Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Валеры Буйвал: “Ёсьць замена Добчынскага Бобчынскім”

Госьць “Начной Свабоды” – мастацтвазнаўца, перакладчык, сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валеры Буйвал. Гутарку вядзе Аляксей Знаткевіч, Прага

Знаткевіч: “Валеры, я хацеў бы пачаць нашую гутарку з апошніх падзеяў. Ня менш як дзевяцёх актывістаў дэмакратычнага руху, бальшыня зь якіх сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, затрымала міліцыя ў панядзелак увечары ў Менску. Чаму, на вашую думку, адбываюцца цяпер гэтыя затрыманьні, ідзе новая хваля перасьледу?”

Буйвал: “Беларуская патрыятычная моладзь знаходзіцца на пярэднім краі змаганьня за нашую незалежнасьць, за беларускую культуру, за будучыню нашага народу. І перасьлед моладзі, дзікія рэпрэсіі супраць маладых людзей ужо сталі рэчаіснасьцю, штодзённасьцю…

Мяне тут бянтэжыць іншае: ходзяць па вуліцах і расклейваюць паўсюль лістоўкі пра “Эўрапейскі марш” маладыя расейскамоўныя людзі, якія ня могуць адказаць на пытаньне, куды яны запрашаюць, што будзе на гэтым маршы. Вось адны расклейваць, ня ведаючы, што робяць, а другіх, змагароў, арыштоўваюць. Вось гэта вельмі дзіўная сытуацыя…”

Знаткевіч: “Але ж тых, хто расклейвае, таксама арыштоўваюць”.

Буйвал: “Але мяне зьдзівіла больш, што маладыя людзі 15-ці, 16-ці гадоў сёньня не маглі мне адказаць на пытаньне, куды яны запрашаюць людзей, якая ідэя гэтага так званага “Эўрапейскага маршу”. Вельмі зьдзівіла, таму што зь першых дзён існаваньня, барацьбы Беларускага народнага фронту і маладыя, і старыя ведалі, з чым яны зьвяртаюцца да людзей, да чаго заклікаюць”.

“Наступае канчатковая фаза разрабаваньня дзяржаўнай маёмасьці беларусаў”

Знаткевіч: “Валеры, я хацеў бы яшчэ вярнуцца да затрыманьняў. Апошнімі днямі хадзілі чуткі пра арышт былога кіраўніка КДБ Сьцяпана Сухарэнкі, і толькі ў панядзелак увечары стала дакладна вядома, што ён на волі. Ці зьвязваеце вы новую хвалю перасьледу апанэнтаў улады зь нядаўнімі зьменамі ў кіраўніцтве КДБ?”

Буйвал: “Ёсьць замена Добчынскага Бобчынскім, бо ўсё астатняе – рэвізор са сталіцы і ўся праграма п’есы, – усё застаецца бязь зьменаў.

Працэсы гэтыя па-сапраўднаму кіруюцца з Масквы, а тое, што адна групоўка, адзін клан будзе імкнуцца замяніць другі клан, другую групоўку, гэта сутнасьці падзеяў не мяняе.

Наступае канчатковая фаза разрабаваньня дзяржаўнай маёмасьці беларусаў, разбурэньня нашай нацыянальнай дзяржавы, і ўсё гэта адбываецца з волі антыбеларускіх сілаў, якія кіруюцца з чужой сталіцы, з чужога цэнтру і, на жаль, пры дзіўнай пасіўнасьці большасьці беларускага насельніцтва, пры неразуменьні нашымі людзьмі, што адбываецца”.

“Гэта згубная палітыка, тупіковая, разбуральная, правальная для нас”

Знаткевіч: “У гэтай сувязі пытаньне: якраз цяпер ідуць перамовы ў Маскве паміж канцэрнамі “Газпром” і “Белтрансгаз” пра выплату завінавачанасьці за газ, які Беларусь атрымлівае з Расеі. Якія вашыя прагнозы на вынікі гэтых перамоваў?”

