Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

У Менску прайшла Канфэрэнцыя (Асамблея) патрыятычных дэмакратычных сілаў Беларусі

26 жніўня ў Менску прайшла Канфэрэнцыя (Асамблея) патрыятычных дэмакратычных сілаў Беларусі, якую склікала Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ. Канфэрэнцыя арганізавана з прычыны пагрозы суверэнітэту Беларусі ў выніку плянаваньня расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад 2017» і пачатку іх падрыхтоўкі. На мерапрыемства прыехалі патрыёты з розных рэгіёнаў Беларусі, былі прадстаўнікі розных палітычных і грамадзкіх беларускіх арганізацый. Заля была ўпрыгожана нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. Прысутнічалі дэпутаты Незалежнасьці, шэраг людзей, якія пачыналі змаганьне Народнага Фронту і дамагліся перамогі над савецкай імпэрыяй у 1991 годзе, а таксама патрыятычная моладзь. Канфэрэнцыя пачалася сьпяваньнем беларускага ваярскага гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Патрыёты ўшанавалі хвілінай маўчаньня сяброў-фронтаўцаў, якія пакінулі гэты сьвет.

Удзельнікі Канфэрэнцыі заслухалі даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне” – “Барацьба з агрэсарам – катэгарычны імпэратыў незалежнасьці, волі і свабоды”. З дакладамі выступілі намесьнік старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне” дэпутат Незалежнасьці сп. Сяргей Папкоў, вядомы рабочы лідэр, сябра Сойму Партыі і Фронту сп. Сяргей Антончык (дэпутат Незалежнасьці), сакратары Управы Партыі і Фронту сп. Алесь Чахольскі і сп. Валеры Буйвал, сябры Сойму Партыі і Фронту сп-ня Галіна Дзягілева і сп. Ігар Лобан, зьмястоўны даклад зрабіў хрысьціянска-дэмакратычны лідэр сп. Павал Севярынец, з аб’яднаўчай тэмай выступіў сп. Ільля Дабратвор, выступілі былы кіраўнік Калварыйскай Рады БНФ (пачатак 90-х гадоў м.ст.) сп. Кобрусеў,сп-ня Алена Талстая (арганізацыя “Разам”). Удзельнікі Канфэрэнцыі задавалі пытаньні, абмяркоўвалі пачутае, рабілі прапановы.

Выступоўцы і ўдзельнікі ўспаміналі гады змаганьня, гаварылі пра свой асабісты шлях да беларушчыны і Народнага Фронту, прыгадвалі хвалюючыя і радасныя моманты барацьбы за Незалежнасьць і перамогі. Панаваў аптымістычны настрой. Але кожны з выступоўцаў казаў пра неабходнасьць абараніць Бацькаўшчыну, мір на нашай зямлі ад расейскай інвазіі і акупацыі. Удзельнікі гаварылі пра трывогу, што ахапіла душы мільёнаў беларусаў, якія бачаць масы чужога войска і тэхнікі, што запаўняюць нашу зямлю. Ні ў каго няма ілюзій наконт намераў Масквы ў адносінах да Беларусі і іншых краін нашага рэгіёну. Каб супрацьстаяць імпэрскай агрэсіі, патрэбна кансалідацыя беларускага грамадзтва на аснове нацыянальнай салідарнасьці, роднай мовы, традыцыі і нашай Дзяржавы (якая не зьяўляецца маёмасьцю марыянэткавага рэжыму).

У выніку дыскусій былі прыняты Заява-зварот Канфэрэнцыі (Асамблеі) патрыятычных дэмакратычных сілаў Рэспублікі Беларусь, Зварот да Прэзыдэнта і Дзяржаўнага сакратара ЗША і Старшыні Эўрапейскай камісіі Эўразьвязу, а таксама ухвала да адзінства – дзеля абароны Бацькаўшчыны!

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

26 жніўня 2017 г.

28/8/2017 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2017
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2017
Сувязь