Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: СЛОВЫ І РЭАЛЬНАСЬЦЬ

(Выступ на лютаўскім 2015 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Псіхалогія чалавека выяўляецца часта даволі парадаксальна: колькі б яму ні хлусілі нахабна ў вочы і, нават, са зьдзекам, ён заўсёды будзе ўсяму верыць, калі хлусьня адпавядае ягонаму хаценьню і ягоным інтарэсам. 20 гадоў хлусіць Лукашэнка. Хлестакоўшчына ў квадраце. Чаго толькі ён ні нагаварыў, ні нахлусіў. І ўсяроўна вераць. Рацыё, вопыт, розум – тут адключаныя. Хоць відаць, што дзеяньні хлуса супрацьлеглыя таму, што ён кажа. І тым ня менш мяркуюць не па справах, а па словах. Прытым зьяўляецца цэлая група гаваруноў, якія з розных бакоў сур’ёзна аналізуюць і паўтараюць словы махляра. Гэтак хлусьня робіцца ўсямоцнай і людзі пачынаюць жыць па хлусьні.

Праводзячы акупацыйную палітыку, антыбеларускі рэжым запланавана разбурыў беларускую школу, асьвету, адукацыю, ліквідаваў навучаньне і выкладаньне па-беларуску, зьневажаў вялікую Беларускую мову – мову слаўнай гісторыі, разумных людзей навукі, мастацтва і культуры. І вось нядаўна, у 20-х днях студзеня гэтага года, Лукашэнка выдае фразу для яго нехарактэрную і ў прынцыпе немагчымую аб патрэбе пашаны да беларускай мовы і культуры. Тут жа выступае міністар адукацыі і кажа, што трэба вярнуць выкладаньне асобных прадметаў у школе па-беларуску. Загаманіла група гаваруноў і аматараў быць ашуканымі. І паехала…

Натуральна, што паводле сказанага нічога ня робіцца і нічога ніхто ва ўладзе не зьбіраўся рабіць дзеля абароны мовы. Наадварот, узмацніліся рэпрэсіі, ліквідуюць беларускае навучаньне там, дзе яно яшчэ ліпела. Тым часам нават сур’ёзныя людзі пачынаюць разважаць, што вось, маўляў, цяпер гэтая хамская ўлада нацыянальнага вынішчэньня ім беларускую мову і школу верне.

Ня буду рабіць ніякіх ацэнак дурноце (яна вечная). Мушу толькі напісаць пару слоў пра рэальнасьць і рэальны сьвет.

Таго постсавецкага сьвету ілюзорнай дэмакратыі, бясьпекі і гарантаванага міру больш не існуе. Працягваецца руская агрэсія супраць Украіны, вайна стукае ў нашы дзьверы.

Нечаканыя выказваньні беларусажэрцы і начальніка рэжыму ды яго міністра пра каштоўнасьць беларускай мовы і школы (і пры гэтым без аніякіх рэальных спраў) – гэта, аказваецца, банальная ў інфармацыйнай вайне падача на млын рускай прапаганды і дубаломнай гёбэльсаўшчыны. І разьлічана яна не на беларусаў, але на рускі плебс у Расеі, ужо абалванены “крымнашам” і тэлехлусьнёй. Руская прапаганда адразу, тут жа пачала ствараць для расейцаў вобраз “беларускага фашызму”, які, маўляў, забараняе рускую мову, які будзе “выганяць рускіх”, які “скінуў маску” і пагражае “рускаму миру” і “святой Руси” і г.д. Усё знаёма. Усё пайшло, як па ўкраінскім сцэнары перад уварваньнем у Крым. Плянуючы інвазію, Масква мусіла ствараць вобраз украінскага ворага ў галовах расейскіх абывацеляў і толькі тады рушыць на захоп Украіны. Так зьявіліся “укры”, “украінцы-фашысты”, “бэндэраўцы”, “уціск рускіх”, “прымус” да ўкраінскай мовы, “легіёны НАТО” у Данбасе і г.д. Але была фармальная прычына для крамлёўскай прапаганды – кіеўскі Майдан.

У Беларусі такой прычыны няма. Няма ніякай прычыны. Тут – цішыня, бо, практычна, ужо задушана, зьнішчана і разбурана амаль усё, што магло б мець свой голас. Поваду для рускага ўварваньня не існуе. У такіх абставінах агрэсія выглядала б непераканаўчай, неабгрунтаванай для свайго расейскага насельніцтва. Рускім патрэбны быў повад, каб пачаць антыбеларускую прапаганду і падрыхтоўку ў мазгах расейскага люмпэна. Повад агучыў Лукашэнка зь міністрам. Атрымаўшы “пас”, руская прапаганда адразу запрацавала.