Буйвал: “Дазвольце тут некалькі парафразаў. Ня газам адзіным жыве чалавек. Усе гэтыя эканамічныя працэсы, даведзеныя да абсурду, – вынік палітыкі цяперашняга рэжыму – антыбеларускага, прамаскоўскага, які існуе ў нашай краіне.

Беларускі народны фронт, нашая партыя, нашыя аналітыкі папярэджвалі ўжо і кіраўніцтва краіны, і народ пра тое, што гэта згубная палітыка, тупіковая, разбуральная, правальная для нас. І вось мы назіраем, што гэтыя папярэджаньні спраўджваюцца, на жаль”.

Знаткевіч: “А якую альтэрнатыву прапануе Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, калі прыйдзе да ўлады, напрыклад, таму ж расейскаму газу?”

Буйвал: “Павінна быць зусім іншая сыстэма энэргазабесьпячэньня. Немагчыма, проста недапушчальна, каб энэргазабесьпячэньне нашай краіны адбывалася з адной, выключна адной крыніцы. Павінен быць шэраг крыніцаў. Так, як гэта даўно робіцца ў цывілізаваных і менш цывілізаваных дзяржавах.

Можна купляць газ у арабаў, нафту ў нарвэжцаў, але несумненна, што ў будучыні ў нас будуць нармальныя гаспадарчыя, гандлёвыя адносіны з Расеяй, таму што Расея сама ня можа існаваць, не прадаючы сваіх рэсурсаў”.

“Кансэрватызм – гэта адданасьць найлепшым традыцыям”

Знаткевіч: “Валеры, вы сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Што такое для вас кансэрватызм?”

Буйвал: “Для мяне, як і для маіх калегаў, кансэрватызм – гэта адданасьць найлепшым традыцыям, каштоўнасьцям, якія правераныя доўгай гісторыяй, нацыянальнай і дзяржаўнай практыкаю. Кансэрватызм – гэта імкненьне дзейнічаць і разьвівацца, эвалюцыянаваць у культурным, дзяржаўным, нацыянальным сэнсе, абапіраючыся на вельмі багатыя пласты нашай эўрапейскай беларускай хрысьціянскай культуры”.

Знаткевіч: “На пытаньне, што такое кансэрватызм, нашая карэспандэнтка прасіла сёньня адказаць людзей на вуліцах Менску”.

Буйвал: “Гэтае апытаньне навяло мяне на думку, што людзі ў прынцыпе ведаюць азначэньне кансэрватызму зь філязофскага слоўніка савецкага часу – з часу, калі карэктная дэфініцыя не давалася. Многія зь іх, кажучы нават трошкі інфантыльныя рэчы, самі жывуць паводле кодэксу кансэрватызму: захоўваюць найлепшыя нашыя традыцыі беларускія, але проста ня ведаюць, што гэта кансэрватызм. Як герой францускай п’есы ня ведаў, што ён усё жыцьцё размаўляў прозай”.

“Мы заклікаем да беларускай салідарнасьці”

Знаткевіч: “Вы загаварылі пра беларускія традыцыі. Наколькі Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ гатовая супрацоўнічаць зь іншымі беларускімі арганізацыямі?”

Буйвал: “Мы заклікаем да беларускай салідарнасьці – усіх людзей, усе арганізацыі, усе супольнасьці, якія жывуць, дзейнічаюць у Беларусі”.

Знаткевіч: “Часам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ закідаюць тое, што яна адмаўляецца супрацоўнічаць з тымі арганізацыямі, якія таксама ставяць на першае месца нацыянальныя каштоўнасьці, з той жа Партыяй БНФ, з тым жа рухам “За Свабоду” на чале з Аляксандрам Мілінкевічам. Ці не адбываецца так, што вы адгароджваецеся ад некаторых палітыкаў, якія дэкляруюць сваю адданасьць нацыянальным каштоўнасьцям?”

Буйвал: “Рэч у тым, што за дэклярацыяй павінна ісьці дзеяньне. Мы за тое, каб у палітыцы, наагул у жыцьці слова адпавядала дзеяньню.

