Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Валеры Буйвал: Народная праграма - Беларуская адукацыя

(Абмеркаваньне пытаньня)

Злачынная палітыка гвалтоўнай русіфікацыі павінна быць спынена адразу ж з пачаткам нармалізацыі нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця ў Беларусі. Павінна быць спынена каланіяльная вайна на зьнішчэньне нашай мовы, культуры, традыцыі, школы. Беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай на тэрыторыі Беларусі. Нацыянальныя меншасьці краіны павінны атрымаць правы на нацыянальна-культурную аўтаномію.

Прыярытэтам беларускай адукацыйнай палітыкі зьяўляецца выхаваньне ў беларушчыне перш за ўсё дзяцей і моладзі (ад самых маленькіх да 25 гадоў). Трэба зрабіць усё, каб выратаваць ад русіфікацыі, вярнуць у родную культуру самае маладое пакаленьне. Праз пэўны час яно зоймецца ўмацаваньнем нашай дзяржавы і культуры.

З першага дня народнай улады ўсе дашкольныя і школьныя ўстановы пераводзяцца на дзяржаўную мову. Уся праца зь дзецьмі, выхаваньне, рабочая дакумэнтацыя, наглядныя матар’ялы вядуцца па-беларуску. Для навучаньня выхавацеляў і настаўнікаў арганізуюцца беларускія курсы, аказваецца дапамога. Досьвед Украіны 1991-2015 гг. паказаў наступнае: няма ніякага “моўнага канфлікту ў сем’ях”, якім палохалі ўкраінцаў праціўнікі вяртаньня ў родную культуру і мову. Дзеці і падлеткі існуюць і выхоўваюцца ва ўкраінскай мове ў садках і школе. А ў сям’і (калі бацькі расейскамоўныя) размаўляюць з бацькамі па-расейску. У выніку дзеці цудоўна валодаюць абедзьвюма мовамі, і няма ніякага канфлікта. Гэта ёсьць нармальная сытуацыя для пераходнага пэрыяду. Больш таго, многія беларускія дзеці, напрыклад, на Віленшчыне свабодна валодаюць чатырма мовамі: беларускай, летувіскай, польскай і расейскай. Яны проста навучыліся шэрагу моваў, гуляючы зь дзецьмі на двары (!). Сучасная навука абгрунтавана сьцьвярджае, што “усе дзеці – лінгвістычныя геніі”, з геніямі проста трэба займацца. Дзяржава дапамагае сем’ям у навучаньні і выхаваньні дзяцей (у выпадку, калі расейскамоўныя бацькі ня здольныя дапамагчы дзецям выканаць хатнія заданьні па-беларуску). У гэтым выпадку ў сем’ях працуе беларуская патранажная служба.

У садках і школе адукацыя пераводзіцца на беларускую мову. Тэрмінова (на працягу ня больш за 3-6 месяцаў) дзяржава забясьпечвае садкі і школы ўсёй неабходнай мэтадычнай літаратурай. Для гэтага мабілізуюцца спэцыялісты і выдавецтвы краіны. Для выхавацеляў і настаўнікаў арганізоўваюцца курсы па мове і мэтодыках беларускага навучаньня. Кіраваць навучальнымі ўстановамі могуць толькі беларускамоўныя спэцыялісты (падкрэсьліваем – незалежна ад этнічнага паходжаньня, лаяльныя грамадзяне Беларусі).

