Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: Сіла ў салідарнай нацыі

(Выступ на студзеньскім 2017 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Агульнае назіраньне паказвае, што пасьля разбурэньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі падзеі ў нашай краіне сталі нашмат больш вызначацца зьнешнімі чыньнікамі палітыкі і міжнароднымі абставінамі. Уплыў ёсьць аднолькавы на рэжым і на кволыя асяродкі супраціву. Гэта дрэнна, аднак, перш за ўсё для супраціву, бо ён мусіць быць самадастатковым.

Прынцып дзейнасьці ў гэтакім становішчы нязьменны: Нацыянальная асьвета, Беларуская нацыянальная ідэя, Беларуская мова. Для нацыянальных пераменаў павінна ўзьнікнуць нацыянальнае асяроддзе гэтакіх перамен, мусяць існаваць альтэрнатыўныя нацыянальныя асяродкі, якія будуць сацыяльным апірышчам беларускіх ідэй і беларускага будаўніцтва.

Тут працяглы і няпросты шлях ва ўмовах нацыянальнага вынішчэньня. Але гэта неабходны этап.

На сёньняшні дзень лёс нашай абяскроўленай краіны ў значнай ступені залежыць ад палітыкі, якую праводзяць тры цэнтры сілы: Амэрыка, Эўразьвяз і Расея. Паўтаруся – гэта дрэнна. У 90-х гадах становішча было падобнае. З аднаго боку лапідарная імпэрская палітыка гарбачоўскага СССР, які імкнуўся мадэрнізаваць уладу КПСС, з другога – увесь так званы дэмакратычны Захад, які захапляўся Гарбачовым («Горбі! Горбі!») і выступаў супраць беларускай Незалежнасьці. Захад задаволіўся б гарбачоўскім СССР. Але ў нас быў Беларускі Народны Фронт, і нас тады мала цікавіла, што там думае тая Заходняя Эўропа пра нашу свабоду. Мы падумалі пра сябе самы. І гэта галоўнае. А потым Захад прызнаў тое, што зрабілі мы.

Усялякія перамены без беларускай нацыянальнай ідэі будуць антынацыянальнымі. Такія абставіны. Трэба тое ўлічваць і працягваць нашу беларускую працу на грунце ініцыятывы “Беларуская Салідарнасьць”.

Салідарная пазыцыя грамадзтва цяпер асабліва патрэбная перад рэальнай пагрозай з Усходу. Ідзе адкрытая падрыхтоўка да гібрыднай вайны супраць Беларусі. З гэтых дзеяньняў Масквы выразна відаць, што антыбеларускі рэжым Лукашэнкі ня будзе абараняць незалежнасьць краіны, нягледзячы на фальшывую рыторыку пра суверэнітэт, народ і беларускія інтарэсы. «Інтарэсы», аднак, толькі ў тым, каб утрымацца ва ўладзе. Якраз на гэтай паталогіі рэжыму і разыгрываюцца ўсялякія страшылкі і камбінацыі Масквы. Зараз папулярны прыём абвінавачваць беларусажэрцаў ва ўладзе ў адваротным – у нібыта патрыятызме і нацыяналізме, у антымаскоўскай настроенасьці. Гэтым папярэдне нібы апраўдваецца “права” на агрэсію. З другога боку, імкнуцца прымусіць сатрапа апраўдвацца, дэманстраваць лаяльнасьць і сагнутасьць перад Масквой.

Расея валодае магутнай, я б сказаў, сатанінскай, індустрыяй інфармацыйнай хлусьні і вынікі гэтай ілжы ўжо назіраюцца як у Расеі, так і ў Беларусі. Лукашэнка выконвае ўсе маскоўскія патрабаваньні па зьмене дзяржаўных кадраў у краіне, а агентурныя спэцы і журналісцкія прастытуткі тут жа заводзяць сваю кружэлку пра Лукашэнку як “гаранта сувэрэнітэту” і асобу, якая нібыта здольная супрацьстаяць Маскве. Такая вось вульгарная музыка – аб’яднаймася, маўляў, вакол калгаснага фюрэра. Тактыка загнаньня ўсіх у хлеў з наступным падпалам будынка.

