Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


2001-01-05

ЦЕРЛЮКЕВІЧ ВЕРА МАКСІМАЎНА
(1941 - 31.12.2000)

31 сьнежня 2000 г. пасьля доўгай хваробы памерла Вера Максімаўна ЦЕРЛЮКЕВІЧ, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, актыўны ўдзельнік Беларускага Вызвольнага Руху. Абвостранае пачуцьцё справядлівасьці, шчырая любоў да Бацькаўшчыны такімі былі галоўныя рысы асобы Веры Максімаўны. Такой запомняць яе тысячы людзей, якія ведалі яе як бясстрашнага барацьбіта за Беларусь.

Простая беларуская жанчына, рабочая, яна глыбака перажывала за лёс нашай краіны, устала ў першыя шэрагі абаронцаў иезалежнай Беларусі. Яе не зламілі ні рэпрэсіі, ні прыніжэньні з боку антынароднага рэжыму. Да апошняга дня яна захавала ў душы веру ў наш народ і шчасьлівую будучыню нашай дзяржавы. Выказываем шчырыя спачуваньні яе сямьі. Сьветлая памяць!

Дадатковая інфармацыя:

В. М. Церлюкевіч нарадзілася ў 1941 г. у сялянскай сямьі ў вёсцы Новы Барок Краснапольскага раёну на Магілеўшчыне (вёску “ліквідавалі” пасьля Чарнобыльскай катастрофы, цяпер яе няма на картах).

16-гадовай яна прыехала ў Менск, скончыла прафэсійна-тэхнічную вучэльню. Працавала цяжка, там, дзе не вытрымліваюць мужчыны. Доўгія гады працавала кранаўшчыцай ў ліцейным цэху трактарнага заводу. 3 гады працавала ў Манголіі, дзе беларусы дапамагалі будаваць мэталургічны камбінат.

У першы ж дзень красавіцкіх страйкаў 1991 г. В. М. Церлюкевіч стала галоўным арганізатарам рабочага пратэсту на Трактарным. І потым ужо не пакідала ні на дзень Беларускі Вызвольны Рух. Яе шмат разоў арыштоўвалі і кідалі за краты, эьбівалі і прыніжалі міліцыянты, правакатары, амонаўцы. Не аднойчы падчас вулічных сутыкненьняў яна была ў самых небясьпечных месцах і выратоўвала фронтаўцаў, вырываючы людзей з амонаўскіх рук. Мы заўсёды бачылі яе з бел-чырвона-белым сьцягам наперадзе. І не тады, калі “было дазволена” (тады ў галаву калёны “мужна” станавіліся захаранкі ды іншыя мясцовыя каштуніцы). А якраз у самыя драматычныя моманты абароны незалежнасьці Беларусі. Яна была прыкладам мужнасьці для мужчын, і жанчынам паказвала, як трэба бараніць будучыню сваіх дзяцей.

Калі яна цяжка захварэла, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ паклапаціліся, каб яна не пачувала сябе самотнай. Былі з ёй да апошняга дня. 2 студзеня сабралася вялікая грамада пад беларускімі сьцягамі, каб правесьці яе ў апошні шлях.


2001-01-06

Як паведаміў Барыс Хамайда, 6 студзеня ў чарговы раз быў затрыманы віцебскай міліцыяй і дастаўлены ў пастарунак Юрась Карпаў з-за непадпарадкаваньня кантралёрам грамадзкага транспарту. На яго быў складзены пратакол, які перададзены ў суд. “Ня плоцячы за праезд, ты выказваеш сваю грамадзянскую нязгоду з нелегетымным рэжымам”, — патлумачыў сваю пазыцыю сябра БНФ.


2001-01-09

31 сьнежня, як звычайна, “начальнік усяе Беларусі” за 15 хвілінаў да поўначы меў намер зьвяртацца да народу.

Але сьвяточных навагодніх віншаваньняў ад “усенароднаабранага” жыхары Лёзна так і не дачакаліся. Трансьляцыя БТ ішла добра да таго часу, пакуль не зьявіўся на экранах "бацька". Як толькі ён адкрыў рот зрабіць віншавальную прамову, адразу на экранах тэлевізару пайшлі тлустыя шырокія палосы й зьнік гук. Але, як толькі ён скончыў, усё зьявілася. І гук, і бачнасьць.

4 студзеня прыязджалі прадстаўнікі спэцслужбаў са спэцапаратурай, каб запэленгаваць крыніцу электрамагнітных перашкодаў. Але нічога пакуль не знайшлі. У “бацькі” засталася апошняя магчымасьць данесьці свае віншаваньні да жыхароў Лёзна толькі на стары Новы Год. Дарэчы, той, хто здагадаўся і пераключыў свой тэлевізар на Віцебскі “Скіф”, той прамову чуў. Але па БТ яе не было.

Неназваная крыніца паведаміла, што адказнасьць за гэты навагодні сюрпрыз узяла на сябе група Мірона.

Барыс Хамайда

* * *

ЗВАРОТ
да праваабарончых арганізацыяў на Беларусі

У апошні час супраць найбольш актыўных сяброў нашае арганізацыі з боку віцебскіх уладаў і асабліва праваахоўчых ворганаў пачаўся страшэнны ўціск. Асабліва ён узмацніўся пасьля поўнага правалу выбараў 15 кастрычніка, калі ні ў адной з чатырох выбарчых акругаў у так званую палату ў Віцебску ня быў абраны ніводны дэпутат.

За арганізацыю мерапрыемстваў па няўдзелу грамадзянаў г. Віцебска ў выбарчым фарсе Ю. Карпаў, Ул. Плешчанка, Б. Хамайда, З. Піменаў пакараны штрафамі на сотні тысячаў рублёў кожны.

