня можа быць не адпомшчаны нявінна загіблы народ, калі жыў хоць адзін нашчадак. Пакараньне ў нашых руках. Яно нібы Пагоні меч, вісіць над злачынствам і не схаваецца ад Мяча ніхто. Ніхто, хто не пакаяўся перад Богам і нашай Зямлёй.
Тыя, што хаваюцца – ведаюць гэта, бо хаваюцца. Тыя, што памятаюць – ведаюць, бо памятаюць.
Трымайма ж высока наш справядлівы Сьцяг. Бо няма лепшае справядлівасьці, як справядлівасьць зьмёртвыхстаньня, як справядлівасьць нашага народнага Адраджэньня.
Хай вечна жыве Беларусь!
Зянон Пазьняк, Нью-Ёрк.