Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

У Менску адбылася канфэрэнцыя ў гонар 30-годдзя ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту

20 кастрычніка 2018 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ правяла юбілейную канфэрэнцыю, прысьвечаную 30-годдзю ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Сабраліся фронтаўцы розных пакаленьняў, каб разам адсьвяткаваць падзею, якая стала важнейшай у жыцьці многіх зь іх і якая вызначыла шлях нашага народа і краіны ў сучаснай гісторыі. Залю ўпрыгожвалі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Панаваў сьвяточны настрой, сустрэліся даўнія сябры і аднадумцы.

Канфэрэнцыю вёў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, дэпутат Незалежнасьці. Ён казаў пра гістарычнае значэньне нашага нацыянальнага змаганьня ў 1988-91 гг. Многія з фронтаўцаў, удзельнікі тых падзей ужо ў іншым сьвеце, але наша нацыянальная справа жыве, маладзейшыя працягваюць змаганьне, жыве наша дзяржава, беларускі народ мае гістарычную пэрспэктыву.

Кінадакумэнталіст сп. Сяргей Чырык, летапісец Беларускай Рэвалюцыі, прадэманстраваў свае кінастужкі пра падзеі першага этапа фронтаўскага змаганьня. Прагучалі аўтэнтычныя запісы выступаў тых гадоў Васіля Быкава і Зянона Пазьняка.

Быў заслуханы даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, — “Трыццаць гадоў Беларускаму Народнаму Фронту “Адраджэньне” (апублікаваны). Зачытаў даклад сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы Партыі і Фронту.

З успамінамі выступілі ўдзельнікі гістарычных падзей.
Вядомы мастак сп. Мікола Купава распавёў пра сход грамадзкасьці, які адбыўся 19 кастрычніка 1988 года ў Чырвоным касьцёле (тады Дом Кіно) нашай сталіцы. Калі патрыёты прышлі туды, то ўбачылі, што цэнтральнае месца ў залі ўжо занята шчыльнай групай з сотні прадстаўнікоў камуна-партыйнай намэнклатуры. Яны перамаўляліся між сабой, рыхтуючыся “сарваць спробы нацыяналістаў прыняць антысавецкія рашэньні”. Але беларусаў было больш, мы не разгубіліся і намэнклатура пацярпела паразу. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” быў створаны, быў абраны яго аргкамітэт. Ніхто ўжо не баяўся партыйных чынушаў, людзі прымалі самастойныя рашэньні. І гэты настрой нашай перамогі вызначаў усе тыя гады.

Сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Партыі і Фронту, прыгадаў эпізоды фронтаўскага змаганьня. Усе пачулі пра ўтварэньне аргкамітэту Фронта. Было вельмі прыемна, што мы ня горшыя за прыбалтаў, людзі пачалі пачувацца гаспадарамі на сваёй зямлі. Трэба зазначыць, што аналагічная арганізацыя – Народны Рух – была ўтворана ва Украіне толькі праз некалькі месяцаў, і ўкраінцы шмат чаму павучыліся на нашым прыкладзе.

Фронтаўскае змаганьне пачалося з Дзядоў 1988 года. Тысячы людзей прышлі да Усходніх могілак сталіцы, каб ушанаваць памяць выдатных дзеячаў культуры, пахаваных там. Шлях нам загарадзілі масы міліцыі і гэбэшнікаў. На заклік Зянона Пазьняка беларусы прымянілі тактычны манэўр. Яны распалавінілі сваю масу. Пад гуканьні “Усе на Курапаты!” вялікая грамада пайшла ў тым напрамку. Частка засталася ля могілак. Міліцыя ня ведала, што рабіць. Потым ускочыла ў свае аўтобусы і панеслася ў Курапаты, каб не дапусьціць нас туды. І, такім чынам, мы мелі прыкладна 45 хвілін, каб у полі правесьці мітынг, узьняць Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, заявіць аб тым, што пачынаем змаганьне за вызваленьне Айчыны.
Паліцэйшчына вярнулася, пачала біць і арыштоўваць людзей. Але дзяржымордаў ужо ніхто не баяўся. Ад моцнага ветру валіліся на асфальт нягеглыя “защитники советского строя” са сваімі шчытамі і палкамі. Народ сьмяяўся зь іх. Перамагла беларуская салідарнасьць, набірала моц народнае адзінства.

