Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (20-31 сьнежня 2004 г.)

Валеры Буйвал
У Крамлі жулікавата паціраюць рукі і зьедліва пасьмяхаюцца. Заходнія наіўнячкі атрымалі яшчэ адзін урок ад расейскай “дэмакратыі”. Пасьля шматмесячнага шуму-гаму вакол нафта-газавай кампаніі ЮКОС 20 сьнежня ўрэшце адбыўся аукцыён па продажы яго буйнейшага падраздзяленьня пад назовам “Юганскнефтегаз”. Ахвотных набыць тое, што ляжыць, было шмат. У ЗША амэрыканскія ўкладчыкі ў расейскі нафтавы капітал нават наладзілі суд, які павінен быў абараніць іхнія правы. А ў маскоўскай зале ўстаў невядомы мужчына і сказаў чалавеку з малатком, што ён купляе і дае неабходныя 2,5 мільярды доляраў (ну, выліты Астап Бэндэр – ды й уся сітуацыя са знаёмага раману). Назваўся новы Бэндэр нікому невядомай кампаніяй “Байкалфінансгруп”, аплаціў і зьнік. Праз пару дзён міфічную Байкал-кампанію скупіла на караню дзяржаўная “Роснефть” – Пуцін куражыўся перад журналістамі, прысабечыўшы для сваёй мафійна-дзяржаўнай сістэмы яшчэ адну ахвяру. У Вашынгтоне прадстаўнік Дзярждэпа Рычард Ваўчар заявіў, што “пастаўлены пад сумнеў давер да расейскай юрыдычнай сістэмы”, што “у Расеі наўрад ці можна весьці бізнэс і давяраць расейскім юрыдычным інстытуцыям…” Бедныя гульцы з Нью-Васюкоў, яны ўселіся гуляць па джэнтэльмэнскіх правілах з маскоўскімі жулікамі. А тыя раптам перакулілі шахматныя фігуркі, закрычалі “мат!” і дошкай па галаве, па галаве…

Памятаем, як модна было папракаць Беларускі Вызвольны Рух у “празьмернай любові да беларускай мовы, вось граждан напалохалі, а размаўлялі б па-руску, то за вас бы й прагаласавалі…” Прадажная прамаскоўская “апазыцыя” й сапраўды перайшла ў апошнія гады на “велікій і могучій”, рэгулярна кленчыць ля крамлёўскага парогу ў Маскве, па-экзгібіцыянісцку дэманструе беларусам свае варыянты “інтэграцыі” з жудаснай Расеяй. Беларускаму грамадзтву становіцца ўсё ясьней, што “пяцёркі плюс” – гэта расейская пятая калёна, і расейская мова іхных фальшывых зваротаў да ўсіх нас ёсьць адэкватным адлюстраваньнем іхнай агентурнай сутнасьці. Гэта – прадажнікі, якія служаць лютым ворагам Беларусі. Украінскі народ даўно зразумеў гэтую мадэль. І дзейнічае адпаведна, падтрымліваючы патрыёта Бацькаўшчыны Віктара Юшчанку. Нават заходнія СМІ (якія здольныя на рознага гатунку глупствы, камэнтуючы постсавецкія справы) сьцямілі і, паказваючы апошнія тэледэбаты паміж кандыдатамі на прэзыдэнцтва ў Кіеве, падкрэсьлілі – Юшчанка размаўляў па-украінску, а Януковіч па-расейску. Адразу ясна, хто з кандыдатаў за Украіну, а хто за Расею. Такая ж яснасьць існуе ў Беларусі.

