Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: За Айчыну, правы і свабоду

(Выступ на жнівеньскім Сойме
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

Палітычнае становішча, якое назіраецца цяпер у Беларусі, — гэта тыповае балота, якое ўзьнікае, калі паслабляюцца нацыянальныя сілы. Грамадзтва траціць тады нацыянальныя арыентыры, і на паверхню палітыкі вылазяць групкі і асобы, што клапоцяцца пра свае прыватныя інтарэсы, трапляючы пры гэтым, як правіла, у звлежнасьць ад інтарэсаў чужых.

Працэс дэградацыі беларускай палітыкі ў “балота” пачаўся ў канцы 1999 года, калі агульнымі высілкамі Масквы, Бэрліна, антыбеларускага рэжыму і агентуры раскалолі Беларускі Народны Фронт. Частка фронтаўскай арганізацыі, якая адышла ад ідэалаў БНФ, злучалася потым з ненацыянальнымі групоўкамі, камуністамі, прамаскоўцамі, палітбізнэсам і дайшла да поўнага палітычнага маразму. Лагічным фіналам некаторых раскольнікаў стала тое, што яны далучыліся да прарасейскіх групаў і людзей, якія засьведчылі пра сябе ў сувязі з надыходзячымі выбарамі прэзыдэнта і, адпаведна, у сувязі з схаваным фінансаваньнем Масквы.

Па вызначэньні Рады Беларускай інтэлігенцыі, ёсьць пяць асноўных прэтэндэнтаў на кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі, якія ўдзельнічаюць у выбарчым фарсе. Усе яны прамаскоўскага накірунку. Гэта А. Казулін, камуніст С. Калякін, Я. Раманчук, У. Някляеў, А. Саньнікаў. Іронія абсурду тут у тым, што Рада інтэлігенцыі прапануе з гэтай прарасейскай пяцёркі выбраць адзінага кандыдата ад беларусаў супраць русафіла Лукашэнкі (які да таго ж ня мае права ўдзельнічаць у выбарах).

Растлумачыць такую дзіўную пазыцыю Рады можна, відаць, толькі неадпаведным палітычным разуменьнем людзей, якія ня ўлучаныя ў нацыянальную палітыку і не ўяўляюць, што яны прапануюць (альбо хіба тады таксама прамаскоўскай скіраванасьцю Рады, што сумніўна).

У прынцыпе, у падыходзе да выбараў нічога новага ў антыбеларускай палітыцы не назіраецца. Пасьля расколу Народнага Фронту і стварэньня псэўдаапазыцыі (ненацыянальнай апазыцыі) галоўны клопат Масквы і Эўразьвяза, якія ўмешваюцца ў беларускі выбарчы працэс, заключаўся ў тым, каб не дапусьціць на выбарах беларускай нацыянальнай альтэрнатывы прамаскоўскаму рэжыму. Гэта ім удавалася, таму што інтарэсы Масквы, Брусэля і рэжыму Лукашэнкі тут поўнасьцю супадалі. Так зьяўляліся “адзіныя” Ганчарык, Домаш, Марыніч, Чыгір і іншая былая камуністычная намэнклятура. Пазьней знайшліся “экскурсавод” Мілінкевіч і русафіл Казулін.

З усіх прамаскоўскіх кандыдатаў, вызначаных Радай інтэлігенцыі на “адзінага” кандыдата, найбольш прарасейскай і невядомай кандыдатурай зьяўляецца А. Саньнікаў. Гэта ня ёсьць чалавек партыі. Ён абапіраецца на невялікую групу прамаскоўскіх асобаў, на замежныя рэсурсы і старыя сувязі па ведамству дыпляматычнага корпусу. Саньнікаў дэманструе пазыцыю, патрэбную Расеі, але ў прынятай дыпляматычнай форме.

Тым часам ягоныя саўдзельнікі, з прычыны сваіх іншых інтэлектуальных асаблівасьцяў, зрываюць зь яго ўвесь дыпляматычны флёр, публікуючы у расейскіх газэтах (перадрук на http://www.charter97.org/) лапідарную прамаскоўшчыну і махровае глупства. Напрыклад: “Лукашенко был депутатом Верховного Совета, поддерживающим нацдемов”; “Вечеслав Кебич и российский премьер Виктор Черномырдин подписали в Москве соглашение. Беларусь должна была перейти на российский рубль. И большинство белорусских избирателей приняли перспективу перехода на российскую валюту с восторгом”; “А Александр Лукашенко рванул от нацдемовской риторики в сторону Москвы” і г. д., у стылі палітычнага кічу (на справе ж, усё выглядала інакш і сур’ёзна).

Рэжымная гебельсаўшчына і лукашысцкая прапаганда дакладна карэлююцца з маскоўскай і прамаскоўскай апазыцыйнай гебельсаўшчынай і зь яе антылукашэнкаўскай прапагандай у тым сэнсе, што, грызучы адзін аднаго, яны разам кідаюць каменьні ў беларускі агарод, разам ненавідзяць беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух і беларускую дэмакратыю. (У іх ёсьць свая дэмакратыя – “агульначалавечая” і прамаскоўская.)

