Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка 29)

Перад тым як увайсьці ў Грозны, Гелаеў выкарыстаў наступны манэўр. Каб адцягнуць увагу ад месца, дзе вялікія сілы ваяроў меліся ўвайсьці ў горад, Дока Умараў зрабіў падманны наступ на Урус-Мартан, галоўны цэнтар апазыцыі. Гэтая хітрасьць дала чакаемы вынік, апазыцыйныя атрады кінуліся бараніць мястэчка. Ваяры, аднак, панесьлі страты – аднагао забітага і двух параненых. Галоўныя сілы групоўкі Докі увайшлі ў Грозны практычна без баёў і стратаў.

Ужо ў першыя хвіліны бою атрад Гелаева патрапіў у засаду, наладжаную чачэнскімі рэнэгатамі з атрада Ганцемірава. Гэта здарылася ў фабрычным квартале на вул. Дагэстанскай. “Я йшоў па дарозе з маімі хлопцамі, калі нехта рэзка крыкнуў мне па-чачэнску – стой! – распавядае Гелаеў. – Я спыніўся, адразу зразумеў, што гэтыя людзі хочуць біцца. Мне падказала гэта інтуіцыя. Яны крычаць – кідайце зброю! Я падняў аўтамат і кажу па-чачэнску – вы што?! Што нам тут кідаць ці ня кідаць? Мы ваюем з расейцамі. Ідзіце па хатах, ніхто вас не кране. Досыць ужо хадзіць за гэтымі шакаламі, як сабакі. А яны мне – досыць балматаць, кідай зброю! Кідай! Кідай! – крычаць яны такімі страшнымі галасамі… Кінуць зброю чачэнцу цяжка, тым больш жаўнеру. Я ня кінуў. Яны першыя адкрылі агонь. Яны добра схаваліся і акапаліся, а мы ішлі па асфальце і ня мелі дзе схавацца. Трапілі ў мяне трыма кулямі, адна ўдарыла ў плячо, дзьве прабілі толькі скуру пад пахай. Я ўпаў на плечы. Убачыў, як побач укленчыў мой таварыш яшчэ з Абхазіі, страляе з калена. Я яму крыкнуў, каб ён клаўся і тады яму патрапілі ў жывот. Ён павольна хіліўся да зямлі і працягваў страляць, а ў яго траплялі наступныя кулі. Хлопцы адкрылі ўраганны агонь, але тыя таксама. Нашы гінулі адзін за адным. Забілі шасьцёх маіх старых баявых таварышаў, якія былі са мной з 1991 года. Калі я гэта ўбачыў, я выпрастаўся і пайшоў прэч з гэтага асфальта. Мне было неяк абыякава, заб’юць мяне ці не.”

Гэты незвычайны момант быў зазьняты на камэру журналістам, які здымаў увесь бой. Побач з Гелаевым загінуў тады Дэнілбэк Джамалханаў, адзін з трох братоў, якія аддалі жыцьці на гэтай вайне. Двое – Дэнілбэк і Шамхан служылі ў гелаеўскім спэцназе. Шамхан загінуў у сакавіку 1996 г. падчас дывэрсійнай акцыі ў Грозным.

