Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (8-12 сьнежня 2005 г.)

Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Стразбурзе ўпершыню прыняў да разгляду справу з Інгушэціі. Інгушская маці Фаціма Базоркіна абвінавачвае Расею ў забойстве ейнага сына Хаджы –Мурата Яндыява (1975 г. нар.).
Яшчэ ў 2000 г. ен паехаў у Грозны па справах і не вярнуўся. У 2001 г. расейская тэлевізія паказала відэаздымкі, на якіх маці пазнала сына. Яго абвінавачвалі ва “удзеле ў бандфармаваньнях”, допыт праводзіў нейкі афіцэр з даволі вялікімі зоркамі. Потым тэлевізыйшчыкі перадалі маці гэтую стужку. У канцы сюжэта расейскі афіцэр загадвае “убраць” і “шлёпнуць” палоннага. Расейскія ўлады на запыты маці сьцьвярджаюць, што ня ведаюць месцазнаходжаньне ейнага сына і ягоны лёс. Расейскі фашызм працягвае масавыя забойствы і катаваньні людзей на Каўказе.
8 сьнежня ў Валагодскай вобласьці пілі шампан і расьпісваліся мелам на таўшчэзнай трубе. Як перадала расейская тэлевізія: “Только что закончилось открытие газопровода Россия-Германия…” Нягледзячы на пратэсты балтыйскіх краінаў, Украіны і Польшчы, маскалі з немцамі ўсё-ткі пайшлі на гэты крок і будуць цягнуць газаправод з Сібіры ў Нямеччыну, нават не параіўшыся з трэцімі зацікаўленымі краінамі. “Закончіть открытіе” і выпіць на брудэршафт – гэта ня тое самае, што скончыць пабудову газаправоду. Завяршэньне пабудовы заплянавалі на 2010 г., а выйсьце на поўную эксплюатацыю на 2013 г. Шмат чаго можа адбыцца за гэты час. Памятаем, як з помпай і крыкамі заключаліся дамовы з СССР, ды праз пару месяцаў у жніўні 1991 г. усё скончылася пшыкам. Дарэчы, былы канцлер ФРГ Шродэр днямі быў абраны старшынём камітэту акцыянэраў кампаніі, якая будуе газаправод. Вось і вылезлі маскоўскія асьліныя вушы пад нямецкім капялюшом “вялікага патрыёта” Нямеччыны. Трэба прызнаць, што нягледзячы на нядаўні правал на выбарах, Масква не забылася пра свайго кліента і ўладкавала яго на цёплае месьцейка каля газавай гарэлкі.
Крэмль-Лубянка яшчэ толькі праз пяць гадоў зьбіраюцца пускаць газы па віртуальным пакуль што газаправодзе, а куражыцца і нахабнічаць маскалі пачалі ўжо цяпер. Пуцін не стрымаўся і заявіў 9 сьнежня, што яны прымусяць цяпер Украіну плаціць за сібірскі газ па сусьветных цэнах (“вось вам за нашага Януковіча, вось вам…”). А украінцы раптам не напалохаліся, а паслалі да мікрафона свайго міністра абароны, які заявіў, што ў такім выпадку Украіна будзе браць з Расеі па сусьветных цэнах за вайсковыя базы і караблі, якія маскалі трымаюць у Крыме. Эх, як усхадзіўся міністар вайны РФ Іваноў: “Это нервная реакція украінского руководства. Есть соглашенія і оні будут…” Не спадабалася такая камбінацыя крамлёўскім нахабнікам. Трэба нагадаць, што якіх толькі караблёў, чыех толькі базаў не стаяла ў Крыме, даўно ўжо і дзяржаваў такіх няма: Рымская імпэрыя, Македонская імпэрыя, Гэнуэзкая рэспубліка, Асманская імпэрыя… Будуць і маскоўскім рэйхам займацца выключна архэёлягі ды спэцы па экзатычных мовах. А вызваленыя народы будуць жыць вечна.
