Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Крокі да перамогі

Маладзейшае пакаленьне прызвычаялася да дробнакалібэрнай хлусьні, электаральнага шулерства і тэатру марыянэтак пад рэкламнай шыльдай “Апазыцыя”. Выбары пры лукашызме даўно ператвораны ў нудны балаган. Абсалютная большасьць беларусаў ужо даўно зразумела гэта і не жадае ўдзельнічаць у няшчырым шоў. Але раз за разам перад брамай балаганчыка ўстае які-небудзь псэўдаапазыцыйны шарманшчык, круціць завадзілкай і прапануе пагадаць па руцэ. Пад шарманку гучыць то “Іді і скажі ему своё нет!”, то яшчэ якое-небудзь заклінаньне, але большасьць мінакоў адмахваюцца ад зазывалаў і ідуць па сваіх справах.

На тэрыторыі некаторых выбарчых участкаў ужо сьмела можна вешаць мэмарыяльныя шыльды з гераічным профілем вечнага (вечна праваленага) “кандыдата ад апазыцыі”, а можна і назваць ягоным імем галоўную вуліцу гэтага ўчастка. Колькі сябе памятаю, у нас на вул. Мірашнічэнкі ў сталіцы раз за разам, на кожнае рэжымнае шоў дыктатуры падымае ў атаку сваю кандыдацкую каманду такі Вінцук Вячорка. На мінулых “выбарах” ён нават анансаваў у газэце “Нар. Воля” свой плян “падману фальсіфікатараў вынікаў галасаваньня”. Але мабыць выклаў свой плян надта падрабязна, і ворагі далі яму такі адсотак галасоў, што Вячорка нават абяцаў падаць на фальсіфікатараў у суд (але так і не падаў). Такое ўражаньне, што псэўдаапазыцыйная публіка жыве сваім, нейкім віртуальным жыцьцём у адрозьненьні ад астатняга насельніцтва. “Трэба працаваць з людзьмі!..” – гукаюць яны цяпер і стукаюцца ў дзьверы да грамадзянаў. Людзі гоняць іх прэч, ня хочуць падпісвацца і абяцаюць ня йсьці на выбарчы фарс. А шарманшчыкі не сумеюцца, усё накручваюць сваю занудную мэлёдыю.

Старэйшае пакаленьне памятае выбарчыя кампаніі позьніх савецкіх гадоў. Іх было дзьве: выбары ў Вярхоўны Савет СССР увесну 1989 года і выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня на пачатку 1990 года. О, гэта былі падзеі манумэнтальнага пляну, не параўнаць з цяперашняй тэатральнай самадзейнасьцю. Пасьля дзесяцігоддзяў савецкага маразма мільёны людзей па ўсёй імпэрыі на поўным сур’ёзе ўключыліся ў выбарчую кампанію гарбачоўскай пары. Людзі адчулі, паверылі, што гэтым разам яны сапраўды могуць абраць у вышэйшыя ворганы ўлады сапраўдных сваіх прадстаўнікоў. Што будзе магчыма праваліць ненавісных і абрыдлых савецкіх намэнклятуршчыкаў, якія, як заўсёды, легіёнамі пасунуліся ў кандыдаты.

Выбарчую кампанію 1989 года можна назваць генэральнай рэпэтыцыяй пазьнейшых электаральных падзей. Памятаю, зь якім энтузіязмам працавалі сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, утворанага ўсяго некалькі месяцаў таму, у кастрычніку 1988 года. Мы стаялі ў пікетах, расклейвалі афішы з праграмамі дэмакратычных кандыдатаў, і, галоўнае, размаўлялі з людзьмі. Размаўлялі на роднай беларускай мове, гаварылі пра сваё, беларускае.

Упершыню з 1918 года на нашай зямлі тварылася сапраўды беларуская палітыка. У прынцыпе вынікі тых выбараў прынесьлі расчараваньне. Засядаць у Крэмль паехала некалькі абраных дэпутатаў з ліку “агульных дэмакратаў” (фронтаўцаў сярод іх не было), але яны там нічым ня вызначыліся. Яны ціхенька сядзелі ў крэслах, пару разоў зрабілі кур’ёзныя па сваёй неадэкватнасьці кароткія выступы. Гэта быў першы ўрок для патрыётаў: ня трэба падтрымліваць і весьці ў дэпутацтва таго, хто баіцца стаць пад Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і кажа: “Я падтрымліваю Праграму БНФ, але на 95%” (цытата з С. Шушкевіча).