На наступны дзень ваяры Докі абкружылі і ліквідавалі атрад рэнэгатаў, які абстраляў групу Гелаева. Апазыцыйныя групоўкі Ганцемірава згубілі тады непасрэдны кантакт з фэдэральнымі войскамі, і дарога на Грозны праз фабрычны квартал была адкрыта. Ваяры з маршу, на працягу першай паловы дня занялі тэрыторыю квартала, Дом Друку, заводы “Красный Молот” і ўсе важныя аб’екты, што былі на іхнай дарозе. Расейскія жаўнеры практычна не супраціўляліся, здаваліся ў палон або ўцякалі ледзь убачыўшы ваяроў.
Атрады Ісрапілава распачалі баі ў квартале Акцябрскай, заатакавалі будынак раённага аддзелу МУС, мэрыю, камэндатуру, занялі таксама скрыжаваньне гудэрмэскай і ханкальскай трасаў. Вялікая групоўка фэдэральных войскаў з 15-й вайсковай часткі была абкружана. Ваяры занялі пазыцыі ў раёне крамы “Луч” і паводле пляну забясьпечылі падыходы да суседніх сэктароў баявой зоны. Яны заблакавалі 101-ю і 202-ю расейскія брыгады, не даючы ім ніякай магчымасьці манэўру. Праз дзяльніцу Мічурына падышлі пад Ханкалу і распачалі абстрэл расейскай базы. Тры сваіх атрады Ісрапілаў паслаў у цэнтар горада – на вул. Першамайскую, у 9-ты гарадзкі шпіталь і ў Чарнарэчча.

Будынак ФСБ штурмаваў з 6 жніўня атрад Нурдзі Бажыева з 70 чалавек. Нурдзі быў зноў паранены ў гэтым баі, куля патрапіла каля сэрца і прашла ў некалькіх мілімэтрах ад пазваночніка. Ён вярнуўся ў шыхты ўжо праз чатыры дні.

Навурскі батальён блакаваў вул. Першамайскую, па якой спрабавалі прабіцца ў цэнтар расейскія калёны з Паўночнага аэрапорту і раёну завода “Красный Молот”.
7 жніўня каля абеда батальён імя Джахара Дудаева з 20 чалавек пад камандваньнем Алмана Бакаева меў падтрымку 10 людзьмі з палка Нурдзі Бажыева. Яны прыступілі да штурму інтэрната афіцэраў ФСБ. Будынак каля цэнтральнага рынку абаранялі каля ста “фээсбэшнікаў”. Інтэрнат спалілі дашчэнту, абаронцы загінулі ў полыме. Чачэнскія страты: трое параненых, у тым ліку тэлежурналістка Хазман Умарава, якой у руку трапіў аскелак танкавага снарада.

Полк горных стралкоў “Ічкерыя” 6 жніўня заняў пазыцыі вакол крамы “Луч”, насупраць 15-й вайсковай часткі. Побач знаходзіліся іншыя чачэнскія атрады, сярод іх 4-ы асобны дэсантна-штурмавы батальён Казбэка Бадаева, які ўваходзіў у склад брыгады Басаева. Праз іхныя пазыцыі прарываліся ў цэнтар горада аддзелы спэцназу МУС. 9 жніўня расейцам удалося ўварвацца ў будынак школы №30, дзе знаходзіўся штаб палка “Ічкерыя”. На дапамогу прышлі атрады Хункар-пашы Ісрапілава і Абу Маўсаева, што змагаліся па суседству. Басаеў прыслаў таксама на дапамогу атрад Суліма Ямадаева з Гудэрмэса.

На думку Хункар-пашы Ісрапілава, нягледзячы на падрабязную распрацоўку пляну, хада апэрацыі “Джыхад” была суцэльнай імправізацыяй. “Апэрацыю, якую заплянавалі раней, так і не правялі. Усё тактычна адпрацоўвалі падчас бою. Камандзёры не прыбылі ў горад сваечасова. Большасьць камандзёраў прыбылі ў Грозны не 6 жніўня, а толькі 8, а некаторыя 11 жніўня”.

Таксама і Алман Бакаеў, камандзёр батальёну імя Джахара Дудаева, мяркуе, што на працягу першых трох дзён апэрацыі ў Грозны ўвайшлі толькі 300-400 чалавек. “Толькі тады, калі стала зразумелым, што горад можна сапраўды захапіць, астатнія кінуліся ў атаку. Многія ваяры былі супраць гэтай акцыі. Яны сьцьвярджалі, што 6-е сакавіка ня ўдасца паўтарыць, што расейцы могуць атачыць і зьнішчыць усе чачэнскія сілы”.

