Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: Найвялікшыя падзеі ў гісторыі нацыі

Паважаныя спадарыні і спадары вітаю Вас на юбілейнай канфэрэнцыі ў дзень 28 гадавіны дзяржаўнай незалежнасьці і віншую зь вялікім сьвятам Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь!

Гэта вялікае шчасьце мець сваю незалежную дзяжаву. Той, хто жыў пры савецкай акупацыі ў СССР, калі ў сваёй краіне беларусы ня мелі ні грамадзянства, ні нацыянальных правоў і калі ў вялікім сьвеце нас проста не існавала, той адчувае нашу дзяржаўнасьць і разумее яе кошт дзеля нашай цяпершчыны і будучыні.

Сьвята Незалежнасьці набывае для нас асаблівае значэньне, бо вось ужо 25 гадоў як над намі вісіць пагроза нашай нацыянальнай свабодзе. Мы жывем у асаблівым, я б нават сказаў, ва ўнікальным становішчы. Маем незалежную нацыянальную дзяржаву зь вялікай слаўнай гісторыяй і адначасна маем цёмную адсталую і антынацыянальную ўладу, якая сьведама нішчыць беларускую мову, адукацыю, навуку, культуру і беларускаія каштоўнасьці. І тое працягваецца ўжо чвэрць стагоддзя.

Вось чаму ўгодкі незалежнасьці нашай дзяржавы ёсьць для нас ня толькі днём радасьці, гонару і ўспамінаў, але і днём змаганьня за праўду, за нацыянальную годнасьць і нашу гісторыю.

За чвэрць стагоддзя ўнутранай акупацыі цёмны рэжым моцна панішчыў нашу фундамэнтальную і гуманітарную навуку, расставіў вакол пад выглядам вучоных сваіх цёмных стаўленьнікаў, якія плодзяць цемру, ахайваючы нашу гісторыю, культуру і вялікіх людзей. Асабліва для цемры ненавісна тое, што зьвязана са змаганьнем за нашу беларускую свабоду і незалежнасьць краіны.

Цемра бяссільная супраць праўды. Таму асноўная яе пазыцыя замоўчваньне, забарона сьведчаньня аб праўдзе. Прапаганда і фальсіфікацыя яе прымітыўныя. Але майма на ўвазе, што тупая і прымітыўная прапаганда мае ўплыў на нізы грамадзтва. Лухта хутка даходзіць. Таму ігнараваць яе ня трэба. Наша праўда павінна быць простая і зразумелая, як у Кастуся Каліноўскага.

Незалежнасьць Беларусі, здабытая 25 Жніўня 1991 года, гэта, перш за ўсё, быў вынік дасканалай працы парляманцкай Апазыцыі БНФ у зьменных палітычных абставінах і ў зьбегу гістарычных падзей. Тут абсалютна ўнікальная зьява ў палітыцы, калі невялікая апазыцыйная мяншыня (8-10 адсоткаў) навязала сваю палітычную парадыгму дзейнасьці ўсяму савецкаму парляманту (Вярхоўнаму Савету), дзе бальшыню (86 адсоткаў) складалі прадстаўнікі камуністычнай партыі.

Унікальнасьць была ў тым, што Фронт выйграў у парляманце ўсе галоўныя палітычныя бітвы з камуністычнай бальшынёй, выкарыстаўшы іхнія ж галасы, у тым ліку іхнымі ж галасамі спыніў дзейнасьць самой КПСС (КПБ) і камсамола ў Беларусі.

У нацыянальнай адраджэнцкай палітыцы гэта быў працэс, расьцягнуты ў часе, — вынік цьвёрдай стратэгіі і дасканалай тактыкі фракцыі Фронту.

Калі б не існавала той унікальнай дэпутацкай фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, то тут абсалютна дакладная выснова: Беларусь ня мела б незалежнасьці.

