Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ГАЛАСЫ ЗАЛЮСТРОЎЯ

Нядаўна галоўная газэта рэжыму “Советская Белоруссия” надрукавала антыбеларускі ліст пэнсіянеркі, напісаны на незвычайнай для ўспрыняцьця некаторых сучасных людзей мове нянавісьці. Пэнсіянерка піша супраць стварэньня Беларускага нацыянальнага ўнівэрсітэту (бо там, маўляў, зьбяруцца нацыяналісты), яна верыць у КПСС, у Зюганава і камуністаў. Зацікаўленасьць журналістаў да гэтай крыніцы інфармацыі выявіла зьявы, характэрныя для савецкага пэрыяду акупацыі Беларусі.

Аўтар ліста — рэальная асоба. Яе прозьвішча – Рэгіна Ластоўская. У лісьце яе думкі. Гадоў 30-40 таму такі тыпаж быў даволі распаўсюджаны на тэрыторыі нашай краіны. У чым жа сутнасьць гэтай зьявы мінулага часу?

Былі людзі, якія ў выніку камуністычнага выхаваньня і прапаганды ўспрымалі КПСС (Камуністычную Партыю Савецкага Саюза), фактычна, як рэлігійную арганізацыю, а камунізм — як рэлігію. КПСС, камуністы і ўсё, пра што вяшчала камуністычная прапаганда, было ў іхным разуменьні “сьвятым”, вяршыняй дасканаласьці чалавецтва. Ленін для іх — гэта быў найвялікшы геній, сьвяты і непараўнальны. Побач зь Леніным яны маглі паставіць толькі Ісуса Хрыста, бо Хрыстос і Ленін (у іхным разуменьні) рабілі адну справу: вялі да шчасьця чалавецтва.

Камуністычная вера гэтых людзей, падтрыманая жахлівай неадукаванасьцю (хоць яны мелі савецкія дыплёмы аб савецкай адукацыі) была непадважальнай, бо трымалася на ірацыянальнай аснове. Рацыянальная дыскусія зь імі ня мела сэнсу. Яны верылі ў КПСС, Леніна і “ленінскую палітыку”. Ніякія злачынствы камунізму ня мелі для іх значэньня. Такія людзі шчыра маглі напісаць данос у НКВД, жадаючы выправіць недахопы ў грамадзтве і абараніць “палітыку партыі” ад ворагаў народа. І пры гэтым (як бы парадокс) некаторыя зь іх (але рэдка) былі нават ня супраць беларускай мовы, карысталіся ёй там, дзе тое было дазволена і не пярэчыла палітыцы “партыі”.

І вось 80-я гады. Крызіс камунізма. Зьяўляецца антыкамуністычны Беларускі Народны Фронт, які змагаецца супраць КПСС, за незалежнасьць Беларусі і дэмакратыю, за Беларускую незалежную дзяржаву, культуру і мову. У разуменьні людзей тыпу «пэнсіянеркі» Беларускі вызвольны дэмакратычны рух быў кашчунным замахам на іхнюю “рэлігію” і веру ў КПСС. Беларуская нацыянальная ідэя стала для іх злом, прычынай і повадам для выказваньня нянавісьці. Змагары за дэмакратыю і незалежнасьць былі названыя ворагамі народа (”сьвядомымі”). Беларуская мова, на якой размаўлялі апазыцыйныя беларусы і змагары за незалежнасьць, стала для іх таксама ненавіснай, бо супярэчыла сталінскім гвалтоўным русіфікацыйным зьменам у граматыцы беларускай мовы, абнавіла лексіку, не адпавядала “наркомаўскаму гвалту”.
(У час прэзыдэнцкай кампаніі 1994 года камуністы раськідвалі супраць мяне ўлёткі, дзе было такое: “Он пишет “газэта”, “Амэрыка”. Люди, будьте бдительны!”).

