Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ЗЬВЕР СКОЧЫЎ

Трэці “падпал Райхстагу” стаў крывавым. 11-га красавіка ў выніку выбуху самаробнай бомбы ў Менскім мэтро загінула 13 чалавек і паранена больш за 200. Пытаньне часу: калі будуць выяўленыя сапраўдныя і канкрэтныя арганізатары і выканаўцы крывавага злачынства, засьведчаныя на аснове фактаў, доказаў і ўлік. Гэта важна, інакш забойствы ўжо ня спыняцца, стануць нормай, як у Расеі. Рубікон пяройдзены. Зьвер панюхаў чалавечай крыві і стаў вельмі небясьпечным.

Ужо вечарам, 11-га красавіка, паглядзеўшы відэазапіс нарады ў Лукашэнкі, стала шмат што зразумелым. Насьцярожыла фальшывасьць у ягоным захаваньні і самадурства загадаў, якія не стасаваліся з заканадаўствам нават гэтай улады. Пастаўлена задача знайсьці бамбіста хутка, працаваць дзень і ноч, дакладваць пра ўсё асабіста ўзурпатару, і каб кожны дзень былі вынікі. Папутна было сказана, што ён сам усё ведаў, прадбачыў і папярэджваў, і што “яны” (?) у спакоі “нас” (гэта значыць “іх”) не пакінуць.

У гэты ж вечар правіцель зрабіў учынак, які зьбянтэжыў многіх. Праз дзьве з паловай гадзіны пасьля выбуху ён, у суправаджэньні відэакамэр прыехаў на месца трагедыі (яшчэ дым не разьвеяўся і мёртвых не забралі) ускладаць кветкі, цягнучы за руку сваё пазашлюбна народжанае дзіця. Мяркую, што нават людзі, далёкія ад веданьня ўсіх такіх справаў, аслупянелі. Гэта азбука, што бамбісты шмат дзе, калі робяць выбух зь нейкай забойчай мэтай, то, як правіла, закладваюць побач другі зарад, каб узарваць яго, калі сюды прыедуць знаныя асобы. Таму такія асобы туды ня едуць, і ахова павінна іхняй прысутнасьці не дапусьціць. У Менску (ужо другі раз) такіх абавязковых правілаў не прытрымліваюцца. Чаму? Адказы могуць быць розныя. Адзін зь іх – што знаная асоба дакладна ведала: другога выбуху ня будзе. Адкуль магло быць такое веданьне?

Аднак найбольш ашарашыў людзей другі выступ узурпатара на тэлекамэры 13-га красавіка. Гэта быў агрэсіўны выступ нэўрастэніка з зададзенай мэтай. Паслухайма, што было сказана (ёсьць відэазапіс у Сеціве: http://rutube.ru/tracks/4326197.html?v=e680b50e6a138d8a54c337a65f1554df&autoStart=true&bmstart=1000 )
“Я прасіў, каб былі вынікі. У 5.00 злачынства было раскрыта. Чэкістам спатрэбіліся суткі, каб у 21.00 12-га красавіка бяз шуму, стрэлаў і траскатні, затрымаць тэрарыстаў. Мы ведаем, што і як. Пакуль мы толькі ня ведаем, дзеля чаго. Удзячны чэкістам і міліцыі. Аналітыкі, сьледчыя, экспэрты апрацавалі велізарны масіў аўдыё і відэа матэрыялаў. І што асабліва цешыць – не выходзячы з кабінэтаў вылічылі злачынцаў.”

Пасьля гэтага ўзурпатар загадвае “сілавікам” не расслабляцца: “Зачыстка павінна быць праведзена па ўсіх накірунках! Гэта павінна стаць навукай для ўсіх людзей. Усе гэтыя нягоднікі – працавалі токарам і электрыкам, размаўлялі з шматлікімі калегамі. Няўжо ні ў каго ня ўзьнікла падазрэньня?.. Мы атрымалі тысячы сігналаў. Я ўпэўнены, што мы раскрыем яшчэ тысячы злачынстваў на падставе гэтых дадзеных… Затрыманыя прызналіся ня толькі ў зьдзяйсьненьні тэрарэстычнага акту ў мэтро, але на іх сумленьні і тэракты, зьдзейсьненыя ў дзень незалежнасьці і ў Віцебску.”

І далей – самае цікавае: “Я даручыў разглядзець усе заявы ад палітычных дзеячоў. Мы шукаем саўдзельнікаў і заказчыкаў. Гэтыя дзеячы… можа адчыняць карты і пакажуць, хто заказчык… Усіх прыцягнуць і дапытаць, ня гледзячы ні на якую дэмакратыю, стогны і выцьцё замежных перажывацеляў”.