Шушкевіч пасьля путчу і на Сэсіі Незалежнасьці 24-25 жніўня да апошняга ўпарта, фактычна, адстойваў “нова-агароўскі працэс” (а значыць Гарбачова). Нагадаю – “нова-агароўскі працэс” прадугледжваў па ініцыятыве Гарбачова заключэньне новага саюзнага дагавора аб СССР. Шушкевіч афіцыйна прапанаваў нават анэкдатычны парадак дня сэсіі на гэтую тэму. Два пункты (”Аб бягучым моманце” і “Аб саюзным дагаворы”). І гэта тады, калі на двары ўжо была іншая палітычная рэальнасьць.

Дземянцей, Малафееў і камуністычная намэнклятура, якія падтрымалі путч і якія баяліся Ельцына і расплаты, пайшлі б па дарожцы Шушкевіча і ўскосна сталі б на бок падтрымкі Гарбачова, дзе мелі б саюзьнікаў Назарбаева і і іншых кіраўнікоў рэспублік Сярэдняй Азіі, якія, ня выступалі супраць Гарбачова.

Без незалежнай Беларусі не было б Белавежскіх пагадненьняў. Немагчыма было б дэнансаваць дамову аб СССР 1922 года без незалежнай Беларусі, бо Беларусь разам з Украінай і Расеяй была фармальным заснавальнікам СССР. Савецкі Саюз застаўся б існаваць, а БССР сыграла б ролю камуністычнай Вандэі. (Тую ролю, якую ЦК КПБ меў у 1988-89 гадах і толькі Народны Фронт разбурыў тады гэтую “цэкоўскую” вандэйскую палітыку.)

Пра далейшыя магчымыя падзеі ў гэтым варыянце — ня буду казаць. Але яны былі б кепскія. Захад падтрымаў бы Гарбачова і захаваньне СССР.

Увесь гэты антынезалежніцкі і прасавецкі сцэнар падзеяў на нечарговай 5-й сэсіі (які, зноў падкрэсьлю, быў прапанаваны Шушкевічам) перавярнула і разграміла дэпутацкая Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце. Слава ёй!

Колькі яшчэ мастадонтаў на сьвеце, што не разумеюць гэтых відавочных рэчаў, пішуць рознае глупства пра незалежнасьць, якая, быццам ім звалілася “зь неба”. (Маўляў: «Вернулся с дачі, а в Мінске незавісімость»)

Гэта шчасьце, што ў паваротны момант гісторыі ў Беларусі ўзьнікла палітычная сіла нацыянальнага адраджэньня (БНФ) і ў парляманце стварылася фракцыя гэтага руху, здольная выканаць гістарычныя задачы нацыі.

Не ўдалося, аднак, ажыцьцявіць важны чыньнік нацыянальнага будаўніцтва — зьмяніць уладу каляніяльнай адміністрацыі. Такія дзеяньні (дэмакратычнага кшталту) не пад сілу толькі палітычнаму авангарду і мусілі б абапірацца на ўсё грамадзтва. Грамадзтва было яшчэ не гатовае да салідарных дзеяньняў у агульнанацыянальных інтарэсах, дрэнна ўсьведамляла прычыны эканамічнага пагаршэньня. За савецкай акупацыяй яно было, практычна, задушана. Не хапіла часу, каб яго адрадзіць. У выніку адбыўся маскоўскі рэванш у форме апанаваньня ўлады ў Беларусі прамаскоўскімі сіламі.

Схема “авангард — нацыя” ёсьць клясычная схема нацыянальнага адраджэньня для Ўсходняй Эўропы ХVIII-XIX-пачатку ХХ стагоддзяў. Для поўнай перамогі яна патрабуе часу, каб стварылася падтрымка грамадзтва і авангард стаў уладай. Гэтага часу беларусам тады не хапіла.

Асобнае пытаньне: як гэта невялікай фракцыі Фронту ўдалося ажыцьцяўляць сваю палітыку ў камуністычным парляманце, змагаючыся супраць камунізму?