Крэмль разумее, што на адных выдумках умовы для агрэсіі не падрыхтуеш. Апякліся ва Украіне. Таму ў ход ідуць розныя правакацыі (прытым крайне прымітыўныя і дурныя, і беларусы тое бачаць). Шэдэўрам такога маскоўскага жанру сталі заявы кагэбоўскага генэрала Рашэтнікава аб тым, што незалежнай Беларусі не павінна быць і што беларускую мову стварыла сваім рашэньнем “Всесоюзная Коммунистическая Партия большевиков” у 1926 годзе.

Расейскі генэрал можа і недалёкага розуму (мы ня ведаем), але пэўня што не ідыёт. Гэта прафэсійны гэбоўскі правакатар, які стажыраваўся на стварэньні канфліктаў у Малдове і ведае навошта тое кажа. Правакатарам цікава паглядзець, а што ж будзе, як адрэагуюць беларусы на грубую зьнявагу і правакацыю. А раптам знойдуцца маладзёны, якія на дурноту правакацыі адрэагуюць пасіянарна і пойдуць кідаць камяні ў амбасаду Расеі. Маскоўскае “Гёбэльс-ТБ” тут жа ўзьвілося б: “Погромы русских в Белоруссии”, “Волна антирусского экстремизма захлёстывает белорусские города”, “Белорусский национал-фашизм сбросил маску” і г.д. Самы быў бы час, як прасіў Шушкевіч, уводзіць расейскія войскі і “спасать белорусский народ от озверелой нацистской чумы”.

Але нічога не атрымалася. Беларуса ня мякіне ня купіш. Генэрал з Масквы атрымаў бытавую характарыстыку дурня і ідыёта, і ўжо пра яго нават забыліся.

Аднак справа ня ў гэтым. Істотна, чаму такія правакацыі зьяўляюцца і навошта Масква тое робіць. Ведаюць яны (каму трэба) пра Беларусь усё: і хто такі Каліноўскі, і пра беларускую мову, і хто даваў ім дыхту пад Воршай, але ж ім трэба цяпер задзірацца, каб абвінаваціць у гэтым нас. Таму грубыя правакацыі генэралаў – гэта пакуль што першыя птушачкі. Чакайма, яшчэ чародамі качкі палятуць.

Зьвяртаю ўвагу, што ўся цяперашняя публіцыстычная ды журналісцкая крытыка пуцінскай Расеі, што, маўляў, вось-вось ёй канец, што рэжым Пуціна ўжо мёртвы, ды што пачнецца ў Расеі бунт і г.д. – гэта, а таксама «важныя» высновы заходніх палітыкаў-аналітыкаў аб краху рэжыму Пуціна ды распаду Расеі, — ўсё гэта нельга ўспрымаць надта сур’ёзна, асабліва заходнія «палітпрароцтвы». І аналітыкі, і прадказальнікі аб Расеі зь іх ніякія. Гэта камічныя асобы, якія клалі ў труну па чарзе то бальшавіцкі пераварот, то бальшавіцкую Расею, то верылі Гітлеру са Сталіным, то рабілі стаўку на Гарбачова, то на Ельцына, то потым на Пуціна разам з КГБ і гарадзілі пры гэтым важным тонам усялякую лухту. Заходняя палітаналітыка адносна Расеі – гэта блазенства, як грэбліва сказаў адзін расеяц, “інфантыльных ідыётаў”. І так будзе ўвесь час. Яны нічаму не навучацца.

Справа ў анталагічнай сутнасьці ўспрыняцьця сьвету. Яно рознае. Паводзіны Эўропы вызначаюцца рацыянальнымі катэгорыямі думаньня і апэрыруюць логікай. Паводзіны расейскага розуму вызначаюцца ірацыянальнасьцю і апэрыруюць абсурдам. Гэта факт, адлюстраваны ў іхняй гісторыі, палітыцы, літаратуры і бытавых адносінах. Прытым істотна, што маскоўцы цудоўна разумеюць Захад (бо рацыянальная сістэма паддаецца рацыянальнаму асэнсаваньню), тым часам як Захад са сваім рацыё і дэтэрмінізмам не ў стане зразумець маскоўцаў. Яны палоньнікі свайго рацыяналізму (сістэма не ўспрымае несістэму). І калі ўлічыць, што хлусьня – гэта мэтад маскоўскай палітыкі і стыль існаваньня, то тут у заходнікаў назіраецца поўная прастрацыя асобы і зьмяшаньне розуму.