З пяцёркі рэальных прэтэндэнтаў Масква “заўважыла” якраз меншвядомага Саньнікава, адчыніла яму дзьверы, старонкі газэтаў, радыё, тэлебачаньне, нават дарогу ў СМІ за мяжой, задзейнічаўшы сетку сваіх супрацоўнікаў. Схемы не мяняюцца. Паставіўшы на Лукашэнку, Крэмль забясьпечвае сабе страховачную альтэрнатыву (ролю на пракат), стварае гэтакае выбарчае палітычнае таксі ў Беларусі, праехацца на якім ахвотнікаў не малее.

У прынцыпе, усіх прарасейскіх і “прабрусэльскіх” кандыдатаў на выбарах у Беларусі заўсёды можна было спыніць на законных падставах (ды яшчэ завесьці крымінальныя справы за браньне замежных грошай і падпарадкаваньне чужой палітыцы “на шкоду дзяржаўным інтарэсам”). Рэжым гэтага не рабіў, абмяжоўваўся эпітэтамі, кшталту “адмарозкаў”.

Паводзіны ўлады маюць тлумачэньне. Калі б выбары ў Беларусі былі празрыстымі і працэдура мела дэмакратычны характар, тады б пракуратура без справы не засталася. Але выбары тут не празрыстыя, антыдэмакратычныя, а выбаршчыкі ня маюць ніякага ўплыву на вынікі галасаваньня, бо ўсё вырашае фальсіфікацыйная машына і замацаваны законам і валюнтарызмам улады “адміністрацыйны рэсурс”.

Для маскіроўкі фальсіфікацыйнай машыны і для камуфляжу фальсіфікацыйнага працэсу выбаршчыкі павінны абавязкова галасаваць, удзельнічаць у галасаваньні, зьяўляцца на выбарчых участках і потым, прагаласаваўшы, даведацца пра чарговую “элегантную перамогу” Лукашэнкі ды пра 86% “за”. Фальсіфікацыйная машына ня можа пуставаць, ня можа круціцца ўхаластую, бо тады яна ня здольная эфэктоўна фальсіфікаваць, фальш стане відавочным. Бяз выбаршчыка-галасавальшчыка сістэма ня дзейнічае (прытым, як будзе галасаваць выбаршчык, — ня мае значэньня, галоўнае каб галасаваў). Стварэньне мноства альтэрнатыўных кандыдатаў, “адзіных”, “падвойных” і т. п. – усё гэта павінна было спрыяць прыходу выбаршчыкаў на галасаваньне, рабіць бачнасьць нібыта дэмакратычных выбараў. Рэжым у гэтым зацікаўлены, і таму перакрываць імітатарам замежныя рэсурсы ён не сьпяшаўся (тым больш, што кантраляваў іх праз сваю агентуру ў псэўдаапазыцыі).

Асабліва подлы прыём, якім карысталіся імітатары ў такой сытуацыі, — гэта запрашэньне людзей (якія не разумелі зьявы) прыйсьці галасаваць, каб сказаць сваё “не” праклятаму дыктатару. І некаторыя ішлі. Так паводзіла сябе псэўдаапазыцыя ў час незаконнага рэфэрэндуму 2004 года, забясьпечваючы трэці тэрмін Лукашэнку.

Нешта падобнае мы назіраем зараз у гігантычных маштабах. Выбарачная “масаваная” крытыка свайго непаслухмянага сатрапа з боку Масквы (усе гэтыя садраныя са стужак Хашчавацкага фільмы і выступы расейскіх тэлевізійных прапагандыстаў) амаль нічога не зьмянілі ў электаральнай раскладцы на Беларусі. Выбарчы бэтон нават узмацнеў у сваёй бэтоннай пазыцыі, але людзі, якія вагаліся і не зьбіраліся ўдзельнічаць у фальшывым галасаваньні, цяпер, убачыўшы маскоўскія фільмы па тэлебачаньні, абурыліся на Лукашэнку і гатовыя ўжо пайсьці “прагаласаваць супраць”, каб сказаць сваё эмацыйнае “не”. Як кажуць, што і трэба было дасягнуць. Маскоўскі мафійна-прапагандысцкі наступ на свайго саюзьніка ўдарыў, найперш, па ідэі байкоту і стымуляваў жаданьне некаторых абураных людзей пратэстна паўдзельнічаць у выбарах.

Макоўскімі выбарчымі тэхналёгіямі займаюцца прафэсіяналы, і яны не маглі не прадбачыць эфэкту ад сваёй крытыкі. Рацыянальныя паводзіны Лукашэнкі ў гэтай сытуацыі тое таксама пацьвярджаюць.

Масква, безумоўна, не зьбіраецца адмаўляцца ад крэатуры і тапіць свайго стаўленьніка ў Беларусі. Жорсткая дазаваная атака на яго з боку Крамля мае на мэце, перш за ўсё, запалохваньне і аслабленьне Лукашэнкі, плюс стварэньне электаральных умоў для пакіданьня яго ва ўладзе.

