Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Аб актуальных падзеях

(З выступу на лютаўскім Сойме КХП – БНФ і БНФ «Адраджэньне»)

…100 гадоў аб’яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта сьвята, якое мае цяпер вялікае сімвалічнае значэньне для нацыі. У 1918 годзе быў закладзены вуглавы камень пад нашу незалежную дзяржаву і пад будучыню нашай беларускай нацыі. Калі б тады, у 1918 годзе, гэты крок ня быў зроблены, то праз год пад расейскай бальшавіцкай акупацыяй ужо нічога б не адбылося, нават БССР.

Цяпер непрыхільнікі Беларусі кажуць, што БНР ня стала дзяржавай, неажыцьцявілася і г. д. Але за такімі фармулёўкамі схаваны сапраўдны сэнс падзеі. БНР была акупавана бальшавіцкай Расеяй і “панскай” Польшчай і разарвана паміж імі на часткі. Вось таму яна і “неажыцьцявілася”. Але яна ўжо была. Паходня гарэла. Яе падхапіў Беларускі Народны Фронт і ў 1991 годзе прывёў да незалежнасьці Рэспубліку Беларусь. Калі б не было 25 сакавіка 1918 года, то не адбылося б і 25 жніўня 1991-га. Такая моц закладзена ў той вялікай падзеі, якая сталася ў сакавіку 1918 года, сто год таму.

Наша канцэпцыя юбілею БНР адлюстравана на папярэдніх соймах. Гэта – “сьвята”, “акадэмія” і “памяць”.

Па частцы “сьвята” – гэтую канцэпцыю пераняў таксама “грамадзкі аргкамітэт”. Праўда, яна абстаўлена там нерэальнымі ўмовамі, што па логіцы рэжыму павінна прывесьці да адмовы з боку ўлады. Гэта можа адчыніць дарогу правакацыі як у мінулым годзе. Невыпадкова штатны правакатар Статкевіч не стамляецца ўвесь час клікаць на шэсьце пратэсту, “каб паказаць сілу” (гэта ў той час, калі сілы няма, “сіла” ў рэжыма). Наша сьвята якраз павінна адбыцца прыстойна. У нас рэальны падыход.

У варыянце “акадэмія” таксама ўсё зразумела. Маем вопыт. У варыянце “памяць” усё і ўсюды рухаецца вельмі павольна (у асноўным не па нашай віне). Канцэпцыя ўжо вызначылася і разьвіваецца. Задуманыя памятныя знакі па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Прынцып “Барысавых камянёў”. Гэта значыць у аснове знака прыродны камень з надпісам “100 год БНР” і з выявай Пагоні. Лёзунг (кліч, дэвіз) падзеі на камені такі: “Беларусь – навечна”. У гэтым клічу сутнасьць таго, што адбылося 25 сакавіка 1918 г.
Вядома, што стогадовы юбілей і ўсё што зь ім зьвязана можна сьвяткаваць усю рэшту года ўперад ад даты. Але нам пажадана пасьпець якраз да 25 сакавіка. Тут будзе вяршыня ўрачыстасьці.

Прыкметы, якія мы назіраем, кажуць пра тое, што ніякага спрыяньня сьвяткаваньню 100-гадовага юбілея БНР з боку антыбеларускага рэжыму ня будзе. Магчыма нават агрэсія, бо Маскве вельмі не падабаюцца нашыя нацыянальныя сьвяты. Крэмль націскае кнопку – і Лукашэнка напускае на людзей “амон”.

Антынароднасьць рэжыму ў гэтым годзе найбольш выявілася ў дэкрэце №1. Гэта мадыфікацыя дэкрэта №3 (так званага дэкрэта «аб дармаедах»). Згодна “мадыфікацыі” здымаецца адказнасьць з імя начальніка рэжыму і перакладаецца на плечы і пад адказнасьць “вертыкалі”. Грамадзяне краіны падзяляюцца на дзьве катэгорыі. На тых, што маюць працу і карыстаюцца грамадзкімі льготнымі расцэнкамі за камунальныя паслугі, школу, медыцыну і інш., і на тых, што ня маюць працы і нідзе не працуюць. Для беспрацоўных цяпер трэба будзе аплочваць усе грамадзкія паслугі (дзе ёсьць дзяржаўныя льготы) па стоадсоткаваму іх кошту. Прытым калі ў сям’і з чатырох асобаў адзін бяз працы, то павышаная аплата перакладаецца на ўсю сям’ю. Калі беспрацоўны ня зможа аплочваць вялікую суму за камунальныя паслугі, то праз нейкі час узбуджаецца справа аб адабраньні жыльля і высяленьні яго з кватэры.

Усе разлікі па абдзіраньні беспрацоўных павінны будуць рабіць спэцыяльныя камісіі, створаныя пры мясцовых ворганах улады. Гэтыя камісіі будуць вырашаць таксама з каго браць аплату а з каго не (тут характэрная прыкмета беззаконьня). Значыцца, у кожным сельсавеце будзе свой непарадак і сваё самадурства, асабліва, улічваючы, што дакладных прынцыпаў налічэньня ці адлічэньня адсоткаў па розных субсідных паслугах не існуе.