Ужо на наступны дзень па ўсёй краіне людзі, даведаўшыся пра брутальныя дзеяньні ўлады, не напалохаліся, а пачалі ствараць групы падтрымкі Народнага Фронту (фактычна, мясцовыя структуры БНФ). Магутную плынь немагчыма было спыніць альбо ўзяць пад кантроль. На выбары 1989 года (у савецкі саюзны парлямант) і 1990 года (у Вярхоўны Савет БССР) Народны Фронт прышоў як магутная нацыянальная антыкамуністычная арганізацыя. Ва ўмовах, калі БНФ ня меў афіцыйнай рэгістрацыі, а выбарчыя законы і працэдуры былі недэмакратычнымі, фронтаўцы дамагліся перамогі, яшчэ больш кансалідавалі змагарную частку грамадзтва. У Вярхоўны Савет БССР удалося абраць нацыянальна сьведамых палітыкаў, якія склалі там Апазыцыю Народнага Фронту і пачалі парляманцкую барацьбу супраць камуністычна-намэнклатурнай большасьці ў парляманце. Гэта былі важнейшыя крокі на шляху да нашай галоўнай перамогі ў жніўні 1991 года, калі была абвешчана незалежнасьць Беларусі.

Сп. Сяргей Антончык, вядомы рабочы лідэр, дэпутат Незалежнасьці, сябра Сойму Партыі і Фронту, распавёў пра рабочы рух тых часоў. Пасьля фронтаўскага выступу на Дзяды 30 кастрычніка 1988 года па заводах пачалі бегаць ідэолагі і стукачы ды галёкаць: “У нас у Мінску нацыяналісты выйшлі, каб ушанаваць Гітлера. Фашысты! Фашысты!” Паўсюль у курылках рабочыя абмяркоўвалі падзеі і прыйшлі да высновы: калі падсадныя галёкаюць, то трэба разабрацца, што адбываецца на самой справе. Калі я сустрэў фронтаўскіх актывістаў, якія раздавалі ўлёткі на вуліцы, і прачытаў гэтыя ўлёткі, то зразумеў: трэба далучацца да гэтых людзей. Зразумелі гэта і рабочыя.
Не забываймася, што Зянон Пазьняк быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета менавіта ў Заводзкім раёне сталіцы. Мы пачалі арганізоўваць свабодныя прафсаюзы, праводзіць пікеты і страйкі, высоўваць эканамічныя і палітычныя патрабаваньні, далучыліся да рабочага пратэсту, які разгортваўся тады па ўсім СССР. Настрой быў баявы, народ ішоў у наступ на ўсіх напрамках, савецкая намэнклатура разгублена абаранялася. І ўрэшце правалілася.

Сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту, дэпутат Незалежнасьці, прачытаў навуковы даклад “Мова – галоўны чыннік кансалідацыі беларусаў”. Не выпадкова пасьля прыйсьця да ўлады прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі ў 1994 годзе рэакцыя пачала перш за ўсё зьнішчэньне школьніцтва ў беларускай мове, нашай нацыянальнай культуры і традыцыі. Гэтае зьнішчэньне зьяўляецца галоўнай задачай Масквы, якая хоча ліквідаваць нашу дзяржаву, аслабіць, а потым выкарыстаць як расходны матар’ял наш народ. Не выпадкова русіфікацыя ёсьць зброяй зьнішчэньня ў руках імпэрскай Масквы.
Мы – людзі старэйшага фронтаўскага пакаленьня – вучыліся ў 1940-50-я гады яшчэ ў беларускіх школах у вёсках. Менавіта з вёскі выйшла сёньняшняя эліта нацыянальнай культуры. Мы фармаваліся ў роднай мове. У 1950-я гады ў вёсках жылі 70% беларусаў, у гарадах – 30%. А ў наш час у вёсках жывуць 20%, а ў гарадах – 80%. Менавіта ў гарадах адбываецца татальная русіфікацыя людзей. Многія дзеці ўжо не разумеюць беларускай мовы – трагічны вынік рэжымнага разгрому беларускага школьніцтва і навязанага панаваньня сурагатнай расейшчыны, якая зьяўляецца галоўным сродкам ня толькі дэнацыяналізацыі, але і абніжэньня інтэлектуальнага ўзроўню людзей, дэмаралізацыі і дэзарыентацыі грамадзтва.