Аслабленьне сатрапа неабходна Маскве, каб узяць яго ў абцугі і душыць, патрабуючы ўзамен за жыцьцё (за ўладу) здачы нацыянальнай маёмасьці.

Тое ж самае для нас, беларускай нацыянальнай апазыцыі: каб пазбавіцца ад прамаскоўскага рэжыму — неабходна аслабіць уладу ўзурпатара.

Пры стандартнай разьвязцы (гэта калі застанецца слабы Лукашэнка) перавага і прыярытэт будзе на баку беларусаў, бо з ростам рэальных пратэстных і вызвольных беларускіх сілаў Маскве ня ўдасца пакарыстацца здрадай сатрапа. Беларусы лепш абароняць свае інтарэсы ад агрэсіі Масквы, чым маскоўская марыянэтка, ратуючы сваю скуру.

Шлях да аслабленьня ўлады ўзурпатара цяпер, у існуючых абставінах, ляжыць праз байкот фальшывага галасаваньня.

Першае абгрунтаваньне байкоту ў тым, што Лукашэнка ня мае законнага права ўдзельнічаць чацьверты раз у выбарах прэзыдэнта ў якасьці кандыдата. Ягоны ўдзел – гэта парушэньне закона і крымінальнае дзеяньне; удзел выбаршчыкаў у такіх выбарах будзе выглядаць падтрымкай несправядлівасьці, згодніцтвам з беззаконьнем.

Другое. Зь беларускага боку адсутнічае рэальны прэтэндэнт на кандыдата, які стаяў бы на пазыцыі беларускіх нацыянальных інтарэсаў і абапіраўся б на свой народ. Усе рэальныя прэтэндэнты – прамаскоўскія, і разьлічваюць яны на падтрымку і ўмяшальніцтва Масквы (што таксама характарызуе іхную пазыцыю як крымінальную, згодна заканадаўства). Беларусам увогуле няма сэнсу ўдзельнічаць у такіх выбарах.

Трэцяе. Вынікі галасаваньня не залежаць ад выбару і волі выбаршчыкаў, а вызначаюцца сістэмай фальсіфікацыі і адміністрацыйным рэсурсам рэжыму. Выбары, галасаваньне, падлік галасоў – непадкантрольныя народу. Выбаршчыкаў, што прыходзяць галасаваць, выкарыстоўваюць для прыкрыцьця фальсіфікацыі галасаваньня.

Чацьвертае. Каб спыніць сістэму фальсіфікацыі, трэба не прыйсьці галасаваць, пакінуць пустыя ўчасткі, прымусіць фальсіфікацыйную машыну фальсіфікаваць пустату, што схаваць ад грамадзтва будзе немагчыма. Ашуканства і фальсіфікат стануць відавочныя ўсім. Гэта выкліча новыя ўзаемаадносіны ў грамадзтве і дачыненьні з уладай, паспрыяе кансалідацыі людзей на глебе ліквідацыі антыбеларускага рэжыму.

Трэба мець на ўвазе, што на выбарах, тым ня менш, існуе тэарэтычная верагоднасьць стварэньня такіх абставінаў, якія прывядуць да замены ўзурпатара на іншага прамаскоўскага стаўленьніка (такое ўжо было з Кебічам). Паколькі ў гэтым будзе зацікаўлена Масква, трэба разумець, што Крэмль не прапануе і не пагодзіцца на стаўленьніка, які быў бы для яго менш карысны, чым Лукашэнка. Масква ня стане мяняць “быка на індыка”. Таму, зразумела, любы прарасейскі кандыдат, прызнаны Масквой, ёсьць вялікая небясьпека для Беларусі.

Беларуская стратэгія тут павінна грунтавацца на задачы ня даць сытуацыі зьмяніцца да горшага, не паддацца на авантуру квазівыбараў, у якіх няма рэальнага беларускага (і прабеларускага) кандыдата і вынікі якіх не залежаць ад выбаршчыкаў. Нельга дапусьціць узмацненьня ўзурпатара ўлады, але трэба падрыхтаваць базу для нашага беларускага ўзмацненьня і грунт для наступу, для шырокага грамадзкага фронту. І гэбоўская Масква, і ўзурпатар улады Лукашэнка, і прамаскўскія кандыдыты разам з прамаскоўскай апазыцыяй – гэта тая небясьпека і тое зло супраць якога беларусам трэба змагацца

Тыя мэтады прапаганды байкоту, якія мы распрацавалі ў Партыі, трэба, каб ужываліся цяпер часта і кожны дзень. Аслабленьне ўзурпатара будзе ствараць магчымасьць пазбаўленьня людзей ад страху – першаснай умовы шырокай грамадзкай барацьбы за Айчыну, правы і свабоду.

8 жніўня 2010 г. Зянон ПАЗЬНЯК

9/8/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2010
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024