Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: ПАТРЭБНА МАБІЛІЗАЦЫЯ Ў АБАРОНУ КУРАПАТАЎ

ec8d7e95.JPG
Курапаты – помнік асобага кшталту. У зьнішчэньні яго і кантролю над ім зацікаўлена ФСБ-КГБ Расеі і палітычныя колы, якія гэтую кантору абслугоўваюць. Усе складанасьці, канфлікты, правакацыі і нішчэньні не абходзіліся без удзелу гэтай “канторы”. Рана ці позна, шукаючы выхаду, рэстаран-бардэль, які будуюць пад Курапатамі, знайшоў бы туды дарогу.

У аўторак 4-га чэрвеня сябры КХП-БНФ устанавілі даўно замоўленыя памятныя знакі, якія разьмясьцілі па канцах ахоўнай зоны. Гэтая ідэя ажыцьцёўлена на навуковай аснове і ўзгоднена, як дзяржаўная справа. Толькі інвестыцыі ў яе ўкладзены ад абарончай арганізацыі і прыватнай асобы.

Мэмарыяльнымі знакамі сябры партыі займаліся амаль цэлы год. Завяршэньне справы прысьпела якраз у патрэбны час, калі ўжо стала зразумелай сутнасьць прафанатарскай ініцыятывы з так званай “агульнанацыянальнай талакой”. Сэнс – зьмена межаў ахоўнай зоны. Я пра гэта ўжо пісаў у спэцыяльным матэрыяле.

Цяпер імпэт прафанатараў на гэтым накірунку затармозіцца. Але, не сумняваемся, кантора перакінецца на іншы плян. Мяркуючы па заявах, ім падкінута думка зрабіць з Курапатамі тое, што зрабілі камуністы зь лесам Ваньковіча, ператварыўшы яго ў так званы “парк Чалюскінцаў”.

Гэты лес (і гэты “парк”) ёсьць другія Курапаты ў Менску. Тут у 30-я гады і ў пачатку 40-х пастаянна расстрэльвалі людзей, прывозілі на машынах з турмы НКВД, расстрэльвалі і ськідвалі ў ямы.

Ужо ў 30-х частка тэрыторыі леса была выраўнена, прарэджана і ператворана ў паркавую зону. Магілы засыпаны, пляцоўка лесу зараўняная.

Расстрэльнае месца назвалі паркам Чалюскінцаў. Нагадаю, што гэта за назва.

У 1934 годзе ў Чукоцкім моры быў раздушаны ў ільдах карабель “Чалюскін”. Рэйсам “Чалюскіна” ставілася задача асвоіць паўночна-ледавіты шлях за адну навігацыю. Задача не была выканана. Але па загаду Сталіна (каб скрыць правал) бальшавікі паднялі лямант на ўвесь СССР аб выратаваньні “герояў”. Людзей з патанулага карабля перавезьлі на кантынент і ўсім (104 асобы) далі ордэны, мэдалі, званьні герояў. З правалу Сталін зьляпіў “посьпех”.

Усё тлумачылася тым, што побач у фарватары за Чалюскіным плыў транспартны карабель з зэкамі ГУЛАГу, якіх везьлі распрацоўваць новыя руднікі. І на транспарце, і на Чалюскіне плыла адначасна і энкавэдзісцкая ахова зэкаў. Зэкі ў ільдах загінулі, а энкавэдзістаў, вучоных і маракоў выратавалі, арганізавалі шумнае шоу, і ўсіх зрабілі героямі. “Вся страна славила героев-чалюскинцев”.

Пачалі прысвойваць імя гэтага спэцкарабля калгасам, арганізацыям, вуліцам, паркам і г. д.

Ёсьць нейкая цёмная сымволіка ў тым, што расстрэльнаму месцу далі назву, зьвязаную з расейскімі энкавэдзістамі ў ролі “герояў”. (Тое, што гэтая назва існуе ў Менску па сёньняшні дзень – прыкмета часу.)

У пачатку 90-х гадоў Народны Фронт паставіў у “парку” беларускі памятны крыж, праводзіў тут мэмарыяльныя памятныя мітынгі-рэквіемы. Я плянаваў у будучыні дасьледваць гэтую тэрыторыю на прадмет выяўленьня расстрэльных магілаў. Зазначу, што дасьледваньне гэтае вельмі цяжкае, бо правераных надзейных тэхналёгіяў па выяўленьні закапаных людзей не існуе. Без раскопак можна выявіць у зямлі мэталёвыя прадметы, будаўнічыя канструкцыі, але ня косьці. Тым ня менш, я б спрабаваў, паклаўшыся на археалягічную інтуіцыю. У гэтым лесе (“парку”) могуць быць закапаныя адказы на шмат якія пытаньні (у тым ліку, магчыма, і на катыньскія). Цяпер дасьледваньне недаступнае і, практычна, немагчымае.

Яшчэ горш гэбісты зрабілі ў Лошыцы ў 1988 годзе, пасьля адкрыцьця Курапатаў, – засыпалі расстрэльны яр шматмэтровым пластом галечнага жвіру. У Лошыцы ў 1937 годзе расстралялі тысячы людзей.

Што датычыць леса Ваньковіча (“парку Чалюскінцаў”) і акаляючых сьляпянскіх лясоў, то тут бальшавікі расстрэльвалі з 1917 года. І ня толькі бальшавікі, але і іншыя акупанты, што з 1917 па 1920 гг. пабывалі ў Менску.

