Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: “Рэжым хоча задушыць Беларусь у Інтэрнэце”

Госьць ранішняга эфіру “Свабоды” – старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Зянон Пазьняк (па тэлефоне з Варшавы)

(Навумчык: ) Паколькі часопіс “Дзесялоў” толькі што скончыў друкаваць Вашую паэму “Вялікае Княства” і, тым самым, нагадаў пра паэта Зянона, я хацеў бы пачаць са спраў пісьменьніцкіх. Зрэшты, падзея, якая адбылася на гэтым тыдні, выходзіць па-за межы ўласна пісьменьніцкія, а тычыцца ўсяго грамадзтва. На сыходзячым тыдні адбыўся устаноўчы сход праўладнага саюзу пісьменьнікаў. Паводле незалежнай прэсы, на сходзе амаль не гучала беларуская мова. Кіраўніцтва Саюзу беларускеіх пісьменьнікаў – таго Саюзу, дзе былі Купала, Колас. Быкаў, дзе сёньня Барадулін, Казько, Разанаў — заявілі пра магчымасьць закрыцьця Саюзу. Вашая ацэнка гэтага ў кантэксьце агульнай сытуацыі.

(Пазьняк: ) “Мая ацэнка такая: стварэньне падстаўной пісьменьніцкай арганізацыі - гэта чарговы факт акупацыйнай палітыкі па зьнішчэньні беларускай нацыі. Тут задума - зьліквідаваць беларускую пісьменьніцкую арганізацыю. Нацыянальная літаратура, як вядома - гэта чыньнік і атрыбут нацыі. І калі няма нацыянальнай літаратуры - то няма і нацыі. Таму заканамерна, што побач з беларускай школай, мовай, гістарычнай спадчынай, сымволікай, фундамэнтальнай навукай, нацыянальнай бібліятэкай рэжым імкнецца разбурыць і ліквідаваць увогуле нацыянальную літаратуру. У канцы гэтага працэсу — поўная ліквідацыя беларускага народа, перамяшчэньне і этнічная замена насельніцтва. Я пра гэтыя працэсы і пра гэтую палітыку гэбісцкай Масквы кажу і пішу ўжо дзесяць гадоў. Магу нагадаць працы “Беларуска-расейская вайна”, “Прамаскоўскі рэжым, альбо Як зьнішчаецца беларуская нацыя”. Усё гэта ёсьць у Інтэрнэце, усё гэта можна чытаць, думаць, аналізаваць і разумець. Але, як кажуць, глухія праўду ня імуць, і сьляпыя не ўбачаць.

Канешне, нас, беларусаў, мэтадычна зьнішчаюць, Канешне, улада ў чужых руках. Вядома ж, рэпрэсыі і гэтак далей. Але шмат у чым вінаватыя самі пісьменьнікі і самі беларусы. Гэта трэба прызнаць”.

(Навумчык: ) Днямі ”Наша ніва “ зьвярнула ўвагу, што ў Кіеве украінскія Гілевічы і Брылі ўжо стаялі б каля Палацу, дзе праходзіў сход і “ціснулі” б маральным аўтарытэтам. Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў правяло прэсавую канфэрэнцыю, аднак трэба прызнаць, што яна засталася не заўважанай у грамадзтве, ва усялякім разе, грамадзтва не зрэагавала на гэтую падзею…