Таварыш Пуцін гасьцяваў у лепшага сябра партайгеносэ Шродэра ў Нямеччыне 20-21 сьнежня. Зноў жа няма яснай інфармацыі, пра што яны, два інтэлектуалы, гаманелі па-нямецку. На прэс-канфэрэнцыях публіцы даставаліся нейкія абрыўкі-намёкі, згадкі-абяцанкі. Пуцін паабяцаў пачаць выплату даўніх пазыкаў Нямеччыне “ў сувязі з надзвычай станоўчай эканамічнай сітуацыяй у Расеі” (цяпер гэта так называецца на фоне мільёнаў галодных і халодных грамадзянаў РФ). І яшчэ аказваецца, што ў лістападзе сёлета Нямеччына запрапанавала Расеі свой, нямецкі плян “урэгуляваньня ў Чачэніі”. Мяркуецца, што Захад будзе актыўна займацца капіталаўкладаньнем у адбудову разбуранай рэспублікі. Расейцы энтузіястычна праект прынялі. Атрымліваецца бліскуча: маскалі будуць бамбіць, страляць, забіваць, а Захад будзе аднаўляць, будаваць, уваскрашаць… (Хаця нешта ня верыцца ў нямецкія гуманітарныя праграмы на Каўказе. Хутчэй мяркуецца, што адстаўныя эсэсманы з дывізіяў “Мёртвая галава” і “Адольф Гітлер” будуць дрэсіраваць на нямецкіх базах расейскіх забойцаў з “Альфы” і дывізіі Дзяржынскага). А наагул, на настойлівыя пытаньні прысутных – калі ўжо настане мір на Каўказе? – Пуцін імпэтна адказаў: “А там ужо тры гады ўсё ў парадку, мір. Так што вашым дэманстрантам трэба разыходзіцца па хатах ды сьвяткаваць!” Адным словам, галоўнае ў палітыцы – трымаць стойку, як у каратэ. Потым лепшых сяброў паказалі ў вагоне цягніка, што ехаў у Шлезьвіг. Яны пра нешта гаманелі зноў. Безумоўна, адной з тэмаў быў кастрычніцкі “прарыў” у Беларусі і сьнежаньскі правал на Ўкраіне. Два імпэрскія драпежнікі па гістарычнай звычцы дзялілі Lebensraum (жыцьцёвую прастору) па галовах суседніх народаў. І твары іхнія і замашкі такія падобныя, гэта істоты з адной паліцы сістэмы дзядулі Дарвіна: monstrum imperialis (што цудоўна пераклаў па-нашаму Кандрат Крапіва – сьвінтус грандыёзус).

21 сьнежня Расея сьвяткавала 125-годдзе Сталіна. Ужо даўно прадэманстравана на дакумантах, што Сталін нарадзіўся на год раней і не ў сьнежні, а сам пазьней прыдумаў сабе новую дату нараджэньня (ды й значную частку аўтабіяграфіі). Але гэты факт нікога не кранае. Да маўзалея на Краснай плошчы павалілі натоўпы маразматыкаў пад транспарантамі “Слава Велікому Сталіну!”, на эстрадах новыя камсамольцы дрыгаліся пад хард-рокавы грукат і гукалі “Ленін, Сталін, Чэ Гевара!” Адбыліся навуковыя канфэрэнцыі ў панэгірыстычным стылі. Так, адзін навукападобны дзед зрабіў summa sumarum дзейнасьці найвялікшага людазабойцы ўсіх часоў: “Да, ён быў тыранам. Ён быў верны рускім традыцыям. Ён прышоў, калі народ хадзіў у лапцях, а адышоў, калі у народа былі атамныя ракеты” (можа лепш няхай згаданае насельніцтва дагэтуль гуляла б ў апорках?). Адно радуе, што дэманструючых сталіністаў і чырвоных сьцягоў нават у Маскве было даволі няшмат. Нягледзячы на салодкагалосую і фальшывую пуцінскую прапаганду, моладзь так і не палюбіла крамлёўскага горца. Але з другога боку, нармальная моладзь выйшла б у такі дзень на вуліцы, каб паліць чырвоныя сьцягі і партрэты юбіляра, каб сатырычнымі хэпэнінгамі раскрыць увесь ідыятызм чырвонай нечысьці (так, як гэта ўмее часам рабіць польская моладзь). Не, у расейскіх маладых інтэлектуальная ніша забітая ўсялякім сьмецьцем, дзе няма месца адэкватнай ацэнцы сітуацыі. Калі б яны проста задумаліся над падзеямі ў РФ, то імпэрыя рассыпалася б толькі ад аднаго цьвярозага ўсьведамленьня абсурднасьці і тупіка.