Тут можа быць цэлае дасьледваньне, і шмат чаго можна расказаць, што іншым людзям невядома і незразумела.
Ня ўзгадваючы ўсяго, адзначу толькі некалькі галоўных падыходаў.

Першы — гэта дакладнае ўсьведамленьне мэты і задачаў нашага змаганьня. Другі — гэта рэальная ацэнка сітуацыі і сілы праціўніка. Трэці — гэта вызначэньне тактыкі перамогі. Чацьвёрты — пасьлядоўнасьць.

Тут не павінна было быць памылак, бо які б ні быў узровень камуністычных дэпутатаў, перамагаць мы мусілі іхнымі галасамі, якіх было ў дзесяць разоў болей, чым у нас. Галасаваць камуністы ўмелі, але заканадаўча працаваць — не. (І не хацелі.) Мы прымусілі іх працаваць над нашымі заканапраектамі і дыскутаваць па пытаньнях, у якіх яны дрэнна разьбіраліся. Мы падрыхтавалі дзясяткі законапраектаў па праграмных палажэньнях нацыянальнай палітыкі, культуры і эканомікі і прапанавалі Вярхоўнаму Савету. І шмат што ўдалося прыняць.

Адным з важнейшых чыньнікаў у палітыцы ёсьць уменьне пабудаваць дачыненьні зь людзьмі. Мы жорстка крытыкавалі палітыку КПСС, дзеяньні ўраду і Вярхоўнага Савету, але выключалі ўсялякія прыніжэньні і непаважлівыя рэзкасьці да камуністычных дэпутатаў на асабістым узроўні. Нельга было мець ворагаў на асабістым узроўні. Гэта абсалютна страчаныя галасы. Нас мала, іх — цьма. Вучэмся ў рымлянаў.
Былі і памылкі, але яны тут жа выпраўляліся (прабачэньні, выбачэньні і т. п.).
Праводзілася мэтанакіраваная кулуарная праца.

У дачыненьнях з дэпутацкай камуністычнай бальшынёй (дэпутатамі намэнклятуры) нам, як мяншыні, важна было выбудаваць такія паводзіны, каб яны (што нас ненавідзелі) пры гэтым нас паважалі. Катэгарычна нельга было дапускаць нашага асьмяшэньня і казаць няўдаліцу. Я патрабаваў, каб усе выступы, якія прамаўляліся з трыбуны, былі напісаныя і прачытаныя з тэксту. Тут трэба было пазьбягаць вусных непрадуманых экспромтаў.

Асаблівым клопатам (і гэта важна) было захаваньне адзінства, імпэту і дзеяздольнасьці дэпутацкай Апазыцыі БНФ. Лічу, што гэта ўдалося. У нас не ўзьнікала і не было сварак, падзелаў і закалатаў. Мы захавалі адзінства, павагу і салідарнае ідэйнае сяброўства да апошняга дня нашага дэпутацтва.

Пазбаўленьне ад здраднікаў і агентуры адбывалася так ціха і інтэлігентна, што ніхто гэтага не заўважаў нават сярод журналістаў. Вымоўны прыклад — адключэньне ад Апазыцыі “Евгения Новикава”. Цяпер, відаць, мала хто ведае, што гэты адыёзны тып, які казаў па тэлебачаньні, што амэрыканцы з голаду пацукоў ядуць, што гэты тып у 1990-91 гадах уваходзіў у дэпутацкую Апазыцыю БНФ і быў такі “дэмакрат”, такі “рэвалюцыянер”. На нейкім этапе гэты “рэвалюцыянер” раптам надрукаваў у газэце “За перадавую навуку” ненавісны злосны артыкул супраць БНФ (а сам жа – быў у фракцыі БНФ). Як кажуць, правакацыя для наіўных. Разьлік на скандальчык. Правакатар у цэнтры ўвагі. Выхад з апазыцыі. Інтэрв’ю «Сов. Белоруссии». Заявы аб тым, як ён «убедился», што БНФ гэта «фашызм» і г.д.

