Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

АРХІЎ ЗМРОЧНАЙ «ЛЕНІНІЯНЫ»

У пачатку 90-х камунізм быў перакулены, дзейнасьць КПСС спынена, партыя рассыпалася. Тым часам ў Беларусі амаль некранутым заставаўся культ Леніна. Гэта небясьпечны стан, бо пакуль жыве культ правадыра — жыве непагрэшнасьць яго камуністычных спраў (якія, маўляў, сказіла намэнклятура).

Патрэбны быў моцны і публічны ўдар па гэтай “непагрэшнасьці”, які скалануў бы грамадзтва і перавернуў мазгі абывацеля. Гэтую справу я ўзяў на сябе, скарыстаўшы свае канстытуцыйныя дэпутацкія магчымасьці (абавязковасьць публікацыі) і папулярнасьць . У масавай газэце “Зьвязда” мной быў адмыслова надрукаваны артыкул “Пакараньне” пра ленінскія злачынствы і прыведзеныя ўжо вядомыя на той час факты пра псіхічнае здароўе Леніна і яго сьмерць у выніку сіфілітычнага паражэньня мазгоў.

Артыкул выклікаў неверагодны публічны лямант прававерных камуністаў. Два з паловай месяцы кожны дзень на старонках “Зьвязды” тапталі і паласкалі маё ненавіснае ім імя. І вось, калі саветыкусы разагрэліся, выказаліся і ўсю жоўць выпусьцілі, я надрукаваў другі заранёў спэцыяльна падрыхтаваны артыкул пад загалоўкам “Д’яблы” пра ленінскі генацыд.

Нейкі час быў штыль, мёртвая цішыня. Усім замуравала. Потым пайшла інфармацыя іншага кшталту. Ня ведаю ці былі выпадкі суіцыду (хутчэй не), але нэрвовых прыпадкаў і гіпартанічных крызаў было шмат. Адна грамадзянка патэлефанавала ў “Зьвязду”, што цяпер яна захварэла і “пацерала смысл сушчэстваванія іба всю жызьнь верыла в Леніна і камунізм”. І сапраўды надлом адбыўся ў 1993 годзе пасьля гэтых артыкулаў. Культ Леніна ў Беларусі рассыпаўся. Ніжэй перадрукоўваю гэтыя два ўжо архіўныя артыкулы.

Зянон Пазьняк,
28 Жнівень 2018 г.

ПАКАРАНЬНЕ

“Сачыненьні” Леніна мне, як і кожнаму студэнту, асьпіранту і навуковаму працаўніку ў камуністычнай “бээсэсэрыі” прыходзілася чытаць і перачытваць шмат разоў дзеля ўсялякіх “кандыдацкіх мінімумаў”, экзаменаў, сэмінараў і да т.п. Гэта была пакута. Адчуваньне, быццам сутыкаешся зь нечым нячыстым. Псіхалягічны вобраз, што паўставаў за радкамі, — жорсткі, злосны, мэтанакіравана ненавідзячы ўсіх чалавечак, гэтакі “Маленькі Цахэс”. Нейкая д’ябальская паталёгія згадвалася ў ім. Што мяне ўражвала тады, і яшчэ больш цяпер, дык гэта неверагодная, дыямэтральная неадпаведнасьць паміж вобразам культу Леніна, створанага камуністамі, і рэальнай нікчэмнасьцю яго асобы і “творчасьці”. Абмежаванасьць, вузкасьць думаньня, парадыйны прымітывізм аргумантаў проста зьбянтэжваў. Жорсткасьць, цынізм і амаральнасьць ашаламлялі. І пры гэтым надзвычайная энэргія і актыўнасьць. Усё, напісанае ім, выдавалася шмат разоў зборамі “твораў” мільённымі тыражамі, што займалі паліцы кожнай бібліятэкі, установы, кабінета, хаты-чытальні. І ўсе сьпявалі асанну гэтаму незвычайнаму культу. Ці чытаў тады яго хто-небудзь?

Чыталі, у асноўным, каб падабраць цытаты. Цытатніцтва – цэлая галіна ленінізму. Цытатамі Леніна можна было падмацаваць дыямэтральна процілеглыя думкі. Яго выказваньнямі спрабавалі нават карыстацца ў барацьбе зь ленінізмам. Тут, праўда, патрэбна была асьцярожнасьць. Памятаю, як некалі, яшчэ ў асьпірантуры, я працытаваў Леніна (з “Ленинского сборника” выданьня 1937 года) у абарону беларускага сялянства, дык ледзь ні “загрымеў”, як кажуць у народзе. Ня тое працытаваў. Бальшавіцкія цэрберы ад навукі не драмалі. Палітыка і задачы партыі лічыліся вышэй ленінізму і культу Леніна. Ленінскі культ быў зброяй у руках кіруючых камуністаў. Гэтай зброяй маніпулявалі толькі яны. Вартыя жалю былі людзі, што наіўна думалі абараніць ісьціну, цытуючы Леніна (творы тыпу “Ленін пра Беларусь” і да т.п.). Па-першае, на кожную ленінскую цытату была ленінская антыцытата. Па-другое, аўтару заўсёды можна было заткнуць рот, “бить по головкам, бить безжалостно”, — як пісаў “чалавечны чалавек”.

З “расстрэльнага” трызьненьня Леніна мяне, памятаю, найбольш уразіў яго загад расстрэльваць салдат Чырвонай арміі за неакуратнасьць (“неоккуратных”). Строгі быў нечалавек. У ім адчувалася незразумелая на першы погляд нянавісьць да людзей, увогуле — да роду чалавечага. “Расстреливать …колеблющихся, никого не спрашивая”. “Расширить применение расстрела ко всем видам деятельности меншевиков”, “…расстрел за неразрешенное возвращение из-за границы.” “Предупреждаю… буду арестовывать и добиваться расстрела.” “Я лично буду проводить … не только аресты, но и расстрелы… С коммунистическим приветом. Ленин.”
Расстрэльваць “буржуяў”, “папоў”, “кулакоў”, “меншавікоў”, “эсэраў”, “прастытутак”, “былых афіцэраў”, “всякую сволочь” і г.д. “Поощрять энергию и массовидность террора.” “Провести беспощадный и массовый террор…” і г.д. “Сомнительных запереть в концентрационный лагерь” і г.д. Здавалася, што тыран хацеў бы пазабіваць усіх людзей, усіх, што жывуць. Тут нейкая паталёгія, анамалія асобы.

У хрысьціянскай рэлігійнай традыцыі гэткая д’ябальшчына антыхрыста атрымала сваё тлумачэньне. Мне яно зразумелае. Але гэта метафізіка. Крытычны розум патрабуе канкрэтнасьці, таму схільны шукаць зямныя прычыны.

Нядаўна польскі часопіс “Spotkania” (1992, №45, 5-11 лістапада) зьмясьціў уражальныя фатаграфіі Леніна, зробленыя ў 1923 годзе. Гэтыя фатаграфіі, як сьведчыць часопіс, складалі адну з найвялікшых і найбольш сакрэтных таямніц Савецкага Саюза, якую сьцераглі амаль 70 гадоў. Але нядаўна за жменю даляраў яе прадалі на Захад. Фатаграфіі надрукаваў нямецкі часопіс “Шпігель”. У 34-м жнівеньскім нумары за 1992 год няякасныя рэпрадукцыі са “Шпігеля” зьмясьціў на сваіх старонках маскоўскі часопіс “Новое время”. Крыху лепшай якасьці рэпрадукцыі ў “Spotkaniu”. Часопіс піша:

“Сьнежань 1923 года. Невялікая дачная мясьціна Горкі пад Масквой. Ленін памірае. Але ад чаго?