Фэдэральныя войскі ў абкружэньні

Шатойскі батальён пад камандваньнем Лечы Мачукаева прыбыў у Грозны 6 жніўня ўвечар, разам з іншымі аддзеламі Гелаева. Ваяры атрымалі ад Басаева загад атакаваць разам з Навурскім батальёнам Тавуса Багураева ўздоўж вул. Першамайскай. Уначы, у поўнай цемры батальён заняў зыходныя пазыцыі перад атакай у 10-павярховым будынку. Каля 4.00, калі пачаўся сьвітанак, мула, які рыхтаваўся да першай малітвы, убачыў, што тэрыторыя вакол батальёна кішыць расейцамі. Паўсюль былі бачныя танкі і жаўнеры, што спалі. Бліжэйшыя зь іх былі ў 30 мэтрах. “Нурдзі Бажыеў навучыў нас адной рэчы – хто ідзе з шумам, таго трэба прыкончыць, бо з-за такога чалавека можна пакласьці цэлы батальён. – тлумачаць свае тадышнія паводзіны ваяры з Шатоя. – Мы ня бачылі расейцаў, але і яны нас таксама не. А 4.15 мы адкрылі агонь. Бой працягваўся пяць гадзін. У нашым батальёне было 90 чалавек. Мы атакавалі групамі па 15. Расейцы ўпалі ў паніку, яны не чакалі контратакі. На даху хмарачоса мы паставілі АГС і мінамёт, здабыты ў Шатоі. Там мы ўзялі ў палон шасьцёх наймітаў, якіх расстралялі на месцы”.
Ваяры перадалі расейцам ультыматум і заклікалі на перамовы. Расейскае камандваньне прыслала ліст з цывільным чалавекам. Распачаліся перамовы. Расейскі палкоўнік прызнаў, што страціў у баі два ўзвода выведкі, разам амаль сто чалавек. Калі Мачукаеў сказаў, што мае толькі чатырох параненых, зь якіх трое пайшлі пешкі на перавязачны пункт, палкоўнік амаль не расплакаўся. “За што я паклаў маіх хлопцаў!”
Чацьвертым чачэнскім параненым быў брат Лечы Мачукаева Ламалі, які дастаў шэсьць куль з аўтамата.
Ісрапілаў зламаў абарону жаўнераў абкружаных 101-й і 202-й брыгадаў ужо 13 жніўня. “Мы пераконвалі расейцаў, каб яны здаліся. У іх не было ўжо ані вады, ані ежы, ані амуніцыі. Яны пачалі лавіць сабак, ганяцца за катамі. Звонку да іх спрабавалі прабіцца з харчаваньнем, бралі закладнікаў, пагражалі, што расстраляюць іх, калі мы не прапусьцім ваду, прысылалі да нас жанчын, якія пераказвалі гэтыя пагрозы. Я адказаў – гэтыя закладнікі расейцы, расстрэльвайце іх, нас гэта не хвалюе. У нас не было тады іншага выйсьця, яны павінны былі не ўбачыць нават найменшай праявы спачуваньня з нашага боку. Яны зламаліся, распачалі перамовы. Яшчэ тройчы да іх спрабавалі прабіцца аддзелы з 15-й вайсковай часткі, але мы іх адбілі.

“Расейскія жаўнеры, якіх мы абкружылі, праз некалькі дзён паставілі ўльтыматум – калі мы не дамо ім паўвядра вады, то яны пойдуць у атаку – успамінае Асланбэк Цэрымбулатаў з брыгады Ісрапілава. – Ня ведаю, якім чынам яны хацелі такой колькасьцю вады заспакоіць смагу 400 людзей. Мы разьбілі гэтую групу, 150 палеглі, 180 здаліся. Усе яны былі абутыя ў навюсенькія імпартаваныя адзідасы, якія недзе скралі. А на нагах аднаго маёра мы ўбачылі новыя скураныя пантофлі. Ён пераконваў нас, што нядаўна купіў іх у вайсковай краме. Толькі ня мог успомніць, дзе знаходзіцца гэтая крама”.