Садок і школа становяцца прыязным, цікаўным, прывабным сьветам для беларускіх дзяцей і падлеткаў. Зразумела, што спыняецца дзейнасьць антыбеларускіх арганізацый (піянэрыі, БРСМ, “козачества”) у навучальных установах. Разгортваюцца клюбы, гурткі, ініцыятывы, якія працуюць на беларускай мове і ў рэчышчы патрыятычнага і культурнага выхаваньня. Спыняюцца нелегальныя грашовыя зборы з бацькоў “на патрэбы садка і школы”. Забесьпячэньне дзіцячых адукацыйных установаў бярэ на сябе дзяржава. Школьныя бібліятэкі запаўняюцца беларускімі кнігамі. На працягу некалькіх месяцаў выдавецтвы друкуюць гэтыя кнігі (тэксты і пераклады сусьветнай дзіцячай і вучэбнай літаратуры ёсьць у дастатковай колькасьці нават цяпер, толькі наклады былі малыя). Выпускаюцца беларускамоўныя мультфільмы і дзіцячыя, юнацкія фільмы (пераклады выконваюцца на працягу некалькіх месяцаў). Разьвіваецца сетка культурнай працы зь дзецьмі па ўсяе краіне. У садках і школах (у вёсках і гарадах) утвараюцца беларускія тэатральныя, музычныя і фальклёрныя групы. Ня менш, як раз на тыдзень, яны выступаюць з пастаноўкамі перад дзецьмі (праца выканаўцаў аплочваецца дзяржавай). Для гэтага ў гарадах (пачынаючы з раённых цэнтраў) утвараюцца трупы выканаўцаў з таленавітых мясцовых людзей (сярод іх ёсьць выпускнікі творчых вучылішчаў і ВНУ), падтрымліваюцца таксама групы майстроў самадзейнасьці. Дзяцей забаўляюць і выхоўваюць у роднай мове на аснове беларускай і сусьветнай культуры (напрыклад, казкі Андэрсэна інсцэнізуюцца па-беларуску). Утвараюцца дзіцячыя творчыя калектывы, конкурсы. Дзяцей знаёмяць з беларускімі традыцыямі, рамёствамі – у кожным раёне працуе творчы цэнтар для гэтай мэты. Адбываюцца гастролі тэатраў і музычных калектываў па раёнах і вёсках, дзяцей вывозяць на канцэрты і пастаноўкі ў сталіцу і гарады. На традыцыйных, мясцовых і дзяржаўных сьвятах усе дзеці ўдзельнічаюць (як гледачы і выканаўцы) у нацыянальных беларускіх строях. Дзяржава забясьпечвае даступнасьць гэтых строяў, дапамагае набыць іх бяднейшым сем’ям. Дзеці ў нацыянальных строях на сьвятах – так робіцца ва ўсёй цывілізаванай Эўропе.

Адбываецца вяртаньне ў беларускую мову сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай школы. Усе гуманітарныя і творчыя факультэты адразу пераводзяцца на дзяржаўную мову. Ёсьць дастатковая колькасьць выкладчыкаў, здольных выконваць сваю працу на дзяржаўнай мове. Кіруюць ВНУ беларускамоўныя спэцыялісты (падкрэсьліваем – незалежна ад этнічнага паходжаньня, лаяльныя грамадзяне Беларусі). На негуманітарных факультэтах вызначаецца пераходны пэрыяд (ад 6 месяцаў да 1 года) дзеля пераводу на беларускую мову навучаньня. За гэты час праводзяцца курсы для выкладчыкаў і забясьпечваецца неабходная колькасьць вучэбнай літаратуры па-беларуску (для гэтага мабілізуюцца спэцыялісты, перакладчыкі і выдавецтвы). Ня трэба пярэчыць, што “фізікі – ня лірыкі” і яны “ня здольныя да моваў, ім прасьцей ра-руску”. Вядома, што яшчэ ў савецкія часы ў польскіх ВНУ працаваў шэраг выкладчыкаў-негуманітарыяў з БССР. Яны навучыліся пальшчызьне за лічаныя месяцы, каб папрацаваць замяжой. (Некаторыя зь іх у той жа час заяўлялі, што “ня здольныя” весьці заняткі па-беларуску).
Дзейнічае тая ж мадэль, што ў садках і школе, па культурным і патрыятычным выхаваньні моладзі. Студэнты павінны ведаць (і так будзе!), што засвоіўшы сваю спэцыяльнасьць на роднай, дзяржаўнай мове, яны пасьля заканчэньня ВНУ будуць працаваць у роднай мове па сваёй спэцыяльнасьці.

