Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА

У нядзелю 18 верасьня ў беларускім Саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя новых кніг Зянона Пазьняка — “Незалежнасьць (да 25-годдзя Незалежнасьці Беларусі)” і “Палын-Палын…” — беларускі раман з часоў савецкай акупацыі.

Кнігі прыхільна ўспрынялі ўсе прысутныя. Тыя, хто пасьпелі прачытаць твор, ацэньвалі яго надзвычай высока, падкрэсьліваючы прыцягальную чытэльнасьць, адметную мову і зьмест, які для маладых, што не памятаюць саветчыны, стаў нечаканым адкрыцьцём жыцьця і эпохі, пра якую яны мелі цьмянае ўяўленьне. Казалі, што такога твора ў цяперашняй беларускай літаратуры яшчэ не было, што гэта падзея і творчы здабытак. Выступалі зь меркаваньнямі Ганна Сурмач, Тацьцяна Красоўская, Вольга Талатынік, Натальля Хведарэнка, Галіна Палачаніна, Зьміцер Левіт.

Доктар Зянон Пазьняк, дзеючы палітык і паэт, аўтар палітычных дасьледваньняў, артыкулаў, апавяданьняў, паэтычных твораў і кніг, распавёў пра вобразную сістэму рамана, якую ён фармаваў па мэтодыцы клясычнага рэалізму, надаючы вялікую ўвагу станоўчым і жаночым вобразам, успрыняцьцю іх у разьвіцьці і прыналежнасьці да ключавых сацыяльных і ідэёвых пазыцыяў тае эпохі. Аўтару важна было ўвасобіць і адлюстраваць тыпалагічныя зьявы ў жыцьці беларусаў за часы саветчыны, дачыненьні людзей да Беларусі, да камунізму і свабоды, адзін да аднаго ў сістэме акупацыйнай маскоўскай ілжы і жыцьцёвых абмежаваньняў.

Адчуваецца, што аўтар шануе сваіх герояў і пэрсанажаў, часта адносіцца да іхных пэрэпэтыяў з гумарам і іроніяй, як бы назіраючы іх збоку, сочачы за іхнымі перажываньнямі, каханьнем, разважаньнямі і жарсьцямі.

Цікавы і вельмі тыповы для беларусаў вобраз старшыні калгаса Рафала Рубайлы. Гэта “гумарны”, разумны гаспадар са здаровым сэнсам у галаве, які добра раскусіў акупацыйную сістэму маскоўскага “сацыялізму”. Каларытна выглядаюць, напалову гарадзкія, такія ўжо “трасянковыя” выхадцы з “дзярэўні” як Груня ды Жана Бабень (маці і дачка).

Новы і таксама вельмі характэрны (хоць і выключны) вобраз з інтэлігенцкага асяроддзя — гэта самазакаханая Ася-Асоль Дарагакупецкая. Але й яна ўспрымаецца неяк станоўча са сваім розумам і талентам пры ўсім яе эгаістычным нарцысізме.

Увогуле аўтар нідзе не паказвае асабістых адносінаў да сваіх герояў, высьвятляе іх гэтак апавядальна, нібы ў мінулым часе, і найбольш праз дыялогі. Месцамі кавалкі рамана нагадваюць драматургічны тэкст і аўтар нават падае іх у драматургічнай форме.

У рамане паказана шмат станоўчых, культурных, прыгожых людзей. Ў цэнтры падзей узвышныя вобразы Антося Бальцэвіча, Рамана Шляхты і Лены Равіч, якія ўвасабляюць беларусаў годнасьці і свабоды. У цзнтры таксама антыгерой ўсіх акупацыйных рэжымаў, дакладней савецкі прадукт і яго сацыяльная мадыфікацыя – здрадніка, прыстасаванца бяз роду і прыналежнасьці.

Кніга “Незалежнасьць” напісана з нагоды 25-годдзя Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Тут таксама ў аўтара асаблівы падыход. Дасягненьне дзяржаўнай Незалежнасьці — гэта галоўная задача нацыі. Тым часам нацыянальная незалежная дзяржава не ствараецца ў вакууме, але ва ўзаемазьвязаным сьвеце. Дзяржаўным дзеячам маладой краіны і яе грамадзянам таксама трэба шмат ведаць і арыентавацца ў сьвеце, каб ажыцьцяўляць зьнешнюю і ўнутранную палітыку. Незалежнасьць — гэта вялікія магчымасьці і вялікія абавязкі. Тут комплекс дачыненьняў, якія абавязкова трэба разумець.

Зянон Пазьняк тэзісна дэкляруе 18 тэмаў, якія адметна важныя для незалежнай Беларусі. На гэтыя тэмы будучая ўлада мусіла б даваць адказ, мець пазыцыю, прынцыпы ажыцьцяўленьня задачаў і г. д. Аўтар, кажучы пра незалежнасьць, асьвятляе катэгорыі мінулага і будучыні. Тут раскрытыя такія тэмы як “камуністы”, “намэнклятура”, “грамадзяне”, “Народны Фронт”, “Вярхоўны Савет”, “дэмакратыя”, “Эўропа”, “Маскоўшчына”, “інтэлігенцыя, “шляхта”, “гісторыя”, “сям’я”, “жанчына” і інш.

Кніга мае асьветніцкі характар і пабудавана ў асноўным на вядомых матэрыялах. Бальшыня зь іх — гэта фатаграфіі з таго хвалюючага часу пачатку 90-х гадоў.

Існуе праблема дастаўкі кніг Зянона Пазьняка ў Бацькаўшчыну. Тут хамскі рэжым лютуе і траціць розум ад нянавісьці. Кожная кніга аўтара тут жа арыштоўваецца на мяжы, аб’яўляецца “экстрэмісцкай” (Відаць таму што на беларускай мове). Нядаўна аб’явілі “экстрэмісцкімі” кнігу пра Курапаты, адкрывальнікам і дасьледчыкам якіх ёсьць Зянон Пазьняк, а таксама кнігу яго мастацтвазнаўчых эсэ пра сусьветную фатаграфію. Ёсьць таксама ўжо пацьверджаныя зьвесткі, што хамскі рэжым зьнішчае кнігі Зянона Пазьняка. Варта мець тое на ўвазе, хто разумее каштоўнасьць кнігі. Аўтар абяцаў зьмясьціць свае творы на адраджэнскіх старонках у Сеціве ў фармаце пдф.

22 верасьня 2016 г. Марыля Якушэвіч

fot-prezentacyja.jpg

23/9/2016 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2016
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024