Зянон Пазьняк
29 верасьня 2002 г. Менск
Мітынг у абарону незалежнасьці Беларусі ад пагрозы расейскай агрэсіі
Дарагія землякі, дарагія беларусы! Вітаю вас у нашай дарагой Бацькаўшчыне! Нам трэба гаварыць і думаць пра галоўнае: пра волю народа і пра запесьпячэньне незалежнасьці нашай дзяржавы. Ужо даўно, пачынаючы з 1994 года, над Беларусяй вісіць пагроза расейскай палітычнай агрэсіі.
Расея ўвесь час праводзіць палітыку, накіраваную на захоп нашай краіны, маёмасьці, эканомікі і тэрыторыі. Пра гэта я казаў яшчэ дзевяць гадоў таму, калі гэтая новая акупацыйная палітыка Расеі супраць Беларусі толькі пачыналася. Цяпер яна дайшла да таго, што Масква адкрыта аб’явіла пра свае пляны анэксіі Беларусі. Гэта ёсьць грубы ўльтыматум, агрэсіўная палітыка, нахабны выклік усяму беларускаму грамадзтву.
Дарагія сябры, я хачу зьвярнуць вашу ўвагу на спосабы, якімі карыстаюцца непрыяцелі, каб ашукаць беларусаў.
Вось яны аб’явілі ўльтыматум аб намерах ліквідаваць нашу дзяржаву і, упэўненыя ў беспакаранасьці, кажуць: “Выбірайце: альбо анэксія адразу, альбо паступова”. (Гэта значыць спачатку “саюз”, а потым анэксія).
Гэта тое самае, калі бандыт зь вялікай дарогі кажа чалавеку: выбірай: альбо куля, альбо вяроўка.
Але тут няма выбару. Тут няма чаго выбіраць. У такім выпадку трэба пляжыць бандыта паміж вачэй, і чым мацней – тым лепш. Інакш – бандзюга заб’е цябе.
Выглядае, што беларусаў лічаць за прасьцякоў і хочуць ашукаць, прымусіць, каб людзі выбіралі паміж куляй і вяроўкай (гэта значыць паміж анэксіяй і “саюзам”).
Два артысты-кагэбісты быццам бы спрачаюцца ва ўсіх на віду: адзін, маўляў, за “анэксію”, другі – за “саюз”. Адбываецца публічны бессаромны гандаль нашай краінай. Гандлююцца два хаўрусьнікі. Прытым Лукашэнка стаў “сувэрэнітэтчыкам”, узяў на сябе ролю “патрыёта”. Ён, бачыце, ужо за незалежнасьць і супраць анэксіі, але – за “саюз”.
І гэта ў той час, калі самы расейцы адкрыта кажуць, што “саюз” – гэта таксама шлях да анэксіі Беларусі, толькі павольны.
А тым часам за плячыма беларускага народа, ціха і сьпешна, падрыхтоўваецца ліквідацыя беларускіх грошай і пераход на расейскія рублі, узмацняюць расейскі кантроль над беларускай арміяй, дзяржаўнай мяжой, палітыкай, эканомікай і ўладай. Поўным ходам рыхтуецца захоп Беларусі. І ўсё гэта расейцы робяць разам з Лукашэнкам, які клапоціцца толькі аб тым, каб выгандляваць сабе ад прадажы Беларусі пабольш.
Але лёгіка расейскай палітыкі такая, што калі б яны пры дапамозе Лукашэнкі загрэблі на Беларусі ўсё, што можна загрэбці, то Лукашэнка ім быў бы ўжо непатрэбны. І тады яны падтрымалі б новага стаўленьніка Масквы, якога-небудзь “дэмакрата”, тыпу Уладзімера Ганчарыка, які здаў бы Беларусь задарма.
Якія высновы мы мусім зрабіць і што мы павінны ведаць?
Першае, гэта тое, што Лукашэнка ня ёсьць абаронцам незалежнасьці Беларусі. Пуцін і Лукашэнка – адна кампанія. Яны робяць супольную палітыку па ліквідацыі незалежнасьці нашай краіны. Беларусы не павінны даць сябе ашукаць.
Другое. Беларусы не павінны ўдзельнічаць ні ў якіх выбарах і ні ў якіх рэфэрэндумах, арганізаваных існуючым рэжымам.
Масква і Лукашэнка хочуць загнаць беларусаў на рэфэрэндум аб “інтэграцыі” з Расеяй, каб скарыстаць народ у ліквідацыі незалежнасьці.
Памятайма, што на Беларусі народ адлучаны ад фармаваньня ўлады, бо рэжым стварыў адмысловую і некантралюемую сістэму несправядлівых выбараў і фальсіфікацыі галасаваньня. Як бы ні галасавалі выбаршчыкі, любыя выбары і любы рэфэрэндум рэжым сфальсіфікуе ў сваіх інтарэсах.
Дастаткова хоць малой колькасьці людзей пайсьці галасаваць, як рэжым скарыстае гэта, перакруціць і аб’явіць такія вынікі “галасаваньня”, якія яму трэба.
Таму нельга браць удзел у выбарах і рэфэрэндумах. Нельга галасаваць. Нельга даваць падставу нягоднікам выязджаць на плячах народа, плюючы яму ў твар.
Трэцяе. Усім беларусам трэба абараняць свабоду і незалежнасьць Радзімы. Гэта наш канстытуцыйны абавязак. За намі праўда! За намі Права і Канстытуцыя.
Стварайце Камітэты Абароны Беларусі ад расейскай агрэсіі, а там, дзе яны ўжо створаныя, — уступайце ў іх. Гэта ёсьць шанс абараніцца і перамагчы, стварыць глыбокі і шырокі беларускі рух супраціўленьня ад агрэсіі з Расеі.
Сіла ў нас самых. Падтрымлівайце Камітэты Абароны, пашырайце і прапагандуйце ідэі аб іх стварэньні. Падтрымлівайце Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух і ягоныя арганізацыі. Беларусь была, ёсьць і будзе, пакуль мы жывём і змагаемся за нашу волю.
Дык жа няхай вечна жыве наша незалежная, вольная і дарагая Бацькаўшчына!
-
Зянон ПАЗЬНЯК*