Вядома, што вар’яцкія законы ператвараюць грамадзтва ў вар’яцкі дом. Такіх “законаў” было поўна і пра сьвіную чуму, і пра індывідуальных прадпрымальнікаў, і пра тавары з-за мяжы, і інш. Гэты – чарговы. Ён ударыць па бальшыні беларускіх сем’яў, выкліча сямейныя раздоры (паколькі за беспрацоў’е аднаго караецца ўся сям’я) і нянавісьць, адток людзей з краіны, узмоцніць уладу бюракратыі і працадаўцаў (дадатковы рычаг у пагрозе страціць працу), павялічыць бяспраў’е людзей.

Усё гэта робіцца па двух прычынах: вышукваньня мэтодыкі абдзіраньня людзей, зьдзіраньня грошай з грамадзтва і другая прычына – стратэгічная, якую мы назіраем увесь час: загнаць беларусаў у нястачу і залежнасьць, зрабіць беднымі, каб не падняліся, не супрацівіліся чужым грошам, уцякалі б з краіны, ратуючыся ад мярзотнай улады, расчысьцілі б месца для чужых людзей і чужога капіталу.

Такія законы і такія дачыненьні магчымыя толькі ў краіне эканоміка і сістэмныя сувязі ў якой пабудаваныя па сацыялістычнаму прынцыпу (дзе ўласьнікам і распараднікам эканомікі, працы, тавараў і паслуг зьяўляецца дзяржаўная ўлада).

Супраціўленьня чарговаму рабскаму заціску ня будзе. Ня будзе па простай прычыне – у людзей зьнішчана культурная нацыянальная годнасьць. Такое грамадзтва няздольнае да салідарнасьці і супраціву. Асобныя пратэсты лёгка ліквідуюцца.

Палітычныя партыі, якія ў гэтым становішчы (гэта значыць у бяспраўі і ў дыктатуры) робяць стаўку на страўнік грамадзтва, на змаганьне за яго матэрыяльнае выжываньне – не дасягаюць нічога. Нявольнік можа ўзбунтавацца, але не змагацца, не супраціўляцца.

Беларускія партыі ва ўмовах адсутнасьці рэальных выбараў мусілі б дбаць перш за ўсё пра нацыянальны дух волі і годнасьці чалавека.

Не існуе цяпер электаральнай сітуацыі ў грамадзтве. Працуе машына фальсіфікацыі, якая не паддаецца ніякаму кантролю, бо дзейнічае цалкам асобна сама ў сабе. Ня мае значэньня як галасавалі людзі; нават ня мае ўжо значэньня колькі іх галасавала. Ярмошына ўжо аб’явіла, што “чакае” 78% яўкі выбаршчыкаў. Гэта ў той час калі на мясцовыя выбары ўжо даўно амаль ніхто ня ходзіць.

Даўно вядома, што нельга падтрымліваць машыну фальсіфікацыі і хадзіць на выбары, ствараць выгляд, што адбываюцца нейкія “выбары” і абяляць антынародны рэжым ды гэтак апускацца перад людзьмі.

Але “партыі апазыцыйнай падтрымкі рэжыму” ходзяць у гэтую машыну кожныя выбары, як на працу. Вельмі нетыповая сытуацыя склалася ў Беларусі ў век гэбоўскіх тэхналёгій.

Акрамя існаваньня “машыны”трэба разумець, што мясцовыя саветы ў сістэме дыктатуры, фактычна ня маюць улады і самастойнасьці. Гэта ня ворганы самакіраваньня (але шырма для карумпаванай бюракратыі). Аднак гэта ўжо іншае пытаньне (пытаньне палітыкі). Наша партыя ня ўдзельнічае ў электаральных афёрах і маніпуляцыях рэжыму, не стварае яму карцінку нібыта “выбараў”. Тым часам мы ажыцьцяўляем выбарчы кантроль за гэтым працэсам. Перш за ўсё падлічваем колькасьць людзей, што прыходзяць галасаваць, каб паказаць рэжым у ягонай хлусьні, якая існуе як дадзенасьць, як чыньнік рэжымнага галасаваньня.

На сьнежаньскім Сойме я распавёў пра зьмены ў палітыцы краінаў Эўразьвязу, пра тэндэнцыі фашызму і ксэнафобіі ў некаторых грамадзтвах, выкліканыя мусульманскай эміграцыяй у Эўропу, пра зьмены палітычных групаў ва ўладзе некаторых краінаў і вынікі новага кіраваньня. Вострыя дыскусіі (якія перакочваюцца ў Брусель) узьнікаюць там, як правіла, у сувязі са зьменай заканадаўства, імкненьнямі ўвекавечыць ідэалёгію і ўладу адной палітычнай сілы, не зважаючы на прынцыпы дэмакратыі.