У канцы 1920-х-пачатку 30-х гадоў энкавэдзісты зрабілі ў Сьляпянскім лесе свае сталыя “курапаты”, дзе рэгулярна расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі на машынах. У 1932 годзе, па сьведчаньні відавочцаў, там былі ўжо сотні агульных магіл, і над усім лесам стаяў ванітуючы трупны пах.

Уладзімер Дудзіцкі, які бачыў гэтае месца, гэтыя магілы і забойцаў, апынуўся за гэта сам у ГУЛАГу. Там у 1935 г. ён спаткаў зэка-сухотніка, “дахадзягу”, былога малодшага лейтэнанта менскага НКВД. Перад сьмерцю гэты энкавэдзіст усё паўтараў: “Моцна пакараў мяне Бог за сьляпянскія душы… Ляжыць там ня менш дзесяці тысячаў”.

У 1937 годзе энкавэдзісты “абарудавалі” яшчэ тры месцы масавых расстрэлаў ля Менска. Гэта Лошыца, вядомыя Курапаты і трэцяе — побач, за шэсьць кілёмэтраў ад Сьляпянскага лесу, у лесе Ваньковіча (“парк Чалюскінцаў”).

У “парку” расстрэльвалі рэгулярна, але толькі ноччу (магчыма таму, што месца было побач з горадам).

Я ўвесь час думаў: скончыцца Вярхоўны Савет – вазьмуся за дасьледваньне Сьляпянкі. Але Вярхоўны Савет скончыўся разам са свабодай. Пакуль што адзінае, што не змаглі зьнішчыць нашчадкі забойцаў – гэта Курапаты. За гэта, за абарону ад зьнішчэньня, і трывае вось ужо 25 гадоў пастаянная барацьба.

Нічога не змаглі зрабіць з Курапатамі, але падбіраюцца ўвесь час.

Дзеля абароны Курапатаў ахвяравалася цэлая партыя – КХП-БНФ. Таму могілкі існуюць, ператвораныя ў Народны Мэмарыял, месца забойства народа паступова сакралізуецца як сьвятое.

Зразумела, што гэта не засталося незаўважным для пэўных колаў улады ў Беларусі і Расеі. З 2012 года пачалася комплексная гэбоўская атака на Курапаты, з выкарыстаньнем новых ідэй, правераных дзеяньняў і падстаўных асобаў.

Пачалося з будаўніцтва за межамі ахоўнай зоны стандартнага сэрвіснага дарожнага цэнтра. Але ў нейкі час пад відам гэтага будаўніцтва вельмі хутка ўжо ў самой ахоўнай зоне імгненна вырасьлі, як грыбы, незаплянаваныя будынкі, якія аказаліся будучым рэстаранам з інтымнымі пакоямі (бардэлем) і зьняважлівай для беларусаў назвай “Бульбаш-хол”. Высьветлена, што рэстаран тут незаконна будуюць маскоўцы. Мы падалі заяву ў пракуратуру. Будаўніцтва прыпынілі (ужо скора будзе год). Але нічога ня робіцца. Шукаюць, відаць, выхаду, каб захаваць незаконныя пабудовы. За гэты пэрыяд было сфабрыкавана шмат дэзінфармацыі.

Зьвяртае на сябе ўвагу вэрсія, выпушчаная ў апошні час, быццам бы рэальным заказчыкам рэстаран-бардэля, гаспадаром і інвэстарам, зьяўляецца вельмі высокапастаўленая асоба кіруючага рэжыму з асяроддзя ўзурпатара. Маскоўская фірма і маскоўскі інвэстар – гэта падстаўная мімікрыя.

Калі такое пацьвердзіцца, то, зразумела, што пракуратура нічога істотнага рабіць ня будзе. Але пры моцным націску грамадзкасьці сістэма можа даваць трэшчыны. Праўда, гледзячы на ўзровень і стан розумаў грамадзкасьці ў справе Курапатаў, на “моцны націск” надзеі невялікія, але ўсё ж існуюць.

Другім крылом наступу на Курапаты была правакацыя падпалкоўніка Кузьняцова з памятным слупком у знак вэрсіі пра “расстраляных польскіх афіцэраў”. Гэтая правакацыя правалілася.

Наступны прыём – шумная рэкляма так званай “агульнанацыянальнай талакі”, якая скончылася просекай з боку рэстарана-бардэля.

Цяпер выношваюцца пляны, пра якія я казаў у пачатку – у пэрспэктыве стварэньне парку “Чалюскін-2”. Цяпер пакуль што толькі пушчана думка, народжаная ў рэжымнай уладзе, — зрабіць з Курапатаў парк.

Рабіць эмацыйныя ацэнкі тут бессэнсоўна. Чыста рацыянальна, мяркую, прыдзецца аб’яўляць мабілізацыю людзей на абарону Курапатаў.

Група прафанатараў (Кузьняцоў, Раманоўскі, Шапуцька) тут цяпер мала значыць, але калі за нішчэньне Мэмарыялу і ператварэньне Курапатаў у парк бярэцца рэжымная ўлада, то гэта ўжо паважная небясьпека.

24 чэрвеня 2013 г. Зянон Пазьняк

04062013-014.JPG

04062013-019.JPG

04062013-022.JPG

28/6/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2013
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024