Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ПАРА СТАВІЦЬ КРОПКІ НАД “І”

Мінула 40 дзён пасьля міліцэйскага нападу на народ 19-га сьнежня мінулага году ў дзень выбараў у Менску. Узурпатар задаволены сабой, хваліцца, што без яго каманды нічога не рабілася. Словам, беспакарана любуецца тым, што натварыў.

У грамадзтве тым часам мінае першы стрэс, і яно са зьдзіўленьнем і страхам пачынае прыглядацца да таго, што адбываецца. Для некаторых гэта як пабудка пасьля доўгага сну. Цьвярозыя рацыянальныя галасы былі ад пачатку, але яны губляліся ў сфэры эмоцыяў і абурэньня, і найгорш — у паветры штучнай гераізацыі схопленых закладнікаў – кандыдатаў у прэзыдэнты, дзеяньні якіх уражліва супярэчылі ўзьнятаму пафасу.
Складанасьць у тым, што ў гэты час нельга было рабіць палітычную ацэнку іхным паводзінам, каб не даваць магчымасьці для подлых спэкуляцыяў і падтасовак з боку рэжыму. Усе яны былі схоплены незаконна, і, каб спыніць масавыя рэпрэсіі, трэба было ліквідаваць падставу – вызваліць закладнікаў з турмы. (Адзначу, што рэальных правакатараў, арганізаваных рэжымам, тых, што білі шыбы, якраз і не затрымалі.)

Антынароднаму рэжыму, па вялікаму кошту, усяроўна, хто там быў і што там было на самой справе, бо дзейнічае ўжо схема арганізаванай ім правакацыі супраць усяго беларускага народа (дакладней – супраць сьвядомай і актыўнай яго часткі). Гэтую схему цяпер і раскручваюць. Сотні людзей згрэблі з плошчы, не разьбіраючыся (нават разам з агентурай), і тут жа распачаліся плянамерныя рэпрэсіі ў сістэме паўзучага генацыду беларусаў, які лукашысцкі рэжым вядзе ўжо 16 гадоў. Махавік закручаны, машына нішчэньня запрацавала.

Для таго, каб завесьці такую вынішчальную машыну, рэжыму патрэбныя былі ня толькі выканаўцы (міліцыя і КГБ), але, перш за ўсё, — пасобнікі, статысты і кіруемая апазыцыя.

Наша шматгадовая мэтадычная фронтаўская праца па байкоту фальшывых выбараў рэжыму дала свой плён у 2008 годзе. Сытуацыя пацьвердзілася на мясцовых выбарах у 2009-м. У гэты час людзі перасталі хадзіць на рэжымныя выбары, узьніклі новыя настроі ў грамадзтве, зьявіліся пэўныя прыкметы нацыянальнай кансалідацыі. Неабходна было разьвіваць і пашыраць такія тэндэнцыі. Прэзыдэнцкія выбары плянавалася спаткаць жорсткім байкотам, каб ня даць магчымасьці рэжыму сарваць гэты грамадзкі пратэстна-кансалідацыйны працэс.

Небясьпека, аднак, зыходзіла ад Эўразьвязу (які мог зноў пагнаць сваю залежную “апазыцыю” на тупіковыя выбары) і з Масквы, адкуль чакалася маштабная правакацыя.

Тым часам пагроза прыйшла непасрэдна з рэжыму. Прытым тактычна і стратэгічна плян рэжыму быў настолькі дзёрзкі, што пазьней нам прышлося адмовіцца ад прапаганды плошчы і на хаду яму супроцьстаяць, вызначаючы прыярытэты ў дзеяньнях, але (што фатальна) страціўшы палітычную ініцыятыву. Ініцыятыву перахапіў рэжым.

На выбарчую арэну выпусьцілі вялікую групу так званых “дэмакратычных” кандыдатаў у прэзыдэнты і падстаўных асоб, забясьпечылі ім рэгістрацыю і магчымасьць публічна выказвацца. Іхныя выказваньні, заклікі і крытыка рэжыму (у асноўным цалкам абгрунтаваная) штурхнулі на галасаваньне тых, хто не зьбіраўся галасаваць. Людзі пачулі крытычныя, рэзкія словы спарынг-кандыдатаў і паверылі ў ілюзію перамогі. Фальсіфікацыйная машына (дзе галасы ня лічаць) зноў атрымала свой напаўняльнік (сваё “паліва” для працы) – электарат, які прышоў галасаваць. Астатняе ўжо ня мела значэньня. Машына зрабіла сваю справу.

