Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

25-Я УГОДКІ ЧАРНОБЫЛЯ Ў МЕНСКУ

Mенгарвыканкам адмовіў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ у правяденьні антыатамнай акцыі 27-га красавіка ў сувязі з 25 гадавінай Чарнобыльскай катастрофы. Мерапрыемства плянавалася ў рэчышчы тэматыкі “Чарнобыльскі шлях”. Гэта чарговая забарона. У апошні час улады не дазваляюць КХП – БНФ праводзіць ніякіх мерапрыемстваў.

26 красавіка сябры і прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ прышлі ў Курапаты, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы у Народным мэмарыяле.

У гэты ж дзень адбылася дазволеная уладамі акцыя, якую арганізоўвалі рэшткі псэўдаапазыцыі пад наглядам міліцыі (і асабовым даглядам рэчаў і кішэняў ўсіх ўдзельнікаў) на пл. Бангалор (“сабачніку”) у Менску.

У Курапатах лунаў сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Людзі заслухалі зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Фронту і Партыі – “25 гадоў Чарнобыля. Першы паўраспад” (публікуецца).

Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. Выступоўцы казалі ня толькі пра трагічныя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі 25 гадоў таму. Яны падкрэсьлівалі, што злачынства супраць нашага народу працягваецца, набывае ўсё больш жудасныя формы. Антыбеларускі рэжым зрабіў мільёны беларусаў закладнікамі антыгуманнага экспэрымэнту.

Вышэйшае начальства, якое разам з сваімі сем’ямі харчуецца экалагічна чыстымі прадуктамі, забясьпечвае распаўсюджваньне па ўсёй Беларусі атручаных радыяцыяй прадуктаў харчаваньня, што выраблены ў чарнобыльскіх раёнах Беларусі. Гэтыя асобы нясуць асабістую крымінальную адказнасьць за зьдзяйсьненьне гэтай крымінальнай палітыкі. Яны абавязкава будуць прыцягнуты да суду і пакараны ў адпаведнасьці з Законам за арганізацыю генацыду беларускага народа. Цяпер рэжым па камандзе з імпэрскай Масквы распачынае наступны крымінальны акт атамнай трагедыі – будаўніцтва новай АЭС на тэрыторыі Беларусі. Усё большай колькасьці людзей становіцца зразумелым: калі ня будзе ліквідаваны гэты злачынны рэжым, нашаму народу пагражае пагібель.

Выступоўцы казалі аб тым, што супрацьпаставіцца злу трэба ўсім народам, злучыўшыся ў Беларускую Салідарнасьць. Нельга дазволіць, каб акупанты нявечылі нашу культуру і зямлю, абрабоўвалі наш народ, разбуралі нашу эканоміку і Дзяржаву, праводзілі асьвенцымскі экспэрымэнт над нашымі дзецьмі. Цынічны, сатанінскі рэжым, які знаходзіцца на ўтрыманьні імпэрскай Масквы, спрабуе новымі злачынствамі запалохаць беларусаў. Але людзі ўжо адмаўляюцца жыць у страху, наша моладзь ня хоча цярпець над сабой гвалту купкі неадукаваных і бессаромных асобаў. У злачыннага рэжыму няма нават блізкай пэрспэктывы. А ў змагарнага беларускага народу ёсьць адзін шлях – шлях вызваленьня і нармалізацыі свайго нацыянальна-дзяржаўнага, чалавечага жыцьця.

Людзі ўсклалі да курапацкіх крыжоў кветкі, запалілі зьнічкі. На прыканцы ўсе сьпявалі гімн “Магутны Божа”. Мерапрыемства працягвалася паўтары гадзіны. У канцы пачала падцягвацца і гуртавцца міліцыя, але спазьніліся – акцыя скончылася.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту
“Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
26 красавіка 2011 г.

27/4/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2011
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024