Потым ён зноў запатрабаваў ад “сілавікоў” “не расслабляцца”. “Рэжым нясеньня службы ўзмоцнены не таму, што мы чагосьці чакаем, — кажа ўзурпатар, — а таму, што махавік раскручаны… Любая паніка, у тым ліку па поваду прадуктаў, валюты, павінна спыняцца, — шыпеў Лукашэнка. – За распаўсюджваньне паклёпніцкіх выдумак вінаватыя будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці… Я распарадзіўся знайсьці гэтых нягоднікаў, затрымаць іх і дапытаць, як сапраўдных злачынцаў… Ніякага дараваньня ім ня будзе, яны ствараюць асяроддзе і бударажаць нашых людзей”, — сказаў узурпатар.

Гэты выступ, ацэнкі і паводзіны – тыповыя для Лукашэнкі: неадэкватныя, нэўрастэнічныя і нязгодныя з правам, нават у сэнсе лукашысцкіх пісаных законаў і палажэньняў. Але сутнасьць іх вельмі вымоўная: выкарыстаць трагічныя падзеі ў мэтро супраць апазыцыйна настроеных людзей і ўсіх нязгодных, зваліць на іх віну і за выбух у мэтро, і за валютны крызіс, і за недахоп прадуктаў (грэчкі, алею і інш.), разглядаць такіх асобаў “як злачынцаў”, “прыцягнуць”, “дапытаць” і г. д.

Усё выглядае груба, прымітыўна і дзіка, але тое ёсьць факт. У лукашысцкіх афіцыёзных СМІ імгненна пачалася істэрыка супраць апазыцыйна нязгодных беларусаў, як “пасобнікаў злачынцаў”. Адзін “палітолаг” так і напісаў: “Толькі тыя, хто ўсе гэтыя гады заклікаў дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі, і могуць мець дачыненьне да выбухаў у Менскім мэтро”.

Але ўсіх пераўзышла (як і трэба было чакаць) “Советская Белоруссия”. Ніжэй даем цытату без перакладу, надта ж характэрна фальшывы савецкі стыль 30-х гадоў. “Когда безвестные студенты в обгоревшей одежде таскали носилки с ранеными, эта гнусная публика радостно обсуждала, как замечательно опрокинуто стремление властей к порядку и спокойствию в стране. «Пусть теперь попробуют говорить о безопасной Беларуси!» — ликовали они, когда девчонка с окровавленными коленями ползала по асфальту и искала мобильник, чтобы позвонить маме. «Наконец–то это сонное быдло встряхнется!» — потирали руки свободолюбивые и гуманные «комментаторы», пока чей–то родной человек умирал в больнице”. (Крыніца: http://www.sb.by/post/115266/)

Такую лексіку, стыль (і адпаведную палітыку) нашае грамадзтва ўжо крывава перажыло ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Паўтарэньне чагосьці падобнага цяпер становіцца фарсам. Але гісторыя паказвае, што і фарс можа стацца крывавым і ня менш разбуральным для культуры і нацыі.

Лукашэнку так ня церпіцца хутчэй выканаць свой сцэнар, што ён, як актор-неўрастэнік, не вытрымлівае ніякіх, нават мінімальных, паўз. Учора загадаў “раскрыць” – сёньня ўсё і “раскрылі” (нават з перавыкананьнем пляну). Адразу ж у гэты дзень узурпатар аб’явіў “асабістую падзяку” усім, хто нібыта “раскрыў” злачынства, распарадзіўся ўсіх узнагародзіць дзяржаўнымі ўзнагародамі і грашовымі прэміямі. Усё – за суткі, як у Хлестакова: “Усё напісаў, усіх зьдзівіў”. Засталося толькі задушыць апазыцыйнае грамадзтва і ўсіх нязгодных. Але тут ужо пачынаецца нешта падобнае на “клініку”. Ня буду казаць пра хамства, пра нізкі ўзровень культуры і лексікі (факт ёсьць факт – такі чалавек мае абсалютную ўладу ў Беларусі), але тое, аб чым і як ён цяпер гаворыць, паказвае, што ўзурпатар губляе кантроль над сабой і знаходзіцца ў стане нэрвовага сіндрому нянавісьці, якая паліць яго знутры.

16-га красавіка на прэс-канфэрэнцыі, камэнтуючы закіды, што ён хоча скарыстаць выбух у мэтро, каб зьнішчыць апазыцыю, Лукашэнка кажа: “Я занадта самаўпэўнены і горды чалавек, я сабе не дазволю такімі мэтадамі глядзець на гэту мразь”. І тут жа – пра нязгодных: “Што вы зьдзекваецеся з простых людзей, — фальшыва апэлюе Лукашэнка, — што вы іх палохаеце?.. Што вы вякаеце там за нейкую замежную капейку, пачынаеце патрашыць грамадзтва… (наўпроставы намёк на прыналежнасьць апазыцыі да выбуху ў мэтро і сьмерці людзей. – З.П.). Хто павылазіў – Багданкевіч, Кебіч, Казулін… і іншыя, як Лебядзько, якіх я выпусьціў з турмы. А ён сёньня вякае. Гэта ж падонкі! Вы хоць дзякуй скажэце, што прэзыдэнт вас выпусьціў з гэтай камэры. (Крыніца: http://www.sb.by/post/115497/)

Такім чынам, мэты і задумы ўзурпатара відавочныя (ён іх, фактычна, не хавае). Лукашэнка імкнецца скарыстаць трагедыю ў Менскім мэтро для вынішчэньня грамадзянскай супольнасьці, беларускага руху і ўсіх нязгодных з варварскай палітыкай антыбеларускага рэжыму.