Афіцыйна – ад прагрэсіруючага паралічу, што разьвіўся ў выніку замаху на яго ў 1918 годзе”. (Зазначу, што расейскія дасьледчыкі, як паведаміў маскоўскі друк, ужо высьветлілі: ніякага “замаху” на жыцьцё Леніна ў сапраўднасьці ніхто не рабіў. Гэта была задуманая інсцэніроўка кіруючай кучкі бальшавікоў, каб мець прычыну разьвязаць і апраўдаць чарговы “чырвоны тэрор”. Гэткі своеасаблівы “падпал рэйхстага”. Каплан страляла, хутчэй за ўсё, халастымі патронамі. У канцы 1992 года пракуратура Расейскай Фэдэрацыі ўзбудзіла крымінальную справу па факту замаху на У. І. Леніна і расстрэлу эсэркі Фані Каплан у сувязі са “зноў адкрытымі абставінамі”.) Але цытуем далей:

“Сапраўдную прычыну сьмерці толькі праз некалькі гадоў выявіў адзін з расейскіх членаў камісіі, што апекавалася правадыром бальшавікоў, прафэсар Осіпаў, перш чым Сталін навечна замкнуў яму рот. Бацька рэвалюцыі памёр ад сіфілісу, якім заразіўся, праўдападобна, ад сваёй шматгадовай палюбоўніцы Інэсы Арманд, ці, магчыма, у нейкім з дамоў цярпімасьці, якія надта ахвотна наведваў падчас свайго знаходжаньня ў Парыжы ў 1902 годзе.

Прагрэсіруючы параліч, паражэньне мазгоў, нэўрастэнічны стан, страта памяці, афазія (няздольнасьць да фармуляваньня выказваньняў у размове і пісьмова, а таксама да разуменьня сказаных ці напісаных слоў) і, нарэшце, у сакавіку 1923 года – вар’яцтва. Адзіныя гукі, якія выдае з сябе, — гэта неартыкуляванае жаласьлівае скавытаньне, у якім толькі зрэдку можна разабраць некалькі слоў: “народ… дапамажыце… рэвалюцыя…”

Дзьве жанчыны не адступаюць ад Леніна да канца: жонка Надзея Крупская і сястра Марыя. Уласна яны і зьяўляюцца аўтаркамі ўражлівых здымкаў.”

А здымкі сапраўды страшныя. З фатаграфіяў жаласна пазірае на сьвет вытарашчанымі пустымі вачыма аблічча ідыёта. Поўная адсутнасьць інтэлекту. Як пакараў Бог Леніна. З медыцынскай энцыкляпэдыі можна даведацца, што якраз прагрэсіруючы параліч (псіхічнае захворваньне, абумоўленае сіфілітычным паражэньнем цэнтральнай нэрвовай сістэмы, што прыводзіць да гібелі клетак мазгоў галавы і распаду асобы) як позьняя форма гэтай жахлівай хваробы праходзіць асабліва пакутліва і цяжка.

Пакуты і цярпеньне жывога стварэньня выклікаюць жаль і боль душы. Лаўлю сябе на думцы, што шкадую гэтую балесную нікчэмную істоту на фатаграфіі, забойцу мільёнаў людзей. Так выклікаюць жаль мучэньні адпетага бандыта і садыста, што пакутуе ў турме. Але пашкадуйце яго – выпусьціце. Ён вам жа плюне ў твар, а пры нагодзе і заб’е. Кара павінна быць. Тут жа, на фатаграфіі, мы бачым кару Божую. Пра яе трэба ведаць. Пэўна, яна прадаўжаецца, бо нават труп Леніна не прыняла Зямля, а ўся гісторыя рэжыму і імпэрыі, якую ён заснаваў, — гэта суцэльны “прагрэсіруючы параліч”, які таксама прадаўжаецца. (Увесь час быў няспынны “прагрэс”.) Напрошваецца, аднак, зусім не містычнае заключэньне, зыходзячы з лёгікі сувязяў рэчаў і зьяў, што “прагрэсіруючы параліч” постсавецкага абшару можа скончыцца якраз тады, калі труп Леніна забярэ Зямля і ідалы яго зьнікнуць з твару Яе.

Жыцьцё гэтага чалавека (калі толькі ён быў чалавек) у метафізічным сэнсе глыбока няшчаснае. Аднак існуе іншы народна-прымхлівы погляд на жыцьці людзей, дзе гаворыцца: “д’ябал сваіх меціць”. І “няшчаснасьць” тут не пры чым.

Невылечныя хваробы, прыроджанае калецтва і да т.п. па-рознаму ўзьдзейнічаюць на псіхіку і паводзіны хворых. У людзей амбіцыйных, жорсткіх, сябелюбівых, зайздросных могуць разьвіцца розныя мізантрапічныя комплексы, спантанная злосьць, агрэсіўная нянавісьць да чалавецтва, да здаровых людзей, да ўсіх мужчын ці да ўсіх жанчын і да т.п. Вядомыя, напрыклад, выпадкі псіхалягічнай паталёгіі, калі, скажам, хворы на сухоты (раней невылечныя) ці на распусныя хваробы, ці яшчэ на якое распаўсюджанае невылечнае заразнае цярпеньне імкнуўся сьвядома заразіць іншых. (Помста невінаватаму ёсьць неўсьвядомленая помста Богу.) Гэтакія людзі звычайна кепска заканчваюць сваё жыцьцё.

Можна знайсьці шмат агульнага ў паводзінах і псіхалёгіі такіх хворых. Возьмем, скажам, Ніцшэ, Леніна, Маякоўскага. Вельмі падобная карціна. Псіхічны комплекс хваробы, пэўна, рэзаніраваў са схільнасьцямі натуры. Адсюль, магчыма, невытлумачальная нянавісьць да людзей, да людзтва ў рамантыка-містычнай філязофскай публіцыстыцы аднаго, у палітычнай дзейнасьці другога, у крымінальнай богазьняважлівай літаратурнай творчасьці трэцяга.

“Товарищ Маузер” і “товарищ Нож”, падняты і ўзьвялічаны Сталіным, услаўлялі Леніна. Яны вельмі падобныя ў насаджэньні (кожны па-свойму) культу жорсткасьці, у нянавісьці да Бога і чалавека. Але нават Ленін не дадумаўся да таго, каб напісаць, як Маякоўскі:

“Я люблю смотреть,
Как умирают дети”.

Як напісаў адзін з дасьледчыкаў, Маякоўскі гэтым самым, фактычна, адлучае сябе ад людзей. Я не сустракаў такога нават у самай паскуднай літаратуры, якая калі-небудзь існавала і зь якой мне прыходзілася знаёміцца. У дзецях – сьвятасьць жыцьця, вышэйшая Боская наканаванасьць і Божае аблічча. Гэта разумеюць інстынктыўна ўсе народы на зямлі, хто б яны ні былі і дзе б яны ні жылі.

Вельмі небясьпечнае тыражыраваньне бруду ідэй і тым больш – вобразаў. Тады яны ўзьдзейнічаюць як інфармацыйная сістэма, фармуюць асобу. Цяпер ужо стала не сатанінскім – звычайным “любить смотреть, как умирают дети”, калі родны бацька гвалціць сваю сямігадовую дачку, вялікаўзроставы хлапец мучыць і заразае свайго малога браціка, каб паглядзець, “как он, падла”, будзе крычаць і да т.п. Пра ўсё гэта, захліпаючыся, паведаміць вам штодзень непераборлівая прэса. І шмат хто, прачытаўшы, тут жа забудзе, ідучы на абед.