Важна ведаць, што ўсе антыбеларускія, антыдэмакратычныя штампы, якія трансьляваліся праз галовы актывістаў тыпу «пэнсіянеркі» рыхтаваліся ў іншым месцы і іншымі людзьмі. «Сяўба» ярлыкоў, ідэалагем, мемаў, азначэньняў рабілася рознымі спосабамі. Калі таго ня ведаць, значыць увогуле не разумець сутнасьці і мэтадалогіі камуна-маскоўскай прапаганды і палітыкі ў Беларусі

Для цяперашніх маладых людзей, у якіх з прычыны палітычных абставінаў перарвалася сувязь зь беларускай вызвольнай гісторыяй, такая асоба, якая цяпер верыць у КПСС і адначасна станоўча ўспрымае “каталіцкую веру”, гаворыць прынцыпова па-беларуску і адначасна ненавідзіць беларускую мову “сьвядомых” (бо там не савецкая лексіка), зьяўляецца сябрам ТБМ і адначасна ненавідзіць гэтае ТБМ, бо там сабраліся “сьвядомыя фашысты” (што вітаюцца ў манеры “зіг хайль”), такая асоба падаецца шмат каму “амбівалентнай”, цёмнай, неразьвітай, з кашай у галаве.

Тут істотная недакладнасьць, спрашчэньне гэтай гістарычнай катэгорыі людзей. Перад намі тыпаж мінулай эпохі з сістэмнай па-свойму лагічна абгрунтаванай пазыцыяй (гэтак жа, напрыклад, як заўсёды па-свойму лагічна абгрунтаваныя ёсьць разважаньні чалавека хворага на шызафрэнію).

Мы, раней за саветамі, часта назіралі такіх людзей. Іх было нямала. Яны засядалі нават у Вярхоўным Савеце. Цяпер гэта ёсьць рэлікт у чыстым выглядзе. Ён цікавы, я думаю, для псіхолагаў па тэме ўплыву на асобу таталітарнай ідэалёгіі і каланіяльнай прапаганды. Бальшыня людзей такога кшталту цяпер мадэфікавалася ў рэтрансьлятараў прапаганды расейскага тэлебачаньня і “русского мира”. Яны ўжо крыху іншыя. Але сутнасьць засталася.

Адносна ліста пэнсіянеркі. Ён не выглядае ўсё ж цалкам арыгінальным, бо паўтарае вядомыя гэбоўскія антыбеларускія штампы і прыёмы. Пры камуністах такія лісты (”голас народа”) прыдумвалі адпаведныя людзі ў ворганах і рэдакцыях. Тады створаны быў цэлы савецкі эпісталярны жанр — “лісты у рэдакцыю”, са сваім стылем і стандартнымі прыёмамі. Зьмест і стыль ліста пэнсіянеркі цалкам адпавядае прыёмам і стылю таго жанру. Асабліва вымоўна напісана яе “сьведчаньне”, як быццам бы дэлегаты Першага зьезду ТБМ (куды заслалі пэнсіянерку) воклічамі і гітлерскім падыманьнем рук (”зігамі”) віталі выступоўцаў і адзін аднаго (маўляў, у ТБМ фашысты).

Нагадаю, што тыповае разуменьне заідэалагізаваных «саветаў» і прамаскоўскага камуністычнага абывацеля – усіх антыкамуністаў і нацыянальна арыентаваных (не на Маскву) людзей – называць «фашыстамі». (Гэта ўвогуле атрыбут лявацкай псіхалогіі нянавісьці. Левакі на Захадзе нават хрысьціян абзываюць «фашыстамі»).

У лісьце выяўлена ў грубай форме беларусаненавісьніцтва, імкненьне раскалоць грамадзтва па ідэйна-нацыянальнай прыкмеце. Яно ў духу і лектуры цяперашніх антыбеларускіх допісаў на сайтах расейскай прапаганды. Ня буду казаць пра законы ў краінах дэмакратыі, але ў лісьце груба парушана таксама цяперашняе беларускае заканадаўства. Тут публічная зьнявага і паклёп. Ня ведаю ці падасьць, напрыклад, ТБМ на пэнсіянерку ў суд (ня выключана, што пашкадуе ўзрост і ўлічыць ачмурэньне сьвядомасьці), але працаваць у школе такая пэнсіянерка (з такімі праблемамі мэнтальнасьці) не павінна.