Гэтае маё паведамленьне, як бачыце, крыху ўтрыравана, але толькі дзеля хутчэйшага (хай сабе і лапідарнага) зразуменьня сутнасьці становішча. Ня трэба спадзявацца на канец пуцінізму з прычыны сацыяльнага ці эканамічнага крызісу. Расея будзе існаваць нават тады, калі яны будуць пухнуць ад голаду і практыкаваць людаедзтва (такое ўжо было ня раз). Галоўнае, каб яны пры гэтым верылі, што “Россия великая” і яе ўсе баяцца.

Рэальнасьць больш суровая, чым пахавальная публіцыстыка журналістаў і прароцтвы заходніх інфантылаў. Расея рэальна ўспрымае толькі сілу. Захад, разбэшчаны гнілым пацыфізмам (а гэта ўвогуле злачынны рух, які цяпер павінен быць забаронены, як і тэрарызм), ужо не ў стане супрацьпаставіць пераканаўчую сілу расейскай агрэсіі.

Амэрыканскія генэралы НАТО цяпер вымушаны прызнаць, што ў выніку палітычнага пацыфісцкага інфантылізму Захаду, які выявіўся пасьля паўраспаду СССР, Амэрыка адстала ад Расеі ў тэхналёгіях ядзерных узбраеньняў. У выпадку ядзернай вайны Расея можа мець перавагу (калі, вядома, там на той час усе, каму трэба, будуць цьвярозыя). Пуцін не здарма пагражае ядзернай зброяй. Каб выраўняць становішча, спатрэбіцца час.

Рэальна трэба бачыць, што пуцінізм і Расея – гэта сур’ёзная пагроза для міру ў сьвеце. Нашмат большая, чым думаюць розныя заходнія аналітыкі. Галоўная зброя ў гібрыднай вайне (да якой Захад абсалютна не падрыхтаваны) – гэта апэратыўная разьведка і таемныя спэцслужбы. Выніковасьць гэтай расейскай вайны і злую ролю “спэцслужбаў” немагчыма адмаўляць. Спэцслужбы рыхтуююць, пачынаюць і праводзяць такую вайну. Заканчваць яе (калі спатрэбіцца) будзе армія, але ўжо ва ўмовах, калі можна дыктаваць паводзіны.

За 16 гадоў пуцінізма і існаваньня гэбісцкай улады ў Расеі быў амаль цалкам перакулены мусульманскі ўсход і (згодна канцэпцыі Андропава) накіраваны супраць Амэрыкі і заходняй цывілізацыі. За часы гэбізму інспіраваны даволі моцны тэрарыстычны рух палітычнага Ісламу супраць Амэрыкі і Эўропы. Гэты рух пры непасрэдным і апасродкаваным уплыве Расеі перарастае ў партызанскую вайну супраць Захаду. Ісламскія партызаны валодаюць арміямі баевікоў, ідэалогіяй, тактыкай, стратэгіяй вайны і канечнай мэтай яе завяршэньня (перамогі). Захад ня мае адэкватнай канцэпцыі сваёй вайны з ісламскімі партызанамі і нават не разумее, што адбываецца.

Але самы ўражвальны вынік дзейнасьці маскоўскай гэбоўскай палітыкі – гэта справакаваньне масавай акупацыйнай эміграцыі мусульманаў у Эўропу і эфэктыўнасьць дзеяньняў па развалу Эўразьвязу. З пункту гледжаньня тэхналёгіі гібрыднай вайны, дзеяньні тут прадуманыя і эфэктыўныя. Маразм левалібэральнай паліыткі скарыстаны напоўніцу. Дасягнуты вынік тут аднолькавы па тэхналёгіі са сталіншчынай у 30-40-х гадах, калі ўся левая Эўропа сімпатызавала сталінізму, ідучы, фактычна, на здраду нацыянальных інтарэсаў. Цяпер аналагічная тэхналёгія, але вынік (посьпех) апэруе іншымі палярнымі знакамі. Саюзьнікам агрэсіўнага пуцінізма цяпер выступаюць не левалібэралы (працяг левакоў 30-х гадоў), а права-нацыяналістычныя партыі, якія змагаюцца зь левалібэралізмам Эўропы. І ўжо гэтыя нацыяналістычныя партыі становяцца аб’ектыўна здраднікамі нацыі, падтрымліваючы агрэсію Пуціна і нават бяручы ад яго грошы на палітычную дзейнасьць супраць лібэральнай улады.