Гэта і ёсьць “прагрэсіруючы параліч”, грамадзяне.

“Стар – убивать,
На пепельницы черепа,”
– як пісаў бальшавіцкі “паўпрэд” “пера и штыка“.

Гэты параліч – сіндром ад утапічнай ідэалёгіі і крымінальнай рэвалюцыі. Параліч бальшавізму. Ён не мінае сам па сабе, не мінае бяссьледна. Для пераадоленьня патрабуе велізарных духоўных высілкаў людзей.

Дробна перабіраючы нагамі, цягнуцца бальшавіцкія старцы ў Менску да помніка правадыру (апранутага чамусьці па волі скульптара ў жаночае паліто). Кланяюцца дэманстратыўна, углядаюцца ў чорны, узьняты з пафасам твар. Што ў іх за плячыма? Дарэмна пражытае жыцьцё, растрачанае на фальш. Добра яшчэ, калі нікога не забілі “чэсныя камуністы”.
Углядайцеся, узірайцеся ў свайго крывавага куміра. Бог міласэрны – пакаяцца можна і за хвіліну да сьмерці.

Зянон ПАЗЬНЯК,
старшы навуковы супрацоўнік
Інстытута гісторыі Акадэміі Навук Беларусі,
народны дэпутат Беларусі

Ад рэдакцыі:
Артыкул Зянона Пазьняка – з тых, наконт аўтараў якіх газэта штодня згадвае ў выхадных зьвестках: “Іх меркаваньні не заўсёды супадаюць з меркаваньнем рэдакцыі”.
На нашу думку, пры ацэнцы гістарычных дзеячоў такога маштабу, як Ленін, немагчыма абысьціся фарбамі аднаго колеру. Эмацыянальныя рэзкія выпады, адназначныя абвінавачваньні, выказаныя непрымірымым тонам, неабачлівае нястрыманае смакаваньне вэрсій асабістага жыцьця і асабістай трагедыі – гэта, на наш погляд, не спрыяе высьвятленьню ісьціны і наўрад ці дадае новыя штрыхі да партрэта тэарэтыка і практыка камуністычнай утопіі, якая, на жаль, стала лёсам для некалькіх пакаленьняў людзей у нашай краіне і аказала вялізны ўплыў на сусьветную гісторыю.
Прызнаемся шчыра: калі б аўтарам артыкула быў іншы вучоны або палітык не з такім гучным імем, — газэта хутчэй за ўсё ўстрымалася б ад публікацый. Мы даём месца для артыкула лідара парляманцкай Апазыцыі не дзеля таго, каб лішні раз штурхнуць нагой зьвергнутага куміра, а хутчэй як ілюстрацыю, што дапаўняе партрэт самога Зянона Станіслававіча, яго погляды, перакананьні, падыходы. На нашу думку, менавіта гэтым найперш цікавы артыкул, які мы прапануем вашай увазе.


Надрукавана: (“Звязда”,– 1993 г., 11 лютага)

—————————————

Д’ЯБЛЫ

Вам, паважаныя чытачы, прапануецца цяжкі артыкул, хоць я і ашчадна пішу пра падзеі. Мы павінны ведаць праўду, якой бы змрочнай яна ні была. Бо нельга жыць у хлусьні.

Не магу ня выказаць падзяку “Звяздзе” за добрую прыпіску да майго артыкула “Пакараньне” (11.02.1993), асабліва што датычыць ацэнкі артыкула як ілюстрацыі да маіх “поглядаў, перакананьняў і падыходаў”. Гэта сапраўды так і ёсьць. Але самае важнае тое, што прыпіска, тонка апэлюючы да людзей пэўнай катэгорыі, дала выдатны вынік – дзьве газэтныя паласы водгукаў, дзе, асабліва ў нумары ад 24 лютага, сабралася (амаль выключна) адна масьць, адна ўзроставая катэгорыя людзей, выяўленыя ўсе распаўсюджаныя стэрэатыпы думаньня постбальшавіцкіх рэспандэнтаў – ад “Ленін – бог, якому мы маліліся ўсё жыцьцё” да “… стварыў магутную дзяржаву, няхай сабе і праз расстрэлы”. Гэтае характэрнае сацыялягічнае сьведчаньне і паводзіны, думаю, цікавыя для сучасьнікаў і дасьледчыкаў.

У пачатку сакавіка я атрымаў ліст з Пінска ад вядомага лекара-псіхіятра Льва Пятровіча Наваковіча. Ён паведамляе:

”Спэцыяльна для “Зьвязды” напісаў і сёньня высылаю белетрызаваны акт пасьмяротнай псіхіятрычнай экспэртызы хваробы Леніна, дзе прыводзіцца разгорнуты дыягназ і яго абгрунтаваньне. У “Медицинской газете” 18.09.1992 г. надрукаваны мой артыкул “Болезнь Ленина: диагноз психиатра”, дзе прыведзенае абгрунтаваньне ленінскага прагрэсіўнага паралічу. Артыкул абмяркоўваўся на катэдры псіхіятрыі Беларускага Інстытуту Ўдасканаленьня Лекараў трыццацьцю псіхіятрамі. Дыягназ прызнаны правільным.

Пры здаровым меркаваньні камунізм-ленінізм – не настолькі ўтопія, — заўважае Л.Наваковіч, — колькі трызьненьне. Сусьветная рэвалюцыя, зьнішчэньне капіталізму, прыватнай уласнасьці і г.д. у сусьветным маштабе – гэта мегагаманічнае трызьненьне, якраз і характэрнае пры прагрэсіўным паралічы. “Шматмудрасьць”, шматслоўе, мноства пісьмовай прадукцыі, ідэй (паталягічных), “агромністая” воля-гіпербумія, цяга да разбурэньня, пастаянны (да 1921 г.) ленінскі неадэкватны сьмех – усё гэта сімптомы маніякальнага стану, ажыятацыі, у якіх “самы чалавечны чалавек” знаходзіўся. Жорсткасьць яго паталягічная, уласьцівая пры арганічным паражэньні мазгоў”,
— піша лекар.

Дарэчы, пра неадэкватны “ленінскі сьмех”. Лекары адзначалі, што ў першыя гады пасьля перавароту настрой у Леніна быў пастаянна “павышаны”. Ён шмат рагатаў. Пра гэта з замілаваньнем піша А. Стасава: “Часта на паседжаньнях ЦК можна было чуць выбухі гучнага рогату”.

Бэртран Расел таксама зьвярнуў на гэта ўвагу, але па-іншаму: “Ён шмат рагоча, спачатку яго сьмех здаецца дружалюбным і вясёлым, але паступова мне стала неяк не па сабе”.

Л. Наваковіч, зыходзячы з дыягназу хваробы Леніна, выказаў меркаваньне ў “Медицинской газете”, што неадэкватны сьмех і настрой “правадыра” меў хутчэй за ўсё нематываваны эйфарычны характар. Але з 1921 года, з паглыбленьнем хваробы, весялосьць пачала пакідаць Леніна.

