Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

86-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну (фота)

26 лістапада сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ правялі мэмарыяльныя мерапрыемствы на Случчыне ў гонар 86-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Менчукі праехалі на аўтобусе на мясьцінах, дзе ў лістападзе-сьнежні 1920 г. Беларуская Народная Армія змагалася за незалежнасьць Беларусі, абараняючы нашу зямлю ад расейска-бальшавіцкай агрэсіі.

Мэмарыяльныя мітынгі і шэсьці адбыліся ў Грозаве, Семежаве, Вызьне (цяпер Чырвоная Слабада) і ў гістарычным цэнтры Слуцка. Да менчукоў далучыліся мясцовыя жыхары і сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ з Баранавічаў, Салігорска і Слуцка. Мерапрыемствы адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, гэрбам “Пагоня” і транспарантамі “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!”, “Беларуская Салідарнасьць – наш адказ расейскай агрэсіі”, “Слава героям Слуцкага Збройнага Чыну!”. Людзі, маліліся, сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны, ускладалі кветкі і вянкі да крыжоў на магілах герояў і месцах баёў, запальвалі зьнічкі і сьвечы.

На мэмарыяльных мітынгах быў зачытаны з варот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Дзень герояў” (публікуецца). Выступілі сябры Партыі. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, сказаў: “Мы зноў на гераічнай слуцкай зямлі. Ня раз у беларускай гісторыі случакі першымі ставалі на абарону Бацькаўшчыны, калі на нашу Беларусь насоўвалася чужынская цемра. У 1920 годзе случакі паказалі ўсяму народу прыклад палітычнай сьпеласьці, патрыятызму і баявога майстэрства. Яны доўга не разважалі і не дыскутавалі, яны пачалі біць чужынца-захопніка, гнаць яго з нашай зямлі. Іхны подзьвіг выратаваў гонар беларускага народу, паказаў усяму сьвету, што наш народ не скарыўся перад чырвонай маскоўскай навалай. Дзякуючы змаганьню на Случчыне, аб якім ніколі не забыліся беларусы, нам удалося аднавіць незалежную Беларускую дзяржаву ў 1991 годзе. Бо слуцкія палкі змагаліся пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і гэрбам Пагоня за абвешчаную ў 1918 годзе Беларускую Народную Рэспубліку. Непарыўная лінія змагарнага імкненьня беларускага народу да волі і незалежнага дзяржаўнага жыцьця. І вось, праз дзесяцігоддзі Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка дамогся перамогі над імпэрыяй і зьдзейсьніў мару адраджэнцаў пачатку 19-га стагоддзя. Менавіта таму прамаскоўскі рэжым на Беларусі ўвесь час імкнецца сьцерці памяць аб Слуцкім Збройным Чыне, таму ён так ненавідзіць і баіцца нашай гісторыі. Расейская імпэрыя зноў спрабуе паняволіць наш народ. Маскоўскія агрэсары карыстаюцца мэтадамі эканамічнай, псіхатропнай, інфармацыйнай вайны супраць нашага народу і дзяржавы. Мы гатовыя сябраваць, мірна суіснаваць, гандляваць з усімі нашымі суседзямі. Але зразумела, што не мірнае суіснаваньне патрэбнае ўсходняй імпэрыі, а ліквідацыя нашай дзяржавы. Таму мы баронім нашы нацыянальныя інтарэсы. Наш народ ніколі не скарыцца перад расейскімі агрэсарамі”.

Сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, сказаў: “Чаму расейская імпэрыя так намагаецца захапіць Беларусь? Навошта ім наша тэрыторыя? Што, можа ў іх зямлі мала? Як і ў 1920 годзе, так і цяпер задача ўсходніх агрэсараў адна – захапіць нашу зямлю, паняволіць беларускі народ і выкарыстаць нашы прыродныя ды чалавечыя рэсурсы. У Расеі мільёнамі вымірае няшчасны народ, жыруе толькі лубянская і алігархічная эліта. Там ужо няма каму пампаваць газ і нафту, працаваць на Поўначы і ў Сібіры. Вось туды, за тысячы кілёмэтраў ад роднага дому яны й зьбіраюцца накіраваць беларусаў, нашых работнікаў, інжынэраў, нашу моладзь. Яны зьбіраюць закрыць кітайскую мяжу беларускімі жаўнерамі і афіцэрамі, паслаць нашых вайскоўцаў на жудасную каўказкую вайну. Мы кажам гэта ня толькі таму, што расейцы нават не хаваюць сваіх намераў. А яшчэ й таму, што так маскоўскія акупанты рабілі на працягу ўсёй дзьвюхсотгадовай акупацыі Беларусі, да самага 1991 года. Жывыя яшчэ пакаленьні, што памятаюць гаспадараньне на нашай зямлі ўсходняга варвара. І што ж, мы аддамо імпэрцам нашу Беларусь, нашу моладзь, нашу будучыню? Ніколі! Увесь беларускі народ будзе змагацца супраць чужынскай навалы так, як гэта рабілі слуцкія героі. Цяпер нашым людзям вельмі важна ўбачыць імпэрскую небясьпеку.