10 жніўня група расейскіх жаўнераў унутраных войскаў заняла гарадзкі шпіталь №9, у якім знаходзілася 300 параненых і хворых, 100 членаў іхных сем’яў і 30 асобаў пэрсаналу. Раней кіраўніцтва шпіталя дамовілася з атрадам Хізіра Хачукаева, які дзейнічаў у раёне шпіталя, што ваяры ня будуць уваходзіць на яго тэрыторыю. Расейцы абышліся з пэрсаналам шпіталя і хворымі як з жывым шчытом. Адзін з афіцэраў сказаў, што яны “паўтараюць дзеяньні Басаева”. Мэдсёстраў Зулу Сулейманаву і Таіту Кутуханаву паставілі каля сьцяны і прыгразілі, што расстраляюць. Будынак шпіталя замініравалі.

Расейскі аддзел быў адведзены да сваей галоўнай часткі пад прыкрыцьцём ста закладнікаў з пэрсанала і пацыентаў шпіталя. Падчас гэтай эвакуацыі каля калёны выбухнула міна з мінамёта і адбылося нешта рэдкае на гэтай вайне – адзін з расейскіх жаўнераў засланіў сабой чачэнскую санітарку. Калі, аднак, закладнікі вярталіся назад і знаходзіліся на двары шпіталя, расейская частка адкрыла па іх агонь з мінамётаў. Загінула 23-гадовая Таіта Кутуханава, аскелкі паранілі двух лекараў і дзьве мэдсястры.
Тым часам у раёне шпіталя №9 ваявала група дабраахвотнікаў з 6 чалавек з вёскі Майртуп, якую падтрымлівалі некалькі хлопцаў з Гелдэгена. Дабраахвотнікі ўзялі ў палон чатырох спэцназаўцаў з групы “Оборотень”. Магамэд Карыеў успамінае: “На дапамогу сваім удалося прарвацца тром бронемашынам, але ўсе тры патрапілі пад наш агонь. Дзьве згарэлі на месцы, адной удалося ўцячы. Адразу пасьля гэтага чатырох спэцназаўцаў уварваліся ў бліжэйшы дом і ўзялі ў закладнікі чачэнскую сям’ю. Каб выратаваць жыцьцё гэтым людзям, мы пачалі перамовы. Чачэнскіх цывільных мы выратавалі, а “Оборотні” здаліся нам на ласку. Гэтыя людзі, што чакалі цяпер ад нас міласэрнасьці, мелі за плячыма шмат месяцаў вайны, а двое зь іх былі ўзнагароджаны ордэнамі. У гэты час вялікая група спэцназаўцаў узяла ў закладнікі ўвесь пэрсанал і хворых у шпіталі. Іх урэшце трэба было выпусьціць, а разам зь імі – нашых чатырох палонных”.

Дарогу з Ханкалы ў цэнтар горада блакаваў у раёне трамвайнага дэпо таксама Башыраўскі Зандацкі полк Айдаміра Абалаева. Ваяры, якія мелі ўжо дастатковы досьвед вулічных баёў, штодня займалі адну-дзьве вуліцы, што прылягалі да праспэкта Леніна. Яны выкарысталі факт, што расейцы штовечар пакідалі свае пазыцыі і адыходзілі ў тыл. Разам расейцы пачуваліся больш упэўнена. Уначы камандзёр палка асабіста ішоў у разьведку, праглядаў навакольле, а на золку ваяры займалі пакінутыя тэрыторыі. На працягу дня яны замацоўваліся на новых пазыцыях. На наступны дзень усё паўтаралася зноў. Такім чынам яны занялі тэрыторыю да самага трамвайнага дэпо.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

18/1/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2011
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024