(Пазьняк: ) “Галоўны недахоп я бачу ў тым, што цяперашняе пакаленьне беларусаў страціла здольнасьць да барацьбы, згубіла дух змаганьня. Калі б гэты дух аднавіўся, дык акупацыйная палітыка правалілася б імгненна. Яна б пасыпалася, як асеньняе лісьце. Змаганьне народа за сябе - гэта ня толькі зброя, гэта ня толькі дэманстрацыі, лямантаваньне, бунтаваньне, як многія ўяўляюць. Змаганьне — гэта калі ўвесь народ ад акадэміка да крымінальніка бароніць на сваёй зямлі і беражэ ўсё сваё. І ні ў чым не спрыяе акупантам. Вось гэта і ёсьць масавая народная барацьба. Такая пазыцыя была за часы савецкай акупацыі ў прыбалтыйскіх народаў, успомніце. У армянаў, грузынаў таксама. І таму яны захавалі і сваю школу, і мову, і храмы. І яны, ня маючы большай сілы, пайшлі тады ў акупацыйную ўладу, у КПСС, у міліцыю — каб бараніць сябе. І яны абаранілі. Успомніце, якія былі дачыненьні ў Прыбалтыцы, калі вы ўладкоўваецеся ў гатэль, калі вы зьвяртаецеся да таксіста — яны сябе паводзілі сьведама.

А ў нас так: ім плююць у твар, іх б’юць, іхняе — вынішчаюць — а яны ўвесь час нічога не разумеюць. Не разумеюць, і ўсё!

Гэта я кажу зусім не пра простых людзей, а пра тых, зь якіх простыя людзі павінны браць прыклад. Лукашэнка бэсьціць, зьневажае ўсё беларускае, а пісьменьнікі пайшлі некалі гуртам да яго на паклон. Вось такое паняцьце гонару… Дэпутатаў апазыцыі БНФ, што галадавалі за мову, лукашысцкі спэцназ зьбівае ў парлямэнце, гэта неверагоднае злачынства, а пісьменьнікі — маўчалі. Яны думалі, відаць, што гэта іх не датычыцца. Дрэнна думалі.

Аднак, якой бы не была самакрытыка — а тое, што я кажу, я ацэньваю як самакрытыку, — яна не істотная перад агульнай небясьпекай і перад агульнай нашай народнай бядой. Усе беларусы павінны зараз бараніць зараз сваю літаратуру, сваіх пісьменьнікаў, свой беларускі пісьменьніцкі саюз, свае выдавецтвы. Бо літаратура і пісьменьнікі — гэта наш агульны нацыянальны скарб. І гэта мы павінны ўсьвядоміць”.

(Навумчык: ) Будучыня беларускай мовы – гэта галоўная частка Вашай праграмы, я маю на ўвазе нават не палітычную, партыйную праграму, а праграму жыцьця. Ці Вы бачыце тут нейкія новыя тэндэнцыі?

(Пазьняк: ) “Тэндэнцыі ёсьць. Галоўная тэндэнцыя такая: як казаў паэт, каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала. Такую вялікую, магутную і культурную мову, як беларуская, зьнішчыць нікому не ўдасца. Ні Маскве, ні Брусэлю, ні КГБ. Нядаўна Міхайлаў, рэктар Эўрапэйскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, зьневажаў ўсяляк беларускую мову ў сваім выступе ў Нямеччыне, гэта вядома. Мэта зразумелая — скампрамэтаваць Беларусь і беларусаў у Эўропе. Гэта праява агульнага пляну Масквы па зьнішчэньні беларускай нацыі. На Захадзе пад шумок аб крытыцы рэжыму Лукашэнкі руская дыпляматыя і агентура цяпер усяляк ахайвае беларускую культуру і беларускі народ. Мне гэта добра вядома. Тут зазначу: што нічога ў іх з гэтага ня выйдзе. Ёсьць другі бок мэдалю, пра які яны ня ведаюць, і пакуль што мы пра яго не гаворым. І зноў жа, як пісаў паэт - балабонь да пары, балабонь…”

(Навумчык: ) У сваёй паэме “Вялікае княства” Вы пішаце пра сталінскую школу, якая калечыла дзіцячыя душы. У сёняшнім інтэрвію Вы ўзгадалі 1995 год, калі праходзіў “рэфэрэндум” па сімволіцы. Сёньня бел-чырыона-белы сьцяг забаронены, але моладзь выходзіць зь ім на вуліцы, коштам зьбіцьця, арыштаў ды штрафаў. Але давйце глядзець праўдзе ў вочы: такіх маладых няшмат. Вам, пэўна, непрыемна гэта чуць, але — значна большая частка моладзі ўспрымае цяерашнюю афіцыйную сымболіку як легітымную, я маю на ўвазе, гістарычна легітымную, ходзіць на футбольшныя спраборніцтвы з зялёна-чырвонымі сьцягамі. Вам не падаецца, што нацыянальна арыентаваная апазыцыя папросту губляе моладзь?