Праз тыдзень (29 студзеня) правакатар сабраў вялікае шоў з журналістамі і панёс сваё звыклае і адваротнае пра “рускіх на чамаданах”, пра “агалцелых” нацыяналістаў, пра “сьвятую Расею”, пра тое, які ён “рускі” (нагадаю, што ўкраінцам ён ужо казаў, што ён украінец, габрэям, што мае габрэйскія ўплывы, а беларусам, што ён “факцічэскі” беларус, но “русский со знаком качества”), сказаў пра дрэнную беларускую мову, няздольную да фізыкі, філасофіі, хіміі, паўтараў іншую слоўную гапату.

Такім чынам крамлёўскія і менскія гопнікі ва ўладзе думаюць, што яны пачалі артылерыйскую падрыхтоўку і татальны рускі наступ спраць Беларусі. Наступ, вядома, будзе працягвацца. І калі дасьць вынікі (перш за ўсё ў Расеі), тады настане другі этап (які будзе залежаць, аднак, ад падзеяў ва Украіне).

Ёсьць зьявы ў працэсах, якія вызначаюцца адпаведна (адпаведным чынам). Гэта трэба мець на ўвазе. І пра тое зноў варта нагадаць.

Ніякая палітыка і ніякія захады ня спыняць Пуціна і Расею, акрамя сілы.

Калі пасьля захопу Крыма Захад прымусіць Украіну саступіць Данбас (каб супакоіць агрэсара) – наступнай рускай ахвярай стане Кіеў. Пуцінскай пачцы патрэбны не Данбас і не прыдуманая “наваросія”, а Украіна. Бо без Украіны не адбудзецца “эўразійскага саюзу” – ідэі-фікс рускага гэбізму на шляху аднаўленьня былой расейскай імпэрыі.

Рускае войска (на якое выдаецца цяпер 25 адсоткаў бюджэту) ужо на сёньняшні дзень можа весьці некалькі гібрыдных войнаў адначасна (трымаць некалькі франтоў). Так званыя мірныя перамовы па Данбасу выгадныя толькі Расеі. Далейшае зацягваньне зь ліквідацыяй расейскага тэрарызму ў Данбасе (няпродаж зброі ўкраінцам) і палоханьне Расеі санкцыямі прывядзе не да перамогі Захаду, а да яго палітычнай паразы і да павелічэньня ахвяр і кровапраліцьця ва Украіне. Адкрыцьцё 2-га “беларускага фронту” цалкам верагоднае насуперак усялякім “разумным аналізам”. А калі выбухне неабходнасьць, то будзе яшчэ і 3-ці Фронт на Каўказе. Расеі на ўсё хопіць. Успомнім 1918-20 гг. – пэрыяд інтэрвэнцыі і грамадзянскай вайны. Там, у Расеі, ніхто цяпер не замахнецца і не разгоніць гэбоўскую пачку Пуціна, як не разагналі раней бальшавіцкую пачку Леніна. Расея – гэта татальная ваенная дзяржава з масавай мэсіянскай сьвядомасьцю. У час вайны там заўсёды “партия и народ едины”. І толькі параза ў вайне дэзарганізуе гэтае “адзінства” і прыводзіць да выступу супраць улады (што і здарылася ў 1905 і ў 1917 гг.). Параза ў Данбасе скончыла б з Пуціным і з гэбіскім Пуцінізмам. Але замест рэальнай дапамогі Украіне, эўрачэмбэрлены хочуць улагодзіць тэрарыста і дамовіцца з гвалтаўніком.

Лукашэнка ня выступіць супраць Масквы. Пры ўзмацненьні агрэсіі ён падтрымае Расею. Па яе жаданьні ён прапануе беларускую тэрыторыю і беларускае войска для наступу на Кіеў.

У выніку магчымага наступу Расеі на Беларусь Лукашэнка ня будзе адстойваць сувэрэнітэт і тэрыторыю краіны, калі гэта загрозіць ягонай уладзе. Ён ніколі не падтрымае (ня блытаць са словаблудзтвам) беларускую мову, Беларускі Сьцяг, Беларускі гэрб “Пагоню”, беларускую нацыянальную культуру і беларускую свабоду.

Пра Захад. Дбаючы пра свае геапалітычныя інтарэсы і палітычны камфорт, Захад (гэта значыць Эўропа і ЗША) здольны цяпер падтрымаць Лукашэнку, заплюшчыўшы вочы на зьнішчэньне нашых нацыянальных каштоўнасьцяў, нашай мовы і на свае расхваленыя “правы чалавека”. Ён схільны дазволіць рэжыму наша поўнае нацыянальна-культурнае разбурэньне ўзамен за супрацоўніцтва. Гэты “Захад” быў такім заўсёды і такім заўсёды будзе. У адрозьненьне ад Расеі, ён ня ёсьць нашым ворагам. Але ён прыяцель самому сабе.

