Зянон Пазьняк
Дарагія землякі, дарагія беларусы!
Сёньня ізноў, як заўсёды, мы адзначаем Дзяды – Дзень памяці продкаў.
Я хачу нагадаць, якое вялікае гэта мае значэньне – шанаваць памяць продкаў. Зірнем на нашае нядаўняе мінулае. За саветамі здавалася, што нішто ня здолее ўжо ўскалыхнуць сьведамасьці задушанага, заснулага беларускага грамадзтва. Але праўда пра Курапаты, сьведчаньне пра генацыд, пра тысячы нявінна забітых людзей разбудзіла беларускае сэрца. Народ адгукнуўся жалем, прачнулася ў ім прага справядлівасьці і адплаты за перажыты зьдзек.
Праўда пра Курапаты дала штуршок новаму беларускаму Адраджэньню. Адсюль, з мартыралога нацыі, пачаўся вызвольны рух, утварыўся Народны Фронт, які вярнуў дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, расказаў пра Чарнобыль, аднавіў гістарычныя сымвалы нацыі.
Расейцы-бальшавікі забілі мільёны мірных беларусаў. Яны хацелі задушыць Беларусь і назаўсёды зьнішчыць беларускае Адраджэньне. Тут, у Курапатах, яны стралялі ў патыліцу людзям Беларусі, думаючы, што масавымі забойствамі спыняць нашу гісторыю.
І што ж атрымалася? Калі вырасла новае пакаленьне беларусаў, нашы закатаваныя расстраляныя дзяды паўсталі з небыцьця і паказалі нам шлях. Ад нас патрабавалася толькі адно – памятаць. І калі памятаем – яны дапамогуць. Калі памятаем і шануем – яны несьмяротныя.
Вось дзе духоўны закон гісторыі і лёгіка вечнасьці – маральная памяць пра пакаленьні. Калі за плячыма дзяды – багаслаўлены наш шлях. Ідзем жа па ім упэўнена, змагаймася за гонар Беларусі! Хіба ня чуеце, як тут разам з усімі лунае дух Васіля Быкава, як гарыць ягоная сьвечка, як апусьціліся побач душы сяброў – незабыўнага Міхася Дубянецкага, прасьветленага Яўгена Куліка, вясёлай Веры Церлюкевіч, дабрадушнага Уладзімера Кармілкіна… Вечная памяць.
Але парадуемся разам. У нас яшчэ даўгі шлях на гэтай зямлі і сьветлая будучыня ўсеагульнай беларускай радасьці, калі спадзе, абваліцца, сканае цёмнае дурноцьце і згіне ўсялякая дрэнь. І добрасьць наша будзе дасканалай…
Дзяды, дзяды, успамажыце. Дзяды, дзяды, глядзіце ўсьлед, Каб мы ня збочылі з дарогі…