Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Мова – Дзяржава – Перамога

Адраджэньне мовы і дзяржавы

Час ад часу рэжымныя структуры праз сваіх стукачоў і псэўдаапазыцыю (што ёсьць адно і тое ж) круцяць даўно знаёмую мэлёдыю: “А что вы всё с вашим белорусским языком? Всё равно как разговаривать”. Потым яны выдаюць адзін з сваіх галоўных “аргумантаў”: “Евреи же не знают своего языка и живут хорошо…” Беларускія патрыёты адказваюць ім: “А чаму мы павінны браць прыклад з тых, што “не знают”? У нас свая краіна і свая традыцыя. Тым больш, што “аргумант” ваш фальшывы”.

Зразумела, што такая “аргумэнтацыя” канторскіх заўсёды разьлічана на недасьведчаных асобаў, якія зусім ня сочаць за тым, што адбываецца навокал. Яна базуецца яшчэ на савецкім абалваньваньні і савецкай практыцы суцэльнай дэнацыяналізацыі і русіфікацыі паняволеных народаў. Сучасная русіфікатарская гэбельсаўшчына называе гэта хітра – “статус кво”. А спробы зьмяніць гэтае “кво” яна кваліфікуе як “гвалт” і “несправядлівасьць”. Тое, што гісторыя і нават блізкая чалавечая памяць абвяргаюць русіфікатарскія “тэзісы” на абраную тэму, іх не бянтэжыць. Яны шарманяць ужо на працягу дзесяцігоддзяў і адпрацоўваюць свае ганарары.

Гісторыя дае нам зусім іншы малюнак падзеяў нацыянальна-культурнага ўздыму габрэйскага народу пачынаючы з другой паловы 19 стагоддзя. Сіанізм вызначыў адраджэньне іўрыту (мовы, якая не была ў штодзённым ужытку народа ўжо больш за дзьве з паловай тысячы гадоў) як адзін з галоўных прыярытэтаў нацыі і будучай дзяржавы. Тыя, хто вяртаўся на гістарычную прарадзіму ў Палестыну, разумелі, што без нацыянальнай мовы сваёй дзяржавы ня будзе, і вывучалі іўрыт. Калі ў 1948 годзе была абвешчана незалежная Дзяржава Ізраіль, ніхто даўно ўжо не аспрэчваў гэты тэзіс. Старажытная мова адрадзілася, стала дзяржаўнай, мова ажыла. У гісторыі цяжка знайсьці аналагі гэтаму цуду, рэалізаванаму людзьмі, якія не пагадзіліся са “статус кво”, а, наадварот, змагарна і пасьлядоўна скарэктавалі яго на сваю карысьць.

Сярод фотаматэ’ялаў часу станаўленьня габрэйскай дзяржавы і змаганьня за яе ёсьць шмат яркіх і драматычных карцін. Але найбольш мне запоўніўся адзін здымак 1940-х або 50-х гадоў, не драматычны па зьместу, а нават статычны па кампазіцыі. Проста на ходніку ізраільскага горада стаяць два сталы, за імі — два дзяржслужачыя у капелюшах, на сталах пішучыя машынкі. Перад адным са сталоў схіліліся грамадзяне, разьбіраюцца з сваімі паперамі. Дзяржслужачыя – гэта афіцыйныя перакладчыкі, якія дапамагаюць аформіць неабходныя дакумэнты грамадзянам, якія яшчэ не валодаюць дзяржаўнай мовай. Усё – на дзяржаўнай мове! А інакш гэта была б не нацыянальная дзяржава, а нешта зусім іншае.