У кантраст з гэтымі, нейкімі небеларускімі прадстаўнікамі дэпутаты ад Летувы, Латвіі і Эстоніі напорыста і арганізавана абаранялі інтарэсы сваіх народаў. Адчувалася, што ў гэтых рэспубліках усё ідзе да разрыву каланіяльных сувязяў з Масквой і да абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці. Нам у Беларусі трэба было мацаваць фронтаўскія структуры перад важнай бітвай – выбарамі ў Вярхоўны Савет БССР.

Той, хто актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі ў студзені-лютым 1990 года, назаўжды захаваў у памяці вобраз тых яркіх падзеяў. Беларусь была падзелена напалам. З аднаго боку быў народ і ягоны фронтаўскі авангард. Насупраць стаяла правінцыйная савецкая цемра, якая ліхаманкава імкнулася захаваць сваю ўладу. Патрыёты паўсюль выступалі пад нацыянальнымі сьцягамі, казалі праўду, заклікалі да нацыянальнай салідарнасьці, апэлявалі да розуму і сэрцаў людзей. Намэнклатуршчыкі паўтаралі савецкія лёзунгі і рознымі спосабамі спрабавалі падкупіць электарат. Пікеты, мітынгі, сустрэчы з кандыдатамі, збор подпісаў адбываліся паўсюль. Калі на імправізаваных трыбунах зьяўляліся работнікі райкамаў і абкамаў, іх абсьвіствалі і не хацелі слухаць.

Мерапрыемствы адбываліся проста ў дварах жылых кварталаў. Памятаю, нейкі расейскі генэрал арганізаваў у адным з двароў у Менску імправізаваны канцэрт сіламі падначаленых яму жаўнераў. Пад музыку і хлусьлівыя абяцанкі пэнсіянэркі гэтага квартала вырашылі галасаваць “за военного”.

У іншым двары выступаў фронтавец Валеры Сядоў, заклікаў да суду над камунізмам, да вызваленьня ад чырвонага фашызма. Раптам на балкон у доме насупраць выскачыў адстаўнік-асаднік з паляўнічай рушніцай і хацеў забіць фронтаўца. Савецкага чалавека ледзь угаманілі. Па Гомелю і ваколіцах езьдзіў фронтаўскі аўтамабіль з гукаўзмацняльнікам, зь якога чуліся заклікі: “Не галасуйце за намэнклятуршчыка Камая! Далоў намэнклятуру!” І так было па ўсёй краіне…

Кандыдаты-фронтаўцы заўсёды заваёўвалі давер людзей. Нават там, дзе ворагі Беларусі правялі папярэдняе прамываньне мазгоў. Дзейнічала намэнклятура няўклюдна і груба. Зь ейных спробаў выставіць фронтаўцаў у непрывабным сьвятле нічога не выходзіла, атрымлівалася ўсё наадварот. Класічны эпізод таго часу адбыўся ў адной з вялікіх вайсковых зонаў сталіцы. Вайсковае начальства сагнала вайскоўцаў у актавую залю клюба і пачало прадстаўляць кандыдатаў, што балатаваліся ў гэтай акрузе. Адзін за адным на трыбуну выходзілі кандыдаты і дундзелі па паперцы: “Товарищи, перестройка и гласность! Михаил Сергеевич Горбачёв… Коммунизм победит, товарищи!..” Стомленая жаўнерская маса драмала, закалыханая дэмагогіяй. Большасьць з прысутных выбарцаў паходзіла з савецкай Азіі: узбэкі, таджыкі, кіргізы…

Афіцыёз адмыслова прызначыў выступ фронтаўскага кандыдата на самы фінал выступа, каб яго ўжо ніхто ня слухаў. Наш кандыдат урэшце патрапіў на трыбуну. Ён ветліва павітаўся ў мікрафон: “Салям-алейкум!” Заля прачнулася і прыязна гукнула: “Малейкум-ассалям!”

Фронтавец гаварыў простымі словамі, ад душы. Аб тым, што выбары вельмі важныя для беларускага народу, што трэба галасаваць за сапраўдных народных прадстаўнікоў. Кандыдат згадаў пра сем’і вайскоўцаў, якія ў іх на радзіме таксама пойдуць на выбары і будуць выказваць свой давер дастойным… Жаўнеры ўважліва слухалі. А калі кандыдат скончыў прамову і спытаў, якія ёсьць пытаньні, адзін з афіцэраў устаў і зьвярнуўся да яго: “Нагадайце, калі ласка, Ваша прозьвішча, каб мы лепш запомнілі”. У дзень галасаваньня кандыдат-фронтавец Мікалай Крыжаноўскі меў на ўчастках у вайсковай зоне трыюмфальныя вынікі. Такі ёсьць беларускі нацыяналізм: любоў да свайго, роднага і павага да іншых людзей і культураў.