У гэтым сэнсе найбольш выразныя палітычныя павароты адбываюцца ў Вугоршчыне, Чэхіі і Польшчы. Імкненьне выканаўчай партыйнай улады ў Польшчы падпарадкаваць сабе судовую сістэму, ігнаруючы незалежнасьць судоў, выклікала рэзкую рэакцыю Бруселя, які ўгледзеў тут парушэньне важнешых прынцыпаў дэмакратыі і падзелу ўладаў.

Дачыненьні моцна ўскладніла шматтысячная дэманстрацыя ў Варшаве 11-га лістапада 2017 г., дзе былі антыдэмакратычныя і расісцкія лёзунгі. Брусель абвінаваціў Варшаву ў падтрымцы фашызму і прыняў адпаведную ацэначную дэклярацыю, якая можа мець юрыдычны працяг з накладаньнем санкцыяў на Польшчу. Варшава не прызнае абвінавачаньняў Бруселя і ў студзені гэтага года зьяўляецца чарговы заканадаўчы акт польскага сейма, які ўзбударажыў ня толькі Эўразьвяз, але і дзяржаву Ізраіль, і Украіну і нават Расею, якая пачала хваліць Польшчу (кепская прыкмета, дарэчы).

Справа ідзе аб навэлізацыі (удакладненьні, папраўцы) закона аб Інстытуце народнай памяці. Прыняты запіс, што асобы ў Польшчы і за яе межамі якія на нямецкія канцлягеры, што былі на тэрыторыі Польшчы, будуць казаць “польскія лягеры сьмерці”, падлягаюць крымінальнаму перасьледу, штрафу і кары на тры гады турмы.

Хоць гэта юрыдычна недасканалае азначэньне, але польскіх заканадаўцаў можна зразумець і пагадзіцца. Бо калі некалі нават прэзыдэнт Амэрыкі Абама назваў Асьвенцым (Аўшвіц) “польскім канцлягерам сьмерці”, то нешта ўжо трэба было рабіць. Але далей усё пайшло значна горш. Папраўка ў закон прадугледжвае ўзбуджэньне крымінальнай справы (супраць кожнага ва ўсім сьвеце) за адмаўленьне злачынства ўкраінскіх нацыяналістаў. Паводле новага закону, хто публічна прыпіша палякам поўную або частковую адказнасьць за злачынствы, учыненыя гітлераўскай Нямеччынай або іншыя злачынствы супраць чалавецтва, міру і ваенныя злачынствы – будзе пакараны штрафам і на тры гады турмы. У выпадку ненаўмыснага парушэньня гэтага закону таксама штраф і абмежаваньне волі.

Зразумела, што такі палітызаваны ўзровень юрыдычнай думкі зьдзівіў і абурыў шмат каго, асабліва габрэяў, бо гэта азначае, фактычна, забарону ўсяму сьвету на выяўленьне азначаных у законе злачынстваў сярод грамадзянаў Польшчы ў ваенны, прадваенны і пасьляваенны час. Тым больш вядома, што злачынствы былі. Гэты закон – імкненьне вывесьці іх з-пад адказнасьці.

Такое ўражаньне, што заканадаўчая памылка ў прыняцьці папраўкі да закона паспрыяла выцягваньню на паверхню безадказных асобаў і неадэкватных фармулёвак. Адзін публіцыст ужо напісаў нават пра “ беларуска-жыдоўскія банды, якія забівалі палякаў”. Калі такія розумы апынуцца ва ўладзе, то адзіным сябрам Польшчы застанецца пуцінская Расея.

На мой погляд юрыдычна сумніўныя папраўкі ў закон – вынік памылковага дрэннага аналізу і кепскай прадуманасьці закона. Але паколькі тут ня ўлічаныя дэмакратычныя нормы заканадаўства, то можна спадзявацца, што фармулёўкі будуць папраўленыя, пад ціскам дэмакратычнай грамадзкасьці.

Я спыніўся на гэтай нечаканай падзеі ў польскім заканадаўстве, таму што непрадуманыя фармулёўкі яго будуць датычыць таксама Беларусі, ацэнак канцлягеру ў Картуз-Бярозе, дзейнасьці Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі, гісторыі людабойства беларусаў на Беласточчыне і інш. Магчыма некаторыя дзеячы ў Польшчы баяцца гэтых тэмаў і думалі прыняць прэвэнтыўную забарону на свабоду слова пра нявыгодныя тэмы. Але замест гэтага выклікалі абурэньне людзей. На мой погляд у дэмакратычнай краіне такога роду непаразуменьні ў рэшце рэшт заўсёды выпраўляюцца. Калі не самымі іх стваральнікамі, то наступнымі палітыкамі, якіх людзі выберуць дзеля ўлады.

Зянон Пазьняк
11-02-2018

13/2/2018 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2018
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024