У 1930-я гады дзеяч правага сіанізму Зэеў Жабацінскі зьвяртаўся да эўрапейскага габрэйскага грамадзтва з заклікам утвараць у Палестыне сваю дзяржаву і армію, папярэджваў пра сьмяротную небясьпеку гітлерызма. Бальшыня слухачоў не ўспрыняла яго сур’ёзна, ім не хацелася пакідаць камфорт і шукаць шчасьця ў далёкай прарадзіме. Некаторыя нават падтрымалі эксцэнтрычнага фюрэра і паслалі яму ў 1933 годзе віншаваньні з “перамогай нямецкай рэвалюцыі” (як гэта называлася тады). Жахі Галакоста канчаткова пераканалі габрэяў, што народ павінен мець свой нацыянальны дом, дзе ён можа пачувацца ў небясьпецы. Перамога габрэйскай арміі і грамадзтва ў вайне за Ізраіль (1947-48 гг.) супраць шасьці арабскіх дзяржаваў засьведчыла, што нацыянальныя эліты зрабілі слушны выбар і атрымалі падтрымку народа.

А савецкая гэбельсаўская прапаганда ўсё круціла сваю фальшывую мэлёдыю пра тых, што “не знают”. Маўляў, “евреи никудышные вояки”, “слабаки”, “у них нет боевого духа” і г.д. З падачы гэтай прапаганды няўклюдную першую мадэль аўтамабіля “Запарожац” савецкія людзі называлі “жыдоўскім браневіком”. Маніпуляваная масавая сьвядомасьць не карэлявала гэты скрыўлены вобраз з выразнымі фактамі рэчаіснасьці.

Набліжэньне навальніцы

Сёлета спаўняецца 45 год з часу падзеяў так званай “шасьцідзённай вайны” — араба-ізраільскага канфлікту 1967 года. Памятаю, як падлеткам я сачыў за гэтай драмай, якая транслявалася праз прымітыўны тэлевізар. І ўжо тады зьдзіўляўся неадпаведнасьці масавых стэрэатыпаў і таго, што адбывалася на Блізкім Усходзе. Ізраільская армія на працягу некалькіх дзён ушчэнт разграміла арміі трох арабскіх краін. Падчас службы ў савецкай арміі нам паказалі вучэбна-прапагандысцкі фільм пра тую вайну. Камісарскі голас за кадрам тлумачыў нам, што “арабская победа налицо, израильские агрессоры были проучены и разгромлены…” Некаторыя з нашых афіцэраў пабылі на той вайне і што-нішто распавялі аб тым, хто на самой справе каго “проучіл”. Пасьля краху саўдэпіі (калі Марк Шагал перастаў быць “антысаветчыкам” і стала магчымым пачытаць недаступныя раней кнігі) можна было ўрэшце ўбачыць і ацаніць сапраўдную карціну “шасьцідзённай вайны”.

Усе дзевятнаццаць гадоў пасьля ўтварэньня ў Палестыне Дзяржавы Ізраіль арабскія ўрады і народы не хацелі пагадзіцца з новай рэчаіснасьцю і сваімі паразамі 1948 і 1956 гадоў. Перастрэлкі на межах, напады на ізраільскіх вайскоўцаў і пасяленцаў налічваліся сотнямі штогод. У 1965-66 гг. адбыліся сур’ёзныя вайсковыя апэрацыі ў памежнай зоне з Сірыяй з удзелам танкаў і авіяцыі. З пачаткам 1967 года напружаньне стала прыкметна падвышацца. 7 красавіка адбыліся перастрэлкі на сірыйскай мяжы з удзелам танкаў з абодвух бакоў. Ізраільская авіяцыя разбамбіла 17 сірыйскіх умацаваных пунктаў і састрэліла 6 самалётаў савецкай вытворчасьці МІГ-21, два зь іх у небе над Дамаскам. У Ізраілі, Эгіпце, Іярданіі і Сірыі пачалася частковая мабілізацыя рэзэрвістаў і канцэнтрацыя войскаў у памежных зонах. 16 траўня 1967 г. Эгіпет запатрабаваў, каб з паўвыспы Сінай і з сэктару Газа былі выведзены войскі ААН, якія знаходзіліся там з 1948 г., каб падзяліць канфліктуючыя бакі. 23 траўня Радыё Дамаска перадало адозву, у якой было наступнае: “Арабскія масы, настае ваш дзень. Усе на поле бітвы!.. Няхай ведаюць, што мы павесім апошняга імпэрыялістычнага жаўнера на кішках апошняга сіаніста”. Шэраг арабскіх лідараў выступілі з заклікамі зьнішчэньня Ізраіля і ізраільцянаў.
Ізраільскі гісторык Бэні Морыс апісаў перажываньні грамадзтва краіны ў гэтыя дні: “Маральны стан пахіснуўся. Неапрацаваныя землі былі асьвечаны пад будучыя могілкі. Прадугледжвалася, што будуць дзясяткі тысячаў забітых. Цывільнае насельніцтва (але не ўзброеныя сілы) баялася “другога Галакоста”. У газэтах эгіпецкага прэзыдэнта Насэра параўноўвалі з Гітлерам”. Пачалася агульная мабілізацыя рэзэрвістаў, якая была праведзена арганізавана і на працягу некалькіх дзён.
Другі бок таксама ліхаманкава дзейнічаў. У першыя дні чэрвеня арабскімі краінамі было заключана пагадненьне аб сумеснай абароне ад Ізраіля. Сьцішыліся міждзяржаўныя канфлікты і часова былі забытыя старыя крыўды. Многім здавалася, што ў выніку крызісу дасягаецца даўні ідэал – арабскае адзінства.