Такім чынам Пуцін (Расея) трымае руку на пульсе і ў кішэні эўрапейскай нацыянал-радыкальнай апазыцыі супраць лібэральнай Эўропы. Вось такі сюррэалізм, бляск і жабрацтва розуму ў лібэральнай Эўропе.

Гэтую ініцыятыву, пятую калёну і “гібрыду” Расеі ў Эўропе можна б было нэўтралізаваць і зьвесьці на нуль, калі б Эўропа разумела тое, што ёй трэба было б разумець. Гэтага, аднак, не адбудзецца. Ня дадзена. Ва ўсялякім разе я ня веру ў прасьвятленьне эўрапейскіх мазгоў. Хіба што ў чарговы раз Эўропу ўратуе Амэрыка. Але ў Амэрыцы тыя ж праблемы, і новы прэзыдэнт-элект Трамп кажа, што трэба адраджаць Амэрыку, а не клапаціцца пра бесталковую Эўропу. (Гэта, вядома, памылка, але такое кажацца).

Мой кароткі крытычны агляд зроблены з мэтай падмацаваньня тэзісу, праверанага гісторыяй, — мы, беларусы, якія яшчэ маем розум у гэтым ілжывым сьвеце, мусім спадзявацца перш за ўсё на самых сябе. Трэба берагчы, аберагаць і распаўсюджваць нашыя нацыянальныя каштоўнасьці, перш за ўсё мову, гісторыю і культуру. Трэба мацаваць нашу беларускую сілу і салідарнасьць і пасьлядоўна выходзіць з “саўка”. Антынародная ўлада перакрыла нацыі кісларод сацыяльных магчымасьцяў і культуры на ўзроўні дзяржавы. Але існуе вялікі пласт магчымасьцяў у міжлюдзкіх дачыненьнях. У салідарнай нацыі тут шмат варыянтаў захаваньня і перадачы культуры пакаленьням, атрыманьня базавай адукацыі і ведаў, усьведамленьня нацыянальнай гісторыі і народнага адзінства. Істотна тое, што акупантам і любой уладзе цяжка пранікаць у міжлюдзкія дачыненьні грамадзтва і тым больш іх кантраляваць. І людзі, як правіла, заўсёды выкарыстоўвалі гэтую вобласьць свабоды, каб зьберагчы сваю культуру, гонар і род. Гэта таксама магчымасьць накапіць сілы ў несвабодных умовах перад пераменамі, каб потым адрадзіць сваю справядлівую дзяржаву, культуру і нацыю.

Міжлюдзкі ўнутраны рух пакуль што квола, але ажывае. Вельмі істотна, каб у гэтых умовах былі нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі (асабліва радыё, якое найбольш мабільнае, спрыяе разьвіцьцю мовы і інтэлекта). У гэтым сэнсе з задавальненьнем адзначаю, што наша Партыя разам зь іншымі беларускімі арганізацыямі і польскімі дэмакратамі прыняла актыўны ўдзел у захаваньні ад ліквідацыі беларускага тэлебачаньня БелСат. У выніку беларускае тэлебачаньне будзе працягваць сваю працу.

Не маскоўскую гёбэльс-ману, а гэтае беларускае тэлебачаньне трэба глядзець беларусам, асабліва хто хоча пазнаць сваю гісторыю і культуру.

Яшчэ не настаў час моцным беларускім сілам выйсьці на паверхню грамадзтва, але час гэты ўсё ж працуе на Беларусь, на тых, хто здольны яе аднавіць і ўзначаліць яе адраджэньне.

15 студзеня 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК

17/1/2017 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2017
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2017
Сувязь