11 сьнежня яшчэ адзін “незаменімый товарішч сгорел на работе” (любімая фармулёвачка ў нэкралёгах ВЧК-НКВД у 20-30-я гады). Маецца на ўвазе палкоўнік ФСБ Руднік Дудаеў. У гэбэ ён праслужыў больш за трыццаць гадоў. Даслужыўся да загадчыка аддзела замежных сувязяў Асацыяцыі мусульманскіх арганізацыяў Расеі (веруюшчій был большевік), а з 2001 г. служыў сакратаром савета бясьпекі прамаскоўскага рэжыму ў Чачэніі. Ён згарэў ва ўласным доме 11 сьнежня а 14-00. Трэба зазначыць, што гэты дом знаходзіўся на тэрыторыі расейскай вайсковай базы, дзе знаходзяцца дамы іншых вышэйшых кіраўнікоў прамаскоўскай адміністрацыі. Здраднікі чачэнскага народу ўжо даўно баяцца жыць сярод чачэнскага народу, ім камфортна ў ценю расейскага танка (гэта якраз лягічна). І вось цікава – “не убереглі…” А хутчэй за ўсе – самы й “прыбралі кліента”, як раней акупанты “прыбралі” Кадырава ды яшчэ шэраг сваіх жа наймітаў-запраданцаў.
Курултай крымска-татарскага народу 9 сьнежня зьвярнуўся да кіраўніцтва Украіны, Расеі і эўрапейскіх краінаў з патрабаваньнем прызнаць актам генацыду гвалтоўную дэпартацыю крымска-татарскага народу ў 1944 г. па загаду Сталіна. Татары гатовы дамагацца свайго ва ўсіх міжнародных судах і арганізацыях. Раскрываецца яшчэ адно жудаснае злачынства расейскіх акупантаў.
12 сьнежня пачуліся крыкі з Масквы на ўкраінскую тэму. Крычаў-надрываўся генэрал Красоўскі: “Допуск амэрыканцаў на радыёлякацыйныя станцыі ў Севастопалі і Мукачаве прывядзе да страты Расеяй супрацьракетнага кантролю на паўднёва-заходнім стратэгічным напрамку. Дойдзе да таго, што яны зробяць, як у Скрундэ!..” Справа ў тым, што ўкраінскае кіраўніцтва зьвярнулася да ЗША з просьбай прыслаць на ўкраінскія вайсковыя РЛС амэрыканскіх спэцыялістаў. Нармальны, адэкватны ход сувярэннай дзяржавы. Так сама, як і зьнішчэньне магутнай вайсковай расейскай РЛС у Скрундэ паводле рашэньня латвійскіх уладаў у 1992 г. (пасьля гэтага паганая Масква пабудавала такую ж РЛС, зьнішчальную для людзей і прыроды, каля нашых Ганцавічаў). Генэрал прызнаўся таксама, што Украіна адмовілася купляць у Масквы зянітна-ракетныя комплексы “Сатана” (дамову падпісаў яшчэ Кучма, зашчэмлены Крамлём у поўную падпарадкаванасьць сваёй волі). Цяпер, маўляў, прыйдзецца выкідваць ракеты на сьметнік. Ну, тут генэрал трохі маніць. Ракеты маскалі аддадуць сваім васалам-тэрарыстам. Скора такая вось кампанія й застанецца ў Крамля-Лубянкі.