Калі на словах гэта ёсьць, як у таго ж Мілінкевіча, а потым ён зьяўляецца ў Пецярбурзе і заяўляе, што “любит, обожает все русское”, што ў Беларусі ня можа быць антырускай апазыцыі, то, ведаеце, даверу да такіх людзей, да такіх палітыкаў быць ня можа”.

“Беларускі нацыянальны палітык нацыянальны ня мае што рабіць цяпер у Расеі”

Знаткевіч: “Але ж ёсьць розьніца паміж “нярускі” і “антырускі”. Мілінкевіч казаў менавіта пра антырасейскасьць. Антыімпэрскасьць – гэта адно, а антырасейскасьць як непрыманьне, скажам, расейскай культуры – гэта іншае…”

Буйвал: “Бачыце, трэба заўсёды растлумачваць пасьля такіх выступаў, што меў на ўвазе такі палітык, што паехаў у краіну, якая вядзе цяпер разбуральную антыбеларускую імпэрскую палітыку. У прынцыпе палітык нацыянальны ня мае што рабіць цяпер у Расеі і тым больш ня мае права выступаць з такімі двухсэнсоўнымі, заблытанымі, вельмі дзіўнымі дэклярацыямі.

Мы гатовыя супрацоўнічаць, мы заклікаем да супрацоўніцтва ўсіх, хто выступае ня толькі на словах, але ў дзеяньнях сваіх, у сваёй палітыцы за незалежную Беларусь, за беларускую культуру і мову, хто гатовы гэта бараніць да канца. Мы гатовыя супрацоўнічаць зь любымі сіламі, якія засьведчылі сваімі словамі і дзеяньнямі менавіта гэты ідэал”.

“Амаль палова скульптураў, якія ў Летнім садзе ў Санкт-Пецярбурзе, была вывезеная з тэрыторыі нясьвіскіх паркаў”

Буйвал: “Валеры, вы згадалі Санкт-Пецярбург. Вы там вучыліся ў Акадэміі мастацтваў у 1970-я гады. Што вам найбольш запомнілася з таго часу?”

Буйвал: “Вядома, шчасьлівы быў час, залатыя гады. Запомніліся белыя ночы, як мы гулялі зь сябрамі, зь сяброўкамі і над Нявой, і па Летнім садзе.

Тады я, малады чалавек, яшчэ ня ведаў, што амаль палова скульптураў, якія ў Летнім садзе, была вывезеная расейскімі імпэрыялістамі, акупантамі з тэрыторыі нясьвіскіх паркаў. Гуляючы па залях Эрмітажу, будучы ў захапленьні ад шэдэўраў, я ня ведаў, што шэраг палотнаў Рафаэля, Леанарда да Вінчы, нідэрляндзкіх мастакоў быў скрадзены і вывезены расейцамі з палацу Паскевічаў у маім родным Гомелі.

Вядома, прафэсура ўспамінаецца – цудоўныя людзі, яркія спэцыялісты. Абрам Кагановіч, беларускі габрэй з Рагачова, чытаў нам расейскую культуру XVIII стагодзьдзя. Згадваю сваю настаўніцу Цыцылію Нісельштраўс, Ігара Барценева, цудоўную прафэсуру тагачасную.

І, вядома, кур’ёзныя былі выпадкі. Была нечаканая сустрэча зь вялікім мастаком Беларусі Маркам Шагалам. Ён у студзені 1973 году якраз прыехаў у Пецярбург. Усе, ведаючы пра яго намер наведаць акадэмію, дзе ён вучыўся маладым чалавекам, яшчэ да першай сусьветнай вайны, усе стаялі, прафэсура і мы, студэнты, ля ўваходу ў акадэмію і не заўважылі, як ён прабег вакол нас, стаў гуляць па акадэміі, зайшоў у сваю колішнюю майстэрню, а там якраз маладыя жывапісцы праводзілі заняткі. А потым мы гутарылі зь ім. Гэта незабыўныя такія моманты, повязь эпох – гэта вельмі яркія ўспаміны”.

25/7/2007 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2007
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь