- (Зварот да кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу і АБСЭ)*
На працягу ўсяго 2004 года, пакуль антынародны і нелегітымны рэжым Лукашэнкі рыхтаваў свой незаконны “рэфэрэндум” і “выбарчую кампанію”, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ неаднаразова зьвярталася да беларускага грамадзтва і палітычных партыяў Беларусі, папярэджваючы аб плянах прамаскоўскай дыктатуры. Задоўга да пачатку выбарчай кампаніі мы бачылі небясьпеку аб’яднаньня рэфэрэндуму, на які рэжым зьбіраўся вынесьці антыканстытуцыйныя патыньні, і выбараў у “палату прадстаўнікоў” лукашэнкаўскага псэўдапарляманту. Мы тлумачылі, што адзінай мэтай рэжыму ёсьць захаваньне ўлады Лукашэнкі шляхам падману беларускіх выбарцаў, прыцягненьня іх любымі спосабамі на выбарчыя ўчасткі, і таму ўлады сумясьцілі выбары з незаконным рэфэрэндумам. Ужо тады мы заявілі, што неабходным мэтадам супраціву дыктатуры ў гэтым становішчы ёсьць кампанія ўсенароднага байкоту выбарчага фарсу і незаконнага рэфэрэндуму. Менавіта байкот—непрыход на выбарчыя ўчасткі – не дазволіў бы рэжыму нахабна сфальсіфікаваць вынікі галасаваньня. З гэтымі тлумачэньнямі і заклікамі мы неаднаразова зьвярталіся на працягу 2004 г. да міжнароднай супольнасьці, кіраўніцтва дэмакратычных краінаў і кіраўніцтва Эўразьвязу і АБСЭ. На вялікі жаль, да нашых папярэджаньняў не прыслухаліся, нашу інфармацыю палічылі няважнай. Тым часам байкот можна было арганізаваць толькі супольнымі сіламі. І вось адбылося тое, пра што мы папярэджвалі грамадзтва і палітыкаў, абавязкам якіх ёсьць здольнасьць прадбачыць вынікі падзеяў і сваех дзеяньняў. Антыбеларуская дыктатура аб’яднала выбарчы фарс з антызаконным рэфэрэндумам, брутальна загнала мільёны людзей на выбарчыя ўчасткі і сфальшавала вынікі галасаваньня. І ўсё гэта адбывалася на вачах і з удзелам міжнародных назіральнікаў ад АБСЭ.
Мы заклікалі міжнародныя арганізацыі не пасылаць сваіх назіральнікаў на выбарчы фарс. Калі назіральнікі прыехалі, то наша Партыя прапанавала тэрмінова адклікаць іх і ня ўдзельнічаць у нахабным шоў дыктатуры (заява нашай Партыі “Не гуляйце з дыктатурай у дэмакратыю” ад 3 кастрычніка 2004 г.). Нават калі стала вядома, што рэжым пайшоў на адкрытае жульніцтва (выбарцы павінны былі расьпісвацца ў адным сьпісе і за выбары і за рэфэрэндум, і было ўжо немагчыма прыйсьці на выбары і ня браць удзелу ў антыканстытуцыйным рэфэрэндуме), АБСЭ не адклікала сваех назіральнікаў. АБСЭ заявіла, што “назіральнікі будуць назіраць толькі за выбарамі, і ня будуць назіраць за рэфэрэндумам” (які адбываўся ў той жа час, у тым жа месцы, з удзелам тых жа выбарцаў і тых жа камісіяў па галасаваньні). Сучасная аўтарытэтная міжнародная арганізацыя як АБСЭ ня мае права рабіць такія дэмагагічныя заявы, такая схаластыка недапушчальная на пачатку 21-га стагоддзя. Так можна згубіць увесь свой аўтарытэт, і самае галоўнае – гэтак можна канчаткова страціць сумленьне.
Антыдэмакратычны рэжым арганізаваў выбарчы фарс выключна па сваіх правілах. Рэжым меў поўны кантроль над сродкамі масавай інфармацыі. Так званая “незалежная прэса” таксама даўно знаходзіцца пад кантролем КГБ. Гэтыя СМІ разам з ворганамі прапаганды рэжыму актыўна заклікалі беларусаў на выбарчы фарс, дэмагагічна гукалі: “беларусы маюць права на дэмакратычныя выбары, скажам “Не!” дыктатуры”. Невялікія групоўкі, якія называюць сябе “дэмакратычнымі палітычнымі партыямі” выставілі на выбарчы фарс сваіх кандыдатаў, пастваралі кааліцыі і таксама актыўна заклікалі людзей ісьці на выбарчае ашукальніцтва. Яны яшчэ раз выканалі ролю правакатараў, арганізаваўшы прыход выбаршчыкаў на ўчасткі. Рэжым пакарыстаўся імі і адкінуў як адпрацаваны матар’ял (як вядома, ніводзін з гэтых “дэмакратычных кандыдатаў” ня быў дапушчаны ў псэўда-парлямант Лукашэнкі). Але пастаўленую перад імі задачу палітычныя авантурнікі выканалі – фарс, дзякуючы ім, набыў выгляд “дэмакратычнага змаганьня”.