На жаль, “Звязда” не надрукавала рукапіс Л. Наваковіча “Сакрэтны дыягназ”. Ня буду яе ў гэтым асуджаць. Аднак некаторыя месцы з дыягназу спэцыяліста варта ўсё ж працытаваць:

“У часопісе “Огонек” № 4, 1990, нарэшце, быў надрукаваны артыкул псіхіятра-прафэсара В. Осіпава, які лячыў сьмяртэльна хворага Леніна, і апісаў клінічную карціну і характэрнае разьвіцьцё яго хваробы…

Дадзеныя паталагаанатамічнага ўскрыцьця цела Леніна, надрукаваныя акадэмікам Б. Пятроўскім… Былі выяўленыя масіўныя атрафіі мазгоў і сасудаў… (Дарэчы, па дадзеных Н. Сямашкі, які прысутнічаў пры ўскрыцьці, “склероз сасудаў мазгоў Уладзімера Ільіча быў настолькі моцны, што сасуды гэтыя звапнаваліся: пры ўскрыцьці па іх стукалі мэталічным пінцэтам, як па камені”.)

“Апісаныя зьмяненьні мазгоў, — піша Л. Наваковіч, — не бываюць пры раненьнях, атручваньнях, ператамленьнях і неўласьцівыя спадчыннаму захворваньню. Акадэмік Б. Пятроўскі справядліва адзначыў, што ня 5 і ня 10 гадоў хварэў гэтым захворваньнем Ленін, яно пачалося задоўга да 1917 г. Псіхіятар праф. В. Осіпаў у “Красной Летописи“(1927 г.) апісаў лячэньне хворага правадыра: яго лячылі прэпаратамі ёду, ртуці, мыш’яку і прышчэпкамі ліхаманкі (малярыі), г. зн. было праведзена актыўнае антысіфілітычнае лячэньне. Прышчэпкамі малярыі тады лячылі прагрэсіўны параліч…

Характэрная сімптаматыка, разьвіцьцё хваробы, яе стадыйнасьць, завяршэньне і праведзенае антысіфілітычнае лячэньне – усё гэта дазваляе цалкам абгрунтавана і неабвержна сцьвярджаць, што У. І. Ленін звыш 10 гадоў хварэў хранічным спэцыфічным менінгаэнцэфалітам – позьнім нейрасіфілісам у выглядзе прагрэсіўнага паралічу з распаўсюджаным атэрасклерозам сасудаў мазгоў.”

“Афіцыйны дыягназ – “распаўсюджаны атэрасклероз сасудаў на глебе заўчаснага іх зношваньня” – не адлюстроўвае сутнасьці захворваньня…

“Геній” быў нэрвова-псіхічна хворым, і пара сказаць народу праўду, дзеля яго ж прасьвятленьня і выратаваньня”, — піша Л. Наваковіч.

Хвароба ня можа кампрамэтаваць чалавека, нават калі яна зьвязана з псіхікай і галавой. Аднак на справе атрымліваецца: тое, што дазволена Мапасану, не ўспрымаецца ў дачыненьні да Леніна. Бо Ленін не Мапасан. Справа нават ня ў тым, што ён асабіста стаў прычынай неверагоднага генацыду, голаду, людаедства, вынішчэньня мільёнаў нявінных людзей. Такіх сярод герояў і галаварэзаў у гісторыі хапае (хоць Ленін і вылучаецца). Справа ў тым, што хвораму Леніну, які ідэалягічна акамуліраваў і палітычна ўвасабляў вар’яцкія ідэі, створаны камуністычнай сістэмай ілжывы міф генія, заснавальніка “перадавога” вучэньня, вялікага тэарэтыка і “самага чалавечнага чалавека”. Гэтым міфам апраўдваюцца ня толькі забойствы, агрэсія, разбурэньні, насільле, абалваньваньне людзей, палітычны і духоўны прыгнёт, хлусьня. Апраўдваецца “вучэньне” аб гэтай хлусьні. Маўляў, вучэньне правільнае, ды вось “сказілі”, камунізм будзе “жыць вечна”. Трэба толькі трымаць “чысьціню” ленінскіх ідэй. А “ідэі” — псіхапатычныя.

Міф пра Леніна вынікаў з патрэбнасьці самазахаваньня савецкай таталітарнай сістэмы. Усе камуністычныя правадыры ўмацоўвалі гэты міфічны культ і хавалі яго таямніцы. Гэтак жа, як некалі культ Сталіна, Ленінскі міф ператварыўся ў тыповы для камуністычных краінаў сурагат рэлігіі – сацыяльнае ідалапаклонства.

Могуць запярэчыць: але ж тое, што казаў і рабіў Ленін, тое самае гаварылі і ажыцьцяўлялі іншыя бальшавікі. Ня ўсе ж яны былі хворымі маньякамі? Так, у клінічным сэнсе ня ўсе. Бальшавіцкае вар’яцтва асобай уласьцівасьці. Гэта псіхічная хвароба сэрвільнага грамадзтва, сацыяльная шызафрэнія калектывісцкай ідэалёгіі. Клінічныя маньякі ў такім асяроддзі нічым не вылучаліся, хіба што, часьцей былі завадатарамі. У тым і справа, што калі б у бальшавіцкай сістэме на пасадзе Леніна апынуўся любы зь яго “соратников” (падкрэсьліваю, любы), яму стварылі б аналягічны цёмны культ. Ведаючы бальшавізм, хіба цяжка ўявіць на месцы генсека Леніна, скажам, Льва Троцкага, Сьвярдлова ці Дзяржынскага, Зіноўева ці Кірава, Лацыса, Радэка, Склянскага, Менжынскага, Кагановіча ці Бухарына? Ня цяжка. А генсекам стаў, між іншым, шэранькі малаадукаваны Коба (Сталін), у мінулым крымінальнік (крымінальны «аўтарытэт»). І што атрымалася?! — Геній усіх часоў і народаў.

Трэба сказаць, што “соратнікі” – вартыя свайго правадыра. За міфы пра іх камуністы прадаўжаюць трымацца, як п’яніца за слуп. Ім хочацца знайсьці сярод бальшавікоў хоць адну нармальную асобу ў чорным пантэоне. Чаго вартыя апошнія спробы абяліць такога агіднага індывідуума, як Бухарын. Гэты “выдающийся теоретик”, “любимец партии”, “прекраснодушный интеллигент” пісаў у сваёй працы “Экономика переходного периода” (1920 г.): “Расстрелы являются одной из форм становления коммунистического общества“. Альбо: “Без массовых репрессий и расстрелов нам коммунизм не построить“. Ці яшчэ: “Пролетарское принуждение во всех своих формах, начиная от расстрелов… является методом выработки коммунистического человека из человеческого материала капиталистической эпохи“.

Мэтад “выработки коммунистического человека“ ў дачыненьні да Бухарына прымяніў Сталін. Пры гэтым “теоретик” быў моцна напалоханы, плакаў і не хацеў ператварацца ў “коммунистического человека“.

Пабудову камунізму па бальшавіцкай мэтодыцы Ленін і “соратники“ пачалі адразу пасьля кастрычніцкага перавароту. Былі ліквідаваныя ўсе судовыя ўстановы. 10 лістапада 1917 г. спэкулянты аб’яўляюцца “ворагамі народа” і “расстрэльваюцца на месцы”. У іншым ленінскім дэкрэце “ворагамі народа” аб’яўлены сяляне, што маюць “лішкі хлеба”. (Из истории ВЧК, — М., 1958) У лістападзе 1917 г. утварылі Рэвалюцыйныя Трыбуналы, якія кіраваліся ”велением революционной совести” і складаліся спачатку з сямі чалавек, а з 17 лютага 1919 г. – з трох (“ревтройки”). Ідэя Леніна. Нагадаю, напрыклад, яго тэлеграму ў Ніжагародзкі Саўдэп 9.08.1918 г.: “… составить тройку диктаторов, навести тотчас массовый террор, расстрелять и вывезти…” і г.д.