Аднак Бэні Морыс накрэсьліў больш складаную карціну стану грамадзтваў напярэдадні вайны: “Была бясспрэчная розьніца ў матывацыі. Эгіпецкія, сірыйскія і іарданскія жаўнеры маглі ненавідзець габрэйскую Дзяржаву або прынамсі адчуваць раздражненьне. Але вайна супраць Ерузаліма для іхных краін не была пытаньнем жыцьця і сьмерці. А вось ізраільскі жаўнер змагаўся ня толькі за тое, каб выжыць самому, але і за жыцьцё сваёй сям’і, за ўсё, што было яму дарагім. Да гэтага дадавалася гарачае жаданьне, каб выжылі суайчыньнікі, зь якімі была спадчына непараўнальных няшчасьцяў габрэйскага народу”. Ізраільскі генштаб прыняў рашэньне не чакаць атакі праціўнікаў, а нанесьці першы ўдар.
Раніцай 5 чэрвеня 1967 года міністар абароны Машэ Даян зьвярнуўся да войскаў з радыёпрамовай: “Жаўнеры ізраільскай арміі! У нас няма заваёўніцкіх задачаў. Наша мэта – сарваць спробу арабскіх армій захапіць нашую краіну, а таксама разьбіць кальцо ізаляцыі і варожасьці, якое замыкае нас…”

У плане, распрацаваным генштабам, важнейшая роля адводзілася авіяцыі. Меркавалася нанесьці зьнішчальны напад на вайсковыя лётнішчы праціўнікаў і ліквідаваць іхныя самалёты разам з радарнымі ўстаноўкамі, забясьпечыўшы тым самым поўнае панаваньне ў паветры над зонай ваенных дзеяньняў. Безумоўна, у плане была вялікая рызыка. Абараняць паветраную прастору над краінай штабісты пакідалі ўсяго 12 самалётаў. Практычна ўсе паветраныя сілы накіроўваліся ў атаку. Выведка папрацавала выдатна. Пасьля вайны іарданскі кароль Хусэйн прызнаўся: “Іхнія пілоты ў падрабязнасьцях ведалі ўсё, што было пад імі. У іх былі поўныя дадзеныя пра кожную з 32 арабскіх авіябазаў. Яны ведалі, дзе нанесьці ўдар, па чым і якім чынам. Ніхто з нас ня меў нічога падобнага”. План захоўваўся ў строгай сакрэтнасьці. Толькі 4 чэрвеня начальнікі ізраільскіх авіябазаў сабралі камандзёраў эскадрылій і пазнаёмілі іх з планам. Лётчыкам давялі загады раніцай 5 чэрвеня, літаральна за некалькі гадзінаў да пачатку атакі.