Іншае пытаньне, якое адразу паўстала пасьля выбуху, — хто і зь якімі мэтамі яго зрабіў? Уся логіка і тыпалогія гэтай дыверсіі паказвае, што яна тыповая для падрыўной дзейнасьці спэцслужбаў і самой дзяржаўнай улады (Расея тут – характэрны прыклад).

Іншыя магчымыя варыянты арганізатараў – гэта расейскія спэцслужбы, эканамічная мафія (“разборкі”) і псіхічна зацыклены бамбіст-адзіночка.

Сумбур у сьледчых дзеяньнях (працу якіх, хутчэй за ўсё, дэзарганізаваў сам Лукашэнка) паказвае аднак, што існуе тэндэнцыя зваліць усё якраз на прызначаную асобу, на “адзіночку” (псіха-токара-электрыка), асудзіць яе па вышэйшай катэгорыі і зачыніць справу. Праблема, відаць, толькі ў тым, каб зьвязаць бамбіста (хоць бы ўскосна) зь нейкай апазыцыйнай асобай ці арганізацыяй (каб можна было спасылацца).

Подласьці і цынізму чэкістаў-лукашыстаў ужо даўно ня трэба зьдзіўляцца. Яны здольныя на гнюснасьці, да якіх нармальны чалавечы розум не дадумаецца. Прыкладаў дастаткова. Самае галоўнае, што іх характарызуе, — непавага да чалавечага жыцьця (якое ня мае ў іх ніякага значэньня перад палітычнай неабходнасьцю). У 90-х гадах яны ўжо паспрабавалі забіваць людзей па адным, але сустрэліся з адчувальным супрацівам у грамадзтве (якога, відаць, не чакалі). Тады не дайшло да масавых забойстваў людзей. Забойства ў Менскім мэтро 11-га красавіка ёсьць масавае забойства. Такога Беларусь ня ведала з часоў СССР. Пяройдзена вельмі небясьпечная мяжа, за якой могуць паўстаць іншыя забойствы. І калі сьледзтва будзе весьціся так, як хоча Лукашэнка, калі адбудзецца фальшывы і пасьпешны суд і потым схаваюць “канцы ў ваду”, то няма мовы – адказнасьць ва ўсім (бяз тэрміну даўніны) мусіць панесьці рэжым і канкрэтна – Лукашэнка, які самым брутальным і валюнтарысцкім чынам на сьледзтва ўплывае, патрабуе і камандуе.

Для беларускага грамадзтва цяпер вельмі важна кансалідавацца на патрабаваньні высьветліць праўду аб арганізатарах і выканаўцах масавага забойства ў Менскім мэтро. Існуюць многія формы грамадзкага назіраньня за судовым працэсам, але істотна, каб у гэтых абставінах назіральнікам можна было б нармальна дзейнічаць і працаваць. Гэта ня простае пытаньне ў цяперашняй Беларусі. Мы бачым як Лукашэнка пачаў кіпяціцца з першага ж дня сьледзтва, каб прыдушыць незалежныя думкі і меркаваньні.

Адной з разбуральных асаблівасьцяў незаконнай улады і кіраваньня Лукашэнкі ёсьць раскол грамадзтва на аснове нянавісьці. Па сваёй прыродзе Лукашэнка ня ёсьць чалавекам эўрапейскай мэнтальнасьці. Усіх, хто ня згодны зь яго справамі і думкамі, ён успрымае як ворагаў, зь якімі трэба змагацца, якіх трэба ненавідзець, а ў выпадку небясьпечнага “варожага” дзеяньня – зьнішчаць. Яго паводзіны і адносіны да іншадумцаў пасьля выбуху ў мэтро якраз характэрна ілюструюць мэтодыку і псіхалёгію такога кіраваньня.

На жаль, беларускі народ стаў закладнікам гэтай шчарбатай хваравітай псіхікі ўзурпатара. У выніку вялікая людзкая трагедыя і ахвяры ў мэтро становяцца полем барацьбы ўлады зь нязгоднымі беларусамі і нязгодных беларусаў з антыбеларускай уладай. Канца гэтай (часам бяссэнсавай) барацьбы ня бачна, пакуль будзе рэжым узурпатара, бо Лукашэнка і ягоны рэжым ня ў стане існаваць бяз ворагаў, без зьняваг і нянавісьці. Пазбаўленьне ад псіхапата ёсьць цяпер – асноўная палітычная задача нашага грамадзтва.

16 красавіка 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК

18/4/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2011
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024