5 верасьня 1918 года быў прыняты дэкрэт Савета Народных Камісараў аб стварэньні канцлягераў. Бралі закладнікаў. Забойствы без суда і масавыя расстрэлы сталі звычайнай зьявай.

Цікава заўважыць, што Сталін не прыдумаў літаральна нічога новага, чаго б не было ў Леніна. Нават ідэі “СМЕРШа” і “заградотрядов” нарадзіліся ў галаве Ільіча. Праўда, ня ўсё, што напісана Леніным, можна прачытаць. Поўны збор твораў яго – гэта, у значнай ступені, фальсіфікацыя. Там шмат купюраў, ніяк не адзначаных у тэксьце. Вось, напрыклад, абзац ліста Троцкаму. Купюра, вырваная ў ПСС, т.51, с.68, намі падкрэсьленая: “Если наступление начато, нельзя ли мобилизовать еще тысяч 20 питерских рабочих плюс тысяч 10 буржуев, поставить позади их пулеметы, расстрелять несколько сот и добиться настоящего массового напора на Юденича?”

Неабмежаваныя паўнамоцтвы атрымала ЧК – яшчэ адно ўвасабленьне антычалавечых фантазіяў бальшавіцкага правадыра. Пачаўся такі гвалт, у такіх маштабах, якіх дагэтуль яшчэ ня бачыў сьвет. Забівалі ўсіх: старых і малых, мужчын і цяжарных жанчын. Забойствы сталі бытавой зьявай, вар’яцкай нормай жахлівай рэчаіснасьці.

З 1918 да 1924 гг. насельніцтва былой Расейскай імпэрыі паменшылася на 15,1 мільёнаў чалавек. Зь іх 2 мільёны прыпадае на эміграцыю і 800 тысяч на грамадзянскую вайну. Астатнія перабітыя, перадушаныя, закатаваныя, замораныя голадам бальшавікамі-ленінцамі. Да 1953 года ахвяраў камунізму лічылі ўжо на дзясяткі мільёнаў душ.

“Для нас нет и не может быть старых устоев морали и ”гуманности”, выдуманных буржуазией для угнетения и эксплуатации низших классов, — пісалася ў 1919 г. у чэкісцкім штотыднёвіку ”Красный меч”. – Наша мораль новая, наша гуманность абсолютная, ибо она покоится на светлом идеале уничтожения всякого гнета и насилия. Нам все разрешено.”

“Ленін стварыў магутную дзяржаву, няхай сабе і праз расстрэлы”, — пішуць цяпер. (“Звязда”, 1993 г., 24.02.)

Увогуле, фразы, накшталт вышэйпададзенай, і лічбы, якімі б вялікімі, страшнымі яны ні былі, часам дрэнна асэнсоўваюцца на слых. Для некаторых гэта абстракцыі, за якімі не ўяўляецца нічога канкрэтнага (нават для тых, хто ўхваляе забойствы. Успомнім Бухарына.). Што ж, давайце зазірнём, што стаіць за дзеяньнямі людзей, якім было “ўсё дазволена”.

Сьведчаньняў, дакумантаў, матэрыялаў, артыкулаў, кніг на гэтую тэму надрукавана больш, чым дастаткова. Я асабліва адзначыў бы працы С. Мельгунова “Красный террор в России. 1918-1923”, Ніластонскага, Авербуха, Мергуліеса, а таксама матэрыялы “Асобай Камісіі па рассьледваньні злачынстваў бальшавікоў”, створанай генэралам А. Дзянікіным. Дакуманты з парыжскага архіва Камісіі часткова надрукаваныя ў Расеі (часопіс “Родина”, 1990, №10 і інш.).

У сакавіку 1919 г. у Астрахані адбываецца забастоўка рабочых. “Дзесяцітысячны мітынг рабочых, якія мірна абмяркоўвалі сваё цяжкае матэрыяльнае становішча, быў ачэплены кулямётчыкамі, матросамі гранатчыкамі. Пасьля адмовы рабочых разысьціся быў дадзены залп зь вінтовак. Потым затрашчалі кулямёты, накіраваныя ў шчыльную масу ўдзельнікаў мітынгу, і з аглушальным трэскам пачалі разрывацца ручныя гранаты… Ня менш дзьвюх тысячаў ахвяр было выхаплена з рабочых радоў.” (Мельгуноў.)

Потым пачаліся арышты рабочых. “У падвалах “чрезвычаек”, камендатур і проста ў дварах расстрэльвалі. З параходаў і баржаў кідалі проста ў Волгу. Некаторым няшчасным прывязвалі камяні на шыю… 13-14 сакавіка расстрэльвалі зноў толькі адных рабочых… потым… рашылі браць першых трапіўшых пад руку “буржуяў”… Да 15 сакавіка наўрад ці можна было знайцьсі хоць адзін дом, дзе б не аплаквалі бацьку, брата, мужа… Да пачатку красавіка расстралялі чатыры тысячы ахвяраў. А рэпрэсіі ўсё не сьціхалі… Жудасную карціну ўяўляла Астрахань у гэты час. На вуліцах – поўнае бязьлюддзе. У дамах ручаі сьлёз.”
(Успомніце хрушчоўскі расстрэл рабочых у Новачаркаску ў 1962 г. Бальшавізм “един”.)

У студзені 1919 года было хваляваньне рускага насельніцтва ў Туркестане, нездаволенага бальшавікамі. “У ноч з 20 студзеня былі масавыя расстрэлы. Груды целаў былі навалены на чыгуначнае палатно. У гэтую страшную ноч было перабіта звыш 2500 чалавек.” (Мельгуноў.)

1920 г. Казань. Бальшавікі расстралялі 60 рабочых за патрабаваньне васьмігадзіннага рабочага дня.

1920 г. Бальшавікі ў Адэсе. “Кожны дзень расстрэльваюць… Колькасьць расстраляных па афіцыйных дадзеных даходзіць да 7000.” Загадалі эвакуіраваць з Адэсы ўсіх галічан. “Але калі яны сабраліся на таварную станцыю з жонкамі, дзецьмі і багажом, іх сталі расстрэльваць з кулямётаў.”

Бальшавікі ў Екацярынадары. Турмы перапоўненыя. “Са жніўня 1920 па люты 1921 толькі ў адной турме расстралялі каля 3000 чалавек.”

Стаўрапальская губернія. “Расстрэльваюць жонак за тое, што не данесьлі пра ўцёкшага мужа, забіваюць 15-ці, 16-гадовых дзяцей і 60-гадовых старых… Расстрэльваюць з кулямётаў, часам сякуць шаблямі.”

Менск. 1922 г. На сценах сьпіскі расстраляных. “Расстрэльваюць кожны дзень па некалькі дзясяткаў чалавек.”

Крымская разьня 1920-1921 гг. Колькасьць расстраляных называюць ад 50.000 да 150.000 чалавек. “У Сімферопалі можна было бачыць расстраляных жанчын з груднымі немаўлятамі.”

У маленькай Еўпаторыі за 3-4 дні арыштавалі 300 чалавек, перавезьлі на караблі і забівалі на палубах. “Ахвяру акружалі з усіх бакоў узброеныя матросы, здымалі зь яе верхнюю адзежу, зьвязвалі вяроўкамі рукі і ногі… адразалі вушы, нос, губы, палавы орган, а часам і рукі, і ў такім выглядзе кідалі ў ваду…” (Справа №56 Асобай Камісіі…)

“На металургічным заводзе кінулі ў доменную печ 50 чалавек.”

