Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Як першыя хрысьціяне…

1 верасьня беларускія дзеці пайшлі ў школу, беларускае юнацтва – ва ўнівэрсітэты. Паўсюль адбываюцца фармальныя ўрачыстасьці і радасныя сустрэчы сяброў. Гучаць прамовы і музыка. Але амаль на 100% сьвята застаецца небеларускім і чужым для нашай культуры і цывілізацыі. Так было падчас расейска-савецкай акупацыі, а пасьля кароткага (і плённага!) пэрыяду аднаўленьня беларускай адукацыі ў роднай мове ў 1991-1995 гадах акупанцкае “статус-кво” працягвае дзейнічаць і нават набывае больш таталітарныя рысы.

Абсалютная бальшыня маладога пакаленьня нашага народа навучаецца на чужой мове. Фармальны працэс навучаньня роднай беларускай мове (па колькасьці гадзін навучаньня і якасьці выкладаньня) зьяўляецца хутчэй павярхоўным азнаямленьнем, а не засваеньнем. Амаль чвэрць стагоддзя, ва ўмовах дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі (!) у нашай краіне працуе нізкаякасная правінцыйная машына русіфікацыі. У выніку на вачах падае інтэлектуальны ўзровень навучэнцаў, адбываецца дэзарыентацыі і дэмаралізацыя моладзі, яшчэ адно пакаленьне беларусаў фармуецца ў палоне “русского міра”.

Многія бацькі разумеюць гэта і імкнуцца выратаваць, абараніць сваіх дзяцей ад антыбеларускай чужынскай сістэмы, каб выгадаваць паўнавартасных людзей, беларусаў, забясьпечыць ім веды ў роднай мове, даць пэрспэктыву разьвіцьця і самарэалізацыі ў роднай традыцыі і цывілізацыі.
Яны разумеюць усю разбуральную сілу і ўсю беспэрспэктыўнасьць русіфікацыі. Некаторым у выніку доўгай барацьбы ўдаецца дамагчыся адкрыцьця класаў у беларускай мове, якія існуюць пасярод “русского міра” лакальнай школы. Але, як правіла і асабліва ў апошні час, барацьба групаў бацькоў заканчваецца нічым. Рэжымная бюракратыя акупацыйнай палітыкі робіць усё, каб не дапусьціць існаваньня нават невялікіх цэнтраў беларускай адукацыі.

Людзі задаюць пытаньні. Што рабіць? Езьдзіць у беларускі клас праз увесь горад у перапоўненым грамадзкім транспарце? Выдаткоўваць на гэта па 2 гадзіны ў дзень? Працягваць хадзіць па бюракратычных кабінэтах і спрабаваць дамагчыся рашэньня? Ім цяпер ужо, як правіла, не грубяць, не абзываюцца. Ім расказваюць пра “цяжкасьці і праблемы”, абяцаюць “разгледзець пытаньне”. Часьцей за ўсё робіцца гэта на расейскай мове – беларусам дэманструюць, хто тут гаспадар. Групы зацікаўленых бацькоў усё ходзяць і ходзяць, а ім усё абяцаюць і абяцаюць. Гэта можа працягвацца настолькі доўга, што і атэстат ужо трэба атрымліваць ды школу пакідаць.

Дарослым людзям жыцьцёвы досьвед павінен падказаць у гэтым выпадку, што абраны імі спосаб вырашэньня праблемы ня дзейнічае. Антыбеларускі бюракратычны мур не расхістаеш і не праб’еш. Сістэме патрэбныя “русскоговоряшчіе” рабы, і яна ўпарта забясьпечвае гэтую патрэбу (“Москва приказала!”). Няўдача часта выклікае дэпрэсію, расчараваньне і схільнасьць да капітуляцыі.