Мяняюцца мэтады навучаньня замежным мовам у дзіцячых і навучальных установах. Тут трэба зьвярнуцца па досьвед перш за ўсё Нямеччыны, скандынаўскіх краін і Ізраіля, дзе практычна ўсе выпускнікі школы і ВНУ вельмі добра валодаюць ангельскай мовай. Неабходна рэфармаваць ВНУ і факультэты, дзе выкладаюцца замежныя мовы. Па-першае, перавесьці выкладаньне з расейскай на беларускую моўную аснову. Па-другое, зрабіць лінгвістычные навучаньне эфэктыўным і творчым. Важным момантам лінгвістычнай адукацыі зьяўляецца, на наш погляд, укараненьне навучаньня польскай мове. Гэта ня самае цяжкое інтэлектуальнае заданьне для любога ўзросту. Пальшчызна вельмі блізкая да нашай мовы. Валоданьне пальшчызнай пашырае інтэлектуальны кругагляд. Становяцца больш даступнымі іншыя славянскія мовы: ад Польшчы да Харватыі. Ліквідуецца фальшывы каланіяльны “аргумант” наконт таго, што “русский язык открывает для нас весь мир”. Па-польску існуе ўся літаратура ва ўсіх галінах ведаў і культуры (польскі інтэлектальны прадукт і пераклады), гэта вельмі дапаможа беларусам асабліва ў пераходны пэрыяд. У прынцыпе, кожны адукаваны беларус павінен ведаць польскую мову. Проста практычныя людзі таксама пераканаюцца ў практычнай мэтазгоднасьці валоданьня пальшчызнай.

Рэалізуецца эўрапейская мадэль лінгвістычнай адукацыі. Працуюць школы і гімназіі з выкладаньнем шэрагу прадметаў на ангельскай, нямецкай, французкай і іншых мовах навучаньня. Зразумела, што навучаньне адбываецца на базе беларускай мовы. Беларусы павінны ведаць некалькі моваў, каб пачувацца ўпэўнена і камфортна ў шырокім сьвеце. І каб нас нідзе больш не называлі “рускімі” (з усімі адмоўнымі і драматычнымі наступствамі гэтага). Гэта ёсьць арганічная, важная частка нашай нацыянальнай задачы дэрусіфікацыі і вяртаньня да роднага.

Важным зьяўляецца пераход на эўрапейскую сістэму спэцыялізацыі школьнага навучаньня і ліквідацыю савецка-расейскай (“унівэрсалісцкай”) сістэмы, якая дзейнічае дагэтуль. Школьныя праграмы, іх аб’ём і якасьць павінны быць прыведзеныя ў адпаведнасьць да нармальных здольнасьцяў дзяцей пэўных узростаў. Павінна быць пашырана выкладаньне дысцыплінаў па гісторыі, культуры (нашай і сусьветнай), замежных мовах. На працягу трох апошніх гадоў навучаньня ў школе павінна адбывацца спэцыялізацыя вучняў па асноўных прадметах. Адбываецца вызначэньне, хто зь іх “лірык”, а хто “фізік”. І адпаведна вызначаецца колькасьць вучэбных гадзінаў і матар’ялаў для розных катэгорый вучняў. Вучні самы могуць выбіраць, якія дысцыпліны яны будуць вывучаць больш паглыблена ў старэйшых класах (адпаведна і патрабаваньні да іх будуць больш высокімі). Напрыклад, тых вучняў, якія праявілі творчыя здольнасьці і памкненьні ў гуманітарных дысцыплінах, няма сэнсу “гвалціць” вышэйшай матэматыкай у старэйшых класах. Яны проста змарнуюць час і энэргію, а ў галаве не застанецца нічога. Але культурнае выхаваньне павінна рэалізоўвацца для ўсіх старэйшых школьнікаў.

Дзейнічае агульнадзяржаўная праграма культурнага і патрыятычнага выхаваньня дзяцей і моладзі. Усе дзеці павінны ўбачыць галоўныя месцы беларускай гісторыі: Полацк, Вільню, Горадню, Тураў, Менск, Крэва, Косаў, Мір, Нясьвіж, Наваградак, Крапіўнае поле пад Воршай. У сваіх рэгіёнах дзяцей знаёмяць з музэямі, помнікамі архітэктуры і прыроды, памятнымі месцамі роднага краю. Паўтараем, так робіцца ва ўсёй Эўропе. Напрыклад, кожны італьянскі падлетак пабыў у Вэнэцыі, Фларэнцыі, Рыме, Мілане. Гэта ёсьць адна з установак школьнага выхаваньня.

Валеры Буйвал

25/6/2015 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2015
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024