Раніцай 5 чэрвеня эгіпцяне зрабілі праціўніку нечаканы “падарунак”. Камандваньне загадала супрацьпаветранай абароне краіны не адкрываць агонь ні па якіх самалётах, бо ў гэты дзень вайсковае камандваньне зьбіралася рабіць інспэкцыйны аблёт эгіпэцкіх пазыцый на Сінаі.
Камандуючы ізраільскімі ваенна-паветранымі сіламі генэрал Мардэхай Год напісаў у сваім загадзе: “Ляціце, атакуйце ворага, ганіце яго на ўсіх напрамках, каб народ Ізраіля мог спакойна жыць на сваёй зямлі”.
Камандзёры на месцах таксама натхнялі сваіх падначаленых перад вылетам. Напрыклад, маёр Салант сказаў лётчыкам сваёй эскадрыльі бамбавікоў: “З вамі ў пілоцкай кабіне народ Ізраіля, усе пакаленьні габрэяў, і ўсе вераць, што мы не падвядзем”.

Змаганьне

Паміж 7.14 і 7.30 мясцовага часу 183 ізраільскіх самалёты падняліся ў паветра і ўзялі курс на вызначаныя мэты. Яны захоўвалі поўную цішыню ў эфіры і ляцелі на вельмі нізкай вышыні, каб іх не захапілі эгіпецкія радары. Каб падмануць праціўніка (які чакаў магчымай атакі з поўначы), самалёты на працягу 18 хвілінаў ляцелі на захад над Сяродземным морам, а потым зрабілі рэзкі паварот на поўдзень – на Сінай і дэльту Ніла. Першыя эскадрыльі атакавалі 11 эгіпецкіх авіябазаў а 7.45. Яны спачатку скінулі самыя цяжкія бомбы на ўзлётныя палосы аэрадромаў і цалкам пашкодзілі іх. Эгіпецкія самалёты апынуліся ў пастцы і не маглі падняцца ў паветра. Наступныя эскадрыльі пачалі зьнішчаць бомбамі, ракетным і кулямётным агнём шэрагі самалётаў, што стаялі на тэрыторыі базаў, а таксама зэнітныя батарэі і радарныя ўстаноўкі. Эфэкт нечаканасьці быў поўным. Разгубленыя эгіпцяне амаль не вялі зэнітны агонь. На авіябазе Фаід ледзь не загінуў эгіпецкі галоўнакамандуючы фэльдмаршал Амір. Транспартны самалёт з фэльдмаршалам і ягоным штабам прызямліўся на базе пасярод выбухаў і агню.

А 9.00 стала вядомым, што атака завяршылася поўным посьпехам. Былі зьнішчаны 197 эгіпецкіх самалётаў (толькі 8 зь іх у паветраных баях, астатнія на зямлі), разгромлены 8 радарных цэнтраў і 6 авіябазаў.
Ізраільскія самалёты вярнуліся на свае базы. Майстэрскія дзеяньні тэхнічнага пэрсаналу забясьпечылі хуткую падрыхтоўку да новага вылету. Машыны былі дазапраўлены палівам, тэхнікі правялі даўзбраеньне і неабходны рамонт. Ужо праз гадзіну стартавала другая хваля атакі. Ізраільцяне разбамбілі яшчэ 14 эгіпецкіх авіябазаў. Сумарна былі зьнішчаны 304 з 419 самалётаў эгіпецкай арміі. Ізраільская авіяцыя страціла 6 самалётаў, загінулі 6 пілотаў, двое патрапілі ў палон, трое былі паранены. Недзе каля 10.00, пасьля атрыманьня зьвестак пра посьпех другой хвалі атакі начальнік генштаба Эзэр Вэйцман патэлефанаваў жонцы і сказаў: “Рэўма, мы выйгралі вайну…” А 11.00 генэрал Год урэшце зрабіў афіцыйнае паведамленьне ўраду краіны: “Ваенная авіяцыя Эгіпту больш не існуе”.