У Харкаве, Палтаве і іншых украінскіх гарадах Асобая Камісія выявіла шмат забітых бальшавікамі ў агульных магілах. Трупы з адрэзанымі рукамі, языкамі, насамі, выкалатымі вачамі, сплюшчанымі галовамі і т.п. Сярод іх 18 сямідзесяцігадовых манахаў. З 75-гадовага архіепіскапа Радзівона зьнялі скальп. “У ліку ахвяр – маладыя дзяўчаты, старыя бабулькі і цяжарныя жанчыны.”

“Дваццаць пяць сьвятароў расстралялі ў Пярмі, а епіскапа Андроніка жывога закапалі.”

“Забітых пакідалі доўга валяцца на месцы расстрэлу і не дазвалялі родзічам забіраць целы, пакідаючы іх на зьядзеньне сабакам і сьвіньням, якія цягалі іх.” (Мельгуноў.)

“Ворагаў народа”, сялян, рабочых, буржуяў, “гнілую інтэлігенцыю” і г.д. чэкісты шмат дзе вешалі і расстрэльвалі днём, проста ў горадзе ў прысутнасьці разьзявак, родзічаў і дзяцей. У маскоўскай ЧК у 1923 годзе ўсю зіму расстрэльвалі проста ў двары. Сьнег быў буры. Калі ён пачаў раставаць, на вуліцу з-пад варот хлынула рэчка крыві. Чэкісты выскачылі і адчынілі на вуліцы нейкі люк, спускаючы туды крывавую плынь.

У Саратаве бальшавікі расстрэльвалі каля горада ў вялікім глыбокім яры. Трупы не засыпалі. За год іх накапілася тысячы. Як магнітам туды цягнула людзей. Стаялі на перакідным мастку, узіраліся ў чалавечае месіва, дзе жыравалі каты, вароны, сабакі, спадзяваліся ўбачыць сваіх родзічаў. Цікаўных тут жа арыштоўвалі чэкісты. А людзі, як у самнамбулічным стане, ішлі і ішлі.

Хворых і раненых зьнішчалі “беспощадно”. Вось прыехала група бальшавікоў у шпіталь пасьля адыходу Дзянікіна. “Пагаварыўшы трошкі з раненымі, пачалі затым расстрэльваць і секчы ўсіх падрад… прычым адзін зь іх дастаў сякеру і сек ёю… Праз нейкі час… усе вымазаныя крывёй абмывалі сябе і сваю зброю, сякеры і рыдлёўкі на двары ў карытах, а потым зноў вярнуліся прадаўжаць… (Справа №2.)

Над людзьмі і трупамі абавязкова глуміліся. У прысутнасьці жонкі бальшавік ударыў яе мужа шабляй па галаве.”Мазгі выпалі і разьбіліся на кускі па тратуары; удава кінулася падбіраць іх, каб ня даць схапіць сабакам. Адагнаўшы ўдаву, чырвоны кат закрычаў; “Ня руш. Хай сабакі зжаруць.” (Справа 43-44)

“Расстрэльвалі дзяцей у прысутнасьці бацькоў і бацькоў у прысутнасьці дзяцей… Асабліва лютаваў Асобы аддзел ВЧК. Ён прысылаў з “франтоў” у Бутыркі (Масква – З.П.) цэлымі пачкамі малалетніх “шпіёнаў” ад 8 да 14 гадоў.” (Мельгуноў)

Надзвычай жорстка зьнішчалі сялян.
1921 г. “Амаль уся Ляскавіцкая воласьць Бабруйскага павету спаленая бальшавікамі дарэшты, — паведамляецца ў Мельгунова. – Арыштаваных адсылаюць у Валагодзкую губ. Ці ў галодныя месцы. Маёмасьць іх канфіскуецца. Бяруцца дзясяткамі закладнікі.”

Загад №69 па Кіеўскай акрузе прадпісваў “ужываньне масавага тэрору супраць заможных сялян, аж да вынішчэньня іх “поголовно”.

У Кастрамской губ. начальства, прыехаўшы ў вёску, “ставіла ўвесь сход на калені, каб сяляне адчулі павагу да савецкай улады…”

У Арлоўскай губ. пры зысканьні надзвычайнага падатку шырока практыкаваліся ператварэньні сялян у “ледзяныя слупы” (аблівалі вадой прывязанага на марозе).

У Тамбоўскай губ. чэкісты “арыштавалі” ікону Багародзіцы і глуміліся над ёй (плявалі і т.п.) Сяляне пайшлі “сьцяной вызваляць Багародзіцу. Ішлі бабы, дзяды, дзеці. Па іх ЧК адкрыла агонь з кулямётаў. Кулямёт косіць па радах, а яны йдуць па трупах, па раненых, лезуць напралом, вочы страшныя, маткі дзяцей наперад, крычаць: “Матухна Заступніца, уратуй, памілуй, усе за Цябе ляжам…” (Мельгуноў.) І ляглі.

Страшным, пакутным было становішча жанчын. Дзікае, подлае глумленьне. Вясной 1918 г. у Екацярынадары камуністы выдалі дэкрэт, надрукавалі яго ў “Известиях Совета” аб “сацыялізацыі” дзяўчат ва ўзросьце ад 16 да 25 гадоў. Жадаючыя зьвярталіся ў “надлежащие революционные учреждения”. Вось дакумэнтальны ўзор такога мандата: “Мандат. Предъявителю сего товарищу Карасёву предоставляется право социализировать в городе Екатеринодаре 10 душ девиц возрастом от 16 до 20 лет, на кого укажет товарищ Карасёв. Подпись: Главком Иващев. Место печати.” (Справа №18). Пазьней камуністы спрабавалі даказаць, што «дэкрэт» фальшыўка, але аргумэнты былі слабыя. Тым часам (нават калі дакумант і «фальшыўка») рэальныя факты былі жахлівыя.

На падставе такіх мандатаў «ўлады» было схоплена 60 дзяўчат. Усе яны былі згвалтаваныя. Некаторыя пасьля жорсткіх катаваньняў былі забітыя і выкінутыя ў раку. “Так, напр., вучаніца 5-га кляса гімназіі была згвалтаваная на працягу 12 сутак цэлай групай… Затым бальшавікі прывязалі яе да дрэва і палілі агнём і, нарэшце, расстралялі.” (Справа №18)

Сьведчаньні аб засьценках, катаваньнях і дзейнасьці ЧК – жахлівыя. Гэта пекла. Адзін з кіраўнікоў ВЧК Лацыс пісаў у “Чырвоным тэроры”: “Першае пытаньне, якое вы павінны прапанаваць абвінавачанаму – якога ён паходжаньня, выхаваньня, адукацыі ці прафэсіі. Гэтыя пытаньні і павінны вызначыць лёс абвінавачанага. Мы зьнішчаем буржуазію як кляс”.

Допыт сьледчага ЧК у Стаўрапальскай губ. зводзіўся да адной фразы: “Пакажы руку! Разьдзець.” Зь вязьня зрывалі адзежу і штурхалі да выхаду (гэта зн. калі рука была белай, не рабочай.) Там яго падымалі на штыкі і кідалі цела ў яму.

Яшчэ прасьцей вялі сьледзтва ў Броньніцах пад Масквой. “Там камісары расстрэльвалі ўсх, чые фізіяноміі ім не падабаліся.” (Мельгуноў.)

