Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

КРАМЛЁЎСКІ ТЭАТР ГІБРЫДНЫХ ДЗЕЯНЬНЯЎ

(Выступ на студзеньскім 2019 года Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

…Пад канец 2018-га года крамлёўцы, як звычайна, ставяць спэктакль, альбо нават ладзяць відовішча на беларускую тэму. Задача прыдушыць сатрапа і адкусіць кавалачак Беларусі (эканомікі, выгады, сувэрэнітэту і г.д.). Гэта ёсьць тэставаньне Масквой яе антыбеларускай палітыкі. Крамлю трэба праверыць і пераканацца, якія вынікі, як ідуць справы, а заадно прыціснуць сатрапа, каб не распускаўся. Падрыхтоўка да захопу Беларусі вядзецца Масквой няспынна, таму тэставаньне ўваходзіць у руціну яе гібрыднай вайны. Маскве хацелася б удушыць нашу краіну так, каб можна яе было забраць голымі рукамі, без супраціву.

Гэтак жа яны думалі правярнуць афёры і з Украінай. Усё было падрыхтавана: свой прамаскоўскі прэзыдэнт, свае перакупленыя алігархі і палітыкі, развалена армія, моцна панішчана ўкраінская мова і школа. Словам, настаў час браць Украіну голымі рукамі. Ну, і што з гэтага вышла?! Крамлёўскія стратэгі яўна не чакалі, што атрымаюць мокрай анучай па пысе ад украінскага народа. І гэта яшчэ ня ўсё. Іх чакае разьвітальны баль з гробам у Крамлі, на якім будзе напісана: “расейская імпэрыя”.

Паратунак крамлёўцы шукаюць у падпарадкаваньні Беларусі. Яны інакш ня ўмеюць думаць. Вопыт Арды не дазваляе. Яны мяркуюць, што калі зацягнуць, захопяць Беларусь у Расейскую гэбоўскую імпэрыю, то ўдзячны рускі народ зноў стане насіць на руках Пуціна і яго камарыльлю.

Цяпер яны ўспомнілі пра сваю даўнюю «ліпу» – «союзное государство», якое малявалі яшчэ пры Ельцыне. З сур’ёзным выглядам пачынаюць казаць пра стварэньне «дзяржаўных» ворганаў гэтага беларуска-расейскага «гасударства» – суду, мытніцы, увядзеньня рускага рубля і т. п. акупацыйных прыдумак.

Калізія ў тым, што Крэмль па крымінальнай звычцы ня хоча плаціць свайму сатрапу за здраду беларускіх інтарэсаў. Яго страшаць заборам улады, калі той не перастане патрабаваць грошы. Крэмль хоча дармовай службы, разумеючы, што загналі кліента ў кут. Кліент пагражае пайсьці ў прымы да суседкі. Крэмль называе гэта «прэдацельствам».

Бяда ў тым, што ўвесь гэты непрыстойны фарс тоіць у сабе рэальную небясьпеку для нашай дзяржавы, свабоды і незалежнасьці, ён ужо два дзесяцігоддзі разыгрываецца на вачах беларускага народа, а ў народа яшчэ няма сілы, каб зьмесьці гэтыя мафіёзныя фігуркі са стала ўлады. Праўда, час працуе не на агрэсараў.

Перад Новым годам НКВД-ФСБ – злавесная партыя Пуціна – пацярпела сакрушальную паразу, страціла ўвесь свой “православный отдел” на Украіне. Мяркую, што цяпер з атрыманьнем томаса ад Канстантынопаля ўкраінцы пачысьцяць гэтую энкавэдзісцкую праваслаўную зграю, вытрасуць бандзюг у партупэях зь іхніх папоўскіх рас і падрасьнікаў.
Словам, было шмат прычын, каб крамлёўцы распачалі сваю чарговую дэманстрацыю ў Беларусі.