Сьнежань стаўся месяцам павышанай актыўнасьці палітычных імітатараў. На дзень правоў чалавека (10 чысла) пад штаб-кватэрай КГБ у цэнтру Менску сабралася каля сотні ў асноўным маладых асобаў (былі таксама й бабулі, што ўпарта ўпрыгожваюць сабой усё сумнеўныя акцыі псэўдаапазыцыі). “Сьмельчакі” абляпілі фасад мясцовага філіяла маскоўскай спэцслужбы партрэтамі генэрала Захаранкі, экс-віцэ-прэм’ера Ганчара, экс-таго-што-хацеў-у-прэзыдэнты Марыніча ды іншымі. Потым разгарнулі транспарант “Мы против нарушений прав человека!” Актыўна пафатаграфаваліся і разышліся. Прычым ніхто да іх ня выбег, ніхто не схапіў “рэвалюцыянэраў” за руку. Ясна, што “русскоязычные рэвалюцыянэры”, большасьць твараў якіх ніхто раней ня бачыў на акцыях пратэсту, узгоднілі свой гераічны учынак з гэбоўскай канторай. А прасьцей кажучы, менавіта КГБ і арганізавала гэтую шумную фотавыставу. Вось цяпер па ўсяму дэмакратычнаму сьвету разьлятуцца фотарэпартажы пра менскіх матросавых, што на амбразуру кладуцца. 22 сьнежня спэктакль атрымаў свой працяг. 60 асобаў ад рознашорсных груповак з “пяцёрак плюс” ды трэцяга сэктару (як з гонарам называюць сябе розныя фонды і фондзікі) зьбіраліся ад’ехаць у Кіеў, каб паназіраць там за прэзыдэнцкімі выбарамі. Замест таго, каб паехаць і паназіраць, яны зноў наладзілі шумны спэктакль. Пайшлі гаманлівым натоўпам у актавы зал аднаго з цэнтральных гатэляў “на інструктаж”. А тут, як у адной вулічнай песьне: “Вдруг патруль, облава – зашумело море…” Адным словам, усіх павязала міліцыя і на цягнік ня пусьціла. Няўжо ня стане зразумела цяпер украінскім дзеячам, што яны маюць справу з бессаромнымі жулікамі, што ўся гэтая публіка можа надзьмувацца толькі і выключна на зьнешні эфэкт. Замест таго, каб спакойна і проста выканаць функцыю назіральніка. Хаця навошта – а хто ж будзе гранцікі атрымліваць?

У гэтыя ж сьнежаньскія дні плошчы Бухарэста і іншых гарадоў Румыніі зазьзялі тысячамі сьвечак у памяць герояў рэвалюцыі, якая зьліквідавала камуністычны рэжым вычварэнца Чаўшэску 15 гадоў таму. Усё пачалося тады з афіцыйнага мітынгу ў цэнтры сталіцы. Чаўшэску прамаўляў з балкона пачварнага палаца, як раптам дзесяткі тысячаў людзей сьмела запатрабавалі нармальнага жыцьця і выказалі праклён сістэме, якая больш за 40 гадоў трымалася на маскоўскай падтрымцы. Дыктатар мусіў уцякаць з мітынгу на верталёце прама з даху палаца (яго спаймалі і расстралялі праз два дні). Народ пачаў дэмантаж маскоўска-бальшавіцкай дыктатуры. Але сістэма ўпарта супраціўлялася. Разгарэліся баі. Армія, якая адразу перайшла на бок народу, з цяжкасьцю дзейнічала супраць аддзелаў спэцслужбаў. Ледзь узброеныя жаўнеры і афіцэры разам з народам змагаліся супраць дрэсіраваных і ўзброеных да зубоў галаварэзаў Securitate (чаўшэскаўскага КГБ). Калі ў сталіцы народ ужо перамог і сьвяткаваў на цэнтральнай плошчы, туды ўварваліся бронечасткі з гэбоўскай базы і душылі людзей танкамі. Праз колькі дзён тамака зноў сабраўся мітынг і людзі высунулі актуальны дэвіз: “Moarte pentru moarte! Moarte ai securistilor!” (“Сьмерць за сьмерць! Сьмерць кагэбістам!”). Статыстыка браньня ў палон згаданай катэгорыі была вельмі нізкая, чаўшэскаўскіх халуёў зьнішчалі бязьлітасна – яны прынесьлі народу безьліч пакутаў. Масква з разьзяўленай зяпай гапілася тады на яшчэ адзін правал сваёй крэатуры. Нягледзячы на шэраг цяжкасьцяў, Румынія пераўтвараецца на вачах. Краіна адвярнулася ад дурной Расеі і ўзяла курс на эўрапейскую цывілізацыю. Народ паступова ўстае на ногі, разьвіваецца прамысловасьць, індывідуальная сельская гаспадарка, квітнее культура. Чарнаморскае ўзьбярэжжа прываблівае высокім ўзроўнем сэрвісу і даступнымі цэнамі многіх замежнікаў. Зразумеўшы, што гэта не пахабны абмаскалены Крым, едуць у Румынію на адпачынак тысячы беларусаў. Няхай яны паглядзяць на вынік сапраўднага клопату народу пра свае дзяржаўныя справы.

Уноч на 24 сьнежня над гістарычным цэнтрам Санкт-Пецярбурга ўзьняўся высачэзны слуп агня. Гарэла Новая Галяндыя, агромністы архітэктурны комплекс — шэдэўр горадабудаўніцтва пачатку 18 ст. Пакуль пажарныя ўвіхаліся са шлангамі і бусакамі, журналісты разьнюхалі, у чым справа. Увесь савецкі час шэдэўр замест музэйнай установы зьмяшчаў у сабе буйныя ваенныя склады: горы ботаў, шынялёў, шапак і г.д. Літаральна праз колькі дзён мінабароны павінна было назаўсёды вывезьці адтуль свае склады і перадаць будынак гарадзкім уладам. Навакольныя жыхары расказалі ў тэлекамэру, што на працягу тыдняў вайскоўцы грузілі скрыні й вывозілі актыўна, чамусьці ўначы. І вось выбухнуў агонь. Генэралы, як вядома, спускалі “налева” ня толькі калёны танкаў, ракеты і авіяносцы. Яны не пасаромеліся зарабіць грошай і на вопратцы з абуткам. І вось цяпер ніхто не даведаецца, колькі шынялёў яны скралі. Расейская армія – гнілы арганізм, такога монстра, здаецца, не засталося больш на абсягах Эўропы пасьля расфармаваньня сэрбска-басьнійскіх атрадаў Младавіча (якога шукае міжнародны трыбунал у Гаазе). Але насельніцтва павінна быць шчыра ўдзячнае генэралам, што пад “перасарціроўку” яны не спалілі ўвесь горад на Няве.

24 сьнежня расейская Дума мяняла каляндар. Прагаласавалі за адмену выходных на 7 лістапада (“день согласія і пріміренія” – урэшце ўсім стала сьмешна ад гэтай недарэчнасьці), а выходны прызначылі на 4 кастрычніка – “день народного едінства”. На пачатку 17 стагоддзя ў гэты дзень паспалітае рушэньне Мініна і Пажарскага заняло Маскву падчас так званага Смутнага часу. Глыбокі крызіс зрабіў імпэрыю здабычай Рэчы Паспалітай. Палякі і беларусы некалькі гадоў гаспадарылі ў Крамлі і на шырокіх абшарах да самага Архангельска і Волгі (нават Сталін любіў успамінаць пра “польска-літоўскае нашэсьце”). Перамога над палякамі і беларусамі высунутая цяпер як імпэрскі ідэал, які мае замяніць сабой успамін пра бальшавіцкі пераварот. Няхай маскалі парадуюцца праз чатырыста гадоў, няхай. Толькі няхай не спадзяюцца на рэванш.

25 гадоў таму, 27 сьнежня 1979 г. пачалася савецкая інвазія ў Аўганістане. Мы бачылі яшчэ ў хрушчоўскіх букварах абяцанку пра камунізм, які павінен быў распачацца 1 студзеня 1980 г. (дзеці, праўда, і тады сьмяяліся з бальшавіцкай футуралёгіі). Але замест камунізму народы атрымалі доўгую, жудасную вайну. Віцебская дэсантная дывізія ў чарговы раз сваім трупам укладвала дарогу да маскоўскага трыюмфу. Але крамлёўскія ідыёты не здагадваліся, што гэтая вайна стане адным з галоўных чыньнікаў разбурэньня расейскай імпэрыі. Аўганскія плямёны пачыналі змаганьне за сваю зямлю на конях і з крамнёвымі рушніцамі ў руках. Але імпэт барацьбы і ахвярнасьць змагароў былі настолькі ўражальнымі, што цывілізаваныя краіны пачалі аказваць ім дапамогу. У лютым 1989 г. саветы каціліся на сваех танках назад у сваю саўдэпію – пабітыя і зганьбленыя. Народ перамог крамлёўска-фашыстоўскіх генэралаў і няшчаснае войска “велікой страны”, якое ўсе дзесяць гадоў вайны хадзіла ў парваных трантах і абкрадала сялянаў, каб не памерці з голаду. У аўганскай мясарэзцы загінулі сотні беларусаў, многія тысячы сталі калекамі. За сьпінамі нашых гаротных юнакоў расейская афіцэрская сволач раскрадала багацьці аўганскага народу, вывозіла старажытныя мастацкія каштоўнасьці, цэлымі самалётамі гнала ў саўдэпію наркотыкі. Менавіта тады ўзмагутнела расейская вайсковая мафія. Многія зь яе прадстаўнікоў розных калібраў атабарыліся і камфортна жывуць цяпер у Беларусі. Але ўжо ў 1990 г. (яшчэ да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі!) дэпутатацкая група Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка ў Вярхоўным Савеце БССР дамаглася вываду вайскоўцаў-беларусаў з зонаў ваенных канфліктаў, якія палыхалі ўжо на тэрыторыі СССР. Дэпутаты-фронтаўцы выратавалі тысячы беларускіх жыцьцяў. Менавіта Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” дамогся незалежнасьці нашай краіны. І ўжо чатырнаццаць гадоў нашыя вайскоўцы ня ўдзельнічаюць у войнах, нягледзячы на лямант з Масквы, якой не хапае беларускіх жаўнераў і афіцэраў.

