Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Сяргей Навумчык: “У гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна… “

27 ліпеня 1990 года ў Авальнай залі адбыліся дзьве падзеі, якія адыгралі ключавую ролю ў станаўленьні беларускай дзяржаўнасьці. Была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, а ў канцы паседжаньня Зянон Пазьняк зачытаў заяву аб стварэньні ў Вярхоўным Савеце дэпутацкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту.

Яшчэ 11 мая 1990 года Сойм БНФ заявіў пра неабходнасьць дасягненьня поўнай незалежнасьці Беларусі, і ўжо ў пачатку чэрвеня тэкст Дэклярацыі аб незалежнасьці быў прадстаўлены дэпутатамі БНФ на разгляд Вярхоўнага Савета.

Дэпутацкую пракамуністычную большасьць, якая проста не ўяўляла самастойнага існаваньня Беларусі без Масквы, ЦК КПСС і СССР, трэба было пераконваць ў неабходнасьці ўласных грошай, уласнага войска, у мэтазгоднасьці сваёй, незалежнай ад Масквы, міжнароднай палітыкі. Ня буду зараз пералічваць усе пэрэпетыі прыняцьця Дэклярацыі – яны добра вядомыя. Нагадаю, што толькі ў апошнія два дні абмеркаваньня, 26-27 ліпеня, дэпутаты БНФ выступалі з трыбуны і ад мікрафонаў з прапановамі больш за сто разоў.

У тэкст Дэклярацыі ўдалося правесьці шмат якія палажэньні, але камуністычная большасьць (банальнай рыфмэтычнай перавагай) ўексла ў тэкст сказ аб падпісаньні “саюзнай дамовы”. Не была прынятая і наша прапанова аб канстытуцыйнасьці Дэклярацыі – г.зн., каб Канстытуцыя і законы Беларусі былі вышэйшыя за Канстытуцыю і законы СССР.

Мы разумелі, што Беларусь будзе губляць час – у параўнаньні з нашымі прыбалтыйскімі суседкамі, якія адкрыта і канчаткова абвясьцілі незалежнасьць ад Масквы і рушылі па эўрапейскім шляху.

“Масква прапануе забраць сабе ўсё, а нам пакідае толькі Чарнобыль – сказаў Пазьняк пасля прыняцьця Дэклярацыі на вячэрнім паседжаньні ВС. — Але адмовіцца ад свабоды мы ня можам. Акрамя таго, сувэрэнітэту нельга здабыць без пераходнага пэрыяду, на палажэньні, аб якім мы настойвалі… У Вярхоўным Савеце ў асобе большасьці дэпутатаў дамінуе сіла, не гатовая да выпрацоўкі і прыняцьця радыкальных праграмаў і законаў, якія даўно насьпелі ў грамадстве. Усе спробы дэмакратычных дэпутатаў палепшыць становішча ні да чаго не прывялі. У сувязі з гэтым шэраг дэмакратычных дэпутатаў і дэпутацкая група Беларускага Народнага Фронту заяўляюць аб стварэньні дэпутацкай Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце Беларускай ССР… Дэпутацкая Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце БССР за асноўную мэту ставіць выратаваньне беларускага народа і беларускай нацыі ад чарнобыльскай, экалягічнай і сацыяльнай катастрофы, забесьпячэньню годнага жыцьця народа шляхам набыцьця дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, пераходу на рыначную эканоміку і пабудовы дэмакратычнай парлямэнцкай Беларускай рэспублікі. У будучай Беларусі павінны быць гарантаваныя правы чалавека, сацыяльная абароненасьць насельніцтва, свабода інфармацыі, слова, друку, сумленьня, прыярытэт грамадзянскай супольнасьці перад дзяржавай, адраджэнье беларускай культуры, мовы, гістарычнай сьвядомасьці, культурна-нацыянальная аўтаномія ўсім нацянальным меншасьцям Беларусі. Апазыцыя мае канструктыўны характар… Апазыцыя адкрытая. Гэта значыць, што іншыя дэпутаты могуць далучыцца да яе”.

Дэпутаты, якія праз два месяцы прыехалі на восеньскую сэсію, былі ашаломленыя, калі Апазыцыя БНФ прадставіла ім некалькі дзесяткаў заканадаўчых прапаноў – і перш за ўсё, канцэпцыю пераходу да рынкавай эканомікі і законапрааеты эканамічнага зьместу.

Канструктыўны характар быў асноўным лейтматывам дзейнасьці Апазыцыі БНФ на працягу больш як пяці гадоў – назавем хаця б законапраекты Аб банках і банкаўскай сыстэме, аб мясцовым самакіраваньні, Зямельны Кодэкс (блёк законапраектаў, які ўводзіў мэханізм прыватнай уласнасьці на зямлю), Аб грамадзянстве, нарэшце, эканамічныя праграмы 1990, 1992, 1994 і 1995 гадоў. Далёка ня ўсе нашыя прапановы прымаліся, аднак шмат якія палажэньні нам усё ж удавалася праводзіць шляхам напружанай парлямэнцкай працы.

І сёньня можна пашкадаваць, што і дэпутацкая (спачатку – “пракамуністычная”, потым – “пракебічаўская”, а затым і “пралукашэнкаўская”) большасьць, і спікеры ВС не ўспрынялі нашыя засьцярогі – аб немэтазгоднасьці прыманьня новай Канстытуцыі, перш чым ня будзе абраны дэмакратычны Вярхоўны Савет, аб немэтазгоднасьці далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі краінаў СНД, аб небясьпецы ўвядзеньня пасады прэзыдэнта, нарэшце, аб недапушчальнасьці т.зв. “рэфэрэндуму” аб зьмене дзяржаўных сымбаляў, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай ды інтэграцыі з Расеяй.

Але ўсё ж, галоўнае было дасягнута – 25 жніўня 1991 года на скліканай па патрабаваньню Апазыцыі БНФ ды іншых дэмакратычных дэпутатаў нечарговай сэсіі ВС, пры падтрымцы дзесяткаў тысяч людзей пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнай сілы. Беларусь стала незалежнай краінай.

Вольга Галубовіч, Галіна Сямдзянава, Мікалай Аксаміт, Віктар Алампіеў, Сяргей Антончык, Лявон Дзейка, Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук, Юрась Беленькі, Валянцін Голубеў, Генадзь Грушавы, Барыс Гюнтэр, Уладзімер Заблоцкі, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Віталь Малашка, Мікалай Маркевіч, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Ігар Пырх, Пётра Садоўскі, Аляксандар Сасноў, Сяргей Слабчанка, Алег Трусаў, Павал Холад, Алесь Шут – зрабілі дасягненьне сапраўднай Незалежнасьці Беларусі галоўнай мэтай сваёй працы ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.

Ацэнку той працы пазьней даў Васіль Быкаў: “Што ж датычыцца Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, то я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай сувэрэннасьці. Гэта, канешне, яе заслуга. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца — незалежна ад гэтага, ад лёсу Беларусі наогул, — зноў жа, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна і гэта будзе ацэнена праз вякі “.

Сяргей Навумчык,
каарданатар Апазыцыі БНФ у ВС 12-га скліканьня.

26/7/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2010
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024