Наступ наземных войскаў на Сінаі распачаўся 5 чэрвеня а 8.00, калі яшчэ не было вядома пра вынікі першай хвалі авіяўдараў. Эгіпецкія лініі абароны былі разбураны з самага пачатку атакі. Ізраільскія калоны імкліва прасоўваліся ў бок Суэцкага каналу, зьмятаючы ўсё на сваім шляху. Танкісты і артылерысты на працягу трох дзён амаль ня зьведалі сну і адпачынку, імкнучыся напоўніцу выкарыстаць першы посьпех. Многія эгіпецкія часткі заставаліся ў тыле наступаючай ізраільскай арміі. Але дэзарганізацыя была татальная. Эгіпецкія камандзёры не атрымалі ніякіх загадаў, ня ведалі што рабіць: абараняць пазыцыі, атакаваць праціўніка або адступаць у бок Суэцкага канала. Некаторым зь іх 6 і 7 чэрвеня ўдалося дасягнуць канала, але яны вымушаны былі пакінуць усё цяжкое ўзбраеньне і пазьбягаць сустрэчы з ізраільскімі часткамі. Авіяцыя бязьлітасна прасавала эгіпцян з паветра. Дывізіі і палкі ня мелі ніякой інфармацыі, многіх апанавала паніка. Толькі праз 36 гадзін пасьля пачатку вайны эгіпецкі прэзыдэнт Насэр аддаў выразны загад усім аддзелам адступаць у заходнюю частку Сіная і заняць абарону ў горных цясьнінах Мітла і Джыдзі.

Баі паказалі, што ў абароне эгіпецкія вайскоўцы здольныя на зацяты супраціў і каардынаваныя дзеяньні на ўзроўні палкоў і батальёнаў. Некаторыя з аддзелаў нават прадпрымалі контратакі. Але супраць іх неабмежавана дзейнічала ізраільская авіяцыя, іх атачалі і разьбівалі наземныя войскі. Журналісты, якія наведалі зону баёў на Сінаі, былі ўражаны краявідам катастрофы: на дарогах пасярод пяскоў застылі цэлыя калоны спаленай і пакінутай эгіпецкай бранетэхнікі. 7 чэрвеня ізраільскія войскі захапілі сэктар Газы, а на наступны дзень іхны авангард дасягнуў усходняга берагу Суэцкага канала.

Ізраільскае дзяржкіраўніцтва і вайсковае камандваньне меркавалі, што Іарданія ўстрымаеца ад удзелу ў вайне. Але раніцай 5 чэрвеня іарданскія войскі адкрылі агонь. Гісторыкі мяркуюць, што кароль Хусэйн рашыўся на гэты крок пасьля атрыманьня фальшывай інфармацыі аб правале ізраільскага авіяналёту і посьпехах эгіпецкіх войскаў. Іарданцы хутка занялі дэмілітарызаваную тэрыторыю, вызначаную ААН паміж дзьвюма краінамі, але ўжо ўвечары ізраільскія часткі правялі ўдалую контратаку і адкінулі праціўніка. На паседжаньнях ізраільскага генштаба было прынята рашэньне працягваць наступ і выдаліць іарданскую армію з Усходняга Ерузаліма і тэрыторый заходняга берагу ракі Іардан.

Раніцай 7 чэрвеня ізраільскія дэсантнікі ўвайшлі ва ўсходні Ерузалім (з 1948 г. гэтая частка горада была занята Іарданіяй) праз Ільвіную браму, падаўляючы слабы агонь снайпэраў. Савецкае тэлебачаньне на працягу больш за 40 гадоў (да гарбачоўскіх дазволаў) не паказвала хроніку ізраільскай перамогі: маладыя жаўнеры дасягаюць Храмавай гары і моляцца перад Мурам Плачу (іарданцы не дапускалі габрэяў да іхнай сьвятыні). Іарданскі губэрнатар пасьпяшаўся падпісаць капітуляцыю, апоўдні баі ў Ерузаліме скончыліся.

6 чэрвеня пасьля напружанага танкавага бою каля Джэніна ізраільскія войскі адкінулі іарданцаў і пачалі імклівы наступ на Наблус, галоўны цэнтар тэрыторыі на заходнім беразе Іардану. Раніцай 7 чэрвеня ізраільскі авангард дасягнуў прадмесьцяў Наблуса. Яго сустракаў сьвяточны, радасны натоўп палестынцаў, якія думалі, што гэта ірацкія войскі прышлі да іх на дапамогу… 8 чэрвеня ізраільцяне занялі ўсю тэрыторыю заходняга берагу Іардану і ўзарвалі масты праз раку.

Перамога

Сірыя таксама распачала ваенныя дзеяньні супраць Ізраіля раніцай 5 чэрвеня. Сірыйцы абстрэльвалі ізраільскія пазыцыі, але паводзілі сябе даволі пасіўна. Пасьля дасягненьня посьпехаў на сінайскім фронце ізраільскі генштаб прыняў рашэньне захапіць Галанскія вышыні, якія дамінавалі на памежжы з Сірыяй. 9 чэрвеня пасьля артпадрыхтоўкі і авіяналёту ізраільскія танкі і пяхота пачалі наступ. Пасьля цяжкіх баёў яны захапілі значную частку сірыйскіх пазыцый. На наступны дзень яны ўбачылі, што бальшыня сірыйскіх умацаваньняў апусьцела. Радыё Дамаск перадало фальшывую зьвестку пра захоп ізраільцянамі горада Кінэйтра і пагрозу ізраільскага наступу на Дамаск. Камандваньне аддало загад на адступленьне, якое ператварылася ў панічныя ўцёкі, бо жаўнеры баяліся, што дарога на Дамаск будзе заблакавана праціўнікам. Рада Бясьпекі ААН пасьпяшалася забясьпечыць спыненьне агню і перамір’е.

Гэта была поўная перамога. “Усё было, як у сьне”. – сказаў журналістам генэрал генштаба Ліёр. Па ўсім Ізраілеі сьвятары і вернікі казалі пра “цуд” і “выратаваньне”. Народ сьвяткаваў і радваўся. Страты ў людзях арабскія арміі панесьлі ў некалькі разоў большыя, чым ізраільскае войска. Эгіпецкая армія засталася практычна без вайсковай тэхнікі і абсталяваньня. Арабам не дапамаглі ні пагрозы Крамля паслаць свае войскі ў зону канфлікту, ні сотні савецкіх афіцэраў і жаўнераў, якія прынялі ўдзел у баях (перш за ўсё ў частках супрацьпаветранай абароны). Ізраіль атрымаў магчымасьць весьці перамовы з пазыцыі “мір у абмен на тэрыторыі”. Дзясяткі тысячаў палестынцаў пакідалі сваю зямлю і выязджалі ў іншыя арабскія краіны і ў далёкі сьвет. Пыха арабскіх дзяржэлітаў, а таксама прынятыя ў арабскіх арміях савецкія ваенная стратэгія, тактыка і тэхніка былі першапрычынамі такой хуткай паразы. Народ Ізраіля не дазволіў зьнішчыць сябе.

х х х

Як правіла, рэчаіснасьць не дае народам нічога абсалютна новага. Усё ўжо было ў гісторыі, даўняй і больш блізкай да нас. З нашым грамадзтвам і іншымі грамадзтвамі. Над Беларусьсю навісла пагроза каланіяльнага захопу нашай Дзяржавы дзікай маскоўскай гэбісцкай імпэрыяй, якая плануе наладзіць нам беларускі Галакост. Беларусы апынуліся ў кальцы ізаляцыі, палітычныя істэблішмэнты нават дэмакратычных краін абыякава ставяцца да нашай народнай бяды, хлусяць сваім грамадзтвам і падтрымліваюць псэўдаапазыцыйных жулікаў, ратуючы антыбеларускі рэжым. Яны “не заўважаюць” зьнішчэньня акупантамі мовы, культуры і гаспадаркі нашага народу. Зноў беларусам налепліваюць жупелы “рахманых” ды “талерантных”, якія “сами не знают своего языка”. Зноў фальшывыя дабрадзеі падказваюць нашаму народу, што стаяць на каленях перад гвалтаўнікамі – гэта вельмі камфотная поза. Многім у нас здаецца, што выйсьця няма, што незайздросны лёс Беларусі ўжо вызначаны чужынцамі.

Але ёсьць у беларускім грамадзтве сапраўдныя патрыятычныя сілы, якія не дазволяць зьнішчыць народ і Айчыну. Час вызваленьня набліжаецца.

Люты 2012 г. Валеры Буйвал

17/2/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2012
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024