“ВЫБАР”
№ 30 (123), студзень 2001 г.

<<


НАШЫ СПАЧУВАННІ

Нашы самыя шчырыя спачуванні ўсім юрыстам краіны ўвогуле і супрацоўнікам пракуратуры ў прыватнасці.

А што здарылася? Уладар памёр? Гэта б яшчэ паўбяды.

Ці Феміда павязку з вачэй згубіла, альбо нехта скраў у яе проста з рук шалі правасуддзя?

Ды не! А што тады? (Прысядзьце, хто стаіць, каб не ўпалі.) Уладар прызначыў на пасаду галоўнага пракурора краіны Віктара Шэймана.

Ну і што? Таксама мне падзея. Тут штодня кадры “ператрахивают” — ад дырэктара лазні да міністра. Але каб танкіста — ў пракуроры, такога свет яшчэ не бачыў.

Нават у самы цяжкі для савецкай улады час, у 1918 годзе, калі юрыстаў на баку бальшавікоў на пальцах можна было пералічыць, Ленін накіраваў дзеля стварэння пракуратуры наркама па ваенных справах Мікалая Крыленку, які ў свой час скончыў юрыдычны факультэт Харкаўскага ўніверсітэту. Зараз кваліфікаваных юрыстаў “як сабак нярэзаных”, але наш правадыр з дзвюма вышэйшымі адукацыямі выцягнуў чалавека праз люк танка, пасадзіў у крэсла пад шыльдаю “Генеральный прокурор” і загадаў працаваць. А тое, што новы генеральны пракурор розніцы паміж прысудам і рашэннем не бачыць — няважна, абы выгляд разумны рабіў.

А што? Пасадзілі ж мы ўсе разам аднаго мысліўцу з саўгаснага табурэта на прэзідэнцкую лаву. Зараз можа хто і паспрачаецца, што не на тую лаву пасадзілі. Але гэта дыскусійнае пытанне недалёкай будучыні. Па вялікім рахунку справы неяк рухаюцца.

Нельга сказаць, каб сп. Шэйман увогуле не меў адносінаў да юрыспрудэнцыі. У 1994 годзе ён сваімі грудзьмі засланіў ад кулі тагачаснага кандыдата ў прэзідэнты. Ды так па-майстэрску гэта зрабіў, што следчыя дагэтуль не разабраліся, як пры такім сур’ёзным нападзе ўсе ў той машыне цэлыя засталіся.

Шаноўныя калегі! Мы добра разумеем вашы пачуцці, бо самі некалі атрымалі дыпломы юрыстаў. Які ні быў пракурор Бажэлка, але ж з нашага цэху. А тут…

Простаму чалавеку лягчэй. Яму няма справы, што юрыста змянілі на танкіста. Нашы людзі прывыклі вырашаць усе спрэчныя пытанні без суда і следства. Калі што не так — ці кулаком у твар, ці скаргу на “высочайшее имя”. Ён ім і суддзя, і бацька родны, і сам Госпад Бог. А нам?

Давядзецца зараз замест законаў вывучаць хадавую частку танка. Тактыка-тэхнічныя характарыстыкі: таўшчыня брані, баекамплект, калібр гарматы, запас паліва. Каб маглі баявую машыну ад трактара адрозніць. Хто раней у войску служыў — таму лягчэй будзе.

Так што, шаноўныя, адкладайце кодэксы, здымайце мантыі, выходзьце з утульных кабінетаў — і хуценька на пляц. У адну шарэнгу ста—на-вісь! Зважай! Смі—рна! Так і стаяць. Каманды “вольна” не было. Дыхаць пакуль можна.

Дрыжыце, злачынцы! Тунеядцы, алкаголікі, хуліганы. Зараз з вамі ніхто цацкацца не будзе. А то правы чалавека, адваката падавай. Хопіць! Не даеш паказанняў па справе — пад танк! Тут загаворыш.

У журналісцкіх колах ужо загаварылі, што сп.Шэйман выглядае ў сваім крэсле салідней за свайго папярэдніка. Вось што галоўнае. Кампетэнцыя, веды, практычны вопыт — усё гэта інтэлігенцкія штучкі. Галоўнае — вайсковая выпраўка ды добра пастаўлены камандзірскі голас, каб ва ўсіх раённых пракуратурах чуваць было.

Мабыць, варта скасаваць юрыдычныя факультэты і на іх базе стварыць танкавыя вучэльні. Адначасова штампаваць кадры для войска і праваахоўных органаў. Блытаніны не будзе: і міністра абароны, і міністра МУС мы аднолькава завём “сілавікамі”.

А пра тое, што большасць правільна зразумела кадравую ракіроўку ўладара, сведчыць такі факт. Амаль адразу пасля прыняцця геніяльнага рашэння нам давялося “пагасцяваць” у міліцэйскім пастарунку. Там адзін вельмі разумны маёр так пракаментаваў кадравыя змены: чаму ў Амерыцы міністрам абароны можа быць цывільны чалавек, а ў нас танкіст не можа быць пракурорам?

Мо, маёр гэты і мае рацыю. Тады — сустрэчная прапанова. Замяніць колішняга міністра МУС на спадарыню Віннікаву. Аргументы? Калі ласка. Па-першае, Тамара Дзмітрыеўна прыгожая жанчына і зможа станоўча паўплываць на кепскі настрой сваіх падначаленых, у якіх заробкі не паспяваюць за цэнамі. Па-другое, былая банкірша здабудзе грошы на паліва для міліцэйскіх машын, каб не даводзілася тым пешшу праз увесь горад вадзіць затрыманых. А самае галоўнае, яна так змагла распрацаваць аперацыю пад кодавай назвай “уцёкі веку”, што ёй бы і вязень замка Іф пазайздросціў.

Асабіста нам падаецца, што шмат супрацоўнікаў пракуратуры ў думках не пагадзіліся з такім кадравым рашэннем і зараз, седзячы за зачыненымі дзвярыма ў сваіх кабінетах, як малітву, шэпчуць: “Божа, дай мне сілы спакойна ўспрымаць падзеі, ход якіх я не ў стане перайначыць”.

Час абвяшчаць у краіне жалобу. Тут да месца вянкі з жывых кветак, запаленая свечка ды жалобная мелодыя Шапэна. Царства табе нябеснае, яго вялікасць Закон. Хай беларуская зямелька будзе табе пухам.

Група таварышаў