Антыбеларускі рэжым арганізаваў сетку блытанікаў-зазывалаў, якія разам з рэжымам заклікаюць беларусаў ісьці на выбары. А да выбараў рэжым зьбіраецца прысьцябнуць рэфэрэндум аб “саюзнай дзяржаве” з Расеяй, фактычна аб дабраахвотнай здачы Беларусі ў расейскую імпэрыю. Псэўдаапазыцыя кінулася выконваць гэты падступны антынародны плян. Мілінкевіч ходзіць і зьбірае подпісы на вылучэньне на гэтыя пацешныя псэўдавыбары. Людзі ўжо называюць яго – “шут гарохавы”. Ня верма падстаўным балбатунам, як ня верылі балбатунам слуцкія змагары. Неабходна ізаляваць прамаскоўскі рэжым, ня йсьці на выбары-рэфэрэндум. Няхай яны выбіраюцца самы з сабой. Тады праваліцца ўся гэтая акупанцкая задумка”.

Сп. Алесь Чахольскі: “Няроўнымі былі сілы ў 1920 годзе. Калі мы прыязджалі на Случчыну на пачатку 1990-х гадоў, то сустракалі тут людзей, якія былі сьведкамі баёў. Адна жанчына распавядала, як гарэла Вызна пад агнём расейскай артылерыі, як случакі бараніліся ад магутнага ворага з аднымі вінтоўкамі. Але беларусы здолелі разграміць лютага ворага, рассыпаліся і пабеглі цэлыя дывізіі чырвонай арды. Маскве давялося пасылаць дзікую кітайскую дывізію супраць нашых ваяроў. Прамінула амаль стагоддзе пасьля тых падзеяў. Злачынная палітыка Крамля па нацкоўваньню народаў адзін на аднаго абярнулася супраць самых маскоўцаў. Расейскую Сібір ўсё больш займаюць мільёны кітайцаў, якіх да Урала ўжо больш, чым расейцаў. Гніе і хістаецца крамлёўская імпэрыя. Яна хацела б адгарадзіцца ад кітайцаў беларусамі. Зноў вяртаецца вораг, той самы вораг – імпэрская Масква. І вораг павінен зноў атрымаць адлуп на нашай зямлі. Наш народ ня вернецца ў расейскае рабства”.

Сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі: “Подзьвіг случакоў нагадвае нашаму народу, што за волю і незалежнасьць трэба змагацца, трэба абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. Палітыка русіфікацыі ў цяперашняй Беларусі, наладжаная шклоўскім рэжымам – гэта злачынства супраць нашага народу. Прамаскоўская хеўра спрабуе вырваць з душы беларусаў родную мову, растаптаць і зьнявечыць беларускую культуру, замяніць усё сьвятое і нацыянальнае вырабленым расейскім сурагатам. Такім чынам Масква хацела б пазбавіць нас душы і аблегчыць сабе задачу па фізычнаму зьнішчэньню беларускага народу. Псэўдаапазыцыя актыўна падключана да гэтага антыбеларускага працэсу, кіруемага акупантамі. Як яны бегаюць, як мітусяцца цяпер усе гэтыя мілінкевічы-лебедько-вінцучкі. У каторы раз гэтая публіка спрабуе разам з рэжымам завесьці беларусаў на псэўдавыбары. Маўляў, трэба “расплюшчыць вочы” і прагаласаваць. Пятая калёна Масквы актывізавалася на нашай зямлі. Ня можа быць веры падстаўным марыянэткам, якія скачуць на палітычнай сцэне і імкнуцца зноў надурыць нас ды зарабіць чарговую порцыю грантаўскіх грошай за выкананьне маскоўскага праекту. Байкот псэўдавыбараў і акупацыйнага рэфэрэндуму – вось форма барацьбы на цяперашнім этапе. А маскоўскім агрэсарам на сьвятой слуцкай зямлі мы кажам паводле Пісаньня: “Хто да нас зь мячом прыйдзе – ад мяча й загіне!”

Слуцак. 26.11.2006

Мэрапрыемствы завяршыліся мітынгам і сьпяваньнем гімну “Магутны Божа” перад гістарычным будынкам у Слуцку, у якім адбыўся Зьезд Рады Случчыны ў лістападзе 1920 года.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
26 лістапада 2006 г.

27/11/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2006
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024