Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Уінстан Чэрчыль

(Лідэры змагарных нацый)

Гэта была першая прамова Уінстана Чэрчыля ў якасьці Прэм’ер-Міністра 13 траўня 1940 г. у Палаце Абшчынаў.

Я прашу ўстаць, каб паказаць, што гэтая Палата вітае сфармаваньне Ураду, які прадстаўляе адзінадушнае і нязломнае рашэньне нацыі працягваць вайну зь Нямеччынай да пераможнага завяршэньня.

У пятніцу ўвечары я атрымаў ад Яго Вялікасьці даручэньне сфармаваць новую Адміністрацыю. Ёсьць выразнае жаданьне і воля Парляманту і нацыі, што яна павінна быць утворана на як мага шырэйшай аснове і павінна ўключыць у сябе ўсе партыі, як тыя, што падтрымлівалі апошні Урад, так і тыя партыі, што знаходзіліся ў Апазыцыі. Я выканаў самую важную частку гэтага заданьня.

Сфармаваны Ваенны Кабінэт з пяці членаў, які прадстаўляе разам з апазыцыйнымі дэпутатамі ад Лібэральнай партыі адзінства нацыі. Лідэры трох партый пагадзіліся служыць як у Ваенным Кабінэце, так і ў выканаўчай структуры. Былі ўтвораны тры Змагарныя Службы. Неабходна было зрабіць усё гэта за адзін дзень, улічваючы крайнюю тэрміновасьць і суровасьць падзей. Шэраг іншых пасадаў, ключавых пасадаў былі запоўнены ўчора, і я перадаю далейшы сьпіс Ягонай Вялікасьці сёньня ўвечары. Я спадзяюся завершыць запаўненьне галоўных міністэрстваў за заўтрашні дзень. Запаўненьне пасадаў у іншых міністэрствах, мабыць, зойме крыху больш часу, але я веру, што калі Парлямант зноў зьбярэцца, гэтая частка майго заданьня будзе выканана, і што адміністрацыя будзе запоўнена ва ўсіх аспэктах. (…)

Я меркаваў, што ў інтарэсах грамадзтва неабходна, каб Палата сабралася сёньня. Спадар Спікер пагадзіўся і зрабіў неабходныя крокі ў адпаведнасьці з уладнымі паўнамоцтвамі, нададзенымі яму Рэзалюцыяй Палаты. На прыканцы сёньняшняга паседжаньня будзе запрапанавана адкласьці наступнае паседжаньне да аўторка, 21 траўня, але, безумоўна, прадугледжваецца магчымасьць ранейшага паседжаньня, калі паўстане неабходнасьць. Справы для разгляду на гэты тыдзень будуць паведамлены дэпутатам як мага раней. Цяпер я прапаную Палаце ўставаньнем ад майго імя выказаць адабрэньне прадпрынятых крокаў і задэклараваць яе давер новаму Ураду.

Сфармаваньне Адміністрацыі такога маштаба і такой складанасьці ёсьць само па сабе сур’ёзнай справай, але трэба нагадаць, што мы знаходзімся на папярэднім этапе адной з найвялікшых бітваў у гісторыі, што мы ўступілі ў бой на многіх іншых участках у Нарвэгіі і Галяндыі, што мы павінны быць гатовымі ў Сярэдземным моры, што працягваецца паветраная бітва і што шмат падрыхтоўчых прац, як гэта было пазначана маім вельмішаноўным Сябрам каля прахода, павінна быць праведзена тут на радзіме. Пасярод крызісу, я спадзяюся, мяне выбачаць, што сёньня я не прамаўляю доўга перад Палатай. Я спадзяюся, што шэраг маіх сяброў і калег або былых калег, якія апантаныя палітычнай перабудовай, зробяць унёсак, увесь свой унёсак, без якіх-кольвечы цырымоній, так, як цяпер трэба дзейнічаць. Я хачу сказаць Палаце, як я сказаў гэта тым, хто далучыўся да гэтага ўраду: “Я не абяцаю вам нічога, акрамя крыві, працы, сьлёз і поту”.