Пачалося, як звычайна, праверана і нібыта стыхійна. Раптам паўсюдна, па ўсіх вобласьцях агентура ў Сеціве арганізавала “апытаньні” наконт таго, ці хочуць беларусы далучыцца да Расеі. Сама па сабе гэтая зьява антыкастытуцыйная і антыдзяржаўная. Але хто там зьвяртае на гэта ўвагу ў Сеціве. Там могуць рабіць што хочуць, хто папала, і вынікі атрымаць, якія хто хоча. І з гледзішча законнасьці, і з гледзішча рацыянальнасьці – гэта авантура, фікцыя. У чым жа сутнасьць?

Тут банальная антыбеларуская прапаганда, сутнасьць якой – увесьці пытаньне аб далучэньні да Расеі ў грамадзкую сьвядомасьць, зрабіць выгляд, нібы такое пытаньне існуе і (заўважце!) нібыта яно вырашаецца галасаваньнем. Гэта фокусы, якія вытварае агрэсіўны маскоўскі бок, там, дзе ён рыхтуе акупацыю. Так было здаўна. Нават у Фінляндыі ў 30-я гады агентура імкнулася зрабіць нешта падобнае. Толькі тады не было Інтэрнэта, і драньству не было свабоды.

Людзі, якія псіхалагічна трапляюць пад уплыў прапаганды, часта забываюць элемэнтаныя веды, паводзяць сябе як зомбі чужой палітыкі.

Пытаньні аб ліквідацыі дзяржавы, аб уваходжаньні ў іншую дзяржаву, аб існаваньні нацыянальнай мовы не выносяцца на рэфэрэндум. Гэта агульнапрынятая норма, якая адлюстравана таксама і ў беларускім заканадаўстве. Дзяржава і мова – гэта каштоўнасьці, якія не належаць толькі аднаму пакаленьню, але ўсёй нацыі і яе будучыні (будучым беларусам). Таму лёс іх не вырашаецца на рэфэрэндуме, тым больш што людзі могуць стаць аб’ектам маніпуляцый прапаганды іншай краіны.

Чаго можна чакаць ад грамадзтва, якое ня мае свайго нацыянальнага тэлебачаньня і радыё, на тэрыторыі якога безразьдзельна пануе тэлебачаньне, радыё і электронныя СМІ чужой варожай краіны, прапаганда якой пастаянна кажа аб паглынаньні іншых тэрыторыяў. Такую сітуацыю стварыў здраднік народа Лукашэнка, і зроблена яна была даўно і з дальным прыцэлам. Гэты “прыцэл” – акупацыя і прапагандысцкае апраўданьне акупацыі.

Мэтода расейскіх акупантаў усюды аднолькавая. Усю гісторыю свайго існаваньня яны не будавалі сваё жыцьцё, а займаліся агрэсіяй, рабаваньнем, нападам на іншыя краіны, і тое ня спыніцца, пакуль будзе існаваць гэтая сучасная арда. Захапіўшы чарговы кавалак, яны прывозілі туды сваіх стаўленьнікаў, нават акупацыйны “урад”, праводзілі сходы і рэфэрэндумы пад рулямі зброі, імітавалі выбары і т.п. У акупацыйных выбарах і рэфэрэндумах ніколі ня трэба ўдзельнічаць, бо гэта заўсёды прафанацыя для апраўданьня акупацыйнай палітыкі. Не кажам ужо, што яны антызаконныя.

Пасьля прапагандысцкай атакі з апытаньнямі ў Сеціве адразу пачаўся чарговы націск на сатрапа, каб ён хутчэй здаваў Беларусь пад Маскву. Паўтараю, ужо 22 гады ідзе зацяжная гібрыдная вайна Масквы супраць Беларусі. Таму спрэс гучыць ваенная тэрміналогія і ўльтыматумы. Тут увогуле даўно ўжо не дыпламатыя і не нармальная міждзяржаўная тэрміналогія.

Вось нядаўні ўзор такой лексікі. Віцэ-прэм’ер Расеі Д. Козак (вышэйшая афіцыйная асоба) заявіў, што не зьбіраецца абмяркоўваць эканамічныя тэмы з урадам Рэспублікі Беларусь без “прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках Саюзнай Дзяржавы”. Ну як вам? Ну чым не арда?