Зрусіфікаваным грамадзтвам лёгка кіраваць ворагам беларушчыны, ім удаецца падманваць людзей і маніпуляваць імі. Ратавацца нам трэба ўжо сёньня. Павінны арганізоўвацца ініцыятыўныя групы па навучаньню дзяцей і моладзі беларускай мове, культуры і гісторыі. Пасьля падзеньня каланіяльнага рэжыму антыбеларуская палітыка будзе спынена і забаронена. Ужо зараз мы выпрацоўваем праграмы па навучаньню дзяцей і моладзі ў рамках беларускай адукацыі. Адным з мэтадаў зьяўляецца распаўсюджаньне практыкі патранажнай службы, якая па ўсёй краіне будзе дапамагаць сем’ям у наладжваньні нацыянальнай адукацыі. У гэтым ёсьць наша нацыянальна-дзяржаўная пэрспэктыва.

Сп. Уладзімер Раманцоў, сакратар Управы Партыі і Фронту, апісаў, як працавалі раённыя рады БНФ “Адраджэньне” ў сталіцы. У тыя гады быў вялікі грамадзкі ўздым, бяспрыкладная палітычная актыўнасьць людзей. Фронтаўцы былі паўсюль, ва ўсіх арганізацыях і на прадпрыемствах. Паседжаньні раённых радаў адбываліся ў аўдыторыях ВНУ, бібліятэках, іншых грамадзкіх месцах. На паседжаньні раённага актыву зьбіралася па 100 і болей чалавек, ішлі дыскусіі, выпрацоўвалася тактыка змаганьня. Менавіта тады зьявіліся выдатныя кіраўнікі раённых арганізацый, такія, як, напрыклад, сп. Уладзімер Банкевіч. У Народным Фронце былі выдатныя спэцыялісты многіх прафэсій, навукоўцы, дзеячы культуры. Гэта была сапраўдная альтэрнатыва тупой і бяздарнай савецкай намэнклатуры.
Але мэтанакіравана ўсё пачалося 3 чэрвеня 1988 года, калі ў газэце “Літаратура і мастацтва” выйшаў артыкул пра Курапаты Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва. Страшная праўда пра злачынства расейскай акупацыі ўскалыхнула наша грамадзтва. Людзі ўжо не хацелі жыць у хлусьні і фальшы. Наступным ударам па камуністычнай сістэме былі фронтаўскія мерапрыемствы на тэму Чарнобыльскай катастрофы. Народ убачыў, пад якой злачыннай уладай ён жыве. Мільёны буларусаў ужо не хацелі так жыць. Менавіта Народны Фронт паказваў шляхі змаганьня і ішоў у авангардзе.

У канцэртнай частцы праграмы сп-ня Тацьцяна Грыневіч і сп. Алесь Галіч цудоўна выканалі патрыятычныя і лірычныя песьні, грамада падпявала.
На завяршэньне фронтаўцы засьпявалі беларускі духоўны нацыянальны гімн “Магутны Божа”.

Па заканчэньні мерапрыемства было праведзена паседжаньне Сойму КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сябры Сойму абмеркавалі бліжэйшыя мэмарыяльныя мерапрыемствы на Дзяды, выказаліся наконт рэжымнага ўварваньня ў Курапацкую сьвятыню. Было прынята рашэньне аб недапушчэньні разбурэньня гармоніі Народнага Мэмарыяла чужародным “знакам” ад уладаў у Курапах.

30hodbnf-001p.JPG

30hodbnf-006-p.JPG

30hodbnf-010-p.JPG

30hodbnf-012-p.JPG

30hodbnf-015-p.JPG

30hodbnf-024p.JPG

30hodbnf-027p.JPG

30hodbnf-029-p.JPG

30hodbnf-034-p.JPG

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
20 кастрычніка 2018 г.

22/10/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2018
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024