У блатным расейскім шлягеры ёсьць выразны рэфрэн: “Не долго музыка играла, не долго фраер танцевал…” А мы думалі, чаму гэта раптам незабыўны Ганс Вік раптам выступіў нядаўна з гняўлівым заклікам перастаць спадзявацца на дэмакратыю ў Расеі і больш не заклікаць РФ быць дэмакратызатарам Беларусі. “Гэта была памылковая палітыка!” – шумнуў аўстрыйскай газэце “Die Presse” беларусазнаўца Вік. Толькі “забыўся” германскі шпіён (а па сумяшчальніцтву дзеяч АБСЭ) згадаць, што гэта была таксама й ягоная,– Ганса Віка –, палітыка, за якую Беларускі Народны Рух на ўвесь сьвет абвесьціў Віка пэрсонай нон грата. Чаму раптам стаў “калоцца” мацёры ліс выведкі? Такое зь ім здаралася й раней. Успомнім, як ён прызнаўся, што ўзгадняў (і завяраў подпісам старшыні КГБ) усе пляны АБСЭ па “дэмакратызацыі” Беларусі, што “галоўнай задачай ягонай дзейнасьці як прадстаўніка АБСЭ было ўключэньне Беларусі ў дэмакратычную Расею”. І тады і цяпер Вік (і тыя, хто стаіць за ім) пранюхваў пра набліжэньне крызісу і правалу гэтай палітыкі і рабіў папяраджальны крок – сазнаваўся сам, каб на супрацоўніцтве з КГБ яго не злавілі іншыя. Так і цяпер ён адчуў правал шродэрскай халуйскай прамаскоўскай палітыкі, правал самаго архіхалуя Шродэра і пасьпяшаўся адхрысьціцца ад свайго шэфа і ягонай палітыкі (так рабілі ў свой час і Гімлер, і Канарыс і шэраг іншых партайгэноссэ). Дык вось, з 11 сьнежня ў нямецкім палітычным сьвеце загучалі цікавыя маналёгі. Генсек партыі Свабодных дэмакратаў Дзірк Нібэль заявіў наконт прызначэньня Шродэра на пост старшыні савета акцыянэраў будаўніцтва расейска-нямецкага газаправоду: “Гэта моцна тхне карупцыяй. Кожны павінен спытаць, ці ня церпяць нямецкія інтарэсы дзеля прыватнай выгоды?” Яго падтрымаў лідар Партыі “зялёных” Рыхард Бюцікофэр. Дэпутаты Бундэстага пачалі разьбірацца, з чаго гэта Шродэр зрабіў такую галавакружную расейскую кар’еру? А брытанская газэта “Daily Telegraph” надрукавала сэнсацыйныя матар’ялы. Аказваецца дырэктар Паўночна-эўрапейскага газаправоду (таго самага, што пачалі будаваць у Валагодзкай вобласьці) немец Маціяс Варнінг зьяўляецца былым агентам Штазі і “працаваў у шчыльным супрацоўніцтве з будучым расейскім прэзыдэнтам Пуціным па лініі КГБ у Бэрліне”. Такія вось “друзья юності”, такая вось гэбоўска-гестапаўская кодла будзе пускаць газы ў Эўропу. Дэпутаты Бундэстага падлічылі, што Шродэр на цёплым дырэктарскім газаправодным месцы будзе атрымліваць штогадовы заробак-дывідэнт у памеры 1,5 мільёнаў эўра. “І гэта за тое, — шумяць дэпутаты,– што ён цалкам атруціў нашы адносіны з Польшчай!” Цікавы вэрхал пачынаецца на берагах Рэйна і Шпрэе.
12 сьнежня за бранёй танкаў і пад фанфары ў Грозным адкрывалі акупанцкія “палаткі” (“абраны” нядаўна мясцовы псэўдапарлямант). Раптам на палянку апусьціўся вэрталёт, адтуль выскачыў Пуцін. Сказаў 15-хвілінную прамову пра тое, што “Расея заўсёды была галоўным абаронцам Ісламу”, “што мы не дапусьцім, каб яны развалілі Расею…” Усё было, як у дзіцячым шлягеры: “Прилетит вдруг волшебник в голубом вертолёте и бесплатно покажет кино…” Потым начальнік ускочыў у вэрталёт і зьнік у нябёсах. Чаму гэта ён чалму не прымерыў, “закасіўшы пад свайго”? Такое здаралася й раней. Банапарт падчас сваёй эгіпецкай выправы на белым кані выяжджаў перад натоўпам вернікаў у Каіры і расказваў, што французы прышлі ратаваць ад брытанцаў каштоўнасьці Ісламу. На гэтыя заявы эгіпцяне адказалі зьнішчэньнем французкага гарнізону ў каірскай цытадэлі. Малады яшчэ імпэратар Нямеччыны Вільгельм праехаўся па краінах Магрыба ў канцы 19 ст. Паўсюль казаў камплімэнты мусульманскай традыцыі ды выстаўляўся яе лепшым абаронцам. А як пачалася Першая сусьветная вайна, то арабы масава пайшлі за таленавітым брытанскім шпіёнам, празваным Лорэнсам Аравійскім, і грамілі туркаў – хаўрусьнікаў Нямеччыны. Але нешта нерваваўся падчас свайго выступу крамлёўскі “абаронца”. Ведае, шайтан, што чачэнскі народ не паверыць ягонай дэмагагічнай балбатне ды хутчэй сьпяшаўся ўцячы з чачэнскай зямлі.

Янка Базыль

12/12/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2005
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024