25 сьнежня пасьля землятрусу на дне Індыйскага акіяну на берагі шэрагу паўднёва-азіяцкіх краінаў абрынулася магутнае цунамі. Загінулі дзесяткі тысячаў людзей, разбураныя вёскі і гарады. Пацярпелі таксама й замежныя турысты. Яны ўцякаюць з зоны бедства на самалётах, што прысылаюць па іх турыстычныя кампаніі і іхнія ўрады. Па ўсім сьвеце арганізоўваецца акцыя гуманітарнай дапамогі ахвярам. Адгадайце, хто застаўся на пляжы і сьмяецца на фоне трупаў, хто цэлымі самалётамі накіроўваецца на адпачынак у зону, дзе толькі што адбылося бедства? Правільна – русские товарищи. Ім напляваць, яны заяўляюць у тэлекамэру: “А мы грошы заплацілі, пуцёўку купілі, тут 30 градусаў цяпла, купацца будзем…” Яны шпацыруюць у панамах і з сачкамі для лоўлі матылькоў сярод сьвежых брацкіх магілаў і яшчэ няпрыбраных трупаў, якія выкідвае мора. Яны пьюць гарэлку побач з тайскімі і цэйлонскімі мацеркамі, якія плачуць над зьнявечанымі целамі дзяцей. Яны, як заўсёды, хамяць прыслузе, што ўсяго пазаўчора згубіла ўсю сямью. Іх не закранае чужая народная бяда. Таму што іх не кранае народная бяда ва ўласнай імпэрыі. Русские товарищи – гэта душэўна хворы, невылечна хворы охлас. Гэта зьява, якая ня ведае аналягаў у сучаснай гісторыі. Гэта артэфакт чалавечай прыроды, ад якога трэба трымацца як мага далей. Не выпадкова іхная імпэрыя такая дзікая і агідная. Хаця ня будзем адмаўляць ім у будучыне. Вядома, што 7% (!) расейскіх кліентаў усё ж адмовіліся ад паездкі на крывавыя пляжы Паўднёвай Азіі. Дарэчы, антыбеларускі рэжым нават ня ведае, колькі грамадзянаў РБ знаходзяцца ў краінах, на якія звалілася няшчасьце. Хаця даводзілася б зьдзіўляцца, калі б лукашызм паводзіў бы сябе інакш.

Ну, вось і пачалося. На наступны дзень пасьля перамогі ўкраінскага кандыдата Віктара Юшчанкі ў антыўкраінскім асяроддзі пачаліся мафійныя разборкі пад сіцылійскім дэвізам “ён надта шмат ведаў…” Уноч на 28 сьнежня знойдзены ў сваім загарадным доме таварыш Г. Кірпа, міністар транспарту ў кабінэце Януковіча, асоба надта набліжаная да Кучмы. Побач з прастрэленым Кірпам ляжаў пісталет. Але невядома, можа яму й дапамог хто-небудзь, інсцэнуючы самагубства. Вядома, аднак, што менавіта сёньняшні нябожчык арганізоўваў “бясплатныя” цягнікі, абвешаныя бела-блакітнымі стужкамі і гірляндамі, на якіх у Кіеў звозіліся тысячы заўзятараў данецкага крымінальніка Януковіча. Цяпер, мабыць, пачаўся разбор пытаньня – а хто ж усё-ткі аплаціў гэтыя цягнікі і наагул усю антыўкраінскую, антыдзяржаўную кампанію? А 29 сьнежня ў Львове знайшлі павешанага падпалкоўніка ўкраінскіх спэцслужбаў. Маскоўская банда замятае сьляды.