Тут яшчэ раз адзначу агульнае палажэньне. Дыктатара немагчыма перамагчы на выбарах. Такіх прыкладаў гісторыя ня ведае. Але шляхам сістэмнага выбарчага супраціўленьня ягоныя выбары можна перакуліць, падвесіць дыктатара над пустатой без фармальнай і рэальнай апоры на бальшыню людзей, урухоміць працэс слабеньня дыктатуры і ўзмацненьня кансалідаванага грамадзтва. Мэтад на выбарах дзеля гэтага існуе толькі адзін – байкот. Байкотам выбары не выйграюць. Байкотам выбары – нішчаць, бо пры дыктатуры выбары ёсьць зброя дыктатуры. Байкот – гэта народная барацьба, якая мае працяг.

Небясьпеку байкоту якраз выдатна разумее “просты” “калгасны” Лукашэнка (які сваёй грубай першабытнай палітыкай увесь час пацьвярджае, што на ўсялякага эўрамудраца хапае прастаты). Групу дэмакратычных кандыдатаў (клоунаў, як называлі іх у дыскусіях) ён ня толькі скарыстаў для адмовы часткі людзей ад байкоту, але яшчэ і выкарыстаў для прыкрыцьця заранёў задуманай правакацыі з “масавымі беспарадкамі”.

Сытуацыя для беларусаў магла стацца проста трагічнай, калі б правакацыя не правалілася. Гаворачы лапідарна, рэжым ня здолеў яе “прафэсійна” арганізаваць і ажыцьцявіць. (Сыграла заканамернасьць, што подлыя справы робяць, як правіла, дурныя людзі.) Правакатары аскандаліліся.

Цяперашняя валтузьня рэжыму, імкненьне сшыць са свайго правалу “масавыя беспарадкі” (якіх не было) і намаляваць “дзяржаўны пераварот” выклікае ў грамадзтве толькі абурэньне і злосьць, працуе супраць рэжыму.

Але гэта чужы рэжым. Яму абсалютна не абходзяць думкі і настроі людзей у той час, калі ён вяршыць “вялікую гістарычную задачу” – вынішчэньне беларускай нацыі (Лукашэнка, 2006 г.)

Грубая правакацыя і гвалт, што ўчыніў над людзьмі Лукашэнка, зноў паказала асаблівую непрыстойнасьць, нікчэмнасьць і поўную безадказнасьць перад народам так званай “падстаўной” апазыцыі – гэтага збочанага стварэньня Ганса Віка і КГБ.

Усе спарынг-кандыдаты заклікалі людзей прыйсьці галасаваць і адначасна рэфрэнам гучэла – прыйсьці на плошчу. Але адразу было бачна (і выявілася потым), што ніякага адзінага пляну зьбіраньня людзей на плошчу ў іх не было. І не магло быць, бо для гэтага патрэбны адзін агульны лідар, адна агульная ідэя, адна агульная задача і структурная арганізацыя, здольная арганізаваць парадак і працэс падзеяў. Такога не існавала. Людзей клікалі бяздумна, а некаторыя спарынг-кандыдаты яшчэ прыгаворвалі, што да канца рэжыму Лукашэнкі засталося столькі і столькі дзён, што 20-га сьнежня ўсе прачнуцца ў новай Беларусі і г. д. Гэта ёсьць звыш безадказнасьць у палітыцы, бо такія пустыя фразы абсалютна нічым не былі забясьпечаныя. Тым часам наіўныя людзі маглі ім паверыць. А потым – расчараваньне.

Я ўжо пісаў раней, што калі спарынг-кандыдаты прыйшлі на плошчу Каліноўскага, то ўсе яны разгубіліся, ніхто ня ведаў, што рабіць. Тады прыдумалі навіну. Параіліся і аб’явілі, што стварылі тут між сабой “Урад народнага даверу”. Аж сорамна нават пераказваць, што дарослыя людзі маюць такія падлеткавыя літаратурныя ўяўленьні пра палітычную барацьбу. Для такіх палітыка – гэта нібы забаўка, гульня “у партызаны”.

Зразумела, што ў такой атмасфэры для агентуры не ўяўляла ніякай цяжкасьці саштурхнуць людзей на праспэкт і павесьці на плошчу Незалежнасьці. Туды бязвольна пацягнуліся і спарынг-кандыдаты. Але куды? Навошта? Яны ж ужо не кіравалі гэтай масай людзей.
Можна задаць шмат пытаньняў, але яны бессэнсоўныя для безадказных інфантыльных правальшчыкаў.
Нават ужо будучы “ў мяшку”, на плошчы перад статуяй Леніна, калі правакатары рэжыму пачалі біць шыбы, спыніць іх, схапіць і аддаць міліцыі – было справай (калі меркаваць па вопыту Народнага Фронту) усяго двух-трох хвілінаў. Але, паўтараю, дзеля гэтага патрэбна было мець адказнасьць за арганізацыю сур’ёзнай справы і наяўнасьць самой арганізацыі. Спарынг-кандыдаты і тут паказалі сябе як клоуны, ня здольныя адэкватна ацаніць, што адбываецца, і прыняць рашэньне.

Пытаньне аб адказнасьці за вынікі падзей зьвязанае з пытаньнем матывацыі дзеяньняў. Нельга пагадзіцца зь меркаваньнем некаторых асобаў з нармальнай (скажам так, агулам) “непадстаўной” народнай апазыцыі, што спарынг-кандыдаты сьведама выконвалі сваю падстаўную і зазывальную ролю (хоць між імі ёсьць і вырабленыя правакатары). Гэтыя людзі (акрамя Някляева) кіраваліся, перш за ўсё, сваімі прыватнымі (асабістымі, партыйнымі, амбіцыйнымі і т. п.) інтарэсамі, а ўжо потым – інтарэсамі Беларусі. Адсюль і вынік. (У гэтым, між іншым, мэнтальная сутнасьць псэўдаапазыцыі і ўсялякай нацыянальна не арыентаванай палітыкі.)

Відавочна, што яны нічога не плянавалі, нічога па сутнасьці не разумелі (і не чакалі) і нічога ня здольныя былі вырашыць. Тэст на іхнюю палітычную якасьць адбыўся 9-га сьнежня 2010 года, калі Лукашэнка раптам паехаў у Маскву, сустрэўся са сваім нібыта “ворагам” Мядзьведзевым, падпісаў шкодныя для Беларусі дакуманты па Адзінай Эканамічнай Прасторы, атрымаў абяцаньні на бязмытную пастаўку нафты і, задаволены, вярнуўся ў Менск. Нават людзям, далёкім ад падзей, павінна была цяпер стаць зразумелай уся гэтая рэптыльная выбарчая палітыка калгаснага камбінатара.

Адразу зрэагаваў Уладзімер Някляеў і 9-га сьнежня прапанаваў усім спарынг-кандыдатам разам зьняцца з фальшывых выбараў. (Гэта была б магіла для ўсёй лукашысцкай выбарчай афёры.) Спарынг-кандыдаты Някляева не падтрымалі. Палова нават не разумела сэнсу яго прапановы. А вырашаўся, фактычна, лёс Беларусі (і іхны асабісты — таксама). Далей сталася так, як сталася.

Людзей пабілі, зьняважылі, пакалечылі, адмучылі ў арыштанцкай турме. Крымінальнай і нават адміністрацыйнай віны спарынг-кандыдатаў у гэтым няма. Яны не плянавалі і не рабілі правакацыі, і нават па неразуменьні сваім не здагадваліся пра яе падрыхтоўку рэжымам. Аднак на іх ляжыць віна палітычная. Гэта якраз з-за іхняга неразуменьня, бесталкоўя, эгаізму, самазамілаванасьці ды з-за безадказнасьці за лёсы людзей, якіх яны паклікалі сабрацца, сталася магчымасьць для выкананьня антынароднай правакацыі рэжыму. Гэтыя кандыдаты прадэманстравалі сваю палітычную нясьпеласьць, несур’ёзнасьць у палітыцы і ганебнае неразуменьне палітычнага праціўніка (тое, што адбылося, сталася для іх нечаканасьцю). Такіх “кандыдатаў” лепш бы і на сто кілёмэтраў не падпускаць да прэзыдэнцкіх выбараў.

Якасьці нацыянальнага палітыка тут выявіў толькі “непалітык” паэт Някляеў і, перш за ўсё, — адказнасьцю за свае паводзіны і гатоўнасьцю прыняць рашэньне на карысьць Беларусі коштам сваіх інтарэсаў.
Рэжым яго адразу “вылічыў”. Для рэжыма небясьпечная сама асоба такога чалавека, які мог станоўча ўплываць на людзей. Таму яшчэ ў час галасаваньня на яго арганізавалі міліцэйскі напад і жорстка зьбілі, а потым, у крытычным стане, выкралі са шпіталю. Зь Някляева лукашысты якраз і плянуюць зрабіць галоўнага сядзельца (і прадмет гандлю таксама).