У Яраслаўлі закладнікаў расстрэльвалі з прэвентыўнай мэтай. У іншых месцах, як сьведчыў Лацыс, “на всякий случай”. Людзей афіцыйна забівалі, часам ня ведаючы іхных прозьвішчаў, каго і за што забілі.

Мэтады забойстваў ЧК (а гэта ўсё стаяла “на канвееры”) былі самыя разнастайныя, — ад грубага біцьця па патыліцы перад ямай, напоўненай мазгамі, да “артыстычнага паляваньня”. Арыштаваных жанчын (ці мужчын) месячнай ноччу голымі выпускалі ў абгароджаны глухім плотам сад і наладжвалі на іх паляваньне з рэвальверамі.

Забівалі дубінай павольна на працягу гадзіны, каб назіраць пакуты ахвяры. У Харкаве (кіраўнік ЧК Саенка) здымалі скальпы, у тым ліку з рукі (рабілі пальчаткі з чалавечай скуры). Памочнік Саенкі матрос “Эдуард” умеў пры забойстве па-сяброўску размаўляць з вязьнем і тут жа “артыстычна” выстраліць яму ў патыліцу, заліваючыся бесклапотным сьмехам. У Царыцыне і Камышыне пілавалі косьці. У Палтаве і Крамянчугу сьвятароў і сялян саджалі на кол. Сялян яшчэ і спальвалі на калах, а кіраўнік ЧК (“Грышка-прастытутка”) сядзеў на крэсьле і пацяшаўся пры гэтым. У Екацярынаславе ўкрыжоўвалі, павольна смажылі ў печах, разрывалі папалам лябёдкамі, апускалі ў кіпень. У Варонежы качалі ў бочках, прабітых цьвікамі. У Кіеве ЧК прыдумала прыстасаваньне з трубой, калі ахвяру наскрозь праядаў пацук. У Адэсе… Страшна было ў Адэсе.

Асабліва зьвярэлі каты-жанчыны. Нейкая дзяўчына Вера Грабеннюкава літаральна крамсала свае ахвяры. За два з паловай месяцы службы ў Адэскай ЧК забіла 700 чалавек. У Валагодзкай і Архангельскай губ. забівала нейкая Рэвека Майзель. Езьдзіла нават у страшны Халмагорскі канцлягер, каб суняць сваю страсьць. Там утапіла 500 чалавек. У Пензе зьвярэла нейкая Бош, у Маскве – дама з папяроскай, у Адэсе – садыстка па клічцы “Мопс”, у Баку – “товарищ Люба”, у Рыбінску – “Зіна”. Усюды былі свае “зьвяры”. Ніхто ня мог, аднак, зраўняцца з чэкісцкім катам Магам з Масквы. Гэты адзін забіў 11 тысяч людзей. У час “апэрацыі” Мага прыходзіў у экстаз. Аднойчы пасьля расстрэлу 20 чалавек ён згубіў кантроль над сабой, накінуўся на камэнданта турмы Асобага адделу ВЧК, які прысутнічаў пры расстрэле так сабе, “из любви к искусству”. “Распранайся!” – закрычаў Мага, увесь апырсканы крывёй і мазгамі. Ледзь скруцілі энтузіяста.

У Растове-на-Доне ЧК узначальваў Петэрс. У час расстрэлаў за ім бегаў хлопчык гадоў 8-9 і пастаянна прыставаў да яго: “Тата, дай я…”

Пра катаваньні, што прыдумвалі чэкісты, немагчыма ні слухаць, ні пісаць. Скажу толькі, што фантазія тут была нечалавечая – сатанінская. Людзкі розум да такога не дадумваецца. Самае простае катаваньне – гэта калі жывога чалавека клалі ў труну з гніючым трупам, зачынялі вечка і закопвалі ў магілу на 30 хвілін. Затым адкопвалі і прадаўжалі допыт, пакуль ня скажа, што трэба, альбо не звар’яцее. Потым забівалі.

“Чрезвычайная Комиссия – краса и гордость Коммунистической партии”—казаў Зіноўеў. “Отныне мы все должны стать агентамі Чека”, — Бухарын. “Чрезвычайка – это лучшее, что наши советские органы могут дать”, — Лацыс. І гэта сапраўды так. У ЧК і потым у НКВД і КГБ – квінтэсэнцыя бальшавізму.

Ня буду пісаць таксама пра катаваньні, крывавыя оргіі ў турмах і глумленьне чэкістаў над жанчынамі. Тут, здаецца, сама прырода змаўкае ў жаху, увесь Сусьвет. Лічу, што нельга гэта апісваць, бо ўжо само апісаньне ёсьць зьнявага Той, на якой трымаецца жыцьцё.

Сьведчаньняў пра зьвярынае аблічча ленінскага бальшавізму тысячы. Я пераказаў тут некалькі агульнавядомых у некамуністычных краінах фактаў, каб тыя, хто чытае подлыя сцьвярджэньні, накшталт “няхай сабе і праз расстрэлы”, ведалі, што рэальна за гэтым стаіць і як адбіваецца на чалавечых лёсах.

Бальшавізм ёсьць ідэалягічнае выяўленьне крымінальнай ахлакратыі. Ідэалёгія, выведзеная з псіхалёгіі ўзбуджанага натоўпу, дзе чалавек траціць якасьці асобы і ператвараецца ў псіхапатычную частку біялагічнай чарады, дзе рэзка абніжаецца набыты ўзровень культуры, дзе пануюць дзікія інстынкты. Вось яна, тая антыхрысьціянская “бэстыя”, пра якую марыў і пісаў Ніцшэ (яшчэ адзін цёмны “геній”), той “дыянізаўскі дух”, вызвалены ад культуры. Ён ажыцьцявіўся гістарычна ў бальшавіках.

Сэрвілізм, не абмежаваны ніякой сістэмай, — ідэальнае сацыяльнае асяроддзе для бальшавікоў. Натоўп падтрымліваў, абагаўляў сваіх мучыцеляў, нават прайшоўшы праз ЧК і ГУЛАГ. У справе №25 Асобай камісіі гаворыцца пра забойства ў Растове-на-Доне прафэсара Колі. Бальшавікі вывелі яго з дому на вуліцу і пачалі “разьбірацца”. Сабраўся выпадковы натоўп і крычаў яму “генэрал”, “мільянер”, патрабаваў забіць, “як і ўсіх багатых людзей”. Бальшавікі расстралялі прафэсара і труп выцягнулі на сярэдзіну вуліцы. Натоўп пачаў глуміцца над трупам. “Жанчыны тапталі нагамі, некаторыя плявалі.., патрабавалі сьмерці для яго ўдавы і дзяцей”. Трыццатыя гады потым далі неверагодныя прыклады рабалепства.

У чым жа прычына бальшавізму? Максім Горкі, знаўца Расеі, тлумачыў яе “исключительной жестокостью русского народа” (“О русском крестьянстве”), калі “нядаўні раб” стаў уладаром бліжняга свайго”.

Горкі крышку памыліўся. Гэта не прычына, а, хутчэй, вынік. Адказнасьць за вар’яцкія ідэі павінен несьці не народ, а пачка рэвалюцыянераў на чале зь Леніным.