Зрэшты (тут я перакананы), калі б, напрыклад, журналісты зацікавіліся б гэтай асобай глыбей і шырэй, то выявіліся б банальныя рэчы, якія патлумачылі б матывацыі гэтай «пэнсіянеркі». Канчаткова тое выявіць люстрацыя.

У савецкія часы другім каляніяльным прадуктам падобнага роду была прыкметная група асобаў, якіх называлі “манкуртамі”. Гэта (калі параўнаць) такая сацыяльная анкалёгія — асобы, якія сьведама здрадзілі свайму народу, ягонай мове, культуры, ненавідзелі сваё і насаджалі чужое.

Аднак самая вялікая масавая частка беларусаў савецкага пэрыяду — гэта былі людзі, якія сацыяльна прыстасоўваліся да абставінаў, маглі ўступаць у кампартыю, казаць нешта станоўчае пра камунізм. Але камунізм ім быў “да лямпачкі” разам з усёй КПСС. Яны клапаціліся пра свой быт і свае інтарэсы. Членства ў партыі давала магчымасьці ўладкавацца. Потым гэтыя людзі лаяльна і прыхільна спаткалі і падтрымалі дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Пазьней яны падтрымалі Аляксандра Лукашэнку і яго антынародную антыбеларускую палітыку. У будучыні яны, як звычайна, падтрымаюць тых, хто будзе ва ўладзе. Такая рэальнасьць.

Беларускі Народны Фронт меў шырокую і самую вялікую падтрымку грамадзтва ў пачатку 90-х гадоў. Але нездабыцьцё ўлады ў 1992 годзе (здрада Шушкевіча і незаконная забарона рэфэрэндума аб выбарах) сыграла фатальную ролю ў разьвіцьці падзей. Ініцыятыву перахапіла Масква. Эканамічны спад, карупцыя ўладнай намэнклятуры і звышінфляцыя, справакаваная Масквой, давяршылі справу. Нэакаляніяльная палітыка прыйшла ў іншай форме.

Камуністычная палітыка ў акупаванай савецкай Беларусі трымалася не на масах і нават не на кампартыі, але на кіроўнай камуністычнай намэнклятуры, на КГБ, на манкуртах ды на культавых верніках КПСС.

Антыбеларускі рэжым, як бачым, актыўна выкарыстоўвае гэтых рэліктавых людзей (асабліва камуністаў) у антынацыянальнай палітыцы.

Зьвяртаем увагу, што ліст ленінскай пэнсіянеркі аб забароне стварэньня Беларускага нацыянальнага ўнівэрсітэту быў дасланы ў газэту год таму (звычайна такія лісты ўлада сама арганізоўвае). І толькі цяпер ліст рашылі скарыстаць і надрукавалі.

Гэта зьвязана, на мой погляд, з надыходзячым 100-годдзем БНР. Улічваючы знакавую мову рэжыму, тут выяўляецца сьведчаньне таго, што ўлада ўсімі сродкамі будзе пярэчыць сьвяткаваньню юбілейнай даты (гэтак жа, як і стварэньню Беларускага нацыянальнага ўнівэрсітэту).

Яшчэ трэба разумець, што ўсе гэтыя выверты каляніяльнай палітыкі рэжыму зыходзяць з Масквы. Толькі тут Масква нічога ня выйграла, бо ўсё на што яна магла спадзявацца, перакулілася дагары нагамі. Амаль 99 адсоткаў чытачоў афіцыёзнай газэты абурана адкінулі, ганебны ліст савецкай пэнсіянеркі ў сваіх камэнтарах і не прынялі яго (нават тролі не дапамаглі). Мы бачым, што нават пры неспрыяльных палітычных абставінах і пры шаленстве прапаганды беларусы ўжо ня тыя, што існавалі ў пэрыяд адыёзнага “Политического собеседника”. Вечна іх дурыць не атрымаецца. Разьбяруцца.

23 студзеня 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК

24/1/2018 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2018
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2018
Сувязь