29 сьнежня здраднік першай гільдыі атрымаў залатую зорку і званьне “герой Расеі”. Да героя даслужыўся Рамзан Кадыраў, начальнік службы бясьпекі прамаскоўскага рэжыму ў Чачэніі. Ён уславіўся са сваёй бандай у некалькі сотняў галаварэзаў, творачы генацыд уласнаму народу. Ягонае імя зьвязанае з шэрагам страшных і подлых злачынстваў у адносінах да мірнага насельніцтва і патрыётаў. А вось свайго папачку, Кадырава –старэйшага, гэты спэц бясьпекі не выратаваў. ФСБ падарвала згаданага архіздрадніка прама на стадыёне ў Грозным 9 траўня сёлета. А цяпер вось Пуцін даў віцэздрадніку мэдальку “за мужнасьць і гераізм”. Сапраўды, Масква мае вострую патрэбу ў такога калібру юдах. Пасьля посьпеху на фальшывым лукоўскім “рэфэрэндуме” Масква павінна была б раздаць мэдалькі таксама мясцовым “пяцёркам плюс”, вінцучкам з лебедькамі за самаахвярны загон беларускага электарату на рэжымны падман. Ім, аднак, проста далі грошай і забыліся. Падобна, што гэта іхны апошні ўдалы падман.

Хаця не, яны раскручваюць новую кампанію па ачмурэньні нашага грамадзтва. Дастаткова паслухаць псэўдабеларускую перадачу радыё Свабода альбо зірнуць на старонкі газэты “Нар. Воля” (якую трэба ўжо пераймяноўваць у “Народны падман”). На “Лібэрці” квазіпаліталягічны Падгол (што нядаўна навязьліва нахвальваў антыбеларускі рэжым у шматсярыйным панэгірычным лукоўскім фільме па БТ, а раней быў афіцыйным ідэёлягам груповачкі вінцучка вячоркі) прадстаўляе вынікі “слаўнага рэфэрэндуму 17 кастрычніка” разам з самураем лукашызму Краўчанкам. На старонках “Нар. Волі” мяльцяшаць пад гармонік А. Клімаў (які ня раз заяўляў публічна і ў СМІ, што яго “аплочвае Расея”), а таксама верны халуй дыктатуры і па сумяшчальніцтву “ахвяра КГБ” М. Марыніч. 30 сьнежня ў газэтцы пададзенае таксама “Открытое письмо избирателям Центрального района г. Минска” ад “праваабаронцы” Олега Волчека. З тэкста становіцца ясна, што рэфэрэндумныя фальсіфікатары гуртуюцца зноў. Цытуем: “Я призываю не только всех избирателей нашего района, но и всех граждан Беларуси стать одной силой. Не надо нам делиться на тех, кто за Лукашенко, и тех, кто против него. Опасность нависла над всеми нами. Репрессии могут коснуться каждого. Давайте сплачиваться и противостоять диктатуре. Скоро вы услышите имена новых лидеров страны, которые готовы взять всю ответственность за будущее Беларуси. Нас ждут будущие совместные дела и победы!” Цяпер, перш чым крыкнуць ура, трэба разабрацца, чаго ад нас хоча Волчек. Падпісаўшыся як “юрист” і прызнаўшыся ў тэксьце, што ён адстаўны расейскі афіцэр (чытай – акупант), “праваабаронца” заклікае нас на акупанцкай мове змагацца супраць дыктатуры разам з тымі, хто за Лукашэнку (часам цікава з псіхіятрычных меркаваньняў чытаць такія опусы). І абяцае ў канцы, што “новые лідеры” ужо ёсьць. Прадажным жулікам ня сорамна, яны зноў запрашаюць нас на свае шаманскія скокі. Перамога будзе, безумоўна, за беларускім народам. Але ня з гэтымі прайдзісьветамі ад рэжыму.

Расейскі суд не адпачывае. 31 сьнежня суд у Пецярбурзе вынес прысуд у 4 гады турмы губэрнатару Ямала-Нянецкай акругі Бутаву. Справа ў тым, што машыну Бутава быў спыніў інспэктар ДАІ, бо той ляцеў не зважаючы на правілы. Бутаў выйшаў з аўто разам з ахоўнікамі і нагамі ды рукамі растлумачыў палісмэну, “кто тут хозяін”. Пазьней, што праўда, інспэктар са шпітальнага ложку адмовіўся ад заявы ў пракуратуру, але жудасную сцэну бачыла шмат людзей, і справа атрымала ход. Вось такія расейскія кадры кіруюць няшчасным нянецкім народам.

З НОВЫМ ГОДАМ!

1/1/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2005
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024