Замест лягічнага міжнароднага байкоту і ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі з мэтай не дазволіць яму падмануць і застрашыць беларускі народ, АБСЭ міжволі паспрыяла стварэньню зьнешняга антуражу дэмакратычнасьці выбарчага працэсу. Цяпер, пасьля сканчэньня выбарчага фарсу можна колькі заўгодна крытыкаваць і абвінавачваць рэжым за гвалт і выбарчыя падтасоўкі, але момант ужо страчаны. Рэжыму ня трэба цяпер міжнароднае прызнаньне легітымнасьці выбараў і рэфэрэндума. Лукашэнка (які узначальвае прарасейскую дыктатуру ў Беларусі) ужо цяпер спасылаецца на “усенародную падтрымку” і “волю народу”. Ужо цяпер Расея заявіла пра “перамогу дэмакратыі ў Беларусі”. Рэжым цынічна выкарыстаў АБСЭ разам з псэўда-апазыцыяй, каб забясьпечыць дэмакратычны выгляд рэфэрэндумнаму фарсу.
Машына выбарчай фальсіфікацыі працавала з нябачанай актыўнасьцю. Упершыню з савецкіх часоў рэжым арганізаваў сістэматычнае і татальнае запалохваньне выбарцаў па ўсёй краіне. Кіраўнікі прадпрыемстваў і навуковых установаў былі ў непасрэднай сувязі з тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі і трымалі пад кантролем кожнага выбаршчыка, запалохваючы людзей звальненьнямі і рэпрэсіямі. Людзі, вымушаныя ісьці на выбарчыя ўчасткі, галасавалі супраць рэжыму – пра гэта сьведчаць усе грамадзкія апытаньні. Але забясьпечыўшы прыход выбаршчыкаў, рэжым атрымаў свабоду манэўра і сфальшаваў вынікі галасаваньня ў сваю карысьць.
Людзей, якія заклікалі да байкоту выбарчага фарсу, незаконна арыштоўвалі, штрафавалі, кідалі за краты. Мы паведамлялі пра брутальныя рэпрэсіі ўладаў супраць сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ падчас выбарчай кампаніі, але не атрымалі ніякай рэакцыі з боку АБСЭ. Факты рэпрэсіяў супраць сяброў нашай Партыі не знайшлі месца ў справаздачах Місіі АБСЭ па назіраньні за выбарамі. Што гэта – палітычная сьлепата, падвойныя стандарты ў ацэнцы сітуацыі, уплывы расейскіх лоббі?
Мы спадзяемся, што АБСЭ акажа тэрміновую дапамогу ў вызваленьні з-за кратаў сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ сп. Уладзімера Плешчанкі, які быў незаконна арыштаваны 16 кастрычніка 2004 г. у Віцебску за выказваньне пазыцыі па байкоту выбарчага фарсу (на працягу апошняга месяца ён ужо другі раз кінуты рэжымам на 10 дзён за краты). Сп. Плешчанка, хворы на сэрца, перажыў за кратамі сардэчны прыступ, ягонае жыцьцё знаходзіцца ў небясьпецы. Патрэбна міжнародная дапамога для сп. Плешчанкі – мужнага барацьбіта за дэмакратыю, які на працягу апошніх гадоў шмат пацярпеў ад рэжыму за сваю нязломную барацьбу за правы чалавека і свабоду Беларусі.
У Беларусі адбылося непараўнальнае па маштабах крымінальнае злачынства. Рэжым Лукашэнкі падмануў беларускі народ, парушыў беларускія і міжнародныя законы. Міжнародная супольнасьць ужо цярер разглядае пытаньне міжнароднай ізаляцыі спраўцаў злачынства. Мы заклікаем арганізаваць міжнародную ізаляцыю антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі, структураў і канкрэтных чыноўнікаў, адказных за арганізацыю парушэньняў закона. Але ў той жа час недапушчальным ёсьць ізаляваньне беларускага народу – ахвяры рэжыму, нельга спыняць гуманітарныя і іншыя праграмы, якія дапамагаюць простым грамадзянам Беларусі.
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