Мы абмеркавалі артыкул на паседжаньні Апазыцыі (без правакатара) і вырашылі, так як некалі раіў Аляксандар Уласаў у польскім Сэйме панам-сэнатарам, — “Усё будзе добра, панове, толькі нічога ня трэба рабіць”. Скарэктавалі дачыненьні з агентам: не давалі яму даручэньняў, слухалі, што ён кажа, але не камэнтавалі, не пыталі, не пярэчылі. І ўсё так ветліва і “гжэчна”, усьміхаючыся, што правакатар павіс у безважкасьці і апаў, як асеньні ліст. Праз месяц-паўтара, зразумеўшы, ён і на паседжаньні Апазыцыі перастаў прыходзіць. Зьнік канчаткова.

Між іншым, у Вярхоўны Савет прыйшлі фронтаўцы ў асноўным з другой, і нават трэцяй лініі Фронта (з кіраўніцтва — толькі адзін чалавек). Ужо праз год парляманцкай барацьбы яны сталі палітычнай элітай БНФ, вырасьлі хутка і вынікова. Парлямант — гэта вялікая школа для палітыкаў.

25-га Жніўня 1991 года адбылося абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, сталася зьяўленьне рэальнай незалежнай дзяржавы Беларусі на палітычнай мапе сьвету.

Па сваім палітычна-праўным значэньні, 25 Жнівень 1991 года — гэта ёсьць найважнейшая дата нацыянальнай дзяржаўнай гісторыі Беларусі. Створана рэальная нацыянальная дзяржава з усімі атрыбутамі суверэнітэту, прызнаная ўсім сьветам, інтэграваная ў міжнародную супольнасьць.

Пытаньне характару ўлады ў дзяржаве — гэта пытаньне палітыкі. Існаваньне самой дзяржавы — гэта пытаньне нацыянальнага і міжнароднага права. Беларуская дзяржава Рэспубліка Беларусь ёсьць, прызнаная, існуе.

Тым часам 25 Сакавік 1918 года — гэта ёсьць найвялікшая дата гісторыі беларускай нацыі і беларускай нацыянальнай ідэі. Аб’яўленьне аб незалежнасьці БНР ёсьць, перш за ўсё, гістарычны факт, які палітычна засьведчыў існаваньне новай беларускай нацыі. Калі б у 1918 годзе гэтага ня здарылася, то ў тых умавах Беларусі б ужо не існавала. Беларусы ўскочылі, як кажуць, у апошні вагон.

Вырашальным было ня тое, што БНР у тых умовах не адбылася як паўнавартасная дзяржава, што тэрыторыя яе была акупаваная і разарваная паміж іншымі дзяржавамі. Гістарычна істотнай тут была моцная маніфэстацыя новай Беларускай нацыянальнай ідэі і ўвасабленьне яе ў аб’яўленьні беларускай незалежнай дзяржавы. “Беларусь“ – гэта новы нацыянальны тэрмін, які палітычна сфармаваўся ў ХІХ стагоддзі. Згодна з духам і зьместам нацыянальнай ідэалёгіі «Адраджэньне» 25 Сакавік 1918 года, фактычна, абазначаў аднаўленьне дзяржаўнасьці Вялікага Княства Літоўскага пад нацыянальным назовам «Беларусь». Беларусь нацыянальна нарадзілася ў гэты дзень, і засьведчыла пра сябе ў сьвеце. Сьцяг быў падняты. Ідэя сцьверджана, прынята народам і праз войны, акупацыі, генацыд, ахвяры, пакуты і вынішчэньні прывяла да 25 Жніўня 1991 года, калі незалежная дзяржава Беларусь стала рэальнасьцю.

Гэтыя даты трэба сьвяткаваць як вялікія дзяржаўныя нацыянальныя сьвяты. Так яно і будзе ў вольнай Беларусі.

25 Жнівень 2019 г. Зянон Пазьняк

28/8/2019 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2019
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024