Мала таго, супраць З. Піменава цяпер робіцца спроба Першамайскім РАУС г. Віцебска ўзбудзіць крымінальную справу па арт. 201 ч. 3 КК РБ “Злобнае хуліганцтва”, што пагражае яму турмовым зьняволеньнем да 7 гадоў. Аб ягонай справе паведамлялася ў СМІ (SANA, 13.12.2000 г., “Вартаўнік-абаронца”).

Чаго хочуць ад З. Піменава ў гэтым РАУСе пацьвярджае выпадак 26 сьнежня 2000 г., калі туды быў дастаўлены старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Ул. Плешчанка. Ён памылкова на нейкі час быў прыняты за З. Піменава.

Супрацоўнікі Першамайскага РАУС пачалі яго (Піменава) абражаць “последним отморозком”, якому адсюль ніколі не выбрацца. Цяпер яму прыйдзецца заплаціць за ўсё: і за вывешваньне на сваім балконе бел-чырвона-белага сьцягу, і за хаджэньне зь ім па горадзе, і за заклікі да жыхароў мікрараёну не хадзіць на выбары.

У пачатку сьнежня 2000 г. З. Піменаў выехаў за межы Беларусі на заробкі, а старэйшы сьледчы А. Рашчынскі шле З. Піменаву позвы ў міліцыю і пагражае таго пасадзіць у турму.

Улада хоча адпомсьціць за свае няўдачы ў час апошніх выбараў і ў якасьці сваёй ахвяры выбрала З. Піменава, старшыню Чкалаўскай суполкі Партыі БНФ г. Віцебска.

Мы заклікаем праваабарончыя арганізацыі на Беларусі, БХК, прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў, якія акрэдытаваныя на Беларусі, не дазволіць зьдзейсьніць гвалт над Зьміцерам Піменавым.

 

8 студзеня 2001
г. Віцебск

Уладзімір Плешчанка,
Старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

2001-01-20

Уладзімірлешчанка паведаміў, што быў затрыманы ў 12:50 ля “сіняга дому” ў Віцебску.

Ён распаўсюджваў артыкул Зянона Пазьняка “Асьцерагайцеся чарцей з табакеркі” і навагоднюю казку “Пра зьмея Луку, пра чыстую руку і пра мех панцаку”. Хвілінаў праз 40 падыйшла міліцыя. Сталі вывучаць распаўсюджваемую літаратуру. Сабралося шмат людзей. З “дапамогай” міліцыі, якая прыцягнула ўвагу да падзеі, літаратура была хутка разабраная віцяблянамі. Апошнія асобнікі Ул. Плешчанка мусіў пакінуць для пратаколу, адмовіўшы ў іх, нават, кадэбэшніку.

Урэшце адвезлі затрыманага ў пастарунак. Але скласьці пратакол не змаглі, бо не знашлі адпаведны артыкул. Патэлефанавалі суддзі С. Туфан. А тая дала зразумець, што тут няма за што судзіць. Тады падпаўкоўнік Мурзавін загадаў сабраць усе рапарты аб затрыманьні, узоры літаратуры ды адправіць у пракуратуру Чыгуначнага р-ну Віцебска для праўнай ацэнцы дзеяньняў старшыні Віцебскай арганізацыі Партыі БНФ. Пасьля гэтага Ул.Плешчанка быў адпушчаны, прабыўшы ў міліцыі больш за 3 гадзіны.


2001-01-21

Адыйшоў у вечнасьць старэйшы сябра Віцебскай арганізацыі Партыі БНФ Вільчык Іван (22.07.1921 - 21.01.2001).


2001-01-31

Учора ў дызелі "Віцебк — Ворша" адбыўся напад на Уладзімірлешчанку.

Як толькі ён увайшоў у вагон, яго там, відаць, чакалі. Адзін былы афіцэр КДБ, які езьдзіць у вёску Шаркі, нахабна схапіў Ул. Плешчанку за плечы і выгукнуў: “Дай артыкул Пазьняка!” Яшчэ не пасьпеў сябра БНФ раскрыць рот, падбягае малады хлапец і кажа: “Прадай!” Скеміўшы, што тут нешта ненармальнае, Ул. Плешчанка сабраўся йсьці далей. У сярэдзіне вагона яго даганяе гэты стары, учапіўся і пачынае выраваць артыкулы. Ул. Плешчанка не даецца, супраціўляецца. Тады стары стаў выломваць рукі, учапіўся за куртку ды так, што хутка яму будзе й у твар сунуць. Нават старыя бабы лукашысткі пачалі крычэць: “Не чапай, ён жа да цябе ня лезець!” І тады ўжо ледзь-ледзь сябра БНФ адбіўся. Падрапаў той стары Ул. Плешчанку і не паленаваў бегчы за ім тутака ж, выйшаўшы з вагону. Ні міліцыі, ні чаго такога на пэроне не было. А той малады, што прасіў прадаць, заступацца й абараняць артыкулы ня стаў.

Спазьніўшыся на той дызель, Ул. Плешчанка вырашыў ісьці да “сіняга дому” распаўсюджваць артыкулы З. Пазьняка. Пяць хвілінаў прастаяў, падыходзіць маладзён і кажа: “Плешчанка? Ідзі адсюль!” Пабачыўшы, што на яго не зважаюць, дадаў: “Зараз цябе забяруць.” І празь дзесяць хвілінаў пад’ехала машына й забрала сябра БНФ у пастарунак. А тама пачынаюць шукаць у затрыманага казку Кручка Ратнеяўскага. Бо зь мінулага затрыманьня пракурор адправіў “Казку” на экспертызу — ці ёсьць у ёй крымінал? Паглядзелі, што “Казкі” няма, склалі пратакол ды адпусьцілі.

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro