Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ШТО СТАІЦЬ ЗА ПУЦІНСКАЙ ПРАВАКАЦЫЯЙ

Правакацыя рускіх спэцслужбаў (матацыклетнай групы) удалася ў Беларусі, як кажуць, на 200 адсоткаў. Здабыты патрэбны для іх вынік.

Паколькі я перад правакацыяй шмат пра тое пісаў, і нават зрабіў асобны відэа-зварот да разумных беларусаў, дзе растлумачыў сутнасьць расейскіх планаў і чаму неабходны супраціў гэтым планам, то цяпер я мушу напісаць гэтую рэпліку і паўтарыць некаторыя заўвагі.

Масква даўно плануе рэальны захоп Беларусі (і ня толькі Беларусі). Канкрэтыка па нашай краіне пачала распрацоўвацца маскоўцамі ў 2014-м годзе (адразу пасьля інвазіі ў Крым і агрэсіі на Украіну). Варыянты захопу тут ужо не істотныя (мы пра іх дакладна ня ведаем). Але ведаем іншае. Адзінае, чаго крамлёўцы пабойваюцца і што пакуль стрымлівае іхныя планы, гэта пытаньне, ці будзе супраціўленьне беларусаў і ў якой форме. (Я ведаю, што супраціўленьне будзе. Але тут важна, каб тое ведалі яны).

25-га красавіка маскоўцы, скарыстаўшы адкрытасьць мяжы зь Беларусяй (адсутнасьць абароненай мяжы – гэта частковая і вельмі істотная страта суверэнітэту краіны), выправілі ў Беларусь банду фашыстаў і разьведчыкаў на матацыклах, якіх курыруе асабіста Пуцін. (Там не маладзёны, але афіцэры ва ўзросьце 40-50 гадоў.)

Праграма групы была вельмі важнай у прапагандысцкім і разьведчыцкім сэнсе і накіравана ў асноўным супраць Эўразьвязу. У Беларусі мусіў быць тэставаны чыньнік магчымасьці і наяўнасьці супраціўленьня.

Вынікі тэставаньня сталі нечаканымі, відаць, нават для самых правакатараў. Іх сустракалі ў Беларусі вялікія групы арганізаваных людзей разам з кіраўнікамі раёнаў і вобласьцяў пад савецкімі сьцягамі, з рускімі песьнямі і абдымкамі, кветкамі і радаснымі ўсьмешкамі. А да Менска, на савецкі курган вайны, іх урачыста суправаджала міліцыя ДАІ, прыехаў старэйшы сын Лукашэнкі (рэальна – другая асоба ў сатрапіі), прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі правіцеля. Гучэла савецкая музыка, здымалі кінаапэратары, бралі інтэрв’ю журналісты.

26-га красавіка, у 29-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы нашай нацыі, ўсе газэты і рэсурсы рэжымнага, прарэжымнага, квазідэмакратычнага і канфармісцкага кшталту зьмясьцілі вялікія ўрачыстыя інфармацыі пра гэтую (увогуле нікчэмную) падзею, нібы пра прыезд вышэйшай урадавай дэлегацыі (чым таксама моцна зьдзівілі правакатараў).

Найбольш поўна, усебакова і падрабязна паказала гэтую акцыю Беларуская рэдакцыя радыё “Свабода”. Яна зьмясьціла шырокія, пазытыўныя, ледзь што не ўзьнёслыя, рэпартажы з мноствам здымкаў і відэаматэрыялаў, пад яркімі загалоўкамі і з мноствам інтэрв’ю, дзе рускія матацыклісты гавораць проста ў камэру і грэбліва называюць беларусаў “уродамі” (“в семье не без уродов, как говорят в русском народе” – выказваньне маскоўца «матацыкліста»).

На сайце радыё “Свабода” звычайна камэнтароў на матэр’ялы амаль што няма, але тут адна асоба ўсё ж знайшлася і напісала па-руску свой камэнтар, які “Свабода” з гатоўнасьцю памясьціла. А камэнтар такі:

“Alexandra Krasovskaya:
Бравые русские мужчины прибыли в Беларусь, мы вам благодарны за память к нашей Великой Победе, УРА!! Ждали вас и рады вашему приезду. Пусть это станет доброй традицией каждый год, да что там, заходите в любое время, всегда встретим как самых близких друзей-родню.”

Кжнаму зразумела, што тут праграмны рускі троль, але рэдакцыя ахвотна тое публікуе. Маўляў, «дэмакратыя», «свабода слова». Пад час правакацыі і ва ўмовах рускай дэзінфармацыйнай вайны дзіўна такое назіраць.