Наладжаная за савецкія дзесяцігоддзі электаральная сыстэма трашчала па швах. Яна была разьлічана на ўмовы дзяржаўнага тэрору, на зьняволеных і застрашаных людзей. Ва ўмовах крызісу “советскіх ценностей” сыстэма не спрацоўвала. Пазьней стала вядома, што гэбэшнікі і намэнклятура па ўсяму СССР скардзіліся начальству: “Так немагчыма, старымі мэтадамі мы ня можам нічога зрабіць. Трэба нешта прыдумаць!..” Яны сапраўды не маглі нічога (ну, амаль нічога) зрабіць. Зразумела, што дзейнічалі рознага кшталту правакатары, “засланыя казачкі”, але выглядала гэта ўсё маргінальна і не аказвала ўплыву на настроі і паводзіны людзей. Часам нэрвы ў гэбэ ня вытрымлівалі і адбываліся сур’ёзныя правакацыі. Памятаю, як аднойчы ўвечары ў Чырвоны касьцёл (там быў выбарчы штаб БНФ “Адраджэньне”) прывялі маладога рабочага. Ён курчыўся ад болю, але не стагнаў, сьціснуўшы зубы. На фронтаўскі пікет у цэнтры горада наляцелі гарылы ў цывільным і моцна зьбілі людзей. Але на буйнамаштабныя рэпрэсіі не давала загаду Масква. Крэмль спадзяваўся бяз лішняга шуму ачоліць палітычныя працэсы ў Беларусі сваімі васаламі.

Адбылося немагчымае. У Вярхоўны Савет былі абраны больш за 20 чалавек, якія заяўлялі, што стаяць на фронтаўскіх пазыцыях. Дэпутатам стаў і Старшыня БНФ “Адраджэньне” Зянон Пазьняк. За яго прагаласавалі жыхары рабочых кварталаў Заводзкага раёна сталіцы. Здаецца, гэта мала – 20 дэпутатаў на агульную колькасьць у 360 парлямантароў. Але ня трэба забывацца, што БНФ “Адраджэньне” нават ня меў магчымасьці афіцыйна ўдзельнічаць у выбарах. Фронт быў афіцыйна зарэгістраваны толькі ў траўні 1991 года (!). Фронтаўцы вымушаны былі балатавацца ад працоўных калектываў, групаў выбарцаў, іншых беларускіх суполак. Але манапольная сыстэма КПСС “дала цеч”. Гэта была вялікая перамога, важны крок наперад.

Маючы падтрымку тысячаў патрыётаў па ўсёй краіне, дэпутаты–фронтаўцы пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка распрацоўвалі законапраекты, зрывалі правакацыйныя ініцыятывы намэнклятурнай большасьці, рыхтавалі глебу для набыцьця дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Праз паўтара гады гэты момант настаў, і ў жніўні 1991 года абсалютная меншасьць фронтаўцаў прымусіла абсалютную большасьць у Вярхоўным Савеце галасаваць за незалежнасьць Беларусі, за выйсьце з СССР, забарону камуністычных арганізацый, за новую Канстытуцыю Беларусі. Гэта быў наступны, рашаючы крок (немагчымы без папярэдняга кроку).

Але трэба адзначыць, што Фронт зрабіў у гэты пэрыяд яшчэ адзін важнейшы крок. У жаданьні выратаваць гнілую імпэрыю, Гарбачоў і намэнклятура паспрабавалі схапіцца яшчэ за адну саломінку. Яны распісалі “рэфэрэндум аб захаваньні СССР” па ўсіх саюзных рэспубліках на красавік 1991 года. Фронт заклікаў да байкоту антынароднага шоў імпэрыі. Паўсюль і ў Беларусі таксама бальшыня насельніцтва падтрымала байкот і не пайшла на рэфэрэндум. Потым афіцыйная прапаганда паведамляла, што 94% беларусаў выказаліся “за СССР”, але ўсе добра разумелі, што гэта ёсьць беспардонная хлусьня. Людзі сьмяяліся з навязьлівай балбатні. Праз колькі дзён у Менску, Воршы і Гомелі пачаліся магутныя дэманстрацыі пратэсту рабочых. Пра СССР усе неяк забыліся. А праз чатыры месяцы ён ляснуў.