У папярэднім допісе я ўжо пісаў пра руска-лукашысцкую лабістыку і агентуру ў Амэрыцы і Эўропе (адзначана прозьвішча такога Балажа і інш.). Апошнія дакуманты, выяўленыя праз “вікілікс”, якія трапілі ў друк, дакумэнтальна пацьвярджаюць змову адміністрацыі Абамы з лукашысцкімі інтарэсамі і асобамі. Амэрыка таемна схільная падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, зыходзячы з геапалітычных меркаваньняў.

Прычын таемнага павароту абамаўскай Амэрыкі да лукашызма некалькі. Найперш, гэта, практычна, поўны параліч беларускай ідэйна-палітычнай эміграцыі і спыненьне рэгулярных кантактаў з амэрыканскімі палітычнымі ўстановамі (а тыя кантакты, якія выпадкова адбываюцца з боку інфантыльных асобаў, нясуць больш шкоды, чым карысьці).

Другая прычына – гэта выразная, адкрытая падтрымка геапалітысчнага словаблудзтва рэжыму з боку лукашысцкай квазіапазыцыі (Мілінкевіч, Някляеў і інш.) і, адпаведна, зьмена іхняй фразеалогіі на Захадзе.

Трэцяя прычына – гэта актывізацыя лабісцкай і дыпляматычнай дзейнасьці самога рэжыму. Актыўная роля тут належыць Уладзімеру Макею. Гэтая адкрытая і таемная дыпляматыя пасьлядоўна вядзецца з 2009 года (пасьля Расейска-Грузінскай вайны) і пранікла нават у асяроддзе цяперашняй беларускай эміграцыі, знаходзячы там спрыяльныя абставіны сярод часткі прафанскай публікі, гатовай супрацоўнічаць з антыбеларускім рэжымам нібыта ў галіне культуры перад пагрозай з усходу.

Гэта вельмі трывожныя сімптомы, бо адміністрацыя ЗША цяпер слухае, чуе і ўспрымае ў асноўным ворагаў Беларусі (і яшчэ так званых “шчырых ідыётаў”). Па вопыту ведаю, што вынікі для Беларусі ад усяго гэтага могуць стацца вельмі дрэнныя. Антыбеларускі рэжым гатовы прыняць некаторыя амэрыканскія патрабаваньні, але пры адной непарушнай умове: Амэрыка мусіць заплюшчыць вочы на зьнішчэньне беларускай мовы, культуры і на рэпрэсіі супраць носьбітаў беларускай культуры і свабоды. Формула такая: “прымайце нас такімі, якія мы ёсьць” (а ў дужках: інакш пойдзем пад Расею). Дарэчы, у Крамлі для маскоўцаў намёкі гучаць адваротныя. У выніку – усё б’е толькі па беларусах і па Беларусі. З боку Захаду тут звыклая здрада тым беларусам, хто ў Захад па-дзіцячаму верылі. У той час калі верыць трэба ў сябе і шанаваць сваё.

На сёньняшні дзень натуральным нашым саюзьнікам перад пагрозай з усходу зьяўляецца Україна. Трэба дапамагаць украінцам у іх абароне ад рускай агрэсіі. Тым часам Масква рыхтуе варыянт уцягваньня Беларусі ў вайну супраць Украіны на баку Расеі. Распрацоўваецца план выкарыстаньня беларускага войска ў якасьці “міратворчага” у Данбасе. Ідэя не стасуецца з міжнародным заканадаўствам (Расея і лукашысцкі рэжым саюзьнікі па ваенным блоку). Калі б Захад згадзіўся на такую авантуру, то гэта абазначала б поўную здраду адносна Украіны. Тады Україна як дзяржава і сябра ААН мусіла б выконваць умовы міру з рускімі тэрарыстамі, а тэрарысты, якія нічога не прадстаўляюць у міжнародным плане, маглі б расстрэльваць украінцаў з расейскай зброі, не нясучы ніякай адказнасьці. Прытым скончылася б усё расстрэлам беларускага нібыта міратворчага войска з абодвух бакоў канфлікту.

Мушу зноў паўтарыць, што калі беларускіх вайскоўцаў нейкім спосабам завязуць, загоняць, перакінуць са зброяй на тэрыторыю Украіны, то трэба памятаць: гэта незаконна, нельга страляць у братоў-украінцаў. Трэба пераходзіць са зброяй групамі, цэлымі часткамі і па-адзіночку на бок украінцаў і дапамагаць ім абараняць Украіну ад агрэсіі маскоўскага тэрарыстычнага войска. Бо гэта ёсьць барацьба за ўкраінскую і беларускую волю.

8 лютага 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК

10/2/2015 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2015
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
232425262728  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024