(Пазьняк: ) “Не, мне так не здаецца. Але рэальнасьць такая, што на вайне як на вайне. Частку моладзі мы, безумоўна, губляем. Але большая частка актыўнай і думаючай моладзі (а такой моладзі няшмат, актыўнай і думаючай), дык вось, гэтая частка, яна ў большасьць ёсьць нашая, беларуская. Гэта так. І ёсьць факты, па якіх можна гэта вызначыць. Пра пасіўную частку мы не гаворым — таму што калі зьмяняюцца абставіны, дык зьмяняецца і пасіўная частка моладзі. Важна, які авангард. Гэта вельмі істотна.

І вось, працягваючы размову пра мову — а трэба ўлічыць, што, нягледзячы на тое, што пазачынялі беларускія школы, што мову зьневажаюць, — актыўная частка беларускай моладзі мову шануе, паважае, любіць і на ёй размаўляе. Гэта вельмі істотна. І вось, працягваючы пра мову, я хацеў бы сказаць пра наступную тэндэнцыю і зьвярнуцца да моладзі. Думайце, як абараніць наш беларускамоўны Інтэрнэт. І як яго разьвіць. Таму што старэйшае пакаленьне, яно ўжо… Яно ўжо тут нічога ня вырашыць. Гэта людзі іншага тэхнічнага часу…”

(Навумчык: ) Спадар Зянон, а дарэчы, ў якой ступені Вы самі карыстаецеся Інтэрнэтам?

(Пазьняк: ) “Ну, я карыстаюся як прадстаўнік старэйшага пакаленьня. Я проста вывучаю тое, што магу і пасьпяваю, ўдзельнічаю ў старонках фронтаўскіх. Вось у афіцыйнай старонцы партыі www.pbpf.org , у “Беларускай Салідарнасьці” www.bielarus.net , ёсьць некалькі маіх аматарскіх старонак — www.zianonpazniak.de і www.pazniak.com, якія робяць мае прыхільнікі, рыхтуецца яшчэ афіцыйная старонка. Такім чынам, я пішу туды і актыўна там удзельнічаю. Вядома, я не хаджу на форумы, бо я разумею, чыя гэта вобласьць, гэтыя форумы. Але ў Інтэрнэце я ўдзельнічаю актыўна.

Дык вось, вяртаючыся да гэтага тэзісу, моладзі трэба думаць, як абараніць наш беларускамоўны Інтэрнэт. І як яго разьвіць. Таму што Лукашэнка паслаў сваіх эмісараў у Кітай даведацца пра кітайскія мэтады кантролю над Інтэрнэтам. Рэжым хоча задушыць Беларусь у Інтэрнэце, асабліва перад выбарамі. Таму змагаймася, абьяднайма нашыя маладыя таленты. Нам, беларусам, будзе не да гонару, калі тупое калгаснае гэбьё задушыць нас яшчэ і ў Інтэрнэце. Тады які наш інтэлект? Куды нам падзецца? Тут мы павінны сябе праявіць. Так што не чакайма, а за працу. Таму што вайна ў беларускім Інтэрнэце будзе. Рэжым рыхтуе гэтую вайну, і яна непазьбежная. Ад яе мы нікуды не дзенемся. Мы павінны ў ёй перамагчы. А гэта і будзе перамога нашай сьвятой беларускай мовы”.

Сяргей Навумчык, Прага

25/11/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2005
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024