Праграма Народнага Фронту была выканана ў важнейшай яе частцы – была адноўлена дзяржаўная незалежнасьць Беларусі. Але як кажа Зянон Пазьняк, “вораг захапіў народную крэпасьць”. У Расеі да нічым не абмежаванай улады прыйшло КГБ-ФСБ, пачаўся імпэрскі рэванш на тэрыторыях, якім удалося вырвацца з маскоўскіх абдымкаў: шэраг драм і трагедый нашага часу – Чачэнія, Таджыкістан, Малдова, Украіна, Беларусь, Грузія…

Рэванш працягваецца дагэтуль, набывае новыя кшталты. Імпэрскія рэваншысты набраліся досьведу з сваіх паразаў 1990-91 гадоў. Лубянка мабілізавала ўсе магчымыя інтэлектуальныя патэнцыі, пакарысталася і гістарычным досьведам (гестапа, царскай “охранкі”, правакатараў НКВД). Знайшліся ў яе і хаўрусьнікі на Захадзе, перш за ўсё ў Нямеччыне, якая паслала ў Менск былога начальніка зьнешняй выведкі ФРГ Ганса-Георга Віка.

У Менску Вік узначаліў Місію АБСЭ. Усе ведаюць пра яго пазьнейшае прызнаньне, што ўся ягоная “барацьба за дэмакратыю” у Беларусі зьдзяйсьнялася “по согласованію с белорусскім КГБ”. Але за некалькі гадоў на прыканцы 1990-х і на пачатку новага тысячагоддзя Вік ў хаўрусе з Масквой утварыў у нашай краіне так званую “аб’яднаную апазыцыю” з невялікіх, але пампезных палітычных груповак. Быў утвораны нават “яшчэ адзін БНФ” – інтэгральная частка гэтай псэўдаапазыцыі (пэўны час псэўда-Фронт узначальваў В. Вячорка, а ня так даўно яго выцесьнілі на кіраўнічых пасадах маладыя асобы ў галіфэ і з адпаведнай выпраўкай).

На Захадзе і ў Беларусі гэтая штучная крэатура прадстаўляецца ў амплуа альтэрнатывы існуючаму рэжыму. На самой жа справе праца ў іх безальтэрнатыўная, накіраваная на захаваньне рэжыму “апазыцыйнымі” мэтадамі. Адзін з важнейшых мэтадаў – гэта загон-завабліваньне беларускіх людзей на фальшывыя “выбары” дыктатуры. Дыктатура штораз правальвае псэўдаапазыцыйную публіку, людзі зь іх сьмяюцца. Але шарманшчыкам ня сорамна, яны іграюць па нотных сшытках, раздадзеных ім чужымі рукамі, і на поўным сур’ёзе называюць сябе “электаральнымі музыкамі”.

У адрозьненьні ад становішча дваццацігадовай даўніны сёньняшняя антынародная псэўдаэлектаральная сыстэма сцэмэнтаваная. Яна здаецца непахіснай. Адным са складнікаў гэтай субстанцыі зьяўляюцца менавіта псэўдаапазыцыйныя зазывалы на “выбары”, іхныя “кандыдаты” і “праграмы”. Масква прыклала ўсе намаганьні на тое, каб цалкам заблытаць нашых людзей у гэтым полі віртуальных палітыкаў, падстаўных дэмакратаў, срэбралюбных дзеячыкаў. Хто памятае 1990-ты год, часам прызнаецца: “Калі б тады існавала ўся гэтая псэўдаапазыцыйная хеўра, то змагацца за вызваленьне Беларусі было б значна цяжэй…”

У нас таксама ёсьць свой досьвед. Ні СССР, ні дыктатура не ліквідуюцца адным махам. Гэта ёсьць працэс. Гэта ёсьць шлях, па якім трэба зрабіць шэраг пасьлядоўных крокаў. Цяпер крок да вызваленьня – гэта няўдзел у выбарчых спэктаклях рэжыму. Няхай ён “выбіраецца” сам са сваёй “апазыцыяй”. Галоўнае, каб без удзелу людзей. Тое, што здаецца непахісным, валіцца без удзелу людзей.

Ня можна хадзіць на выбары, якія ўжо даўно не зьяўляюцца выбарамі. Ня трэба дапускаць, каб дзялкі і крымінальнікі рабілі з нас матэр’ял для сваіх маніпуляцыяў. Выбарчаму фарсу павінен быць усенародны байкот!

Валеры Буйвал

17/3/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2010
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024