Заўважце, як суадносіцца ўся гісторыя камунізму ў СССР, увесь ланцуг злачынстваў з выказваньнямі і нават з тэрміналёгіяй Леніна і яго акружэньня. Зло сталі называць дабром, а дабро злом. Адбывалася перакульваньне, падмена фундамэнтальных паняцьцяў жыцьця. Нормай рабіўся грэх, ненармальнае – нармальным. У 20-х гадах у Тыфлісе быў надрукаваны зборнік чэкісцкай паэзіі “Улыбка Чека”. Бальшавіцкі садыст, што катаваў і забіваў, нейкі Эйдук, пісаў:
Нет большей радости,
нет лучших музык,
Как хруст ломаемых
жизней и костей.
Вот отчего, когда томятся
наши взоры
И начинает буйно страсть
в груди вскипать,
Черкнуть мне хочется
на вашем приговоре
Одно бестрепетное:
“К стенке! Расстрелять!”

Гэты збочаны падонак ня трапіў у бальшавіцкія хрэстаматыі. Большасьць камуністаў, відаць, задавальнялі свой юр звычайным спосабам.

Ко мне –
Кто всадил спокойно нож
И пошел от вражьего тела с песнею!

– писаў Маякоўскі (успомнім матроса “Эдуарда”). Гэта названа ім новай “нагорнай пропаведдзю”.
“Это я попал пальцем в небо,
Показал: он – вор!

Пасьля кастрычніцкага перавароту богазмагарская тэма ў Маякоўскага і апяваньне Антыхрыста зьмяняюцца. Месца Антыхрыста займае Ленін – канкрэтны чалавек. Экзальтаванае апісаньне яго асобы Маякоўскім – гэта прыняцьце акту прышэсьця Антыхрыста ў форме багахульнага літаратурнага юродзтва. Уся гэтая кніжная мярзота была ўведзена ў савецкія школы, убівалася ў галовы асьлепленых, невідушчых з дзяцінства людзей.

Камуністы-ленінцы паставілі сябе і сваю партыю па-над маральлю. “Маральна толькі тое, што карысна для рэвалюцыі”, — казаў Ленін. Тэрарыстамі былі раней народнікі, эсэры, іншыя рэвалюцыянеры-бязбожнікі. Стаўшы на шлях забойства і адкінуўшы хрысьціянскую этыку, яны не пазбавіліся, аднак, хрысьціянскай псіхалёгіі. Адсюль раскаяньне некаторых, мукі сумленьня, адчуваньне цяжару граху ці адкладаньне замаху, каб не пацярпелі жанчыны і дзеці і г.д. Рэвалюцыянеры-ленінцы зьнялі гэтую супярэчнасьць паміж псіхалёгіяй і этыкай, адмовіўшыся ад хрысьціянскай маралі. Дакладней, прыняўшы сатанінскую антымараль. Аказваецца, можна было масава зьнішчаць людзей і бесклапотна сьмяяцца, любавацца пейзажамі, мастацтвам, займацца палітыкай, літаратурай, фліртам і спакойна спаць. Асабліва гэта стала проста, калі па тваіх загадах забівалі іншыя.

Не богазмаганьне, не цынічнае багахульства, а менавіта пазбаўленьне ад маралі і ад культуры сьведчыць пра сатанізм бальшавікоў. Усёпаглынаючым сурагатам маралі стала ў бальшавікоў хлусьня, грандыёзная і шматаблічная, страшная, нябачная дасюль, незразумелая. Яны перасталі быць людзьмі ў хрысьціянскім сэнсе слова; гэта сапраўды рэвалюцыя ў сьвядомасьці, крок назад, але нават не ў дзікунства, не ў арду, а ў асэнсаванае зло, у зло як сьветапогляд, як феномэн сусьвету.

За ленінізмам і ідэямі бальшавізму няма нічога гістарычна-сэнсоўнага, што б было хоць як абгрунтавана жыцьцём і патрэбамі разьвіцьця, акрамя волі да ўлады любымі спосабамі. Карэньні іх ідэй і паводзінаў я знаходжу ў масоншчыне, у розных сатанінскіх вучэньнях, ерасях і арганізацыях. За бальшавікамі стаяла апраметная, і пекла ішло за імі.

Бальшавізм ня ў стане зьмяніцца, бо ня можа пакаяцца. Для пакаяньня патрэбная вера ў Бога, сумленьне і хрысьціянская мараль. У бальшавізме, відаць, зафіксаваны пераход (этап) да д’ябальшчыны на Зямлі. Гэта значыць да такой эманацыі духу, што па прыродзе сваёй ня ў стане тварыць дабро і нічога, акрамя зла.

Бальшавізм склаўся як нерэфармуемая, нязьменная ідэйна-псіхалягічная сістэма разбурэньня і зла. Зь ёй нельга супрацоўнічаць. Ёй нельга дараваць. Яе трэба ізаляваць, як ізалюе арганізм балячку на целе.

Формула вышэйшага хрысьціянскага дараваньня тут не падыходзіць. Езус дараваў бандыту на крыжы. Але, па-першае, бандыт перад сьмерцю пакаяўся. Па-другое, гэта быў проста чалавек, і грахі яго былі чалавечыя. Найвышэйшая Божая справядлівасьць у тым, што д’ябал (Шатан) будзе пакараны, і слугі яго. Д’яблам дадзена свабодная воля тварыць зло, але дараваньня ім няма. Езус ніколі, нідзе і ні ў чым не дараваў цёмнай сіле. Кара немінучая. (Тое, што ў юрыспрудэнцыі азначана як няўхільнасьць пакараньня).

Прыйдзе час, і расейскі камунізм будзе пакараны. Прырода патрабуе раўнавагі. (У тым ліку і грамадзтва – сацыяльна-культурная прырода.) І там, дзе яна парушана, абавязкова адбываецца рух, імкненьне да ўстойлівасьці. Гэта плянэтарны працэс. Вось толькі як, за які час, якім коштам – шмат залежыць ад людзей, ад таго, як здолеюць людзі разабрацца, выцерпець тое, што наканавана, і зрабіць тое, што трэба. Такое пытаньне цяпер стаіць перад нашай нацыяй і кожным чалавекм.

Зянон ПАЗЬНЯК,
Старшы навуковы супрацоўнік
Інстытута гісторыі Акадэміі Навук,
Народны дэпутат Беларусі

АД РЭДАКЦЫІ (Звязды)
Мінулае працягвае ўчэпіста трымаць нас у сваіх руках. У ім – вытокі, карані сапраўдных і ўяўных ідэалаў многіх пакаленьняў, ключ да спасьціжэньня таго, што з намі адбываецца, куды мы павінны ісьці, ад чаго берагчыся, будуючы новую Беларусь.
Артыкул лідэра БНФ у Вярхоўным Савеце Зянона Пазьняка, які сёньня прапануецца вашай увазе, -- працяг тэмы, раскрытай аўтарам у матэрыяле “Пакараньне” (“Звязда”, 11 лютага г.г.) Пасьля лютаўскай публікацыі рэдакцыя атрымала дзясяткі надзвычай супярэчлівых водгукаў, дамінавалі сярод якіх, аднак, галасы гнеўныя, абураныя, успрыняўшыя артыкул як асабістую зьнявагу.
Сёньняшняе выступленьне Зянона Пазьняка – спроба адказу апанентам і адначасова – працяг тэмы. Рэдакцыя, як правіла, імкнецца ўстрымлівацца ад публікацыяў такога значнага аб’ёму, шануючы час і цярпеньне сваіх чытачоў. Аднак, улічваючы дэпутацкія правы аўтара і яго палітычнае імя, мы вырашылі задаволіць настойлівае патрабаваньне лідэра Апазыцыі і падаём артыкул у тым выглядзе, у якім прынёс яго ў рэдакцыю Зянон Пазьняк
.

Надрукавана: (Звязда,–1993, 12 траўня)

28/8/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2018
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2018
Сувязь