Мы прапануем зірнуць на становішча зь іншага пункту гледжаньня. Сам факт утварэньня няхай сабе невялікай, але салідарнай групы бацькоў-патрыётаў ёсьць вялікай перамогай, калі ўлічваць абыякавасьць і канфармізм значнай часткі грамадзтва, а таксама важным крокам на абраным шляху. Калі гэтая група вычарпала ўсе фармальныя магчымасьці, абхадзіла ўсе кабінэты і напісала ўсе заявы і пэтыцыі – а ў выніку рэжымнага дазволу няма, то трэба пераходзіць да нефамальных магчымасьцяў. А яны ёсьць, і ніводная зь іх не зьяўляецца парушэньнем існуючага заканадаўства або двухсэнсоўным дзеяньнем.

Групы бацькоў павінны ўтвараць свае нядзельныя школкі. Зьбірацца разам з дзецьмі на кватэрах, праводзіць заняткі, інтэрактыўныя гульні, віктарыны, сьвяты. Разам рабіць экскурсіі па роднай зямлі. Усё па-беларуску. І, зразумела, ў сям’і павінна жыць беларуская мова. Калі бацькам цяжка адразу перайсьці на родную мову, то трэба не саромецца вывучаць яе разам з дзецьмі. І не бяда, што такія заняткі ня будуць мець рэгулярнага дыдактычнага характару, як у расейскай школе. Не бяда, што дзеці будуць засвойваць матэматыку і фізіку з хіміяй на чужой мове. Не гэтыя навукі вызначаюць станаўленьне нацыянальнага характару і асабістай культуры чалавека. Трэба адваёвываць тое, што магчыма ў існуючай сітуацыі, а не чакаць пакуль антыбеларуская сістэма зробіць саступку (яна яе ня зробіць па прыродзе сваёй).

Сустракацца ў гэтых “народных школках” на кватэрах можна і ўвечары працоўных дзён. Азнаямленьне дзяцей з гісторыяй, мастацтвам, музыкай Беларусі і іншых народаў у беларускай мове, арганізаванае шчырымі людзьмі, пакіне ў іхніх душах значна больш глыбокі сьлед, чым чужая школа. Памяшканьні, дзе праводзяцца заняткі павінны быць упрыгожаны нацыянальнай сымволікай, партрэтамі вялікіх беларусаў – так ствараецца атмасфэра гарманічнага беларускага жыцьця.

Безумоўна, беларускія патрыёты, адукаваныя творчыя людзі акажуць дапамогу такім “народным школкам”: правядуць лекцыю, экскурсію, дапамогуць матар’яламі, парадай. Трэба толькі распачаць справу. Калі вы ня здолелі знайсьці аднадумцаў у блізкім навакольлі, то стварайце такі асяродак у сябе ў кватэры, для сваіх дзяцей. Забясьпечце ім хаця б раз на тыдзень сустрэчу з іншымі дзецьмі ў беларускім асяродку. Важна, каб беларускамоўныя дзеці пастаянна кантактавалі паміж сабой у сваёй мове). Не здавайцеся, не саступайце!

Так рабілі іншыя народы, якія імкнуліся захаваць сваіх дзяцей, сваю будучыню ва ўмовах чужынскай акупацыі. Найбольш яркія прыклады – гэта палякі і албанцы. Падчас нямецкай акупацыі ў Польшчы дзейнічала цэлая сетка падпольных школ і ўнівэрсітэтаў у роднай мове. Каб супраціўляцца малоху сэрбскага дамінаваньня ў Югаславіі, паняволеныя албанцы стварылі ня толькі свае школы і ўнівэрсітэты, але і лакальную адміністрацыю, тэлебачаньне і радыё, СМІ, а калі спатрэбілася, то і нацыянальна-вызвольную армію, якая перамагла ворага.

Гэта ёсьць шлях першых хрысьціян, якія пад чужой уладай, у варожым атачэньні, пасярод паганскага грамадзтва зьбіраліся ў сваіх дамах і разам вучыліся Хрыстовай праўдзе. Гэта ёсьць шлях стварэньня сапраўднай эліты нашага грамадзтва, якая ў блізкай будучыні прыме на сябе адказнасьць за нашу краіну пасьля канчатковага правалу ўсходняй імпэрыі. Бараніце сваіх дзяцей ад імпэрскага малоха!

6/9/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2018
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024