Увогуле сеанс самаабплёўваньня, самаедства і паталёгіі мэнтальнасьці ва ўсіх падрэжымных і пазарэжымных СМІ адбыўся ўзорна. У прапагандзе і ў інфармацыйнай вайне стымуляцыя такой зьявы (самаабплёўваньня) прадыктавана задачай пазбаўленьня народа (палітычнага праціўніка) волі да супраціўленьня. Адраджэнцы-фронтаўцы ня раз пра гэтую рускую мэтадалёгію казалі і пісалі, цытавалі дакуманты рускіх спэцслужбаў у іхным змаганьні зь беларусамі. Гэтая мэтода даўно і татальна ўжываецца ў Беларусі чужой агентурай (і найбольш агентамі ўплыву ў СМІ).

Разбуральныя вынікі такога мэтаду відавочныя. У прынцыпе, простымі прыёмамі можна зламаць хрыбет цэлай нацыі (асабліва калі пазбавіць яе сваёй мовы і гісторыі). Практычна, усе СМІ ў Беларусі (і нават некаторыя за мяжой, якія фінансуюцца не з бюджэту рэжымнай улады) працуюць у згаданым агентурным рэчышчы парадыгмы самаедзтва і самаабплёўваньня народа. Гэтая эфэктыўная мэтадалогія Лубянкі і Крамля ўжо глыбока ўкарэнена ў сьвядомасьць цэлых групаў беларускага грамадзтва і жыве на міфалагічным узроўні (як “крымнаш” у расейцаў), фармуецца ў падсьведамасьці як комплекс непаўнавартасьці.

Якія вынікі могуць быць пасьля правакацыі рускіх «матацыклістаў» у Беларусі? У прынцыпе, такія самыя, як і пасьля тэставаньня Крыма (якое рабіла гэтая ж «матацыклетная» група). Захоп Беларусі пры пэўных абставінах мог бы пачацца ўжо нават у гэтым годзе. Дакладнага тэрміну мы ня ведаем, але разумеем, што верагоднасьць рашэньня аб захопе стала амаль што безальтэрнатыўнай, улічваючы, што ў змаганьні з Захадам гэта ёсьць стратэгічна выгадны для Масквы крок. Асабліва пасьля рашэньня аб прадажы ракет С-300 Ірану. (Я ўжо пісаў, што ў выніку перадачы гэтых ракет Ірану можа стацца так, што ўсяму сьвету будзе не да Украіны і не да Беларусі.) Расея рэальна магла б паставіць Эўропу на калені. Праўда, ўтрымаць становішча ёй будзе не пад сілу, таму ўсё пад пытаньнем.

Не пад пытаньнем толькі тое, што Захад пры любых абставінах здасьць Беларусь спакойна, дэмакратычна і цынічна, не зьвяртаючы ўвагі на Будапэшцкі мэмарандум 1994 года, на свае гарантыі і абавязкі, паводле якіх Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі ўзамен за гарантыі бясьпекі з боку вялікіх дзяржаваў. Здасьць, гэтак жа сама як, фактычна, здаў Украіну, таксама ўдзельніцу Будапэшцкага мэмарандуму. Падпісваць дагаворы з Захадам тое самае, што і з Масквой. Для іх яны пустыя паперкі. Маем гісторыю і наступаем на гістарычныя граблі.

Думаючы як выбрацца з прамаскоўскай нядолі і з-пад антынароднага рэжыму, нам трэба цяпер усімі сіламі падтрымліваць вольную Украіну і яе змаганьне з Масквой, памятаючы, што Украіна і Беларусь, гэта даўняе Вялікае Княства Літоўскае, гэта Усходняя Эўропа, веліч і магутнасьць якой некалі сумесна зьнішчылі ардынская Расея і нямецкая Эўропа Заходняя. З тых часоў мала што перамянілася. Наша будучыня не з ворагамі, а з сябрамі. Наша будучыня – Эўропа Ўсходняя, якую мы называем Балтыйска-Чарнаморская Супольнасьць краін.

У цэлым тое, што Масква можа спакойна, не спаткаўшы супраціву, зайсьці ў Беларусь, як у Крым, — гэта ілюзія (нягледзячы на спэктаклі з сустрэчай матацыклаў). Супраціўленьне будзе. Але дрэнна тое, што пасьля матацыклетнай правакацыі, якая ў цэлым яшчэ не закончана (будуць драчыць Эўропу) Крэмль можа рашыцца на агрэсіўны крок. Нам жа, беларусам, безумоўна, лепш, каб Масква нічога не пачынала.