Перад намі надзвычай цяжкая задача. Перад намі шмат, шмат доўгіх месяцаў змаганьня і пакутаў. Вы пытаецеся, у чым наша палітыка? Я магу сказаць: У тым, каб весьці вайну — на моры, сушы і ў паветры, усімі нашымі магчымасьцямі і з усёй сілай, якую Госпад дасьць нам; весьці вайну супраць пачварнай тыраніі, зь якой нішто ня можа спаборнічаць у змрочных і мізэрных аналах чалавечых злачынстваў. Гэта ёсьць наша палітыка. Вы спытаецеся, што ёсьць нашай задачай?

Я магу сказаць адным словам: гэта перамога, перамога любым коштам, перамога нягледзячы на ўвесь тэрор, перамога, якім бы доўгім і цяжкім ні быў шлях да яе. Бо без перамогі мы проста ня выжывем. Няхай гэта прагучыць паўсюдна; ня выжыве Брытанская Імпэрыя, ня выжыве ўсё, на чым стаяла Брытанская Імпэрыя; ня выжывуць памкненьні і імпульсы стагоддзяў, якія накіроўвалі чалавецтва да ягоных мэтаў. Але я бяруся за гэтую справу з радасьцю і надзеяй. Я адчуваю ўпэўненасьць у тым, што наша справа ня будзе пакінута людзьмі. Зараз я бяру на сябе адказнасьць паклікаць усіх на дапамогу і сказаць: “далучайцеся, разам рушым наперад, зьяднаныя нашай сілай”.

х х х

Прамова ў Парляманце 4 чэрвеня 1940 г.

Я поўны ўпэўненасьці ў тым, што калі ўсе будуць выконваць свае абавязкі, калі нішто ня будзе пакінута без увагі, і калі справы будуць зроблены лепшым чынам, чым яны робяцца цяпер, то мы пакажам яшчэ раз, што мы здольныя абараняць нашу родную Выспу, вытрымаць ваенную навалу і перажыць пад пагрозай тыраніі, калі будзе неабходна, на працягу гадоў, калі толькі будзе такая неабходнасьць.

У любым выпадку, мы будзе імкнуцца да гэтага. Такім ёсьць рашэньне ўсіх да аднаго ва Урадзе Яго Вялікасьці. Такой ёсьць воля Парляманту і нацыі.
Брытанская Імпэрыя і Французкая Рэспубліка, злучаныя ў сумеснай справе і патрэбе, будуць бараніць у змаганьні на сьмерць сваю родную зямлю, дапамагаючы адзін адному як добрыя таварышы з поўным напружаньнем сілаў.
Калі нават вялікія абшары Эўропы і многія старажытныя і славутыя дзяржавы патрапілі ў кірцюры Гестапа і ўсяго мярзотнага апарата нацыстоўскай улады, мы не сагнемся і не саступім.

Мы пойдзем да канца, мы будзем біцца ў Францыі,
мы будзем біцца на марах і акіянах,
мы будзем біцца з усё большай упэўненасьцю і з усё большай сілай у паветры, мы будзем бараніць нашу Выспу любым коштам,
мы будзем біцца на ўзьбярэжжах,
мы будзем біцца на месцах дэсантаваньня,
мы будзем біцца ў палях і на вуліцах,
мы будзем біцца на пагорках;

Мы ніколі не здамося ў палон, і калі нават, у што я ня веру ніводнае імгненьне, гэтая Выспа або большая частка яе будзе скорана і аддадзена на пакуты, тады наша Імпэрыя за марамі, што пад узброенай абаронай Брытанскага Флёту, працягне змаганьне да моманту, калі, з добрай ласкі Бога, Новы Сьвет, з усёй сваёй сілай і магутнасьцю выступіць на дапамогу дзеля вызваленьня старога сьвету.

Крыніца: https://www.presentationmagazine.com/winston-churchill-speech-blood-toil-tears-and-sweat-7878.htm, https://www.presentationmagazine.com/winston-churchill-speech-we-shall-fight-them-on-the-beaches-8003.htm

Пераклаў з ангельскай В. Буйвал.

22/2/2019 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2019
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024