Увогуле, што да асобы паэта ў палітыцы, то яшчэ ў траўні мінулага года ў артыкуле “Шануйце ж мову нашу, беларускую” я даваў зразумець, што прызначэньнье Някляева ў чужым праекце “говори правду” – гэта выканаць сваю функцыю і паўтарыць шлях Казуліна. Вопыт паказвае, што тлумачыць людзям нешта такое – бессэнсоўна. Ўсяроўна пойдуць дарогай, якая наканавана, нават калі справа йдзе аб цане жыцьця (і за панюшку табакі).

Думкі паэта, выказаныя ў той час, бянтэжылі сваёй наіўнасьцю і прамаскоўшчынай. Нічога з таго, што ён казаў, ажыцьцявіць было немагчыма, бо “говправда” – гэта чужая беларускай нацыянальнай ідэі і палітыцы структура, нашпігаваная агентамі і кіруемая агентурай, якая зьляцелася на халяўныя грошы, як мухі на гной. У рэальнасьці Някляеў (у пляне нацыянальнага сьветапогляду) быў там адзінокі. Тыповая сытуацыя ахвяры.

У канцы лета зьявіліся неправераныя зьвесткі зусім дрэнныя – аб будучых выбухах на плошчы ў час выбараў (нібыта праект Масквы) і аб магчымай ахвяры (такой ахвярай мог стаць Някляеў).
11-га сьнежня 2010 г. (пасьля вяртаньня Лукашэнкі з Масквы) Уладзімер Макей сам аб’явіў пра выбухі. Стала зразумела, што чуткі былі невыпадковыя, і што “выбухаў” ня будзе. Рэжым задзейнічаў іншы сцэнар, які праваліў з трэскам, але робіць выгляд, што ўсіх абдурыў і ўсё ўдалося.

Лукашэнка ўжо зноў пачаў гандаль з Эўразьвязам. Некалькі асобаў выпусьцілі з турмы пад падпіску аб нявыезьдзе. Некалькім стварылі турму дома, перавёўшы з камэры ў кватэру. Чакаюцца яшчэ іншыя маніпуляцыі. І Эўразьвяз клюне. Клюне – раней ці пазьней, бо такая прырода ягонай палітыкі.

Усё залежыць тут ад беларускага грамадзтва, ад яго здольнасьці да барацьбы за нацыянальныя інтарэсы. Першым пунктам такой барацьбы павінна стаць патрабаваньне аб безумоўным вызваленьні ўсіх схопленых і арыштаваных і аб спыненьні ўсялякіх надуманых крымінальных справаў супраць гэтых людзей.
Мусяць быць спыненыя ўсе рэпрэсіі людзей, ператрусы, хапаньні, допыты і рэквізіцыі маёмасьці. Уся незаконна забраная і канфіскаваная маёмасьць павінна быць вернутая ўладальнікам. Ніякіх перамоваў Эўразьвязу з рэжымам ня можа быць без выкананьня гэтых умоваў і патрабаваньняў. У адваротным выпадку гэта стане, фактычна, непавагай да народу Беларусі.
Другім пунктам мусіць стаць патрабаваньне і падрыхтоўка новых выбараў без Лукашэнкі. Трэба ствараць і пашыраць Рух за ажыцьцяўленьне гэтай задачы, якая цалкам вырашальная пры вялікай грамадзкай актыўнасьці.

І трэцяе, што трэба вырашыць (прынамсі, актыўнай частцы і эліце нашага грамадзтва) – гэта зрабіць правільныя высновы з прычынаў і вынікаў пабіцьця народа 19-га сьнежня 2010 г. у Менску.
Супраць антынацыянальнай антыбеларускай тыпова акупацыйнай палітыкі гэбісцкага рэжыму Лукашэнкі мы, грамадзтва, мы – беларусы, мусім супроцьпаставіць беларускую нацыянальную палітыку сьведамага народа, і толькі зь ёй на вуснах, у галовах і сэрцах, пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і дзяржаўнай Пагоняй мы пераможам, зьнішчым гэтую чужую, цёмную сатанінскую ўладу.

31 студзеня 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК

2/2/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2011
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024