Пасьля новага года загучэў класічны рускі жанр, выпрабаваны на Украіне. У Сеціве зьявіліся фальшывая «сьведчаньні» нібыта ад «рускага турыста», які з сям’ёй прыехаў ў Беларусь. Проста на вакзале на іх напала група нацыяналістаў за тое, што яны не маглі гаварыць па-беларуску. Крычалі, каб вярталіся назад у Расею. Сьмелы расеяц тут жа параськідаў трусьлівых беларусаў, нацыяналісты ўцяклі, «но где это видано», каб расейцаў не пускалі за «русскій язык»!? (Ці не пара ўжо ўводзіць танкі?). А літаральна ўчора паведамілі пра новы «перасьлед» – З вагона мэтро ў Менску выгналі нейкага тыпа ў казацкай шапацы-кубанцы. Тут будзе вэрхал на ўсе расейскія СМІ. Маўляў, псэўда-казакаў ня любяць! Расея «в опасності» і г. д. Чакаем паведамленьні пра рускіх хлопчыкаў у трусіках, прыбітых цьвікамі да дошкі аб’яў беларускімі нацыяналістамі. Калі хто зь беларусаў яшчэ ня ведае лубянскай класікі, – гэта спэктаклі па стварэньні «образа врага» перад агрэсіяй на краіну.

Я пастаянна нагадваю: беларусам трэба ціха, спакойна і цьвёрда рыхтавацца да адмысловай вайны, назапашваць, што трэба, каб даць адпор, якога ворагі не чакаюць, і які стане для іх канцом. Спадзяваньні не на цёмны рэжым, але на сябе, на сваю сілу, яна магутная, калі настане час.

Людзі за 22 гады, відаць, ужо прывыклі жыць пад унутранай акупацыяй і паступова забываюцца пра элемэнтаныя рэчы. Лукашэнка юрыдычна ня ёсьць прэзыдэнтам краіны. Ён узурпатар, утрымлівае ўладу незаконна і зьяўляецца нелегітымнай асобай улады. Незаконныя выбары, якія ён праводзіў, сьвет не прызнаў за дэмакратычныя і справядлівыя. Усе пагадненьні, дамовы, саюзы, якія ён заключыў, маёмасьць, якую ён прадаў, — усё гэта ня мае законнай юрыдычнай сілы. Гэта ўсё будзе намі, беларусамі, адменена ў першы ж дзень, калі ўзурпатар будзе ськінуты. Мы ня раз паведамлялі пра тое міжнароднай супольнасьці, у тым ліку і расейскай уладзе.

Усе так званыя “дамовы”, падпісаныя Лукашэнкам з Масквой пра яднаньне Беларусі з Расеяй – гэта фікцыя, зробленая насуперак закону, гэта адлюстраваньне працэсу гібрыднай акупацыі нашай краіны. Не існуе ніякай “саюзнай дзяржавы”. Гэта фікцыя, зробленая на паперы авантурнікамі, каб мець падставу душыць Беларусь.

Ва ўсіх гэтых выпадках яны (тыя, што рабілі такія “фікцыі”) не зьвярталі ўвагі ні на закон, ні на беларускі народ. І не зьвяртаюць цяпер, абзываючы яго дармаедам і абдзіраючы яго працу. Даўно пара пачаць распраўляцца з гэтым рэжымам. Але грамадзтва яшчэ не сабрала сілы. Гэты дзень, аднак, не за гарамі.

У канцы 90-х – пачатку новага стагоддзя мы, наша партыя КХП – БНФ, ацанілі здрадніцкія дамовы рэжыму ў адпаведных дакумантах. Трэба вярнуцца і паказаць, чаго была вартая тая лукашыска-маскоўская авантура, якую цяпер яны дасталі з труны, каб зноў шантажаваць наш народ.