І цяпер – чаму маё папярэджаньне і мой заклік, які пачулі тысячы людзей, не спрацавалі. На мой погляд, па банальнай, чыста беларускай прычыне. Беларусы недаацанілі сур’ёзнасьць становішча і сутнасьці правакацыі. Пэрформэнсы ды інсталяцыі, якія сталі рабіць, тут непатрэбныя. Ёсьць шмат спосабаў супраціўленьня і мэтадаў перашкодзіць правакацыі, нават калі банду спатыкае адміністрацыя правіцеля і суправаджае міліцыя ДАІ.

Патрэбна было, як мінімум, сур’ёзнае ўсьведамленьне неабходнасьці супраціву. Потым – “мазгавы штурм” задачы, далей – адпаведнае рашэньне і адпаведнае выкананьне. І зусім не абавязкова, каб некага потым судзілі ды садзілі. Дзеля гэтага даў людзям Бог рашучасьць у справе і розум у галаве.

У Народным Фронце шмат было падобных сытуацый. У 1995 годзе, напрыклад, калі лукашысты штурхалі незаконны рэфэрэндум (пра беларускую мову, дзяржаўныя сымвалы і г. д.) становішча склалася крытычнае і было ўжо амаль безнадзейным. Увесь намэнклятурны Вярхоўны Савет гатоў быў прыняць патрабаваньні новай хунты. Ніякія аргуманты, ніякія законы тут ужо не прымаліся пад увагу. Вечарам, 10 красавіка 1995 года, пасьля завяршэньня вячэрняга паседжаньня сэсіі Вярхоўнага Савета мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, сабраліся ў пакоі Апазыцыі, і я кажу сябрам, што «заўтра вырашаецца лёс будучыні Беларусі. Вярхоўны Савет зацьвердзіць патрабаваньні хунты пра незаконны рэфэрэндум. Трэба гэтага не дапусьціць. І таму замыкаем дзьверы, і ніхто адсюль ня выйдзе, пакуль не прыдумаем, што рабіць. Калі будзем доўга думаць, то будзем тут начаваць. Пачынаем думаць.”

І прыдумалі. І потым выканалі. І Вярхоўны Савет 11-га красавіка, у час галадоўкі дэпутатаў БНФ ў залі парляманту, заваліў тады ўсе асноўныя незаконныя пытаньні лукашысцкага рэфэрэндуму.

У ажыцьцяўленьні ўсялякай неабходнасьці (ці то на вайне, ці то ў палітыцы, ці то ў звыклых жыцьцёвых абставінах) ёсьць дзьве стадыі ажыцьцяўленьня. Першая стадыя: “Трэба!” Пасьля ўсьведамленьня, што “трэба” – другая стадыя: “Робім!” Калі вырашана, што «робім», тады ўжо робім, думаем, як рабіць, шукаем мэтады, спрабуем і рана ці позна – дасягаем выніку. Калі ж на другой стадыі пачынаюць казаць, што трэба, але “вораг моцны”, што “яго мільён”, што “ў яго лепшая зброя”, што “вада халодная”, што “няма чаго есьці” і г. д., што “нічога не атрымаецца і ня трэба рабіць”, «бо будзе горай», тады далей ужо можна не гаварыць і лепш разыйсьціся.. Нічога сапраўды ня будзе, бо калі прынята рашэньне “робім”, то ўсё астатняе ня мае значэньня.

Дакладна так і са свабодай. Першае пытаньне. Ці патрэбна нам свабода? Калі патрэбна, тады пачынаем змагацца за свабоду. І ня мае значэньне колькі мільёнаў войска ў тырына. Нічога ня мае значэньня. Толькі барацьба. І толькі тады можна перамагчы.

З вопыту скажу, што беларусы найбольш адмаўляюцца перад другой стадыяй (знакаміты спадзеў на «добрага дзядзьку»). Украінцы адмаўляюцца значна менш, а расейцы ўвогуле (і як правіла) могуць пачаць рабіць, а потым будуць думаць (у іх гэта называецца “лиха беда начало”).

Як бы там ні было, правакацыя пуцінскіх матацыклістаў адбылася бесперашкодна. Яна будзе яшчэ парцягвацца і нарошчвацца. Але для нас гэта ўжо мае другаснае значэньне, бо правакацыйны вынік у Беларусі расейцамі дасягнуты. Трэба беларусам зьбіраць зброю, гуртавацца, рыхтавацца да абароны Айчыны і да вайны, якая цяпер яшчэ больш наблізілася.

27 красавіка 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК

29/4/2015 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2015
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024