У чым складанасьць гэтай іхнай дзікай палітыкі. Напачатку была задумана авантура, у якую ніхто ня мог бы паверыць. Былы калгасьнік з саўгаса “Гарадзец”, атрымаўшы ўладу ў Беларусі, прымерваў сябе на крамлёўскі пасад. Ён ужо заранёў прадаваў Маскве і наш сувэрэнітэт, і ўсю Беларусь, падпісваў авантурныя акты аб “единении”. Самае кур’ёзнае ў тым, што гэты план ледзь-ледзь ня ўдаўся. Але Ельцын раптам працьверазьвеў, і ўсё пайшло дагары нагамі.

Цяперашняя пасьпешная атака Пуціна на Беларусь і ўльтыматум аб “единении” зьвязаныя з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі. Крамлёўцы хочуць фармальна стварыць “новую геапалітычную рэальнасьць”, каб потым Пуціна можна было б “выбіраць” яшчэ на 12 гадоў.

Тым часам Лукашэнка, якому заўсёды начхаць на лёс беларускай нацыі, вымушаны бараніць сваю ўладу над краінай, бачачы, што Масква пагражае яго гэтай улады пазбавіць. Ён крычыць аб раўнапраўі і шмат разоў тое паўтарае. І калі б Пуцін яму тое “раўнапраўе” гарантаваў, то сатрап тут жа здаў бы нашу краіну разам з “народцем”, г. зн. пацьвердзіў бы план акупацыі.
Але Пуціну “раўнапраўе” не падыходзіць. Рэйтынг яго ў Расеі апусьціўся, а рэйтынг Лукашэнкі там больш за 70 адстоткаў. Пуцін ня хоча мець такога канкурэнта пры “раўнапраўі”, нягледзячы, што ФСБ і фальсіфікацыйная машына выбараў у ягоных руках. Тут інтрыга двух бандзюганаў, якія пікіруюцца, пырскаючы тэрміналёгіяй пра нафту ды сувэрэнітэт.

Пакуль што ні ў Расеі, ні ў Беларусі не нарасла сіла, якая б зьмяла з гісторыі ўсю гэтую нечысьць у Маскве і ў Менску. Але паволі і непрыкметна ў Беларусі сіла расьце. Маскалі адчулі тое і занепакоіліся. Непакойцеся і далей. Вашая магіла ў Беларусі чакае вас. Галоўнае для беларусаў добра сабрацца, мець усё неабходнае для вайны, якую рыхтуюць нам у Маскве. Хай кожны патрыёт падумае пра сябе, пра свой унёсак у перамогу.
* * *
Да наступнага Сойму мы мусім падрыхтавацца да арганізацыі канфэрэнцыі па канкрэтных пытаньнях абароны спадчыны і маладога пакаленьня беларусаў ад разбуральнай некрафільскай палітыкі антыбеларускага рэжыму.
Мяркую таксама, што кіраўніцтву варта падрыхтаваць рэтраспэкцыю дзеяньняў рэжыму, Народнага Фронту і нашай партыі, каб нагадаць грамадзтву пра здраду Лукашэнкі і пра яе працяг, працытаваць нашыя дакуманты.

Я стаю на прынцыпах, што зло абявязкова мусіць быць пакаранае (інакш ня будзе справядлівасьці). Але каб дайсьці да гэтага, трэба шмат працаваць на будучыню. З гісторыі нашага існаваньня пад саветамі, ведаю, што гэта вельмі цяжкое заданьне – працаваць на будучыню. Прытым, ведаючы, што нашчадкі, якія асягнуць ці атрымаюць гэтую будучыню, ўсю вашу працу абплююць і абгадзяць; разуменьня не чакайце. Але трэба ведаць асаблівасьці беларускай палітыкі і адносіцца да гэтага спакойна, бо свабода патрэбная ўсім. У вольнай Беларусі людзі раскрыюць свае лепшыя якасьці. Будучыня Беларусі будзе харошай.

13 студзеня 2019 г. Зянон Пазьняк

18/1/2019 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2019
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь