Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Парсіваль

Няма на сьвеце шчасьлівейшых людзей, як шукальнікі прыгодаў, якія за нішто маюць сваё жыцьцё, усё здабытае радасна аддаюць і ў вечнай зьмене ўчынкаў і прыемнасьцяў шукаюць сабе задавальненьня.

ПРА ЛЕГЕНДУ “ПАРСІВАЛЬ“
(Прадмова выдаўца)

Эўрапейская сярэднявечная літаратура — легенды, паданьні, эпасы — мала вядомая ў Беларусі (акрамя, магчыма, Аповесьці аб Трышчане.) Гэтаму ёсьць розныя тлумачэньні і прычыны. Але галоўная зь іх — адсутнасьць перакладаў. Літаратура павінна гучаць па-беларуску. Тады перакладны твор робіцца набыткам і нашай літаратуры.

Легенды пра Парсіваля, ці таксама пра Сьвяты Грааль, нічога ня кажуць нашаму чытачу. У той час, калі ў кантэксьце эўрапейскага мастацтва спасылкі ці ўспамінаньні гэтых назоваў сустракаюцца даволі часта, ад Вагнэра да Рэмарка.

Сьвяты Грааль, якога шукае Парсіваль, у літаратурна-сымвалічным сэнсе абазначае нейкую няўлоўную мэту, жаданае дасягненьне, якое ёсьць узнагародай і вяршыняй стараньняў і імкненьняў усяго жыцьця. Згодна з рэлігійнай легендай, тут маецца на ўвазе келіх (“кубак”), зь якога піў Езус у час Апошняй Вячэры.

Паводле іншай легенды, багаты знаёмец Хрыстуса Іосіф з Арыматэі (які быццам бы быў таемным вучнем Езуса) заранёў падрыхтаваў Ягонае пахаваньне, магілу, саван і інш.). Гэты Іосіф напоўніў келіх Хрыстовай крывёй падчас укрыжаваньня Збавіцеля. Кроў, як потым выявілася, мела аздараўленчыя ўласьцівасьці.

Такім чынам назоў Сьвяты Грааль часьцей за ўсё абазначае сэнс “Сьвятая Кроў” альбо Сьвяты Келіх (кубак, посуд, начыньне).

Зь легендай пра здабыцьцё Келіха Грааля сэнсоўна пераплятаецца часам іншая легенда пра пошукі Каўчэга (Куфра) Запавету. Куфар Запавету — гэта прадмет найвышэйшага культу, які знаходзіўся ў цэнтры Храма Саламона ў Ерусаліме. Дзякуючы Куфру Запавету сьвятар у храме мог непасрэдна паразумецца з Богам. Куфар абдорваў добрасьцю справядлівых і зьнішчаў злачынцаў. Пасьля разбурэньня Храма Саламона Каўчэг Запавету зьнік. Хто Яго знойдзе, атрымае надзвычайныя веды ад Бога і ўбачыць Яго.

Легенда, хто ў яе верыў, спараджала авантурыстаў і ня менш авантурную фантастычную літаратуру. Дасьледчыкі адзначаюць, што ва ўсіх вэрсіях легенды Сьвяты Грааль, Келіх ёсьць адначасна і прадметам, і сымвалам дасканаласьці, мае адначасова і рэальныя, і міфічныя каардынаты. Ён падаецца звычайна як схаваны таемны скарб, але сымвалізуе нешта няўлоўнае, як бы ня з гэтага сьвету.

Духоўны аспэкт легенды мае свае крыніцы ў культуры, якая яе спарадзіла, і ў самых старадаўніх вэрсіях сягае да паганскіх кельцкіх паданьняў (даволі пачварнага зьместу) і да гісторыі гераічнага і таямнічага кельцкага караля Артура. Пазьней легенда была адухоўлена хрысьціянскім зьместам і ўключана ў літаратурную традыцыю эўрапейскай культуры.

Першай літаратурнай аповесьцю пра Грааль быў ня скончаны раман Крэцьена з Труа “Песьня пра Грааль” (напісаны каля 1190 году). Гэта твор, фактычна, сьвецкага характару, які абапіраўся на паганскую кельцкую легенду. Галоўным героем рамана, прататыпам Парсіваля, быў Пэрэдур — сьведка пачварнага абраду і таямніцы кельтаў.

Крыху пазьней (з 1205 года) найбольш распаўсюдзілася адна з хрысьціянскіх вэрсіяў легенды пад назвай “Пэрлесваўс”, якую быццам бы напісаў адзін манах з абацтва Гластонбэры.

У гэты час легенду пра Грааль пішуць і перапісваюць выключна манахі, яна набывае ўзровень літаратурнага твору, напоўненага высакароднымі ідэямі і ўчынкамі мастацкіх герояў.

Вядомай вэрсіяй тады стаў твор баварскага паэта Вальфрама фон Эшэнбаха, напісаны ў 1220 г. пад назвай “Парцыфаль”. (Французкае гучаньне — “Парсіваль”)

13-е стагоддзе — час найбольшага распаўсюджаньня літаратурнай вэрсіі легенды пра Сьвяты Грааль. Галоўным героем твора становіцца малады рыцар Парсіваль, які шукае шчасьлівага сэнсу жыцьця і, прайшоўшы праз прыгоды ды выпрабаваньні, набывае вопыт, разумнее, удасканальваецца як асоба сэрцам і духам, утаймоўвае свой эгаізм, самаупэўненасьць ды нядбальства, пазнае сапраўднасьць Бога і дасягае шчасьлівай мэты.

* * *

Тут трэба адзначыць і спэкулятыўны аспэкт легенды. Паданьне пра Сьвяты Грааль яшчэ ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях выкарыстоўвалася ерэтыкамі, алхімікамі, тампліерамі, пазьней (у ХVIII ст.) — масонамі і ўвогуле шарлатанамі для сымвалізацыі сваіх паняцьцяў. У гэтай справе ўзьнікла мноства псэўданавуковых аматарскіх “дасьледваньняў”, пагрунтаваных на чутках, меркаваньнях і дадумваньнях ды на цытаваньні іншых такіх жа “дасьледваньняў”, заснаваных на чутках і меркаваньнях.

Гэта ёсьць пласт псэўданавукі (гэтак жа, як графаманства ў літаратуры, кіч у мастацтве, мас-культура ў творчасьці і т.п.)

Гісторыя паказвае, што колькі б ні разьвівалася навука, ўсяроўна знойдуцца людзі, якія будуць вынаходзіць “пэрпэтуум мобіле”, дасьледваць “лятаючыя талеркі” ці “касмадромы” ў пустыні Наска (нягледзячы на тое, што этнографы даўно і дасканала дасьледвалі сутнасьць фігураў Наска: касмадромы тут ні пры чым).

Гэтакі ж містычна-дасьледчыцкі баласт утварыўся і вакол легенды пра Сьвяты Грааль. Увогуле, уяўленьні пра магчымасьць адкрыцьця ісьціны шляхам раптоўнага адкрыцьця яе таямніцы без працэсу яе пазнаньня (адсюль угадваньні, дадумваньні і меркаваньні) ёсьць асновай усялякай ерасі. Тут псіхалёгія азарту, зьмешаная з самалюбаваньнем і ляніўствам, калі хочуць, ня вучачыся, зрабіць навуковыя адкрыцьці. Гэта, да прыкладу, як бы хто, не працуючы, захацеў разбагацець, іграючы ў карты.

Я, вядома, не зьбіраюся спрошчваць працэс духоўнага разьвіцьця эўрапейскай культуры і зьмест змаганьня сьветапоглядных ідэй. Але ўсялякая ідэя, калі яна выказаная, можа знайсьці сваіх прыхільнікаў. У гэтым ёсьць вялікая стваральная сіла і вялікая разбуральная небясьпека ідэй. Тут толькі я хацеў зазначыць, на чым звычайна грунтуюцца псэўдаідэі, якія, ў пэўнай ступені, даткнуліся ацэнак старажытных легенд.

Атэістычныя аўтары рознага кшталту з ахвотай абмяркоўваюць “праблему” (так ім здаецца) таямніцы Сьвятога Грааля, які ацэньваюць як вырабленую антыхрысьціянскую ерась ці нават як “містычны касьцёл”, пагрунтаваны, маўляў, на эзатэрычнай канцэпцыі “схаванага” хрысьціянства і заснаваны эвангелістам Янам на грунце таемных ведаў, атрыманых ім непасрэдна ад Ісуса Хрыста. Маўляў, гэтымі сакрэтнымі ведамі, як лічаць атэістычныя аўтары, не валодаюць вызнаўцы эгзатэрычнага (адкрытага) хрысьціянства і г.д. — усё па вядомай схеме: маўляў, Боская ісьціна ёсьць схаванай таямніцай (таемнай ведай), якую можна адкрыць неадэкватным чынам. (Гэта значыць, неяк пра яе даведацца, бяз веры, без духоўнага разьвіцьця, пакаяньня, адкупленьня грахоў і г.д.)

Трэба адзначыць, што афіцыйны Касьцёл і глыбокаверныя рымскія дастойнікі з Ватыкану ніколі не пацьвердзілі існаваньня Грааля і адначасна (што вельмі важна) Касьцёл ніколі не забараняў і не змагаўся з аповесьцямі пра Грааль і пра прыгоды Парсіваля, нават у пэрыяд барацьбы з ерасямі і забароны катараў. Нягледзячы, дарэчы, і на выразныя элемэнты гностыцызму ў сьветапоглядзе Парсіваля, якія ён, аднак, пасьпяхова пераадольвае.

Тут палягае якраз мастацкая цікавасьць вобразу Парсіваля, які напачатку выглядае маладым дурнем і эгаістычным ганарліўцам, але паступова зьмяняецца і ў канцы сталее, разумнее, асэнсоўвае дабрыню і велічнасьць Бога і Боскую волю ў сваім лёсе.

У гэтакай трансфармацыі вобраза прыкметы сталай і добрай літаратуры, адлюстраваньне мастацкай традыцыі, якая адпавядала маральным дасягненьням Хрысьціянства.

* * *

Пераклад “Парсіваля” (Парцыфаля) зроблены Леанідам Янавічам Галяком у 1947 годзе ў лягеры беларускіх уцекачоў Ватэнштэт у ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. У гэтым лягеры жыло тады агулам 325–350 асобаў дарослага насельніцтва. (Зь іх 50-60 асобаў — інтэлігенцыя.) Існаваньне было вельмі цяжкім. Трэба было фізічна выжываць. Але беларусы, асабліва моладзь, дбалі найпераш пра Беларусь, пра рабленьне дабра беларускай культуры і беларускай будучыні.

Здавалася б, безнадзейная справа: лягер і ўцякацтва, праблема, як вытрываць ды паесьці. Беларусь зноў пад Расеяй, там зноў бальшавікі. Але тут, у лягеры, беларусы імкнуцца хоць калівам, хоць словам, песьняй ды вершам, перакладам, друкам — Беларусі дапамагчы, дбаюць пра ейны лёс, вераць у яе будучыню, навучаюць дзяцей. Гэта былі людзі надзейныя. На такіх трымаецца Бацькаўшчына.

Беларускі лягер каля вёскі Ватэнштэт утварыўся ў канцы жніўня-пачатку верасьня 1946 года. Жыцьцё яго нагадвала маленькую падкаляніяльную краінку з сваім “урадам”, грамадзянскай супольнасьцю, палітычнымі групамі, канфэсійнымі дачыненьнямі і культурай. Тут рэгулярна выдаваліся часопісы “Шляхам жыцьця” і “Летапіс”, друкаваліся на ратапрынце сьпеўнікі і брашуры, наладжваліся канцэрты і дэклямацыі, нават “гастролі” — прыязджала, напрыклад, беларуская эстрадная група з амэрыканскай зоны акупацыі “Жыве Беларусь”. У лягеры была беларуская гімназія, моладзь вучылася; дзейнічала скаўцкая арганізацыя “Крывія”, вяліся дэбаты і сходы, выбары ды “плебесцыты” і г.д.

У выдавецкай справе лягеру асабліва рухомым быў малады Янка Сурвіла. Ён стварыў выдавецтва ў абліччы аднае актыўнае асобы, якое называлася Я С (г.зн. Янка Сурвіла) і мела нават сваё лёго (літары “я” і “с” у колцы).

У гэтым лягерным выдавецтве выйшла, дарэчы, сур’ёзная праца (“Whiteruthenia”), падрыхтаваная спэцыяльна для замежнікаў у ангельскай мове вядомымі беларускімі вучонымі і дзеячамі Вітаўтам Тумашам, Леанідам Галяком, Станіславам Станкевічам, Анатолем Шкуткам і інш.

Тут жа быў аддрукаваны і “Парсіваль”. Л. Галяк у сваіх успамінах таксама напісаў пра гэта пару словаў: “Янка Сурвіла ўзяўся выдаваць ратапрынтам мой пераклад легенды аб “Парсівалі”. Пры выданьні “Парсіваля” Я.Сурвіла меў панесьці ўсе расходы і скарыстаць з усіх прыходаў з продажы, я меўся атрымаць толькі 10 перакладніцкіх экзэмпляраў. На тэхнічную работу набіцьця матрыцаў Сурвіла наняў за цыгарэтную ўзнагароду Хв. Ільяшэвіча.” (Л. Галяк, Успаміны, кн.ІІ, — Выдавецтва “Летапіс”, ЗША, 1983 г., с.70)

Тыраж “Парсіваля” быў, відаць, вельмі невялікі. У эміграцыі пра пераклад ўжо мала хто ведае й памятае. Гэтую цяпер рэдкасьць мне паказалі ў пыльным кнігазборы беларускае царквы ў Нью-Ёрку. Акрамя таго, засталося нэгатыўнае стаўленьне да якасьці перакладу (найперш мовы, перагрувашчанай чужароднымі канструкцыямі). Але ведаючы пра тыя цяжкія і гераічныя ўмовы, у якіх тады у 40-х гадах тварылі ўцекачы-беларусы дзеля Бацькаўшчыны, крыўдна было б дапускацца, каб іхная праца зьнікла, загінула для Беларусі. Няхай яна жыве і спрыяе дабру.

Выдаючы “Парсіваля” ў “Беларускіх Ведамасьцях”, мы збольшага рабілі карэкцыю мовы перакладу, але толькі там, дзе гэта было канцова неабходна і не парушала стылістыкі беларускага тэксту, у якім хораша пазнаецца вядомая мне манера нашай Ашмянска-Івейскай Віленскай гаворкі.

* * *

Пра перакладчыка. Леанід Галяк (1910-1980), магістар права, нарадзіўся ў Вільні ў сям’і паштовага служачага. Бацькі паходзяць зь мястэчка Іўе былога Ашмянскага павету са зьмешанага шляхецка-сялянскага роду.

Скончыў Віленскі ўнівэрсітэт. Са студэнцкіх гадоў удзельнічаў у палітыцы, у беларускім адраджэнскім руху, быў сябрам шматлікіх беларускіх маладзёвых арганізацыяў.

У пэрыяд вайны за часы дзеяньня беларускай падакупацыйнай адміністрацыі быў у Менску, працаваў суддзём Акруговага суду. У 1944 годзе прызначаны рэктарам Беларускага юрыдычнага інстытуту, які так і не адчыніўся, бо вярнуліся бальшавікі. У 1944 г. выехаў у Нямеччыну.

У 1950 годзе пераязджае ў Нью-Ёрк. Быў сябрам Рады БНР. У палітыцы прытрымліваўся поглядаў правага накірунку.

Зянон ПАЗЬНЯК, кандыдат мастацтвазнаўства.
2001 г., Варшава

ПРАДМОВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

Аддаючы пад ацэнку чытача гэтую кнігу, я кіраваўся ў вялікай меры думкаю папоўніць тую нястачу, якая адчуваецца ў нашай літаратуры, а іменна, адарванасьць ад крыніцаў супольнай нам зь іншымі народамі, заходне-эўрапейскай культуры.

Гэты сьціплы ўклад не зьяўляецца наогул новым у гісторыі нашай літаратуры. У пэрыяд росквіту беларускай літаратуры існавалі ўжо пераклады, калі ня гэтага твору, дык прынамсі з гэтага самага цыклю, як, напрыклад, зага аб Трыстане і Ізольдзе і інш. Такім чынам, ёсьць, хаця і не дакумэнтальныя, падставы да дапушчэньня, што і гэты твор быў ўжо ў свой час прысвоены беларускай культуры.

У зазе аб Парсівалю маем злучэньне ўяўленьняў пра рыцарскае жыцьцё з казачнымі здарэньнямі і вобразам разьвіцьця чалавечага духу. Юнак Парсіваль прабіваецца праз няведу, дурноту і злачынства да зразуменьня абавязку і шляхотных учынкаў. Кожны чалавек — у большай ці меншай меры — падобны да Парсіваля, і вартасьць гэтай загі ў тым, што яна парушае мамэнты, супольныя ўсім народам.

Нашая моладзь можа таксама пачарпнуць з гэтай загі пэўную навуку для падмацаваньня сваіх імкненьняў. Юнак, пакліканы да нейкага заданьня, пакідае Бацькаўшчыну, маці, каханую — у пошуках сваёй мэты, якую ён асягне, ці згіне перад гэтым, але ніколі не адступіць ад яе.

На падставе сярэднявяковага матар’ялу гэтая зага была апрацаваная ў французкай мове Хрэцьен дэ Труа Эшэнбах. Сучасны нямецкі тэкст апрацаваны на падставе вышэй пададзенага матар’ялу.

У перакладзе ёсьць некаторыя скарачэньні, зробленыя сьвядома, з мэтай зрабіць пераклад больш прыступным для нашага чытача.

Перакладчык
1947 г., Ватэнштэт

ПАРСІВАЛЬ

ГАМУРЭТ І ГЭРЦЭЛЯІДА

Няма на сьвеце шчасьлівейшых людзей, як шукальнікі прыгодаў, якія за нішто маюць сваё жыцьцё, усё здабытае радасна аддаюць і ў вечнай зьмене ўчынкаў і прыемнасьцяў шукаюць сабе задавальненьня.

Калі памёр кароль Анжуйскі Гандзін, ён пакінуў свайму старэйшаму сыну Галеэ ўсё, што ён меў — гарады і каралеўскі пасад.

Ягонаму малодшаму сыну Гамурэту — не засталося нічога, апрача ўзбраеньня, каня і адвагі. Дзеля гэтага Гамурэт пакінуў бацькаўшчыну, брата і прыгожую Анпфлізу, якую ён кахаў і якая выйшла замуж за старога караля Францыі, і паехаў шукаць прыгодаў. Шмат гадоў правёў ён у вандраваньні з краю ў край і з лёгкім сэрцам і моцнымі рукамі прыймаў удзел ў бойках і турнірах, здабываючы золата і славу. Ён вызваляў абложаныя гарады і нападаў на добра бароненыя замкі. Ён быў прыяцелем рыцарскіх мужоў і быў каханы прыгожымі жанчынамі. Усюды, дзе патрабавалі ягонай дапамогі, ён яе даваў, не цікавячыся правам. Ён пабываў таксама ў краі паганцаў і чорных. Гавораць, што ён здабыў там каралеўства і руку аднае чорнае каралевы. Але і гэта ён пакінуў і паплыў караблём у Гішпанію, каб прывітаць свайго прыяцеля і сястрыніча Кайлета.

Кайлет у гэтым часе, аднак, быў выехаўшы за горы ў Канвалюа, дзе змагаўся за руку маладой каралевы Гэрцэляіды.

Канвалюа — гэта галоўны горад каралеўства Валюа і ляжыць у Брэтоніі, недалёка ад мора. Кароль Валюа памёр і ўсю ўладу пакінуў сваёй дачцэ Гэрцэляідзе. Шмат шукальнікаў прыгодаў, рыцараў і суседніх каралёў стараліся здабыць руку маладой прыгожай жанчыны. Аднак, сэрца Гэрцэляіды не належала нікому, і яна адкідала ўсе шлюбныя прапановы. Тады каханьне ў многіх зьмянілася ў нянавісьць, і яны пачалі нападаць на безабаронную краіну і адрываць гарады і месты. Змушаная лёсам каралева абвесьціла пасярод каралёў і рыцараў турнір і абяцала сваё сэрца і ўладу пераможніку ў змаганьні. Даведаўшыся аб гэтым, зьехалася шмат шляхотных рыцараў з усіх каралеўстваў: Францыі, Брабанту, Гішпаніі, Партугаліі і здалёку, з-за мора, — з Англіі, Корнуэльсу і Ірляндыі. Усе яны спробавалі сваё шчасьце, але заўсёды пераможнік быў пераможаны наступным. У канцы перавага пачала хістацца паміж Кайлетам, сястрынічам Гамурэта, і Утэрам Драконавай Скурай, каралём брытаў, які хацеў здабыць руку каралевы толькі дзеля ейнай прыгожай краіны. Кайлет жа сапраўды кахаў Гэрцэляіду.

Раніцаю таго дня, які быў вызначаны для змаганьня паміж Кайлетам і Утэрам, Гамурэт прыбыў у места Канвалюа ў пошуках Кайлета, свайго сястрыніча. Народ на вуліцах спатыкаў яго са зьдзіўленьнем, любуючыся ягонай рыцарскай паставай і багатай вопраткай. Ягоны конь быў пакрыты залататканай посьцілкаю. Шляхотныя каменьні блішчэлі на конскай збруі. Узбраеньне ягонае было са срэбра і сталі. Усе на вуліцах радасна віталі яго, жадаючы яму перамогі, бо ўсе думалі, што ён таксама прыехаў на турнір.

Калі Гамурэт знайшоў палатку Кайлета, якая знаходзілася пасярод места, на рынку, ён застаў свайго сястрыніча сумным, ня веручым у магчымасьць перамогі над Утэрам.

— Мяне чакае сьмерць на турніры, — казаў ён, — і аж страшна падумаць — Гэрцэляіду здабудзе гэты дзікун.

Гамурэт адказаў свайму сястрынічу: “Ніколі нельга губляць надзеі, не паспрабаваўшы змаганьня.”

— Табе добра быць мудрым, — адказаў Кайлет. — У гэткім выпадку адмова ад змаганьня не зьяўляецца ганьбаю, але розумам. Гэты дзікун можа перамагчы мяне, нават без кап’я, адно сваімі рукамі, але я ўжо паставіў сваё жыцьцё на карту і згублю яго, бо Утэр не шкадуе нічога і нікога.

— Хто сумняваецца, той ніколі не пераможа, — адказаў Гамурэт. — Калі хочаш — я займу тваё мейсца ў змаганьні супроць Утэра і маю надзею, што яго перамагу.

На прапанову Гамурэта Кайлет згадзіўся. Гамурэт выехаў на майдан супроць Утэра і — пасьля цяжкога змаганьня — перамог яго, ськінуўшы з каня на зямлю. Усе віталі Гамурэта, як пераможніка, і прызналі яму абяцаную ўзнагароду. Гамурэт бараніўся, гаворачы: “Узнагарода не належыць мне, бо я здабыў яе не для сябе, а для свайго сястрыніча Кайлета”.

— Не! — закрычалі прысутныя, Вы зьяўляецеся ўладаром гэтай краіны і нашай каралевы!

Гамурэт варочаўся ў сваю палатку злосны, прыракаючы не карыстаць з узнагароды за сваю перамогу.

— Як я магу зачыніцца з такім неспакойным сэрцам у гэтых мурох? Як магу я застацца ў гэтым краі, дзе паляваньне заступае бойкі. Старэцца ў жаночых абдымках не зьяўляецца маім прызвычаеньнем і я гэта добра ведаю. Я ўжо чую, як маё сэрца б’ецца, бы птушка ў клетцы, хочучы вырвацца туды далёка, кудысь на край сьвету…

Гамурэт быў яшчэ ў палатцы, калі да яго ўвайшоў сьвятар і прывітаў рыцара:
— Валадар, я пазнаў вас сягоньня ў бойцы. Ужо доўга з даручэньня каралевы Анпфлізы ўсюды шукаем мы вас; яе муж, кароль Францыі, памёр, і каралева мае права на Вашу апеку і ахвяроўвае Вам каралеўства і каханьне. Ваш брат Галеэ таксама памёр, і каралеўства Анжуйскае чакае свайго валадара. Чаго шукаеце Вы тут, у Валюа, і чаму вандруеце Вы сярод чужых, быццам бы ў Вас не было сваёй бацькаўшчыны?

— Ты гаворыш праўду, — сказаў Гамурэт, — рыхтуйся ў дарогу, мы яшчэ сягоньня выедзем адсюль.

Як толькі сьвятар выйшаў, заслона адчынілася і ў палатку ўвайшла каралева Гэрцэляіда са сваімі дамамі. Яна даведалася ўжо аб перамозе рыцара, але ня ведала яшчэ аб ягонай пастанове. Гамурэт са зьдзіўленьнем пабачыў, якой прыгожай была каралева і як шляхотна і горда яна захоўвалася.

— Пане, — сказала Гэрцэляіда, — суд рыцараў перадаў мяне і маю краіну ў Вашы рукі. Пераходзьце ў мой замак і жывеце ў мяне. Мы зладзім вясельле і будзем шчасьліва і весела жыць. Ніхто з пераможнікаў ня быў бы мне так любы, як Вы.

— Каралева! — сказаў Гамурэт, — Ваша дабрата і ветлівасьць зьнявольваюць мяне. Але Вы павінны ведаць, што я маю нясталае, лёгкамыснае сэрца, якое нідзе ня можа знайсьці сабе супакою. Ня зьвязвайце свайго лёсу з маім, дазвольце мне выехаць і выбярце сабе майго сястрыніча.

Гэрцэляіда, думаючы, што гэта толькі сьціпласьць прамаўляе праз вусны рыцара, сказала:

— Пры мне Вы знойдзеце супакой. Кожны чалавек павінен жа збудаваць дзе-небудзь на зямлі сабе дом, сабраць каля сябе прыяцеляў, мець дзяцей, мець бацькаўшчыну.

— Каралева! Вы ня ведаеце, што гэта такое туга за прыгодамі. Каго яна раз апанавала, той ужо нідзе ня знойдзе больш супакою і бацькаўшчыны. Без супакою ў сэрцы блукае такі чалавек з краіны ў краіну, шукаючы нямаведама чаго. Бойкі і ўчынкі, здабыча і слава, усё, што ён здабывае, кідае з лёгкім сэрцам і шукае нечага новага. Дамагацца ўсё новага — гэта ягоны лёс, а не валадаць нечым. Так пражывае ён жыцьцё і памірае дзе-небудзь сярод чужых, працягнуўшы руку да блізкае мэты, апошняе, якой ён ужо не асягне. Так памру і я — не на бацькаўшчыне, не сярод прыяцеляў, не на Вашых руках, каралева…

Тады сказала Гэрцэляіда: “Вас прывёў да мяне лёс, дык заставайцеся тут, пакуль Вам гэта будзе падабацца і едзьце далей, калі гэта Вам зробіцца неабходным, але цяпер я не пушчу Вас”.

Такім чынам перамагла яна Гамурэта; бо ён пачуў, якім мілым быў ён ёй. Гамурэт схіліўся і пацалаваў ейныя рукі, пасьля чаго Гэрцэляіда выйшла.

Гамурэт і Гэрцэляіда зладзілі багатае вясельле. Бедным былі раздадзеныя падарункі, багатым былі зладжаныя бяседы. Яны знайшлі адзін у другім усе радасьці, якія толькі можа знайсьці мужчына ў жанчыне і жанчына ў мужчыне. У душы Гэрцэляіды быў адзін Гамурэт і застаўся Гамурэт на ўсе часы; таскама ў ягоным сэрцы знаходзілася прыгожая жанчына, і каханьне да яе выціснула зь ягонага сэрца тугу да прыгодаў.

У абліччы часу дрэнна захоўваюцца радасьці каханьня. Мінаюць яны хутка, як вясна. Толькі там, дзе сэрцы бываюць блізкімі і настроенымі на адзін тон, як струны, толькі там каханьне зьяўляецца вечным і непахісным.

Хутка Гамурэт пачаў халадней паглядаць на сваю жонку. Ягонае сэрца ў сутнасьці ведала адну толькі тугу — тугу за яздою ў бязьмежную далячыню, куды глядзяць вочы; за яздою праз горы і воды; тугу за адважным хістаньнем паміж жыцьцём і небыцьцём.

Рыцар блага хаваў свае пачуцьці перад каралеваю. Ён стаў неспакойным і сумным, стагнаў уначы.

— Каханая, — сказаў ён аднойчы, — я яшчэ замалады, каб сядзець ціха. Маё сэрца ня зносіць гэтага; усяго твайго вернага каханьня замала, каб перамагчы маю тугу. Я ведаю, які я неразумны і якую крыўду чыню табе, але дазволь мне выехаць, бо нішто іншае мне не дапаможа. Мае вочы мусяць бачыць іншыя рэчы, бачыць далячыню іншых краінаў. Маё сэрца цяпер, як злоўленая птушка з падбітым крылом. Хутка пройдзе мая маладосьць, і тады я застануся пры табе, каб разам зносіць лёс старасьці.

Гэрцэляіда не знайшла нічога, каб магчы адмовіць ягонай просьбе, хаця сэрца яе было, як абмярцьвелае.

Так яны рассталіся, і Гамурэт паехаў у сьвет. Ён праехаў цэлую Францыю, даехаў да мора, сеў на карабель і паплыў у Азію. Ён так кудысь сьпяшаўся, як быццам ад некага ўцякаў.

* * *

Гэрцэляіда доўгі час чакала на вестку ад Гамурэта, але дарма. Калі мінула паўгоду, яна мела аднойчы ўначы цяжкі сон. Зямля дрыжэла і нейкая магутная рука схапіла каралеву з ложка ў паветра. Навокал шалела навальніца, грымелі пяруны і нарэшце пайшоў чырвоны, як кроў, дождж. Гэрцэляіда трывожна ўскрыкнула і прачнулася. Адна са служанак узяла яе за руку, каралева супакоілася і зноў заснула. Зараз жа ёй прысьніўся другі сон. Ёй здавалася, што яна нарадзіла цмока, які разарваў ей цела і жывіўся ейнай грудзьдзёю, калі ж вырас вялікі і магутны, дык пакінуў яе, і яна яго ўжо больш ня бачыла.

Гэрцэляіда ізноў прачнулася з крыкам, прыціснула рукі да сэрца і пачула, як варухнулася яе дзіцянё. Яна была цяжарная. Са страху перад снамі яна ўстала з ложка і чакала са сваімі служанкамі, пакуль разаднее. Раніцою ў замак зьявіўся адзін з Гамурэтавай дружыны, змучаны і абарваны, і прывёз вестку, што Гамурэт пранізаны атручанай стралою, палёг пад Багдадам. Калі Гэрцэляіда пачула сумную вестку, яна ўпала няпрытомная на зямлю і ў цяжкіх муках радзіла прыгожага хлапца. Калі хлапец закрычаў, як гэта робяць навародкі, дык Гэрцэляіда праз сьлёзы ўсьміхнулася; дзіцянё ўратавала каралеве розум і жыцьцё.

— Я хачу жыць, я мушу жыць для яго, — падумала Гэрцэляіда, — але ён не павінен пайсьці па бацькавым шляху, ён не павінен пакінуць мяне. Я хачу мець зь яго трывалую радасьць, я хачу ўсьцерагчы яго ад сьмерці.

Яна назвала хлопца Парсівалем.

Яшчэ да таго, як хлапец скончыў год жыцьця, яна вызначыла для кіраваньня дзяржаваю свайго намесьніка, а сама зь дзіцянём і нешматлікімі слугамі пакінула замак і горад і паехала ў адлюдную мясцовасьць свайго каралеўства, аддзеленую ад рэшты краіны шырокімі лясамі, рэкамі і горамі. Там яна пасялілася на сялянскай гаспадарцы, а яе слугі апрацоўвалі зямлю.

— Тут, — гаварыла яна, — у гэтым мірным сьвеце павінен вырасьці мой сын і не павінен нічога ведаць аб існаваньні рыцарства, бо што добрага з гэтых аружных учынкаў і прыгодаў. Мой сын павінен быць шчасьлівым і задаволеным, пакуль ня вырасьце і ня зробіцца дастаткова разумным, каб унікаць усялякіх спрэчкаў і не пайсьці па сьлядох свайго бацькі.

Так яна думала зьмяніць лёс. Усім ейным слугам былі забаронены гутаркі аб рыцарах і рыцарстве. Ніхто ў ейнай хаце не гаварыў нічога аб сьвеце, які знаходзіўся за лясамі.

Парсіваль жыў пад апекай сваёй маці, гадаваны, як дзяўчынка, ды кроў ягонага бацькі кружыла ў ягоных жылах і адзывалася.

Як неразумным зьяўляецца матчынае каханьне, якое думае толькі аб тым, каб захаваць сваё дзіця ад таго, што зьяўляецца ягоным прызначэньнем, захаваць ад бураў жыцьця, на якія мы ўсе народжаныя.

Гэрцэляіда не дапусьціла да свайго сына ніякага аружжа, хаця гэта адзінае, што мы можам даць нашым дзецям, каб узброіць іх супраць усялякіх праціўнасьцяў.

Парсіваль быў годны паставаю свайго бацькі. Ён быў моцны, дзікі і неакелзаны, як малады конь, але розум ягоны быў безаружны і бездапаможны, як у малога дзіцяці. Дух Парсіваля быў зьвязаны воляю ягонай маткі, але на сны, якія радзіліся ў ягонай крыві, маці не магла ўплываць. Туга напала на хлапца і мучыла яго. Яна адабрала ад яго сьмех і радасьць жыцьця; яна зрабіла яго плаксівым і сумным. Усе навокал былі задаволенымі, а яму ж нечага не хапала.

Наймацней агартала яго туга, калі ён чуў пяяньне птушак. Мілагучнасьць птушыных галасоў выціскала ў яго сьлёзы, але ён не ўцякаў, а гадзінамі прыслухоўваўся іхным сьпевам.

Хто можа супроцьстаяць пяяньню птушак. Чым быў бы сьвет бяз іх? Немаведама, ці мы самы маглі б жыць на зямлі, калі б птушкі не паказвалі зьмены пораў году, калі б сініцы і жаўранкі ня клікалі вясну, калі б мы ня чулі салаўя. Чым было б каханьне, калі б мы ў абдымках ці пры сэрцы каханай ня чулі пяяньня дразда, які напаўняе летнія вечары сваім сьпевам. Птушкі вітаюць раніцаю сонца і зоры ўначы. Птушкі — гэта Божыя сьпевакі, дздзеныя нам на пацеху.

Парсіваль у птушыных сьпевах адкрыў цэлы сьвет, які хавалі перад ім. З гаручымі вачыма сачыў ён за іхным лётам, высака над верхавінамі дрэваў, аж пакуль яны ня гінулі ў блакітнай далячыні. Тады ягонае сэрца дрыжэла ў бясьсільным суме.

Калі Гэрцэляіда заўважыла стан хлапца, яна загадала сваім слугам вынішчыць птушак, і тыя пачалі выстрэліваць іх з пастак, лавіць сецямі і нішчыць. Пабачыўшы гэта, Парсіваль прывёў сваю маці.

— Глядзі, — сказаў ён, — яны забіваюць стварэньні, якія побач з табою найбольш мілыя майму сэрцу. Чаму яны робяць гэта? Чым вінаватыя птушкі?

— Ты кажаш праўду, — адказала маці, — я рабіла нядобра, калі хацела ўсе стварэньні падпарадкаваць сваёй волі. Бог стварыў іх на радасьць сабе; і ім, як і мне, дадзенае сонца і лес.

— Бог, — казаў хлапец, — стварыў птушак і падараваў ім лес і сонца! А хто такі Бог?

— Бог, — адказала Гэрцэляіда, — гэта сьвятло, як сонца. Ён знаходзіцца высока над людзьмі і сьветам. Усе стварэньні ў лесе і на полі створаныя Ім. Ён кіруе ручаямі і хмарамі. Усё, усё жывое створанае Ім і служыць Яму. Толькі зло, што жыве ў цемры, варожае Яму і хоча зрабіць нас залежнымі ад сябе. Сьцеражыся зла!

— Дзе ж жыве Бог і чаму мы не пры Ім?

— Бог ёсьць тут і там, дзіця маё. Бог ёсьць зьверху і зьнізу. Хто служыць шчыра, прыслухоўваецца да Яго голасу, з тым жыве Ён.

— Маці, я хачу служыць Богу, Ён павінен быць пры мне, я хачу быць Ягоным.

Гэрцэляіда ўцешылася, чуючы гэта і падумала: “Я зраблю зь яго сьвятара: ён ніколі ня будзе спрабаваць стаць рыцарам”.

Яна навучыла Парсіваля маліцца, і ён маліўся усяму яснаму: сонцу, сьвятлу зорак і месяца, вагню ў полі. Са страхам чакаў ён Бога, Якога ён спадзяваўся пабачыць навочна-дасягальнага і сьветлага. Цемру ён ненавідзеў і сьціскаў кулакі, калі зямлю ахінала цемра і зьнікала сьвятло. Ён хацеў так дапамагчы Богу ў змаганьні са злом.

Усьцяж няўстрымна бурліла ў хлопца кроў ягонага бацькі, і ніхто ня мог гэтага зьмяніць. Гэрцэляіда хацела прывучыць яго да паляваньня, бо думала, што гэты занятак выцісьне ўвесь ягоны непакой. Яна ўзброіла сына, але не па-рыцарску, а па-сялянску: дала яму кароткую дзіду, лук і стрэлы. Ад гэтага часу Парсіваль рэдка сядзеў дома. Улетку і ўзімку паляваў ён па ўзгорчатай ваколіцы, у глыбіні лясоў, якія цягнуліся бясконца. Часам з горнай верхавіны ён знаходзіў адчынены від на нязнаную далячыню, якая цягнула і вітала яго сваімі шляхамі і водамі. Ён часта зьбягаў з гары, каб бліжэй падыйсьці да гэтых далёкіх формаў, але тады ён адразу трапляў у бязьмежнае бездарожжа лясоў і змучаны вяртаўся ў хату сваёй маці.

* * *

Аднойчы ў нейкага рыцара з Валюа разбойнікі выкралі дачку і зьвялі яе па бездарожжах, праз горы і лясы. Рыцар зь некалькімі прыяцелямі гнаўся за ўцякаючымі і трапіў у тую ваколіцу, дзе паляваў Парсіваль. Хлапец пачуў конскі тупат і хутка пабачыў трох рыцараў у бліскучай зброі са сталі і срэбра. Збруя іхных коняў таксама блішчэла ад срэбраных упрыгожаньняў. Парсіваль апусьціўся пасярод дарогі на калені, нізка пакланіўся і крыкнуў, як навучыла яго маліцца маці: “Божа! Будзь ласкавы і стой пры мне ў кожнай патрэбе!”

Рыцары вельмі зьдзівіліся, пабачыўшы хлапца, які маліўся да іх; ім спадабалася ягоная прыгажосьць, сіла і шляхетная пастава. Яны пад’ехалі бліжэй да яго, і правадыр загадаў яму ўстаць:

— Што за недарэчнасьць! Ты не павінен нікому пакланяцца, апрача Бога!

— Дык ты ня Бог? — сказаў Парсіваль і падняўся з каленяў. — Але ты сьвецішся, як Бог, дык, напэўна, ты слуга Божы — анёл.

— Я не анёл Божы, — адказаў рыцар, — але ягоны слуга, якім зьяўляецца кожны рыцар. Скажы, як ты трапіў у гэтае адлюддзе і ці ня бачыў ты тут ездака з жанчынаю?

— Я ня бачыў нікога, але скажэце, што такое рыцар?

— Які ты дурны, хлопча; рыцары — гэта мы.

— А чым вы займаецеся, калі вы рыцары?

— Мы змагаемся ў бойках і турнірах. Мы шукаем прыгодаў на шырокім сьвеце. Мы здабываем замкі, каралеваў і каралеўствы. Ці ты хацеў бы зрабіцца рыцарам?

— Але. Ня йнакш. Але толькі па тое, каб служыць Богу. Я папрашу сваю маці, каб яна зрабіла мяне рыцарам.

Рыцары засьмяяліся з павагі да хлопца.

— Твая маці ня можа зрабіць цябе рыцарам. Гэта можа зрабіць толькі кароль Артур. Але ці ты ўмееш абыходзіцца з аружжам і канём?

— На гэтым я добра знаюся, — адказаў хлапец і замахнуўся сваёй дзідаю. — Я магу трапіць лебедзя ў лёце і злавіць дзіка ў бягу. Але скажэце, што за бліскучыя пярсьцёнкі маеце вы на грудзёх і ўсюды?

Хлапец дакрануўся да рыцарскай зброі і дзівіўся зь яе моцы.

— Глядзі, — сказаў адзін рыцар і ўдарыў сябе мячом па назе. — Калі мяне трапіць такім ударам вораг, дык ён мяне ня зраніць.

— Вельмі добра! — ускрыкнуў Парсіваль. — Дык вам і Злы нічога не патрапіць зрабіць. Але добра, што алені ня маюць такіх пярсьцёнкаў, бо мне было б цяжка даць зь імі рады.

Рыцары засьмяяліся з дурнаты хлапца, прышпорылі коней і сьпешна паехалі далей, шукаючы разбойнікаў. Парсіваль са зьдзіўленьнем паглядзеў ім усьлед, задумаўся над іхнымі словамі, вярнуўся да хаты, абняў маці і сказаў: “Маці, я хачу быць рыцарам!”

Гэрцэляіда сьмяротна спалохалася, калі яна з вуснаў хлопца пачула гэтыя словы.

— Хто сказаў табе пра рыцарства, я заб’ю яго!

Парсіваль спужаўся.

— Ці гэта грэх, быць рыцарам? — спытаўся ён.

— Не, — адказала маці, — быць рыцарам — гэта добра.

— Але, — сказаў хлапец, — рыцары служаць Богу. — І ён апісаў маці ўсё, што ён бачыў і чуў у лесе. — Маці, дай мне каня і аружжа. Я хачу ехаць да караля Артура, каб стацца рыцарам.

— Сын мой, ты яшчэ такі малады. Ты ня ўмееш яшчэ езьдзіць конна і валодаць аружжам: ты яшчэ не падрыхтаваны да таго, каб быць рыцарам.

— Гэта нічога, маці, я буду мець таксама цьвярдыя пярсьцёнкі, як рыцар, і тады ніхто ня зробіць мне крыўды.

Так налягаў ён на маці. Яна доўга не згаджалася зь ім і старалася адвесьці яго ад ягоных думак, але дарма. Нарэшце, Гэрцэляіда зь цяжкім сэрцам зразумела, што яна не патрапіла ўтрымаць сына ў хаце і пастанавіла вылячыць яго хітрасьцяй. Яна справіла сыну вопратку блазна з пярэстага, стракатага матэр’ялу, такі ж плашч, кашулю са зрэб’я, пару пантофляў з нявырабленай скуры. Парсіваль апрануў усё гэта, як сьвяточную вопратку. Тады яна дала яму каня, маладога, дзікага, але нешляхотнага, надзела на каня парваную збрую і пакрыла яго стракатай блазенскай посьцілкай. Яна думала, што калі хлапец зьявіцца сярод людзей, як блазен, дык усе будуць сьмяяцца, і сорам змусіць яго вярнуцца да яе яшчэ перад тым, як ён даведаецца нечага больш аб рыцарстве.

Дзеля гэтага яна не сказала яму ягонага імя і пра ягонае паходжаньне. Парсіваль узяў, поўны даверу, усё тое, што яму дала маці. Як аружжа, ён узяў сваю паляўнічую дзіду.

Ніхто ня можа апісаць ягонай радасьці, калі ён аднойчы раніцаю разьвітаўся з маткай у сваім блазнаўскім строі. Гэрцэляіда абняла яго і плакала.

— Ня плач, — суцяшаў сын, — я хутка вярнуся, як рыцар у Божай службе.

Але Гэрцэляіда думала аб Гамурэце і аб ягоным лёсе і лічыла, што і сын яе таксама загіне.

Парсіваль ускочыў на каня і ўзяў дзіду ў рукі, і тады маці дала яму апошнія рады:

— Калі табе будзе блага паводзіцца, не наракай на людзей. Будзь прыязны да ўсіх і вітай усіх спатканых, асабліва жанчынаў. Шануй жанчыну і дзе б ты іх ні спаткаў, чэсна служы ім і ўспамінай тады тваю маці. Нішто не дае рыцару больш гонару, як шляхотны пярсьцёнак, атрыманы з рук прыгожай жанчыны, ці пацалунак ейных вуснаў. Яшчэ больш, як жанчыну, шануй старых з сівымі валасамі. Яны шмат чаго перажылі і ведаюць сьвет. Вучыся ад іх і прасі ў іх рады, калі будзеш у ёй мець патрэбу.

Парсіваль абяцаў маці трымацца ейных радаў, але зь нецярпеньня ён ледзь мог устаяць на месцы. Яшчэ раз абняла яго Гэрцэляіда і пацалавала, пасьля чаго сын прышпорыў каня і не аглядаючыся паехаў і згінуў зь яе вачэй у лесе.

Гэрцэляіда засталася сама. Глыбокі боль апанаваў яе, што яе адзіны сын так радасна ад’ехаў ад яе; яна пачулася старою і блізкай сьмерці. Яна прыціснула рукі да сэрца, голасна ўскрыкнула і ўпала мёртвай на зямлю.

Парсіваль быў ужо далёка і ня чуў крыку. Ён як мага паганяў свайго каня, едучы ў сьвет.

ПАРСІВАЛЬ – БЛАЗЕН

Парсіваль ехаў паважна, захапляючыся ўсім бачаным. Радзіма маці, усё, што засталося за ім, зьнікала, бы нейкі сон. Значэньне для яго мелі толькі далёкі прастор, што ляжаў перад ім і адкрываў усьцяж новыя дзівы, двор караля Артура і Той, чыя слава пакрывае ўсю зямлю — Бог, у якога хлапец думаў знайсьці службу.

Парсіваль ехаў дзень і ноч, і толькі, калі яго змушала непраглядная цемра, ён затрымліваўся і адпачываў на зямлі.

Нельга апісаць усіх недарэчнасьцяў, якія зрабіў Парсіваль падчас дарогі. Перад кожным спатканым ён нізка схіляўся і вітаўся. Усе, сьмеючыся, прыглядаліся да яго. Калі ён заходзіў у вёску ці сялянскі двор, перад ім беглі дзеці, крычалі: “Блазен, вясёлы блазен!” Усе зьбіраліся каля яго і дражнілі яго, але ён, разумеючы гэта, з усімі ветліва вітаўся і распытваўся пра дарогу да караля Артура. Тады ўсе сьмяяліся зь яго яшчэ галасьней і паказвалі яму дарогу — адзін у вадным кірунку, другі — у другім, кожны ў розныя бакі. Парсіваль даверліва слухаў даваных яму радаў і блудзіў па краі. Ніхто не паказваў яму правільнага і сапраўднага шляху, і ён жыў са знойдзенай садавіны і хлеба, які ён часамі атрымліваў ад людзей. Парсіваль быў увесь час вясёлы, поўны надзеі і даверу. Ніякі высілак ня быў для яго цяжкім, бо ён верыў, што ён на шляху да караля Артура, рыцарства і Божай службы.

Аднойчы, неяк пасьля поўдня, Парсіваль натрапіў на адным лузе сярод лесу пры рэчцы на прыгожую палатку, якія звычайна рыцары забіраюць на паляваньне для жанчынаў. Палатка належыла Арылюсу, валадару Лялянду, які паляваў у лесе і цяпер якраз гнаў аленя. У палатцы знаходзілася ягоная жонка Ешута, аб прыгажосьці якой найлепшыя тагачасныя песьняры складалі вершы. Многія сьпявалі аб ёй песьні, але мала хто яе бачыў, бо з таго часу, калі яна сталася жонкаю Арылюса, ён зайздросна сьцярог яе ад чужых вачэй і забіраў усюды з сабою.

Парсіваль зьдзівіўся багатасьці шоўкавай палаткі, пад’ехаў бліжэй, саскочыў з каня і, не знайшоўшы ўваходу ў палатку, сарваў шоўкавыя шнуры, якімі Арылюс зачыніў уваход. У палатцы Парсіваль пабачыў прыгожую Ешуту, якая ляжала на шоўкавых падушках, змораная гарачынёю. Хлапец прыблізіўся і заўважыў на зьвісаючай з ложа руцэ шляхотны пярсьцёнак. Ён успомніў сабе словы сваёй маці: “Бяры ад прыгожых дамаў пярсьцёнкі і цалуй іх пры гэтым у вусны, бо няма нічога лепшага ад гэтага”.

У сваёй дурноце хлапец зьняў у сьпячай пярсьцёнак з пальца, але Ешута пачула і з крыкам прачнулася. Парсіваль абняў яе, пацалаваў у вусны і застаўся на каленах перад гнеўнай жанчынай, зьдзіўлены, што яна незадаволеная і пагражае яму:

— Сьцеражыся і бойся, бо калі вернецца мой муж, дык ён пакарае цябе і напэўна заб’е.

— Я не баюся нікога, — адказаў Парсіваль, — дзе той, які хоча мяне забіць? Я сам заб’ю яго маёю дзідаю!

Ешута голасна засьмяялася.

— Ты дурны хлопча, ты ня ведаеш, з кім ты будзеш мець дачыненьне, — сказала Ешута. — Аддай пярсьцёнак і ўцякай, пакуль не вярнуўся мой муж. Як трапіў ты ў гэтае адзінокае месца? Твой твар прыгожы; твае вочы нявінныя, чаму ж ты рабаўнік, чаму ты займаешся гэтым ганебным рамяством?

— Я прыехаў ад сваёй маці, — адказаў хлапец, — і еду да караля Артура, але ніхто ня хоча паказаць мне дарогу туды. Мая маці сказала мне, каб я браў ад прыгожых жанчынаў пярсьцёнкі і цалаваў іх у вусны. Ці ж мог я зрабіць інакш, як раіла мне мая маці?

Ешута ўбачыла, які дурны быў гэты хлапец і ягоная прыгажосьць падзеяла на яе.

— Пакінь сабе пярсьцёнак, — сказала яна, — бо ты мне вельмі спадабаўся, але скажы, чаго ты хочаш ад караля Артура?

— Я хачу стацца рыцарам.

— Добра, хлопча, у такім выпадку мы яшчэ пабачымся, але цяпер сьпяшайся, пакуль не вярнуўся Арылюс. Едзь уздоўж рэчкі, яна ўпадае ў мора. Там, дзе рака ўпадае ў мора, знаходзіцца горад Нант, і там ты знойдзеш караля Артура.

Парсіваль, не разьвітаўшыся з Ешутаю, ускочыў на каня і сьпешна паехаў уніз па цячэньні ракі. Ешута адцярпела за дзіцячы ўчынак Парсіваля. Калі Арылюс вярнуўся з паляваньня і пабачыў сьляды падковаў і разарваныя шнуры палаткі, а Ешута расказала яму пра блазна, які зрабаваў ёй пярсьцёнак, ён не паверыў і абяцаў, што будзе гнеўны на яе, пакуль ня знойдзе блазна і не заб’е яго. Ён зараз жа паехаў па сьлядах Парсіваля-рыцара, як ён думаў.

Парсіваль аднак ад’ехаў далёка і нястомна кіраваў уздоўж ракі, пакуль не пабачыў вежаў вялікага гораду. Ён запытаў селяніна, як называецца горад і даведаўшыся, што гэта Нант, дзе затрымаўся кароль Артур. Ён, поўны радасьці, даў селяніну пярсьцёнак Ешуты, аб вартасьці якога ён ня меў уяўленьня.

* * *

Калі Парсіваль пад’ехаў да гарадзкой брамы, ён пабачыў едучага насустрач рыцара ў чырвонай зброі, які трымаў у руцэ залаты куфаль. Парсіваль затрымаўся і прывітаў рыцара. Рыцар спыніўся, сьмеючыся з адзеньня блазна.

— Чаго ты шукаеш, чортаў сын, з тваёй дзідаю?

— Я еду ў Нант да караля Артура, — адказаў Парсіваль, з цікавасьцю прыглядаючыся на чырвонае ўбраньне рыцара.

— Ты будзеш маім паслом да караля Артура, — сказаў рыцар. — Гэты куфаль я забраў са стала караля, калі ён спажываў вячэру. Едзь у замак і скажы каралю і ўсім рыцарам Круглага Стала, што я буду бараніць куфаль і свой гонар аж да сьмерці. Кароль хоча ашукаць і мяне са спадчынаю, але ён пабачыць, што я ўжо не дзіця.

Такім чынам Парсіваль уехаў у Нант як пасол Чырвонага рыцара. Мяшчане беглі за ім сьмеючыся па вуліцах, калі пабачылі яго, і жартавалі:

— Глядзіце, гэта новы рыцар Круглага Стала!

Парсіваль цешыўся, што яго вітаюць, як рыцара, і ветліва адказваў на прывітаньні. Уехаўшы на замкавы панадворак, ён быў зьдзіўлены колькасьцю добрых коняў, рыцараў і сяброў рыцарскіх дружынаў і сказаў:

— Я бачу тут многіх Артураў, каторы ж зь іх праўдзіывы кароль Артур?

— Чаго ты хочаш ад караля Артура? — спытаў яго адзін са збройчых, які называўся Івэйнэт.

— Ён павінен зрабіць мяне рыцарам, я ж маю да яго даручэньне ад чалавека ў чырвонай зброі, якога я спаткаў перад горадам.

— Гэта Ітэр, братаніч караля, — сказаў збройчы, — ён, напэўна, зрабіў ізноў нейкае шаленства. Пойдзем, я завяду цябе ў залю, кароль будзе цешыцца, пабачыўшы цябе.

Парсіваль увайшоў у залю. Там разносіўся бурлівы шум многіх галасоў рыцараў і жанчынаў, якія сядзелі пры стале. Кароль Артур і ягоная жонка Гінаўра сядзелі пасярэдзіне між імі. Парсіваль падышоў да самага караля. Усе зьнямелі, гледзячы на чужака і зьдзіўленыя ягонай прыгажосьцю, адзетай у строй блазна. Дамы каралевы пачалі сьмяяцца, але Парсіваль не глядзеў ні на каго, апрача караля, і сьмела прывітаў яго:

— Валадару, я маю да Вас даручэньне ад рыцара, які чакае перад брамаю. Вы павінны адбіць ад яго чару, якую ён забраў з сабою.

Кароль Артур адказаў:

— Ітэр, мой братаніч, — гэта шаленец. Ён супакоіць сваю гарачую кроў і вернецца сам з куфлем, без ужыцьця сілы.

— Не, — сказаў Парсіваль, — ён напэўна хоча забіць Вас і ўсіх Вашых рыцараў, але калі Вы зробіце мяне рыцарам, дык я сам зраблю зь ім парадак.

Усе сьмяяліся, што блазен хоча зрабіцца рыцарам; сьмяяўся і кароль Артур.

— Я зраблю цябе рыцарам, калі ты давядзеш, што ты варты гэтага. Заставайся ў мяне на службе адзін год, дык тады мы гэта пабачым.

Парсіваль разгневаўся.

— Валадару, я ня маю часу так доўга чакаць. Я павінен служыць Богу, бо так хоча мая маці. Вы павінны зрабіць мяне рыцарам зараз. Мне патрэбнае таксама ўзбраеньне, як у таго рыцара, што чакае перад брамаю.

— Дык ідзі да яго і прасі, можа ён аддасьць табе зброю, як узнагароду за выкананае даручэньне.

— Добра, калі Вы гэтак хочаце, дык вазьму ад яго зброю, калі ж ён не захоча аддаць, дык я змушу тады аддаць яе сілаю.

Сьмяяўся, чуючы гэта кароль, сьмяяліся ўсе прысутныя. Парсіваль сказаў:

— Валадару, я не пакіну Вас, пакуль Вы ня зробіце мяне рыцарам.

— Калі ты здабудзеш сабе зброю, дык гэтым самым ты станеш рыцарам і я табе буду непатрэбны; але хто ты такі, што хочаш зрабіцца рыцарам?

— Я сын сваёй маці, — адказаў Парсіваль.

— Гэта навіна, — сказаў кароль, — а як называла цябе тая маці?

— Любае дзіця, клікала мяне маці.

Цяпер сьмеху не было канца. Кунэвара — наймаладзейшая і найпрыгажэйшая дама двара каралевы сьмяялася так голасна, што маршал Кае злосна замахнуўся і ўдарыў яе палкаю па плячох. Парсіваль заўважыў гэта і, памятаючы словы сваёй маці, што рыцар павінен бараніць жанчыну, пагразіў Кае дзідаю.

— Ты будзеш пакараны за тое, што ўдарыў гэтую прыгожую жанчыну, але цяпер я павінен здабыць спачатку зброю і стацца рыцарам.

Парсіваль павярнуўся і хацеў выйсьці, але кароль Артур затрымаў яго.

— Хлопча, пакінь сваю блазноту, бо выглядае, што ты больш варты, чым твая вопратка. Твая маладосьць і прыгажосьць падабаецца мне. Заставайся ў мяне на службе.

— Не, я хачу здабыць зброю і стацца рыцарам, — адказаў Парсіваль.

— Рыцар цябе заб’е!

Тут засьмяяўся Парсіваль.

— Не кажэце гэтак, калі ён дабраахвотна не аддасьць мне зброі, дык я заб’ю яго, як аленя, бо я добра знаюся на паляваньні.

З гэтымі словамі, не разьвітаўшыся, ён выбег з залі, ускочыў на свайго каня і паехаў за браму гораду да Чырвонага рыцара.

— Ніхто ня хоча да цябе прыехаць, — сказаў ён, — але яны жадаюць міру з табою і запрашаюць на вячэру ў горад. Я пабачыў, што яны цябе любяць. Ідзі да іх і сьвяткуй зь імі, але свайго каня і зброю пакінь тут, бо кароль Артур падарыў іх мне.

Чырвоны рыцар рассьмяяўся з блазна.

— Ты строіш добрыя жарты, але зыйдзі з дарогі, я пабачу, што яны скажуць, калі я вярнуся.

— Стой, — закрычаў Парсіваль, — гэтак ты не ад’едзеш. Як ты можаш адмаўляцца даць мне тое, што падараваў мне кароль?

З гэтымі словамі ён схапіў рыцаравага каня за вузду і хацеў яго затрымаць.

Рыцар узлаваўся і з такою сілаю ўдарыў Парсіваля кап’ём у грудзі, што той выляцеў з сядла і ўпаў на зямлю. Рыцар засьмяяўся, кажучы:

— Маеш табе ўзнагароду за працу.

Парсіваль ускочыў з зямлі і з такой зацятасьцю пачаў атакаваць рыцара, што забіў яго. Тады ён зьняў з забітага зброю і надзеў на сябе. Ён узяў таксама меч, кап’ё, шчыт і каня.

Некалькі збройчых паехала ўсьлед за блазнам за горад, каб пагялдзець, што зь ім зробіць Ітэр. Яны бачылі здалёку бойку і перамогу блазна. Калі Івэйнэт, збройчы Ітэра, вельмі яму адданы, пабачыў, што ягоны пан зваліўся на зямлю, ён наблізіўся, убачыў труп Ітэра і голасна залемантаваў:

— Ніхто ня мог яго перамагчы. Не было рыцараў, роўных яму. Гэты ж закалоў яго дзідаю, як нейкага аленя. Чым ён абразіў вас? Пэўна, вы чорт, ці іншы злы дух, якія, як гавораць, блукаюцца па зямлі і прыносяць няшчасьце. Кароль Артур і ўсе рыцары будуць праклінаць вас, калі вы вернецеся ў горад.

— Я не паеду ў горад, — адказаў Парсіваль, — я не хачу служыць у караля Артура. Цяпер я рыцар і шукаю Бога, каб атрымаць у Яго службу. Можа вы ведаеце, дзе той горад, у якім жыве Бог?

Збройчы са страхам прыглядаўся да Парсіваля.

— Не, — адказаў ён, — ня ведаю, — і падумаў: “Можа, гэта і анёл, які пакараў майго пана за ягоныя грахі. Але чаму ён ня ведае тады, дзе жыве Бог?

Каб даведацца, хто такі незнаёмец ў вопратцы блазна, ён паказаў яму дарогу ў горы і сказаў:

— Тудою едзецца да Бога, паспрабуй, можа ты Яго знойдзеш.

— Добра, — адказаў Парсіваль і задаволены хутка паехаў дарогаю да вялікіх гораў.

На двары караля Артура зрабіўся вялікі лямант, калі прыйшла вестка аб сьмерці Ітэра. Усе, асабліва жанчыны, аплаквалі Ітэра і пракліналі чужака, які забіў яго.

— Бяссумніўна, — гаварылі ўсе, — гэта быў чараўнік, але Бог яму не даруе.

ПАРСІВАЛЬ І ГУРНЭМАНЦ

Парсіваль ехаў праз глуш лясістых гораў і шукаў Бога, усюды спадзяючыся яго знайсьці. Калі шумелі лясы і вадапады, калі каменьне валілася ў бездань, Парсіваль заўсёды думаў: “Цяпер прыйдзе Бог. Са сьветлых, пакрытых сьнегам гораў, якія датыкаюць хмараў, зыйдзе Бог і возьме мяне на службу”.

Але Бог не прыходзіў. Парсіваль не знайшоў Яго нідзе, кружыў сярод узвышшаў і распытваўся спатканых у гарах пастыроў аб месцы знаходжаньня Бога.

— Далёка, з другой стараны гораў, — адказвалі тыя, — знаходзіцца месца, у якім мяшчане збудавалі Богу багатае памешканьне; мы ж самі бедныя і пакланяемся Богу пад высокімі дрэвамі ці на вяршынах гораў.

Парсіваль скіраваўся ў гэтае месца і калі ён пачаў спускацца ў нізіну, павеяў цёплы вецер і перад ім адчынілася шырокая ураджайная даліна, поўная вёсак. Пад вечар, калі ён ужо амаль спусьціўся ў даліну, ён наблізіўся да горада, які ляжаў пры рацэ каля самой дарогі. Моцныя вежы гораду, валы і напоўненыя вадою равы сьведчылі, што тут замак багатага і магутнага чалавека.

Калі Парсіваль праязджаў міма паднятага спушчальнага маста, ён пабачыў у цяні ліпаў старога чалавека, які зьдзіўлена глядзеў на чужога рыцара, што спускаўся сьцежкаю з гары. Зброя Парсіваля была не ў парадку, і ён насіў яе ня згодна з рыцарскімі звычаямі. Меч ён трымаў голы ў руцэ, як бы ехаў у бойку, шчыт ён павесіў на плячо так, што здавалася, быццам ён ад некага ўцякае. Усё было на ім недапасавана і сьведчыла аб ягоным незнаёмстве з рыцарскімі звычаямі. Адно толькі ягоная пастава і прыгожасьць паказвалі выразна на ягоную шляхотнасьць. Дзеля гэтага стары, устаўшы з свайго месца, прывітаў яго:

— Куды вы едзеце і скуль вы? Ужо вечар, не праязджайце міма. Я называюся Гурнэманц; гэта мой замак, заставайцеся ў мяне на начлег.

— Я еду з двара караля Артура. Там я здабыў ад аднаго рыцара зброю і рыцарства. Цяпер я па дарозе да Бога, у якога я хачу атрымаць службу. Мая маці радзіла мне пытацца рады ў людзей з сівымі валасамі, дык скажэце мне, дзе жыве Бог? Я ўжо даўжэйшы час шукаю Яго сярод гораў і не магу знайсьці.

Гурнэманц зьдзівіўся са словаў Парсіваля і падумаў, што ад цяжараў дарогі ці ад іншае прычыны дух прыгожага юнака не ў парадку.

— Затрымайцеся ў мяне, — сказаў Гурнэманц, — адлажыце зброю і меч. Я пагляджу, як вам парадзіць.

Так Парсіваль сустрэўся з Гурнэманцам, валадаром замку Грагарс.

Сьмяротна змучаны лёг ён вечарам у ложак. Збройчыя, распранаючы яго, знайшлі пад зброяй адзеньне блазна і прынесьлі свайму пану.

Раніцаю Гурнэманц сам прыйшоў да ложка Парсіваля і загадаў даць яму прыгожую вопратку, якую рыцары звычайна носяць у сябе ў хаце. Ён яшчэ раз пытаўся яго аб адбытым падарожжы і прыгодах і хутка даведаўся, што Парсіваль быў яшчэ зусім недасьведчаны, як дзіця, адносна ўсіх людзкіх, а асабліва рыцарскіх справаў.

Ён даведаўся таксама, што Парсіваль забіў Ітэра. Ён пасумаваў па рыцары, слава якога была яму ведамай і дзівіўся, што такі хлапец перамог яго. Пасьля гэтага ён паклікаў служанак, якія вымылі Парсіваля, надзелі на яго новую вопратку, і толькі тады ўсе пабачылі ягоную прыгажосьць у поўным сьвятле.

— Я згубіў трох сыноў у баёх за краіну, — сказаў Гурнэманц, — яны ўсе вярнуліся мне ў гэтым прыгожым юнаку. Я буду ягоным бацькаю і настаўнікам ува ўсіх справах, неабходных рыцару.

— Добра, — сказаў Парсіваль, — вучэце мяне ўсяго, але, перадусім, скажэце мне, дзе жыве Бог?

Грунэманц даглядаў Пэрсіваля, як сына, і цешыўся зь ягонай нявіннасьці і павагі. Парсіваль жа старанна слухаў навукаў свайго настаўніка.

— Мая маці не магла парадзіць мне нічога лепшага, як слухаць радаў сівых людзей, — сказаў Парсіваль.

Хутка ён навучыўся правільна ўжываць аружжа і іншых рыцарскіх мастацтваў, бо гэта ўсё было ў ягонай крыві. Гурнэманц вучыў Парсіваля ня толькі мастацтву валаданьня аружжам, але вучыў таксама ўсіх рэчаў, веданьне якіх зьяўляецца неабходным для рыцара.

— Яшчэ больш, чым сіла і адвага, — гаварыў ён, — здобіць рыцара шляхотнасьць ягонай душы і звычаяў. Маё дзіцё, ты ня маеш дасьведчаньня ў звычаях, і гэта робіць цябе пацехаю слугаў. Ты пытаешся тысячы рэчаў і пляцеш усё, што табе прыйдзе ў галаву. Так захоўваюцца блазны і балбатуны, рыцара ж здобіць маўчаньне. Балбатлівасьць не прыносіць карысьці. Не гавары таксама ўвесь час пра сваю маці. Шануй яе, гэта добра, але рабі гэта ў сваім сэрцы. Няма нічога больш вартага пагарды, як чалавек, які ня можа трымаць зачыненымі све вусны і сэрца. Хто ня ўмее захоўваць свае таямніцы, той не патрапіць аберагчы таямніцу іншых і ня будзе мець прыяцеляў. Учынак заўсёды больш варты, чым тысячы словаў, але словы часта псуюць зробленыя ўчынкі.
Магчы маўчаць — гэта таямніца шляхотных звычаяў. Прыглядайся ўсяму, вітай усё добрае, сьцеражыся зла, але не гавары аб гэтым шмат. Хто маўчыць, не гаворыць глупстваў і ня робіць нікому шкоды. Хто гаворыць шмат, той гаворыць таксама шмат глупстваў і закранае іншых нават тады, калі гаворыць разумна.

Я ўжо стары і быў рыцарам у шмат якіх краінах; я бачыў шмат герояў і меў сярод іх прыяцеляў; і я ня бачу для чалавека нічога лепшага, як маўчаньне.

— Добра, — сказаў Парсіваль, — я маю намер паводзіць сябе у жыцьці, згодна з вашымі радамі.

Гурнэманц даў яму яшчэ шмат розных радаў, якія Парсіваль ахвотна слухаў.

* * *

Гурнэманц меў прыгожую дачку Ліясу, якая адна засталася ў яго з усіх дзяцей. Ліяса была далікатная, прыгожая і нявінная, як вырасшая ў парніку кветка. Яе твар быў вузкі, яе скура была, бы шоўкавая. Яе вочы былі вялікія і бліскучыя, і ўся яна нагадвала нерасьцьвіўшую пупышку ружы. Валасы яе былі сьветлыя і шаўкавістыя. Парсіваль, як і іншыя, ахвотна бачыў яе, яна ж пакахала усім сэрцам Парсіваля, загарэлага ад сонца і ветру. Яна бачыла ў Парсівалі прадстаўніка сьвету з другога боку муроў і хацела ехаць разам зь ім шукаць прыгодаў.

Яе каханьне расло з кожным днём і было відаць у яе вачах. Гурнэманц таксама хутка заўважыў гэта і думаў: “Нічога лепшага не было б для мяне, каб Парсіваль і Ліяса пачулі да сябе каханьне. Усе мае сыны былі б вернутыя ў гэтым адным”.

Толькі адзін Парсіваль ня бачыў каханьня Ліясы. Яго брала за сэрца яе прыгажосьць і ён пры ёй быў далікатны і абыходзіўся зь ёю, як з кветкаю ці шляхотным начыньнем, але аб каханьні ён ня меў яшчэ разуменьня. Ён цалаваў Ліясу, як сястру ці прыяцельку, — далікатна і без упаеньня.

Аднойчы Гурнэманц сказаў Парсівалю:

— Я забыўся сказаць табе яшчэ аб адным: найвялікшую радасьць у жыцьці нам дае каханьне, і рыцар не павінен унікаць яго. Прыгожым жанчынам ты павінен служыць заўсёды, дзе б ты іх ні спаткаў, паважаць іх, ахоўваць і змагацца за іх у бойках і турнірах. Яны будуць любіць цябе за гэта, цалаваць і рабіць жыцьцё прыямнейшым. Гэта і ёсьць каханьне. Адна жанчына павінна авалодаць усім тваім сэрцам і быць з табою злучанай, быццам бы вы былі адным. Памятай гэта і не адкідай каханьне, калі яно прыйдзе, бо каханьне — гэта найвялікшы скарб на сьвеце і без каханьня ня варта наогул жыць. Гэта я сам пазнаў на сабе, каханьне прыходзіць часта незаўважна і ціха стаіць побач цябе, дык не дазволь яму прайсьці міма. Шмат хто згубіў так сваё шчасьце і аддаў бы потым за гэта сваё жыцьцё.

Ён не разумеў, што Гурнэманц паказаваў яму на Ліясу.

— Добра, — адказаў Парсіваль, — я буду паводзіць сябе, згодна з вашымі радамі.

Парсіваль ня думаў яшчэ аб спачываньні ў абдымках прыгожых жанчынаў. Ён думаў толькі аб бойках і аб спробе сілаў. Ён думаў аб вандраваньні ў сьвет, а перадусім аб тым, чаго яго ня мог навучыць Гурнэманц — аб Богу і аб службе Яму.

— Служба Богу, — гаварыў Гурнэманц, — гэта папоўская, а ня рыцарская справа. Мы становімся на калені ў полі і просім у Бога помачы ў бойцы, — гэтага даволі і гэта найбольш падабаецца Богу. Манахі і сьвятары могуць праводзіць жыцьцё ў служэньні Богу, але за гэтым хаваецца шмат лянівасьці, і яны гавораць пры гэтым за шмат словаў.

Але Парсіваль верыў у гэтай справе сваёй маці і думаў: “Бог, гэта сьвятло, і дзе-небудзь я знайду Яго”.

— Я чуў, — зьвярнуўся ён аднойчы да Гурнэманца, — што рыцары таксама служаць Богу.

— Але! — адказаў Гурнэманц, — служаць Богу, але кап’ём і мячом.

Парсіваль не супакоіўся, нейкі голас быў у ім, які не даваў яму супакою. Гэты голас змушаў яго імкнуцца наперад з супакою і шчасьця ў незнаёмае і поўнае цікавых прыгодаў.

— Пане, — сказаў аднойчы Парсіваль Гурнэманцу, — вы зрабілі мне шмат дабра, але не затрымлівайце мяне і дазвольце ехаць далей.

Гурнэманц спужаўся і сказаў:

— Хто, як блазен, будзе гнацца за нейкім сном, той губляе жыцьцё і прыяцеляў. Заставайся пры мне. Я буду лічыць цябе сваім сынам і пасьля маёй сьмерці цэлы мой край будзе належаць табе. Я аддам табе таксама за жонку Ліясу.

— Пане, як я магу браць Ліясу за жонку? Мне не стае яшчэ разуменьня і знаёмасьці сьвету. Не, дазвольце мне цяпер ехаць, дык я хутка вярнуся, каб жыць разам з Ліясай. Я люблю яе, але дазвольце мне ехаць. Калі я пабачу сьвет, дык мне лягчэй будзе зносіць і мірнае жыцьцё.

Гурнэманц з цяжкім сэрцам змушаны быў згадзіцца і прывёў сваю дачку да Парсіваля. Яны абняліся і Парсіваль пакляўся ёй у каханьні і памяці.

— Вазьмі мяне з сабою, — прасіла яго Ліяса.

— Цяпер — не, — адказаў Парсіваль.

Пасьля гэтага ён узброіўся і пакінуў замак. Ліяса і Гурнэманц у сьлязах глядзелі яму ўсьлед і бачылі, як Парсіваль, горда выпраставаны ў сядле з кап’ём у руцэ, паехаў шляхам на поўдзень.

ПАРСІВАЛЬ І КАНДВІРАМУР

Парсіваль ізноў ехаў праз лясы, горы і рэкі, кіруючыся да мора. Спачатку вобраз Ліясы стаяў у яго перад вачыма, ён успамінаў таксама і Гурнэманца і ягоную бацькоўскую апеку. Але Парсіваль нядоўга задумваўся над мінулым, ён весела прыглядаўся сучаснасьці і думаў аб будучыні. Ці ж не таксама дзеем і ўсе мы, пакуль жывём?

Нарэшце, Парсіваль прыехаў да мора і быў глыбока крануты ягоным магутным хараством. “Каля мора, — думаў ён, — напэўна жыве Бог, бо тут усё поўна сьвятла”. І дзеля гэтага далей ён ехаў уздоўж мора.

Пасьля некалькіх дзён язды ён даехаў да вялікай ракі, якая ўпадала ў мора. З другога боку ракі ён пабачыў вежы і муры, якія адбіваліся ў хвалях ракі. Парсіваль шукаў мосту праз раку, але ўсе масты былі сарваныя. Рамесьнікі былі занятыя зьніманьнем апошніх дошак на адным мосьце, і Парсіваль па хісткіх бэльках пераехаў на другі бок ракі. Пабачыўшы яго, рамесьнікі ўцяклі, уцяклі таксама і рыцары, якія былі пры іх, бо яны думалі, што Парсіваль вядзе за сабою цэлае войска. Калі яны заўважылі, што Парсіваль быў адзін і не выяўляў ніякіх варожых намераў, усе вярнуліся, ветліва прывіталі яго і павялі ў горад і замак.

— Мы завядзём цябе да нашай каралевы Кандвірамур, — гаварылі яны, — і яна прыме цябе вельмі ахвотна, бо горад у вялікай бядзе, а мы бачым, што вы можаце даць добрую дапамогу.

Парсіваль не запытаўся іх, у якой бядзе горад. Ён моўчкі паехаў за імі ў замак, дзе яго спаткаў дзядзька каралевы Кіот і ветліва яго прывітаў: “Скуль і куды вы едзеце?”

— Я прыехаў з Грагарсу, ад майго настаўніка Гурнэманца і шукаю цяпер прыгодаў, адказаў Парсіваль.

Даведаўшыся гэта, Кіот прывітаў яго яшчэ прыязьней.

— Вы не маглі знайсьці сабе лепшага настаўніка. Я добра ведаю Гурнэманца і, як бачу, вучань варты свайго настаўніка.

Прыйшоўшы ў замак, Кіот загадаў збройчым зьняць з госьця ўзбраеньне і абцерці яму дарожны пыл з твару і рук, пасьля чаго яны ўдваёх пайшлі да каралевы Кандвірамур.

Калі Кандвірамур, бледная і сумная, але зьзяючая ўнутраным хараством увайшла ў залю, дык каханьне абудзілася ў ейным сэрцы і сэрцы Парсіваля і апанавала іх.

Герцаг Кіот заўважыў іхнае зьмяшаньне і сказаў Кандвірамур: “Скажы ж рыцару хоць слова, ці можа і перад ім ты хочаш скочыць у замкавы роў?”

Кандвірамур пачырванела, яе вочы напоўніліся сьлязьмі.

— Вітаю вас, рыцар, — сказала яна, — у нашым замку вельмі глуха і вы ня знойдзеце ў ім шмат радасьці, але ўсё ў замку да вашага распараджэньня.

— Каралева, — сказаў Парсіваль, — я не знайшоў сягоньня таго, чаго я шукаю, але тым ня менш, тое, што я знайшоў дарогу ў гэты замак, зрабіла мне вялікую прыемнасьць.

— Скуль вы прыехалі? — запытала каралева.

— З замку Грагарс.

— З Грагарсу, — усьцешылася Кандвірамур, — я была там аднойчы, калі жыў яшчэ мой бацька. Я была тады ў падарожжы і пражыла даўжэйшы час у Гурнэманца, ягоных сыноў і Ліясы. Цяпер ягоныя сыны ўжо не жывуць, але як маецца мая прыяцелька Ліяса?

Вобраз Ліясы прамільгнуў перад вачыма Парсіваля і зьнік, выціснуты вобразам Кандвірамур.

— Яна вясёлая, — адказаў Парсіваль, — і сумная, калі ўспамінае сваіх братоў.

— Вясёлая ж, калі ўспамінае вас? — сьмеючыся запытала каралева.

— Не, — адказаў Парсіваль, — яна яшчэ дзіцё, дык чаму ж ёй ня цешыцца.

У міжчасе слугі ўнесьлі яду і пітво, і каралева пачала частаваць Парсіваля. Парсіваль сядзеў моўчкі, а Кіот расказваў пра прыгоды, перажываныя разам з Гурнэманцам. Парсіваль і Кандвірамур амаль ня чулі яго; Парсіваль бачыў толькі Кандвірамур, а яна — яго.

Хутка каралева ўстала, папрасіла прабачэньня за хуткі адыход, тлумачачы яго змучаньнем і, загадаўшы прыгатаваць ложа Парсівалю, выйшла.

Хутка маршалак завёў Парсіваля ў прызначаны яму пакой. Ён выслаў слугаў, якія хацелі дапамагчы яму распрануцца, і стаяў у думках пасярод пакою ў дрыготкім сьвятле сьвечак. У кожным полымі ён бачыў постаць прыгожай жанчыны, якая так раптоўна завалодала ягоным сэрцам. “Я павінен ісьці за словамі свайго настаўніка, — думаў Парсіваль, — які сказаў, што каханьне прыходзіць часта неспадзявана. Я хачу, каб гэтая шляхотная і чароўная жанчына была назаўсёды маёй. Але чаму каралева такая сумная?”. Тут ён прыпомніў, што не запытаўся яе, хто непакоіць яе і горад. “Я запытаюся яе заўтра і ахвотна дапамагу ёй”, — падумаў ён.

Кандвірамур у гэтым часе ляжала ў ложку і думала: “Я столькі разоў надарэмна прасіла Бога, каб Ён паслаў мне ратунак ад усіх бедаў. Я ўжо хацела пазбавіць сябе жыцьця, бо бяда сягае мне пад горла, але вось зьявіўся гэты рыцар, для якога, бяссумніўна, захаваў мяне Бог. Я хачу аддаць яму сэрца, жыцьцё і каралеўства, але ён хоча раніцаю ехаць прочкі. Вечарам жа вораг будзе перад брамаю, і я не аддамся жывою ў рукі ворагу. Чаму Бог паказаў мне блізкі ратунак, калі ня меў намеру мяне ратаваць? Але я ня ведаю, чаму гэта так, можа рыцар закаханы ўжо ў іншую жанчыну, а можа ў Ліясу?”

Кандвірамур, нарэшце, надумалася пайсьці да Парсіваля і выясьніць справу. Каралева ўстала і асушыла сьлёзы. “Я ж не служанка, якая павінна баяцца, каб не зрабіць чаго-небудзь незвычайнага”, — сказала яна сабе.

Кандвірамур узяла сьвечку і паціху пайшла ў пакой, дзе спаў Парсіваль, змучаны падарожжам. Яна доўга ўглядалася на яго, потым сьлёзы напоўнілі яе вочы і паліліся на руку Парсіваля так, што ён прачнуўся і спытаў:

— Што робіце вы тут і чаму вы плачаце?

— Прыяцель, — адказала Кандвірамур, — выбач слабой жанчыне, якая нідзе ня бачыць сабе дапамогі, што яна мучыць вас сьлязьмі. Вы хочаце заўтра раніцай выязджаць, а мне і гораду пагражае вялікая бяда. Я часта прасіла ў Бога ратунку і цяпер уся мая надзея, што вы мне дапаможаце. Я ведаю, што Бог мае ў сваёй службе рыцараў, якія прыносяць дапамогу пакрыўджаным.

— Чым жа я магу дапамагчы вам, якая небясьпека пагражае гораду?

Кандвірамур прысела на ложак і сказала:

— Гэта каханьне прынесла мне такую небясьпеку, каханьне нягоднага чалавека, які хоча мяне ўзяць за жонку, я ж ненавіджу і пагарджаю ім. Я была заручана з Шэнтафлюрам, наймаладзейшым сынам Гурнэманца. Гэтак пастанавілі нашыя бацькі, а мы таксама кахалі адзін другога. Калі мой бацька памёр, да мяне пачаў сватацца Кінгрун, гэрцаг Ізэртэры. Я адкінула ягонае сватаньне. Тады Кінгрун напаў на майго заручанага і забіў яго, а пасьля сабраў вялікае войска і сілай апанаваў маё цэлае каралеўства, толькі гэты горад яшчэ трымаецца. Цяпер я даведалася, што Кінгрун зь вялікім войскам ідзе сюды, каб здабыць горад і атрымаць мяне ў свае рукі. Дзеля гэтага разбураныя ўсе масты, але мяшчане спалоханыя і доўга ня ўтрымаюцца перад ворагам, бо ў іх няма правадыра. Мой дзядзька — стары і няма нікога, хто б асьмеліў маіх абаронцаў; застаньцеся і памажэце мне! Калі ж вы мне не дапаможаце, дык я яшчэ гэтай ноччу скочу зь вежы ў замкавы роў.

— Каралева, — сказаў Парсіваль, — я ахвотна дапамагу вам і не супакоюся, пакуль не запануе мір. Рыцар не павінен пакінуць у бядзе жанчыну, нават тады, калі яна менш любая, чым вы.

Ён узяў яе за рукі і моцна трымаў у сваіх. Так яны праседзелі цэлую ноч, пакуль першыя птушкі не абвесьцілі надыход новага дня. Тады каралева вярнулася ў свой пакой.

* * *

У гэты самы час пачуліся гукі рагоў з гарадзкіх муроў, як знак, што вораг набліжаецца, і адазваліся ўсе званы. Парсіваль ускочыў з ложка, паклікаў збройчых і весела ўзброіўся для змаганьня.

Цэлы дзень ішлі баі за Бэльрапэйр — так зваўся горад; усімі сіламі абложнікі стараліся яго здабыць, атакуючы муры і брамы ламальнікамі муроў і рознымі іншымі прыладамі. Аднак абложаныя бараніліся аружжам, агнём і сьвежай адвагай. Парсіваль быў усюды, даваў рады і помач. Кінгрун спалохаўся, калі даведаўся, колькі ахвяраў ужо каштавала яму здабываньне гораду.

— Ніводная яшчэ жанчына не бараніла так свайго дзявоцтва, — сказаў ён, — але я навучу яе есьці з рук.

Ня гледзячы на ўсе ягоныя намаганьні, горад не паддаваўся. Войска Кінгруна пачало чуцца ўжо змучаным, а ў мяшчан быццам усяліўся новы дух.

— Гэтым гандлярам дапамагае, напэўна, сам чорт, — гаварылі яны, — бо інакш не маглі б так доўга трымацца. Мы самыя нават бачылі яго ў вогненай зброі і дзеля гэтага мы не здабудзем гораду.

Кінгрун аднак не хацеў адмовіцца ад Кандвірамур і паслаў гэрольда ў горад з выклікам на двубой з чырвоным рыцарам.

— Хто з нас пераможа, таму падпарадкуецца пераможаны. Калі згінеце вы, дык горад і каралева будуць мае, калі ж згіну я, дык усё маё войска і ўсё, што я маю, пяройдуць да вас.

Кінгрун быў пэўны, што ніхто яго не пераможа. Ён быў у поўні сілаў і ні адна маці аплаквала праз яго свайго сына. Дзеля гэтага ён зьняважліва засьмяяўся, калі пабачыў Парсіваля зь непакрытай шоламам галавою:

— Гэта ж яшчэ хлапец, — засьмяяўся ён, — я ж ня школьны вучыцель, каб біць хлапчанятаў.

Парсіваль спакойна адзеў шолам і апусьціў прылобіцу, пасьля чаго рыцары пачалі бойку. Імпэт, зь якім яны кінуліся, быў так вялікі, што раменьні ад сёдлаў парваліся, і яны абодва вылецелі з сёдлаў, прадаўжаючы з новай зацятасьцю бойку пехатой. Кінгрун павёў змаганьне вельмі востра, але хутка аслабеў. Парсіваль жа атакаваў усё вастрэй, аж пакуль Кінгрун ня ўпаў. Парсіваль падскочыў да яго, прылажыў канец мяча да ягонай шыі і тады Кінгрун папрасіў у свайго пераможніка ласкі. Парсіваль загадаў яму спыніць аблогу горада і аддаць Кандвірамур усё, што ён ад яе забраў, і гарантаваць ёй вечны мір, самаго ж Кінгруна ён паслаў у Нант на двор караля Артура, загадваючы яму аддацца на службу той прыгожай жанчыне, якую пры ім пабіў аднойчы маршал Кае.

— Гэта ня будзе цяжкая служба для цябе, — дадаў Парсіваль, — і дапаможа табе лягчэй забыцца аб Кандвірамур, якой ты зрабіў так шмат крыўды.

* * *

Гэрцаг Кінгрун выканаў усё, што яму было загадана. Ён распусьціў сваё войска і паехаў у Нант. Там ён зьявіўся да маршала Кае і запытаўся яго:

— Дзе тая дзяўчына, якую вы пабілі дзеля аднаго рыцара ў чырвонай зброі?

Гэта чорт, які забіў Ітэра і ўцёк у ягонай зброі. Дзе вы знайшлі яго? Вы, напэўна, забілі яго і гэтым адпомсьцілі за ўсіх нас?

— Здарылася трохі інакш, — сказаў Кінгрун, — ён перамог мяне і загадаў мне зьявіцца на службу да тае дзяўчыны, якую вы пабілі дзеля яго.

— Гэта Кунэвара зь Лялянду, — адказаў Кае, — я пабіў яе, бо яна сьмяялася над блазнам неадпаведна для свайго стану. Гэта быў блазен, дык як жа ён мог перамагчы вас?

— Магчыма, што ён блазен, але лепшага рыцара за яго я ня бачыў. Гавораць, што каралева з Бэльрапэйрэ бярэ яго за мужа і я гэтаму веру.

— Але, — адказаў Кае, — гэта здараецца ў жанчынаў кахацца з блазнамі і з паганятымі аслоў. Дзеля гэтага супакойцеся. Праз некалькі тыдняў кароль Артур едзе шукаць гэтага рыцара, каб пакараць яго за тое, што ён нам зрабіў.

Кінгрун застаўся на двары караля Артура і яго спаткалі прыязныя адносіны з боку караля, усіх рыцараў, а таксама Кунэвары, у службу якой прыслаў яго Парсіваль.

* * *

Калі Парсіваль пасьля перамогі вярнуўся ў горад, усе вуліцы грымелі ягонай славай.

— Няхай жыве наш кароль, які збавіў нас ад усіх ворагаў, — крычалі мяшчане. Калі Парсіваль пад’ехаў да замку, яго спаткала Кандвірамур і абняла перад усімі.

— Я не хачу цяпер нічога больш, як толькі, каб ты застаўся назаўсёды пры мне, — сказала Парсівалю каралева.

— Добра, любая, — адказаў Парсіваль, — але на гэта яшчэ ня час. Мая маці выслала мяне, каб я паступіў у службу Богу, бо гэтая служба ёсьць каронаю ўсяго рыцарства. Як жа я магу застацца з табою? Я не раней буду шчасьлівым з табою, пакуль не знайду Бога; Ён хаваецца перада мною, я гэта ведаю, але ніякі высілак мяне не адстрашыць. Той ня варты быць рыцарам, хто адмаўляецца ад сваёй мэты.

Кандвірамур прыглядалася да яго, зьдзіўленая і нарэшце спытала:

— Чаго ты шукаеш?

— Памешканьне Бога і службы ў Яго, — адказаў Парсіваль.

Тады Кандвірамур узяла яго за руку, павяла яго ў катэдру і там у сьвятарным паўмроку сказала яму:

— Глядзі, тут ёсьць тое, чаго ты шукаеш — дом Божы. Тут Бог аб’яўляецца сьвятарам. Тут мы зьвяжамся на цэлае жыцьцё перад Богам і тут будзем мы Яму служыць да канца нашых дзён.

— Не, каралева, — адказаў Парсіваль, — тут пануе змрок і Бога, які ёсьць сьвятлом, тут няма. Я яшчэ ня бачыў Бога, але ведаю Яго і чую Яго так блізка, што мог бы дакрануцца да Яго. Гэта здарылася мне ў гарах і над морам. Бог ня будзе так доўга хавацца перада мною, і тады мы будзем разам жыць. Цяпер жа дазволь мне ехаць далей.

— Не, я не пушчу цябе, — сказала каралева.

— Любая, — адказаў Парсіваль, — я пакінуў сваю маці, каб шукаць Бога. Ня рыцар той, хто пакідае сваю мэту, не дасягнуўшы яе, бо гэта выгадней яму і ягонай прыяцельцы. Ты не павінна схіляць мяне да ўчынкаў, нязгодных з рыцарскім станам.

Каралева ўпала на калені перад аўтаром. Парсіваль жа выйшаў, узяў свайго каня і паехаў прочкі. Сумныя, моўчкі стаялі мяшчане, калі міма іх праязджаў Парсіваль.

Калі прыйшла ноч, каралева ўзьнялася і няпэўным крокам вярнулася ў замак. Боль яе быў такі вялікі, што ніхто не адважыўся сказаць слова пацехі.

ПАРСІВАЛЬ ТРАПЛЯЕ НА МОНТСАЛЬВАЧ

Парсіваль быў сумны, ягонае сэрца балела, як рана, калі ён пакінуў Бэльрапэйрэ і горад згінуў зь віду. “Ніхто, — думаў ён, — таксама і маё сэрца, не патрапяць затрымаць мяне на шляху. Чаму гэта ў мяне ёсьць гэты моцны голас, які змушае мяне шукаць Бога?”

Усе пакліканыя лёсам ведаюць аб такім голасе, які змушае іх, пагарджаючы супакоем, бурліва ісьці праз жыцьцё, цярпець і змагацца для нейкай мэты, якую яны думаюць асягнуць. Адзін спаміж такіх людзей робіцца героем, іншы паэтам, іншы ваяўнічым каралём, яшчэ іншы раздумвае над сэнсам жыцьця, але ўсіх іх лучыць тое, што яны носяць у сабе пракляцьце неспакою, вечнага шуканьня. Жыцьцё бывае для такіх людзей цяжкім, жыцьцё цяжка іх шліфуе, як шліфуюць шляхотныя каменьні, пакуль яны ня зробяцца празрыстымі і бліскучымі. Такія людзі мала разумеюцца на жыцьці і мала задумваюцца над сваім шчасьцем, ці шчасьцем сваіх блізкіх, але дзякуючы якраз гэтаму, яны могуць выконваць вялікія справы.

Парсіваль ехаў далей уздоўж мора, загубіўшыся ў лясох і чорных думках. Бог не зьявіўся яму.

У часе язды ён спаткаў рыцара, затрымаў яго і змусіў да змаганьня. Калі рыцар быў пераможаны, Парсіваль запытаўся яго, дзе жыве Бог і хто Ён такі.

— Ніхто ня бачыў Бога, — адказаў рыцар, — ніхто ня ведае, дзе жыве Бог. Ён знаходзіцца высака ў небе, далёка ад людзей; і ніхто ня можа стаць да Яго на службу, хіба што зрабіцца сьвятаром. Але гэтага ня робяць праўдзівыя рыцары, хіба ў старэйшым веку, калі робяцца змучанымі жыцьцём.

Парсіваль паехаў далей у цяжкіх думках. “Ці не ганяюся я за сном? Чаму я адзін павінен блукацца па сьлядах Бога і ня ведаць, ці знайду Яго нарэшце і ці не раблю я ўсяго гэтага дарма?”

Пасьля аднак маладосьць перамагла ў ім, і ён сказаў сам сабе: “Калі гэтыя рыцары ня ведаюць пра Бога, дык гэта ня можа перашкодзіць дасягнуць Яго. Ён кліча мяне, я чую гэта і хутчэй знайду сьмерць, чым кіну Яго шукаць, і я не хачу супакою раней, чым даведаюся, што ў гэтай справе зьяўляецца сном, а што праўдаю”.

У такіх думках ехаў ён далей праз дзікае бездарожжа. Конь ягоны пачаў заглыбляцца ў лясы, усё далей ад мора. Пад вечар Парсіваль прыехаў у даліну паміж гораў, дзе знаходзілася невялікае бліскучае возера. Ён заўважыў на возеры старца ў багатай вопратцы, які сядзеў на беразе і вудзіў рыбу. Калі Парсіваль пад’ехаў бліжэй, стары ўстаў і прывітаў яго:

— Вы, нарэшце, прыйшлі, хаця доўга змусілі чакаць на сябе. Застаньцеся нанач у маім замку, ён знаходзіцца блізка. Ськіруйце свайго каня на тую сьцежку, я сам іду за вамі. Мае слугі ўпусьцяць вас у замак, я ж застануся яшчэ трохі тут.

Стары адвярнуўся і зноў закінуў вуду.

Парсіваль зьдзівіўся, калі пачуў, што яго чакалі, але нічога не спытаўся і паехаў сьцежкаю, паказанай рыбаком. Хутка перад ім скончыўся лес і адчыніўся від на замак, асьветлены заходзячым сонцам. Замак быў прыгажэйшы і магутнейшы ад усіх дагэтуль бачаных замкаў. Сьвет ліўся з усіх замкавых вокан. На мурох стаялі стражнікі і прыглядаліся навокал.

Да замку вяла шырокая дарога, але на ёй не было відаць ніводнага чалавека. З замку не далятаў ніякі шум, не было чуваць ніякога сьледу вясёлага рыцарскага жыцьця. Замак глуха панаваў над бясконцымі дзікімі лясамі. Калі Парсіваль прыблізіўся, дык ён убачыў, што навокал замку знаходзіцца глыбокая бездань і дзеля яе нельга ўехаць у замкавую браму. Пачуўся голас стражніка: “Чаго вы тут шукаеце?”

Парсіваль адказаў: “Мяне прыслаў рыбак”.

Зараз жа апаў спушчаны мост, і Парсіваль уехаў у замкавы панадворак. Збройчыя і рыцары пасьпяшалі яму на спатканьне, ветліва яго прывіталі, але былі сур’ёзныя і маўклівыя. Бы нейкая вуаль, ляжаў на ўсіх цяжкі сум. Парсіваля ўвялі ў будынак, зьнялі зь яго зброю, абцерлі цела ад пылу дарогі, далі яму каштоўную вопратку і павялі ў залю. Калі Парсіваль увайшоў у залю, дык пабачыў ужо там рыбака, які ляжаў на раскошных ношах, і поўную залю рыцараў і збройчых у надзвычай дарагой вопратцы, на якой быў вышыты знак — голуб у лёце. Таксама і тут на абліччах усіх быў сум і павага.

Старац, які здаваўся быў каралём усіх прысутных, даў знак Парсівалю, каб ён заняў месца недалёка ад яго, і ўсе паселі за сталы. Збройчыя пасьпяшалі запаліць усе сьвечкі ў сьвечніках навокал залі, так што ўся заля засьвяцілася ад золата і шляхотнага начыньня, стаяўшага на сталах. Выглядала, што рыхтавалася сьвяточная бяседа, але твары ўсіх былі сур’ёзныя, бы на хаўтурах. Парсіваль сядзеў пасярод іх ціхі і прыгнечаны сваім собскім лёсам.

Калі ўсе паелі, у залю ўвайшоў збройчы, які нёс высока ўзьнесенае кап’ё, зь якога сьцякала кроў. Усе рыцары глянулі на кап’ё, і вочы іх напоўніліся сьлязьмі, старац жа на ношах схаваў твар у хвалдах вопраткі, пакуль кап’ё вынесьлі. Пасьля гэтага ізноў адчыніліся дзьверы, і ўвайшла маладая жанчына, якая трымала ў паднятых руках начыньне, якое ірдзела, быццам сонца, так што бляск сьвечак здаўся цёмным. Жанчына пранесла начыньне праз залю і паставіла яго перад ложам старога караля. Водблеск незямнога сьвету напоўніў вочы гледзячых на начыньне, пакуль стары кароль не прыкрыў яго цёмнай посьцілкай. Тады ўсе загаласілі, а жанчына вынесла начыньне.

Пасьля гэтага збройчыя прынесьлі вячэру — дзічыну і рыбу. Усе глядзелі паважна і сядзелі ціха; ціха сядзеў і Парсіваль.

— Дзіўны замак, — думаў ён, — дзіўныя звычаі, але што мяне гэта абходзіць. Як я бачу, я не магу знайсьці тут ані рады, ані помачы. Яны па нечым сумуюць, я гэта бачу, і з тугою ўспамінаюць мінулую радасьць. Хто хоча дапамагчы сумнаму? Хто можа дапамагчы мне? Я таксама маю цяжкі сум, больш, як у гэтых рыцараў.

Пасьля вячэры збройчы ўнёс добры меч, і кароль падарыў яго Парсівалю са словамі: “Прымеце гэты падарунак і выбачце, што мы не маглі прыняць вас весялей. Цяпер вы змучаныя і час ужо спаць”.

Парсіваль паспрабаваў падараваны меч і сказаў: “Меч вельмі добры, я дзякую вам і пастараюся ўжыць яго на вашую славу”.

Затым Парсіваль устаў, і яго адвялі ў прызначаны яму пакой; ён лёг і заснуў.

Калі Парсіваль прачнуўся, ужо шарэла раніца. Ён паклікаў збройчых, але ў замку было ціха, і ён ізноў заснуў. Калі прачнуўся ізноў, было ўжо сьветла, і ён зараз жа ўстаў з ложка і пабачыў, што ягоная зброя была ўжо падрыхтаваная. Ён ізноў паклікаў слугаў, але ніхто не зьявіўся. Ён сам апрануўся і выйшаў. У залі, дзе ўчора была бяседа, таксама было пуста. Калі ён выйшаў на панадворак, дык заўважыў прывязанага да калёны і ўжо асядланага каня. Шчыт стаяў побач. На панадворку ён заўважыў шмат сьлядоў падковаў, як быццам тут было нядаўна мноства рыцараў. Замкавая брама была адчыненая і мост спушчаны. Парсіваль злосна ўскочыў у сядло і паехаў з брамы. Ледзь ён зьехаў з маста, як мост зараз жа падняўся. Збройчы выглянуў з ваконца над брамаю і сказаў:

— Вашая дурнота зрабіла, што вы выязджаеце адсюль бясчэсным і праклятым на заўсёды. Сэрца ж вашае цьвёрдае і злоснае, як у чорта. Вы згубілі сваё шчасьце, а разам і наша.

— Што гэта значыць? — запытаў Парсіваль, — растлумач мне.

Але ніхто не адказаў яму. Парсіваль падумаў, што яму не пашкодзіць нечая балбатня, і паехаў па конскіх сьлядах, што былі відаць на дарозе. Паступова сьлядоў рабілася што раз менш і, нарэшце, зьнік апошні. Парсіваль агледзеўся і ўбачыў, што ён ніколі ня быў у гэтай ваколіцы. Цалкам прыгнечаны, дазволіў ён каню самому шукаць дарогі.

* * *

Каля поўдня, калі Парсіваль праязджаў праз паляну сярод лесу, ён пачуў нечае заводжаньне і плаксьлівы голас. Ён паехаў на голас і ўбачыў прыгожую жанчыну, схіленую над рыцарам, што ляжаў на зямлі ў сьвежай крыві. Двое коней стаяла побач. Парсіваль пад’ехаў блізка і запытаў жанчыну, чым ён можа дапамагчы ёй. Жанчына праз сьлёзы адказала:

— Ніхто ня можа мне дапамагчы. Тут ляжыць забітае маё каханьне — я яго забіла.

— Як, — спытаў Парсіваль, — вы забілі гэтага рыцара?

— Не мячом і не кап’ём, гэта зрабіў хто іншы, але я выслала яго на сьмерць і цяпер хачу сама памерці.

— Хто забіў яго, я адпомшчу, калі буду магчы.

— Яго забіў Арылюс з Лялянду, які мае ў гэрбе цмока, але і сам зьяўляецца цмокам, езьдзячы па цэлым краі ад таго часу, як ён выракся сваёй жонкі Ешуты, — адказала незнаёмая.

— Чаму ён забіў вашага прыяцеля і чаму вы абвінавачваеце сябе ў ягонай сьмерці? — спытаўся Парсіваль.

— Бо я выслала яго на сьмерць. Мы жылі ў замку ў гэтым лесе. Некалькі дзён таму мы сядзелі каля паўдня на замкавым муры і глядзелі ў кірунку блізкага лесу. Раптам мы пабачылі, як зь лесу выскачыў сабака, які гнаўся за дзікай казою ўздоўж муроў. Мы заўважылі, што сабака меў ашыйнік са шляхотнымі каменьнямі. Паколькі трыццаць міляў навокал няма іншай людзкой сялібы, мы вельмі зьдзівіліся, калі пабачылі сабаку. Я сказала свайму прыяцелю:

– Сабака ўцёк ад некага і ня знойдзе сам дарогі зь лесу. Пакажы мне сваё каханьне, злаві сабаку і прынясі мне ашыйнік, што на ягонай шыі.

Мой прыяцель зараз жа сеў на каня і паскакаў за сабакам, гаворачы, што ня вернецца, пакуль ня знойдзе сабаку. Прайшло тры дні, а яго ўсьцяж не было. Непакой і страх апанавалі мяне і я, нарэшце, паехала наўгад, ведзеная нейкім пачуцьцём. Калі я прыехала на гэтае месца, я пабачыла зацятую бойку паміж маім прыяцелем і незнаёмым рыцарам. Я не пасьпела яшчэ наблізіцца, як мой прыяцель, сьмяротна ранены кап’ём, зваліўся з сядла, і калі я яго падняла, ён зараз жа памёр. Таму і я прашу цяпер сьмерці. Адпомсьціце за яго, калі вы спаткаеце гэтага рыцара.

Парсіваль у міжчасе заўважыў, што забіты і жанчына маюць на адзеньні знак галуба, як рыцары і жанчыны, бачаныя ім у замку. “Дык значыць і гэтыя, — падумаў ён, — належаць да гэтага дзіўнага таварыства і могуць патлумачыць мне, дзе знаходзіцца гэты дзіўны замак”.

— Скажэце, калі ласка, — запытаўся ён, — дзе знаходзіцца гэты замак, пра які вы гаварылі, што ляжыць сярод бязьмежных лясоў. Як я магу знайсьці яго?

— Вы ня знойдзеце яго, калі вас ня будзе весьці Бог. Я скажу вам, каля якога замку вы знаходзіцеся, але вы не асягнеце яго. Гэта лес Монтсальвач. У глыбіні яго на гары высіцца замак, у якім перахоўваецца Грааль. Перахоўваецца ён шляхотнымі рыцарамі. Таксама і мой прыяцель быў рыцарам Грааля.

— Што гэта такое — Грааль? — запытаўся Парсіваль.

Жанчына зьдзіўлена прыгледзелася да яго:

— Вы першы рыцар, якога я ведаю, які ня знае, што такое Грааль — дасканаласьць усяго рыцарства, якому ўсе рыцары хочуць служыць.

— Не, — адказаў Парсіваль, — я ніколі ня чуў аб гэтым.

— Грааль — гэта начыньне зь сьветлага шляхотнага каменьня, якога нідзе няма на зямлі. Яго зрабіў сам Бог. З сваімі вучнямі і прыяцелямі еў Ён з гэтага начыньня на апошняй вячэры. Калі Бог быў узяты ад нас, дык Ён пакінуў людзям Грааль, як бачны знак сваёй дабрыні. У край, дзе жыў калісьці Бог, прыйшлі няверныя і тады перахавальнікі Грааля ўцяклі адтуль караблём і аселі ў гэтым лесе. Яны сабралі каля сябе рыцараў, якія павінны ахоўваць Грааль; на чале іх знаходзіцца кароль, што кіруе гэтым сьветам, каб права і справядлівасьць мелі сілу і дапамогу. Толькі нямногія пакліканы быць рыцарамі Грааля, і кароль рассылае іх усюды, каб яны прыносілі зьняволеным свабоду, перасьледваным — супакой; Грааль дае ім сілу і перамогу. Яго сьвяты бляск ёсьць заўсёды зь імі. Хто пазірае на Грааль веручымі вачыма, робіцца прыгожым і шляхотным з выгляду, ягонае сэрца робіцца шляхотным. Хто бачыў Грааль, той доўга жыве на сьвеце. Так было ад незапамятных часоў, аж да дня, пакуль несправядлівасьць ня зьнішчыла ўсяе сілы Грааля.

— Як здарылася гэта? — запытаўся Парсіваль.

— Кароль, які ахоўваў Грааль, — Анфортас — атрымаў каралеўства Грааля ў спадчыне ад свайго бацькі Тытурэля. Анфортас быў яшчэ малады, калі стаўся каралём, але ён быў шляхотны і сьмелы і быў годны быць каралём аж да таго часу, пакуль яго не апанавала каханьне да гэрцагіні Оргэлюзы.
— Дык рыцары Грааля не павінны кахаць?

— Могуць, бо без каханьня жыцьцё зьяўляецца няпоўным, але яны кахаюць сьвятым каханьнем, якое пранізвае іх усіх і канчаецца толькі разам са сьмерцяй. Анфортас, апанаваны любаярлівасьцю, зрабіўся пусты і пажадлівы. Каб прыпадабацца Оргэлюзе, якая была нягоднай жанчынай, але вельмі прыгожай, ён забыўся аб усіх сваіх вартасьцях. Усьлед за ім і рыцары Грааля зрабіліся гультаяватымі і пачалі весьці разгульнае, любаярлівае, пустое жыцьцё. Нарэшце, здарылася, што Анфортас застаў з Оргэлюзаю іншага і забіў яго на месцы кап’ём. Ён быў пакліканы для пільнаваньня справядлівасьці, а сам зрабіў благі ўчынак, засьлеплены распаленай крывёю.

З гэтага часу зьнікла моц Грааля, Анфортас не памёр, начыньне яшчэ сьвеціцца, але бяз сілы. Монтсальвач зрабіўся з таго часу домам суму. Рыцары Грааля ня могуць дапамагчы самы сабе, хаця раней дапамагалі іншым.

Парсіваль зразумеў цяпер усё бачанае.

— Ці ж няма цяпер якога ратунку? — спытаўся ён.

— Рыцарам Грааля было паведамлена, што Грааль будзе ізноў поўны сілы, калі каралём Грааля будзе дзіця і герой, рыцар і блазен. Прайшло ўжо шмат гадоў. Анфортас зрабіўся старым, але цяпер мы ўжо ведаем: ратунак прыйдзе хутка. З кожным днём Грааль сьвеціцца ярчэй. Ужо на краі начыньня палымнеючымі літарамі абвешчана імя ратаўніка. Я сама знаю яго, я нават ягоная родная.

— Чаму ж Грааль не прывядзе гэтай асобы хутчэй на Монтсальвач?

— Так хоча Бог. Хто шукае Грааль, той ня знойдзе яго. Ратаўнік павінен знайсьці Грааль, не шукаючы яго, і ніхто ня можа сказаць яму нічога аб Граалі, аж пакуль ён сам не запытаецца. Калі ж ён выйдзе не запытаўшыся, дык Грааль будзе для яго назаўсёды загублены.

— Чаму назаўсёды? — спытаў Парсіваль.

— Таму што дапамагчы можа толькі той, хто мае сэрца, поўнае сьвятой гатовасьці дапамагчы іншым, а той, хто не спытаўся б нічога, бачачы роспач караля і рыцараў, павінен мець сэрца з каменя.

— Дык гэта вельмі добра быць каралём ці рыцарам Грааля?

— Як па-дурному вы пытаецеся. Хто служыць Граалю, той служыць Богу. Бог размаўляе зь ім, дае ягонай душы яснасьць і супакой; такі чалавек заўсёды гатовы да ўсяго добрага.

— Ці яны служаць Богу, як сьвятары?

— Не, яны служаць ня словамі, але цэлым сваім жыцьцём. Каб вы ведалі Монтсальвач і магутнасьць Грааля, дык вы не пыталі б. Вы былі б задаволены стацца там найніжэйшым слугою. Але ніхто ня можа дапамагчы ў гэтым вам, калі Бог не пакліча вас ад самога нараджэньня ці яшчэ раней.

— Так, — сказаў Парсіваль, прыпамінаючы ўсё бачанае, — замак магутны і ўсё ў ім. Цяпер я разумею, чаму яны былі такія сумныя, толькі жанчына, што несла начыньне, сьмяялася.

— Аб чым вы гаворыце, ці вы былі ў замку?

— Але, — адказаў Парсіваль.

Жанчына нахілілася да яго, прыгледзелася яму, тады зачыніла вочы рукамі і, плачучы, апусьцілася на зямлю, гаворачы:

— Цяпер я ведаю, хто ты такі і што ты пракляты. Калі ты быў яшчэ малым дзіцянём, я ўжо ведала цябе. Я называюся Сігуна, блізкая родная тваёй маткі Гарцэляіды. На яе двары ў Канвалюа я жыла даўжэйшы час і бачыла ўсё гора, якое зрабіў ёй твой бацька Гамурэт. Пасьля таго, як твая маці пакінула з табою замак, я паехала да свайго прыяцеля на Монтсальвач. Як я цешылася, калі Грааль назваў тваё імя!

— Калі вы знаеце маё імя, дык скажэце мне яго! — жыва сказаў Парсіваль.

— Ты Парсіваль. Раней мне мілы, а цяпер так мне ненавісны. Пакінь мяне і не заставайся блізка каля майго прыяцеля. Ці ж цябе цікавіць чужы боль? Ты ўва ўсім падобны да свайго бацькі.

— Чаму ж рыцары з замку не адчынілі вуснаў і не сказалі, і не парадзілі мне нічога? — злосна сказаў Парсіваль.

— Няма нічога надзвычайнага ў тым, калі нехта слухае раду іншага, бачачы ў гэтым для сябе карысьць. Гэтак робяць усе, і непатрэбна было б так доўга чакаць на цябе. Але цяпер едзь адсюль. Ты ня знойдзеш цяпер нідзе супакою.

Парсіваль нейкі час прастаяў моўчкі, а тады спытаўся:

— Мой бацька, як вы гаворыце, прынёс маёй маці шмат болю, скажэце, як гэта сталася?

— Я не хачу больш з табою гаварыць. Твой бацька быў шукальнікам прыгодаў, які думаў толькі аб сабе. А ты ўва ўсім падобны да яго.

— Гэрцэляіда — мая маці, Гамурэт — мой бацька. Ён прынёс маёй маці шмат болю. Я хачу вярнуцца цяпер да сваёй маці, пакінуўшы пагоню за снамі.

Хата, у якой ён жыў дзіцянём, устала перад ягонымі вачыма. Увесь супакой і шчасьце ягонай маладосьці ўсплылі ў яго ўяўленьні, і ён працягнуў да гэтага абраза рукі…

— Я здабуду ўсё гэта, — сказаў ён, — і сьлёзы напоўнілі ягоныя вочы.

ПАРСІВАЛЬ І РЫЦАРЫ КРУГЛАГА СТАЛА

Позна ўвосені, калі дзічына ў лясох бывае найлепшай, кароль Артур і ўсе ягоныя прыдворныя рыцары і жанчыны выбраліся на ловы ў лес Брацэлянду. Усе рыцары Круглага Стала былі з каралём: дзікі Зэграмур, Лянцэлёт, прыгожы прыяцель каралевы Гінэўры, далей Івэйн, пануры Кае, а перадусім Гаван, які быў такі малады, прыгожы і годны, што ўсе яго любілі.

— Круглы Стол караля Артура — гэта краса ўсяго рыцарства, але Гаван — гэта карона Круглага Стала, — так сьпявалі песьняры. Аб учынках герояў, якія былі каля караля Артура, яны ведалі шмат песьняў, але аб Гаване яны пяялі найахвотней. Калі ўспаміналася ягонае імя, ўсе рабіліся радаснымі.

Гаван па-майстэрску валодаў усімі відамі аружжа, ён умеў сьпяваць і йграць на лютні. Ніхто ня меў больш шляхотных звычаяў і дзеля гэтага яго любілі прыгожыя жанчыны. Ён быў спрытны і не затрымліваўся каля адной, але калі ён пакідаў прыгожую для яшчэ прыгажэйшай, дык і пакінутая захоўвала аб ім прыемны ўспамін.

Калі слугі з вазамі і палаткамі для паляўнічага лягеру ад’ехалі ўжо далёка, рыцары і жанчыны сабраліся конна на замкавым панадворку.

Кінгрун, якога Парсіваль прыслаў на службу да Кунэвары зь Лялянду, быў таксама прысутны і трымаўся ля сваёй валадаркі.

— Я хачу, каб прыехаў Чырвоны рыцар, — гаварыла Кунэвара, — я падзякую яму, што ён прыслаў цябе і тады мы паедзем у тваё каралеўства.

Калі ўсе былі гатовыя, кароль Артур таксама ўскочыў у сядло і сказаў:

— Жадаю вам шчасьлівых ловаў, але ня толькі на дзічыну: вы ведаеце, што мы маем намер паехаць у глыбіню лясоў, далёка адсюль, шукаючы рыцара, які прынёс нам так шмат прыкрасьцяў і аб учынках якога даходзяць да нас так зьдзіўляючыя весткі. Калі яго мы спаткаем, дык адпомсьцім за Ітэра, або возьмем на месца Ітэра, бо ніхто не павінен казаць, што ёсьць сярод хрысьціянаў рыцар, дужэйшы за рыцараў Круглага Стала. Хто з вас знойдзе Чырвонага рыцара, не павінен аднак пачынаць зь ім сваркі, пакуль я на гэта не дазволю.

Усе пахвалілі словы караля і абяцалі дзейнічаць згодна зь ім. Паляўнічыя адыгралі на рагох разьвітаньне, іншыя паляўнічыя адпяялі песьні і ўсе, сьпяшаючыся, паехалі ў глыб лясоў.

Прайшло шмат дзён, а паляўнічыя ўсё заглыбляліся ў лес. Праз пару тыдняў яны дасягнулі ракі Пліміцэль і спыніліся там лягерам, бо не хацелі ехаць далей на поўдзень з увагі на памежны дагавор, заключаны з рыцарамі Грааля. Ніхто ня мог бяскарна пранікнуць у лясы другой стараны.

Аднойчы вечарам, калі адны паляўнічыя вярнуліся ўжо ў лягер, а іншыя, абладаваныя дзічынай, варочаліся, спатыканыя прыяцелькамі, з другога боку ракі зьявіўся рыцар з апушчаным кап’ём і прылобіцай. Ён пераскочыў праз рэчку і калі пад’ехаў бліжэй, запытаўся ў напатканага збройчага, чые гэта ловы. Даведаўшыся, што гэта ловы караля Артура, ён саскочыў з каня, адкрыў шолам і пайшоў у палатку, дзе знаходзіўся кароль у акружэньні рыцараў. Там была і Кунэвара з Лялянду, і яна пазнала ў прыехаўшым свайго брата Арылюса. Усе ўсьцешыліся, што знайшоўся рыцар, слава якога была ім знаная. Кароль Артур зараз жа павёў яго ў палатку.

— Але дзе ж вашая жонка Ешута, якая заўсёды была з вамі, — запытаўся ён.

Арылюс спахмурнеў: “Не пытайцеся, валадару, я паступіў зь ёю так, як яна заслужыла.”

Ён расказаў, чаму ён пасварыўся з жонкаю. Калі ён расказаў аб тым, што пачуў пра блазна ад Ешуты, дык прысутныя сказалі:

— Блазна мы ведаем вельмі добра. Ён зрабіў нам шмат непрыемнасьці і мы якраз шукаем яго. Можа нашы шляхі яшчэ спаткаюцца.

Яны расказалі Арылюсу ўсё, што ведалі пра Парсіваля.

Ешута, якая здалёку ехала за Арылюсам, прыехала ў гэтым часе ў лягер. Паколькі яна была на дрэнным кані і ў благой вопратцы і сама недагледжаная, дык яна пачакала, пакуль сьцямнее, і тады прыйшла да каралевы Гінаўры, упала ёй у ногі і прасіла дапамогі.

— Прыяцелька, — сказала ёй каралева, — мы ўсе шмат церпім ад дурноты і жорсткасьці мужчынаў, дык як жа мы можам не дапамагчы адна другой. Застаньцеся пры мне, а далей пабачым, што можна будзе зрабіць для вас.

Яны ўвайшлі ў палатку, і ноч спусьцілася на лес.

* * *

Гэтага ж дня ў аднаго збройчага згубіўся сакол. Калі прыйшла ноч, а сакол не прылятаў, дык уласьнік сокала злаяў збройчага і загадаў яму:

— Як толькі разаднее, зьбярыся і не варочайся, пакуль ня знойдзеш сокала, бо гэта найлепшы з маіх сакалоў, ён найлепш з усіх б’е чапляў і дзікіх гусей.

Сакол перабыў ноч на дрэве ў лесе, прытуліўшыся да сука, бо ноч была халодная. Зіма наступіла раптоўна, і раніцаю лес быў пакрыты сьнегам.

Недалёка ад сокала начавала чарада гусей. Яны ўзьняліся раніцаю да лёту. Сакол пачуў іхныя крыкі, наляцеў і кінуўся на адну гусь, але тая, хаця раненая, уцякла і схавалася ў галінах дрэва, а раззлаваны сакол паляцеў сьледам за чарадой. Кроў раненай гусі капала з дрэва на сьнег і пафарбавала яго на чырвона.

Таксама, як і сакол, у холадзе правёў гэтую ноч Парсіваль. Без супачынку ехаў ён пахмурнай, халоднай раніцай. На павароце дарогі ён раптоўна пабачыў крывавыя кроплі на сьнезе і зьдзіўлены затрымаўся, прыглядаючыся ім. Парсіваль, пасьля таго, як пакінуў Монтсальвач, забыўся аб Кандвірамур. Усё, што ён перажыў, зацямніла ў ягонай галаве вобраз Кандвірамур, але ў сэрцы гэты вобраз застаўся. Цяпер, калі ён пабачыў кроў на белым сьнезе, Кандвірамур раптоўна ўстала ў яго перад вачыма. Успамін яе каханьня напоўніў ягонае сумнае сэрца, і туга па ёй апанавала яго. Ён затрымаўся і, як зачараваны, прыглядаўся чырвоным знакам. Усё глыбей упадаў ён у нейкі чароўны сон пра Кандвірамур.

Раніцаю, калі разаднела, а сакол не вярнуўся, збройчы выбраўся на пошукі сокала. Калі збройчы кружыў па лесе, шукаючы сокала, ён раптоўна ўбачыў на палянцы чужога рыцара і пазнаў, што гэты рыцар быў у зброі Ітэра.

Збройчы пакінуў шукаць сокала і паведаміў свайму пану:

— Чырвоны рыцар затрымаўся недалёка ў лесе. З апушчаным кап’ём і зачыненай прылобіцай чакае на нашу атаку.

Рыцар зараз жа ўстаў і зрабіў трывогу на цэлы лягер. Пачуўшы аб гэтым, Арылюс з Лялянду першы ўзброіўся і ўбег у каралеўскую палатку, дзе спаў кароль побач каралевы. Арылюс узбураны сарваў коўдру з ложка і сказаў:

— Валадар, вы не павінны дазволіць нікому іншаму выступіць супроць Чырвонага рыцара, бо мяне ён скрыўдзіў найбольш.

Кароль і каралева засьмяяліся зь ягонай трапятлівасьці:

— Якога рыцара маеце вы на думцы?

— Каго ж іншага, як не Чырвонага рыцара, які напаў на лягер падчас сну ўсіх, бо толькі я адзін быў устаўшы. — Ён зьвярнуўся да каралевы:

— Памажыце мне, каб кароль дазволіў мне бой з Чырвоным рыцарам.

— Добра, — адказала Гінэўра, — калі вы абяцаеце мне, што пасьля бою, пераможаце вы ці не, вы возьмеце ізноў да сябе жонку, бо яна нічым не заслужыла на ваша абыходжаньне зь ёю.

— Пасьля бою я згаджаюся на ўсё, — адказаў Арылюс, — але спачатку я мушу зрабіць такі парадак зь яе каханьнем, каб яна не знайшла больш у ім ніякай прыемнасьці.

Каралева Гінэўра папрасіла за яго караля, і ён дазволіў Арылюсу пачаць бойку з Чырвоным рыцарам.

Арылюс зараз жа выбег на вонкі, загадаў падаць каня і паколькі не знайшоў адразу свайго мяча, паехаў, узброены толькі кап’ём і шчытом.

— Я не дапушчу яго блізка, каб мне трэба было паганіць свой меч.

Ужо здалёку пачаў ён крычаць на чакаючага рыцара. Але Парсіваль, як зачараваны, углядаўся ў кроў, што віднелася на сьнезе, заглыблены ў свае мроі, і ня чуў, што робіцца вакол, усьміхаючыся да сваіх думак.

— Нядоўга вы насьмяецеся, — закрычаў да яго Арылюс, — бо адзін з нас павінен зараз разьвітацца назаўсёды з жыцьцём.

Парсіваль нічога ня чуў і не адказваў нічога.

— Чаму вы не адчыняеце вуснаў, ці вы шалёны, што робіце такія міны, — закрычаў Арылюс, поўны злосьці, і накіраваў свайго каня на Парсіваля. Конь Парсіваля трохі падаўся ў бок, так што Парсіваль згубіў з вачэй крывавыя кроплі. Ён усьміхнуўся, пабачыўшы пагражаючага яму рыцара.

Арылюс у міжчасе даў свайму каню разгон і паскакаў супроць Парсіваля, які пахіліў сваё кап’ё супроць наязджаючага Арылюса, прабіў яму шчыт і выкінуў з сядла. Парсіваль нават ня глянуў на свайго ворага, які зьдзіўлены ляжаў на зямлі і ахвотней памёр бы ў гэтую хвіліну. Завярнуўшы каня, Парсіваль адшукаў вачыма крывавы сьлед і зноў апынуўся ў папярэднім стане.

Калі Арылюс пакінуў лягер, за ім паехала шмат рыцараў, якія здалёку бачылі, што здарылася. Некаторыя голасна сьмяяліся. Арылюс, пачуўшы гэта, ускочыў абураны з зямлі і з лаянкаю накінуўся на іх:

— Я выклікаю кожнага на бойку на жыцьцё ці сьмерць, хто настолькі дурны, каб сьмяяцца з майго няшчасьця. Гэты Чырвоны рыцар — гэта чорт, або нехта блізкі да яго. Але я перамог бы яго, калі б ня тое, што шчасьце было сягоньня супраць мяне. Змаганьне на коп’і падобнае да гульні ў косьці, і аб гэтым добра ведае кожны рыцар. Кожны з нас можа атрымаць з кінутай косьці шмат ці мала вочак. Сьмяяцца гэта лёгка, але чаму сярод вас ня знойдзецца нікога, хто б адважыўся зрабіць тое, што я. Вас ён абразіў горш, чым мяне. Майго прыяцеля ён не забіў.

— Але, — сказаў Кае, — гэта быў бы вечны сорам для рыцараў Круглага Стала, каб Чырвоны рыцар ад’ехаў адсюль непераможаны.

Ён зараз жа прышпорыў каня і пад’ехаў да Парсіваля. Калі Парсіваль, не заўважаючы нічога, далей углядаўся ў сьлед, Кае злосна ўдарыў яго мячом у шолам, гаворачы:
— Прачніцеся, або я павяду вас, як сабаку, на ланцугу да караля Артура, хаця мне было б прыямней перад гэтым паламаць вам косьці!

Ён схапіў каня Парсіваля за аброць і пацягнуў так, што конь скрануўся зь месца, і Парсіваль, згубіўшы з вачэй сьлед, прачнуўся. Кае ўзяў разгон і рыцары кінуліся адзін на другога. Кае трапіў кап’ём у шчыт Парсіваля і прабіў яго, аднак і Парсіваль ударыў яго з такою сілаю, што Кае ўпаў разам з канём. Конь ударыўся галавою ў дрэва і забіўся на месцы. Кае ж, падаючы, зламаў руку і нагу. Кап’ё Парсіваля зламалася, але ён не заўважыў гэтага і са зламаным дрэўкам у руцэ вярнуўся на старое месца. Калі рыцары караля Артура пабачылі, што Кае ўпаў на зямлю і не ўставаў, яны падыйшлі і паднялі яго. Кае чуў вялікі боль, і ягоныя сябры асьцярожна панесьлі яго на зложаных коп’ях у лягер. Па дарозе ў лягер яны спаткалі Гавана, едучага ў лес, які вельмі зьдзівіўся, пабачыўшы Кае, так разьбітага, і выказаў яму сваё спачуваньне.

— Глупства, — сказаў Кае, — не шкадуйце мяне, я ж не жанчына, але сьцеражыцеся Чырвонага рыцара, бо ён можа зьнявечыць ваш прыгожы твар, ці зламаць руку або нагу.

Кае падбухторваў так Гавана, і той сьпешна паехаў у лес. Калі Гаван пабачыў Парсіваля, гэтак адарванага ад сьвету, ён падумаў:

— Бяз сумніву, яго нехта зачараваў.

Ён прыгледзеўся, куды ўзіраўся Парсіваль, і заўважыў кроў; ён узяў жменю сьнегу і кінуў яе на кроў так, што пакрыў яе.

Парсіваль глыбока ўздыхнуў і сказаў: “Хто адабраў ад мяне тое, што для мяне найдаражэйшае?”

Ён агледзеўся і ўбачыў узброенага рыцара. Калі ён захацеў яго заатакаваць, тады толькі заўважыў, што кап’ё ягонае зламанае. “Хто зламаў маё кап’ё?” — спытаўся ён. Гаван адказаў: “Ці ж вы ня ў сьне палажылі на сьнег двох рыцараў?”

— Якіх рыцараў?

— Пана Арылюса з Лялянду і пана Кае. Але цяпер я прапаную заключыць мір. Я ня маю ніякай ахвоты ўваходзіць з вамі ў спрэчку, бо бачу, чаго вы вартыя. Пойдзем, кароль Артур знаходзіцца недалёка адсюль у лягеры. Пры ім рыцары Круглага Стала і іншыя рыцары і жанчыны. Пойдзем туды, кароль будзе вас ахвотна бачыць, а мы зробімся прыяцелямі.

Парсіваль запытаўся: “Хто вы такі?”

— Я Гаван. Хто чуў аб рыцарах Круглага Стала, той мусіў пра мяне чуць.

— Але, — адказаў Парсіваль, — я чуў пра вас ад майго настаўніка, чуў шмат добрага аб вашых учынках і пра вас самых і думаю, што магу даверыцца вашаму таварыству.

* * *

Парсіваль зьняў шолам, павесіў яго пры сядле і абодва героі паехалі ў лягер. Кожны, хто іх бачыў, любаваўся імі, бо абодва яны былі, кожны ў сваім родзе, дасканалыя. Абодва былі маладыя, амаль безбародыя, але моцныя і шляхотныя. Яны выглядалі, як сыны аднаго бацькі, але розных матак. Гаван быў вясёлы і голасны, Парсіваль паважны і ціхі.

Перад лягерам іх спаткалі рыцары і дамы. Гаван павёў Парсіваля да караля і каралевы. Тыя прынялі яго ветліва, і кароль Артур зараз жа пастанавіў зрабіць Парсіваля рыцарам Круглага Стала.

Кароль Артур сказаў Парсівалю:

— Калі вы хочаце быць нашым прыяцелем, дык добра. Калі ж вы гэтага ня хочаце, дык мы павінны з вамі біцца, пакуль ці вы, ці мы будзем мёртвымі.

Парсіваль адказаў: “Я далёкі ад думкі адкінуць такую шляхотную прыязнасьць.

Так Парсіваль стаўся рыцарам Круглага Стала, і кароль Артур зладзіў у ягоны гонар бяседу ў найвялікшай палатцы. Пасярэдзіне палаткі стаяў круглы стол (пакрыты дарагім дываном), за якім сядзелі рыцары. Парсіваль сядзеў на месцы Ітэра. Кае не было, бо ён ляжаў хворы ў сваёй палатцы. Арылюс сядзеў на месцы Кае; ён захоўваўся спакойна і прыязна прывітаўся з Парсівалем. Ешута таксама сядзела недалёка ад каралевы. Яна была багата адзетая і забылася ўжо пра ўсе перажытыя прыкрасьці ад таго часу, як Арылюс ізноў стаў да яе добры. У палатцы было весела, шумна; усе елі, пілі і весела гутарылі.

Кунэвара зь Лялянду падыйшла з Кінгрунам да Парсіваля і паціснула ягоную руку, гаворачы:

— Я вельмі вам удзячная за прысланага палоннага і не хачу звольніць яго.

— Так, — пацьвердзіў Кінгрун, — я ўжо забыўся аб Бэльрапэйрэ, але чаму вы не засталіся там?

Парсіваль нездаволена глянуў на пытаўшага і адказаў:

— Я цешуся, што вам добра паводзіцца, — пасьля чаго адвярнуўся ў другі бок.

Пасьля паўдня радасьць сьвяткуючых зрабілася свабаднейшая і галасьнейшая. Сьпевы зьмяніліся танцамі; усе закаханыя сядзелі побач, трымаючыся за рукі. Вочы прыгожых жанчынаў блішчэлі ад віна і каханьня і абяцалі прыемныя хвіліны.

Калі вясёласьць дасягнула найвышэйшай ступені, раптам адчынілася заслона палаткі, так што парыў ветру праляцеў праз палатку, і дзіўнае зьявішча спыніла вясёласьць. Сьмех жанчынаў змоўк, а мужчыны схапіліся за мячы.

На старым, худым муле сядзела надзвычайнай брыдоты старая жанчына. Яна трымала заслону палаткі адчыненай і глядзела на вясёласьць позіркам, пад якім замірала кожная радасьць.

— Гэта Кундры, пасланка Грааля, — сказаў кароль Артур і схіліўся ў паклоне, а за ім усе прысутныя.

— Так, кароль, — сказала жанчына, — я маю даручэньне да рыцараў Круглага Стала ад Грааля, але я бачу, што прыехала запозна. Я бачу, што вашая слава і гонар ужо спаганеныя. Ніякі пясьняр ня будзе больш сьпяваць пра вас ад таго часу, як вы зьвязаліся з фальшам.

— Аб кім ты гаворыш? — закрычаў Гаван, — прытрымлівай свой язык. Мы шануем Грааль, але і самыя нечага вартыя.

— Пры вас сядзіць чалавек, які зьяўляецца ганьбаю ўсяго рыцарскага стану. Гэта дзікі зьвер. Ён прыносіць на сваім шляху больш крыўды, чым воўк. Ён пракляты Граалем. Пракляты таксама той, хто бывае разам зь ім, ці прыязьніцца зь ім.

— Аб кім ты гаворыш?

— Аб тым, каго вы называеце Чырвоным рыцарам, аб Парсівалю, сыне Гамурэта з Анжу, які ня варты бацькі і маці Гэрцэляіды. Вы сядзіцё, п’яцё і ясьцё зь ім, хаця ён забіў вашага найлепшага прыяцеля Ітэра. Вы ўсе любілі яго, пакуль гэты бяз ніякай прычыны забіў яго. Гэта ня быў ягоны першы і найгоршы ўчынак. Ён пакінуў сваю маці, і тая дзеля гэтага памерла.

Парсіваль ускочыў з свайго месца і падыйшоў да Кундры.

— Прысягні, што гаворыш праўду.

— Але, — сказала Кундры, — праўду. Як нейкі цмок, пырскаючы атрутай, езьдзіш ты па краі. Ешута цярпела праз цябе. Ты забіў Ітэра. Гурнэманца і ягонае дзіцё ашукаў ты фалшывымі абяцаньнямі — іхняе жыцьцё разьбітае. Таксама Кандвірамур зьяўляецца праз цябе самай нешчасьлівай жанчынай. Я страшна выглядаю, усе ўцякаюць ад мяне, але я не памянялася б з табою. Тваё сэрца чорнае, як мая скура, і агіднае, як мой твар. Тваё сэрца каменнае.

Увесь боль Анфортаса і рыцараў Грааля быў перад тваімі вачыма, але не ўзварушыў цябе, і ты нічога не запытаўся. Усе мы церпім праз цябе, але і ты не павінен мець больш радасьці. Праклятыя ўсе, хто будуць з табою. Сам Бог праклінае цябе і твае ўчынкі.

— Бог! — ускрычаў Парсіваль, які да гэтага часу думаў аб сваёй маці. — Бог! Хто Ён такі, і хто даў Яму права праклінаць мяне? Усе гавораць пра Бога, як быццам Яго ведалі, я ж шукаю Бога і не магу Яго нідзе знайсьці. Чаму Ён хаваецца перада мною? Дзеля Яго я пакінуў маці, а Ён забіў яе. Дзеля Яго я забіў Ітэра, каб стацца рыцарам і быць годным служыць Яму. Дзеля Яго я пакінуў Ліясу і Кандвірамур, якая даражэйшая мне ад жыцьця. Чаму Ён дапусьціў да ўсяго гэтага? Цяпер я здабуду Грааль, насуперак Яму. Ніхто не ўстрымае мяне ад гэтага, нават Бог. Калі Ён праклінае мяне, дык я праклінаю Яго.

У адказ на гэта пачуўся крык Кундры, абуранай гэтым блюзьнерствам, і яна сьпешна ад’ехала. Жанчыны плакалі і ўсе пакідалі без разьвітаньня палатку. Нарэшце, у палатцы засталіся Парсіваль і Гаван. Парсіваль стаяў задуманы і глядзеў у зямлю. Гаван падыйшоў да яго.

— Хто гэтая жанчына? — спытаўся Парсіваль. Гаван адказаў:

— Гэта чараўніца Кундры, яна развозіць наказы Грааля. Ніхто не патрапіць ехаць так хутка, як яна на сваім муле. Яна паходзіць з усходу і ніхто ня ведае, як даўно яна служыць Граалю, але ўсе ведаюць аб тым, што яна сама — паганская багіня. На сваім худым муле лётае яна па краіне і хаця служыць добраму, аднак прыносіць шмат няшчасьця.

Парсіваль уздыхнуў. Ён думаў аб тым, што ягоная маці памерла.

— Магчыма, што я варты таго, каб быць праклятым, — думаў ён, — але ўва ўсе віны трапіў я ня хочучы. Цяпер я з поўнай сьведамасьцю адраблю ўсё зробленае зло і здабуду ўсё згубленае. Калі я здабуду Грааль, я знайду тады Кандвірамур. Цяпер яна высьмеяла б мяне і з пагардай прагнала б, як жабрака.

Ён прайшоў міма Гавана, і той затрымаў яго:

— Прыяцель, куды вы?

— Сягоньня вечарам я выяжджаю. Я хачу здабыць Грааль, хаця б мне гэта каштавала жыцьця.

— Ці ведаеце, што Грааль не здабудзе ніхто, каму не дапаможа Бог?

— Што чалавек захоча, дык і Бог не патрапіць яму перашкодзіць.

— Прыяцель, — сказаў Гаван, — ты мне вельмі падабаешся. Я паеду з табою. Я не пакіну цябе, і мы здабудзем для цябе Грааль.

Парсіваль адмовіўся ад прапановы Гавана. Тады Гаван пачуўся пакрыўджаным:

— Цяпер я бачу, — сказаў ён, — што вы напоўненыя гордасьцяй і пустатой, але ёсьць рыцары ня горшыя, а нават лепшыя ад вас. Я таксама еду, і пабачым, хто хутчэй здабудзе Грааль.

— Гэта вам забаронена, — адказаў Парсіваль, — але цяпер дазвольце мне ехаць.

Парсіваль выйшаў, асядлаў каня, узброіўся і выехаў, хаця ўжо надыходзіла ноч.

Было цёмна, у лесе і ў ягоным сэрцы. Калі аддаліўся ад лягера і адзінока ехаў у цемру, ён глыбока ўдыхнуў халодную сьвежасьць, што веяла з лёгкім шумам ад дрэваў.

ПРЫГОДЫ ГАВАНА

Вялікія ловы караля Артура перарваліся, усе разьвіталіся і вярнуліся ў свае замкі. Кунэвара з Кінгрунам паехала ў ягонае каралеўства Ізэртэрэ, таксама Арылюс вярнуўся з Ешутаю ў свой горад, які ён ужо даўно пакінуў. Некаторыя рыцары Круглага Стала ўзялі ад караля Артура водпуск і паехалі шукаць прыгодаў, адзін у адзін, другі ў другі бок, дзе іх вабілі ўзнагароды і вялікія ўчынкі.

Гаван сабраўся ў падарожжа, узяў з сабою збройчых, купіў у гандляроў добрыя коп’і і шчыты, бо ведаў, што падчас змаганьняў шмат зь іх будзе паламаных. На трэці дзень ён быў зусім гатовы і разьвітаўся са сваімі прыяцелямі і прыяцелькамі. Прыгожыя жанчыны плакалі, Гаван цалаваў іх і абяцаў памятаць аб іх.

Гаван, як і Парсіваль, паехаў праз лясы на поўдзень. Ён думаў спаткаць у дарозе Парсіваля і дапамагчы яму ў выпадку патрэбы.

Пасьля некалькіх дзён падарожжа ён спаткаў у лесе, на скрыжаваньні дарог, бліскучы ваенны паход. Ехала шмат рыцараў, і яны везьлі з сабою ўсё неабходнае для штурмаваньня абароннага замку; зь імі ехала шмат жанчынаў і ўсялякага народу, так што выглядала, што яны рыхтуюцца да доўгай аблогі.

Калі Гаван пабачыў паход, ён падрыхтаваўся да бою, бо думаў, што на яго нападуць, але ніхто не зьвярнуў на яго ўвагі, думаючы, што ён належыць да свайго войска. Гаван затрымаўся на дарозе, прапусьціў перад сабою ўсё войска і зьвярнуўся да едучага апошнім збройчага, які вёў з сабою магутнага баявога каня, з запытаньнем:

— Хто кіруе гэтым паходам і куды?

Збройчы зьдзіўлена прыглядаўся да яго:

— Ці ж вы так мала чулі пра ўчынкі рыцараў і тыя спрэчкі, якія вядуць паміж сабой каралі і паны? Гэты паход шырака ведамы ў цэлай Францыі і суседніх краінах. Гэты паход вядзе кароль Мэльянц зь Лісу супроць гораду Бэарош.

— Дзеля чаго?

— Дзеля дурной прычыны, калі гэтак можна сказаць, — адказаў збройчы. — Калі Мэльянц быў яшчэ малы, памёр ягоны бацька і апякуном і вучыцелем маладога караля Мэльянца зрабіўся Ліпо. Ліпо верна служыў маладому каралю і добра кіраваў дзяржаваю. Ён абыходзіўся з Мэльянцам, як з сынам, і вучыў яго ўсім неабходным рэчам.

Ліпо меў дзьве дачкі: маладзейшую Обілёт і старэйшую Обі, якая была найпрыгажэйшай жанчынай у Бэарошы. Мэльянц кахаў Обі, а Ліпо глядзеў на гэта прыхільна, думаючы, што ён атрымае такім чынам узнагароду за ўсе свае стараньні. Обі таксама кахала Мэльянца, але аднойчы, калі быў ужо вызначаны час вясельля, Обі пачала насьміхацца над Мэльянцам, гаворачы: “Табе ўсё лёгка прыйшло. Іншыя рыцары мусяць рызыкаваць спачатку жыцьцём, каб здабыць каханую, табе ж я дастаюся ў падарунак, як нявольніца. Ты, напэўна, ня выбраў бы мяне, каб табе прыйшлося дзеля гэтага штурмаваць муры Бэарошу.” Яна сваімі насьмешкамі давяла Мэльянца да таго, — гаварыў далей збройчы, — што ён пакінуў уночы горад і абвесьціў Ліпо вайну. Зь вялікімі высілкамі сабраў ён вялікае войска і хоча цяпер штурмаваць Бэарош, каб здабыць каханую.

— Цяпер, — сказаў Гаван, — Ліпо, напэўна, не захоча аддаць за яго дачку, бо бачыць, што Мэльянц вар’ят.

— Не, — сказаў збройчы, — граф Ліпо ахвотна пагадзіўся б зь ім, але Мэльянц ня хоча згоды, і дзеля гэтага і Ліпо павінен быў таксама сабраць войска.

Гаван паехаў разам са збройчым; яны хутка выехалі зь лесу і наблізіліся да вялікай ракі, дзе на ўзгорыстым беразе стаяў Бэарош, абведзены моцнымі мурамі.

* * *

На муры гораду, над галоўнаю брамаю, сядзелі абедзьве дачкі графа Ліпо і прыглядаліся, як выходзячае зь лесу войска займала раўніну перад горадам. На раўніне былі зараз жа пастаўленыя палаткі, і коньнікі езьдзілі па раўніне з пярэстымі сьцяжкамі на коп’ях. Найбліжэй да гораду, амаль да самой брамы, пад’ехаў Мэльянц. Ён быў прыгожа ўзброены і вельмі спадабаўся маладым дзяўчатам.

— Ён найпрыгажэйшы з усіх, — сказала Обі, — і горад не патрапіць доўга бараніцца ад яго.

— Але, — сумна сказала Обілёт, — шмат хто згубіць жыцьцё праз ягоную дурноту. Добра было б, каб паміж імі быў і Мэльянц, які прынёс нам і бацьку такое гора.

Обі засьмяялася.

— Тады я знайду іншага. Хто будзе найсільнейшы з усіх, той будзе цалаваць маю руку і валодаць ёю.

— Тады, — сказала Обі, — з Мэльянцам будзе дрэнна, бо напэўна знойдзецца ні адзін рыцар, адважнейшы за яго.

Жанчыны пачалі радзіцца, які з рыцараў можа быць найлепшы ў бойцы. Яны разглядалі рыцараў, разьязджаючых па раўніне і хвалілі то аднаго, то другога, і ім было весела.

Гаван у міжчасе пакінуў абложнікаў і паехаў у горад, каб дапамагчы графу Ліпо. Калі ён наблізіўся да брамы, Обілёт голасна сказала:

— Гэты рыцар будзе найлепшым і ніхто не зраўняецца зь ім у бойцы.

— Што ты гаворыш, — адказала Обі, — гэта, напэўна, нейкі купец. Яны апранаюцца цяпер часта як рыцары і чуюцца вялікімі, і некаторыя дурненькія даюць ашукацца гэтым.

Обілёт зачырванелася і сказала:

— Чаму ты так крыўдзіш яго? Я нікога не хацела б мець сваім рыцарам, апрача яго.

Гаван, пад’ехаўшы, пакланіўся і прывітаў іх. Тады Обілёт зачырванелася яшчэ больш і схавала свой твар, калі пабачыла, што чужы рыцар зразумеў, аб чым яны гаварылі.

У міжчасе браму адчынілі, бо Гаван запэўніў аб сваіх прыязных намерах, і ён паехаў вуліцамі шукаць сабе памешканьня для начлегу. Едучы, ён некалькі разоў адвярнуўся, углядаючыся на Обілёт, бо хаця яна зусім амаль яшчэ дзіцё, але ўжо вельмі прыгожая.

Калі Гаван затрымаўся ў карчме, шмат рыцараў з гораду выехала супроць ворага. На прырэчным лузе пачалося змаганьне, і не адзін рыцар згубіў у ім жыцьцё ці гонар. Перавага была аднак на старане абложнікаў, і гарадзкія мусілі ўцякаць праз браму ў горад.

— Дзе ж твой рыцар з сямі збройчымі? — насьмешліва спыталася Обі, — ён сядзіць напэўна цяпер зь віном у карчме, падлічваючы свае заробкі, якія ён меў перад горадам. Я куплю ў яго пояс, які ты будзеш магчы пакінуць сабе на памятку аб ім. Магчыма, што ён і ашуканец. Хто ведае, чаму ён прыехаў у горад менавіта цяпер. Напэўна, у гэты цяжкі час ён думае добра тут зарабіць, ашукаўшы некага, ці нават прадаць.

Каб яшчэ больш закрануць сваю сястру, Обі паслала служанку да маршала гораду, каб ён меў вока на незнаёмага рыцара, які прыехаў з сямі збройчымі ў горад. Трэба ў яго адабраць коней, якія прыдадуцца гарадзкім рыцарам. Яна доўга насьміхалася з сястры, пакуль тая не заплакала.

Калі служанка Обі перадала маршалу горада наказ Обі, маршал сам пайшоў пераканацца, хто гэта ў небясьпечным часе прыехаў у горад. Калі ён прыйшоў у заезд і пабачыў Гавана, ён адразу зразумеў, што мае дачыненьне з добрым рыцарам, ветліва прывітаў яго, перапрашаючы, што ў гэтым цяжкім часе не пасьпеў прыняць яго лепш.

— Але цяпер не рабеце мне сораму, застаючыся тут, — сказаў ён. — Мой гаспадар і ягоныя дочкі ахвотна будуць бачыць вас у замку.

Гаван запытаўся: “Што гэта за жанчыны, якія сядзелі на муры, калі я ехаў у горад?”

— Гэта дочкі майго гаспадара: Обі і Обілёт, — сказаў маршал.

— Я ахвотна пазнаёмлюся з такімі прыгожымі жанчынамі, — адказаў Гаван.

— Мы любім іх абедзьвюх, хаця Обі вельмі гордая і мае нязгодны характар, але Обілёт — яе сястра — мае характар і вонкавы выгляд аднолькава прыгожыя.

Калі граф Ліпо вярнуўся з выпаду на ворага, ён застаў Обілёт у сьлязах. Обілёт не хацела сказаць бацьку, чаго яна плача, і бацька пасадзіў яе з сабою на каня і паехаў у замак.

Па дарозе яны спаткалі маршала з Гаванам. Гаван прывітаў іх і запрапанаваў графу сваю помач. Ліпо падзякваў яму, здаволены, што такі рыцар хоча яму дапамагчы. Гаван прыглядаўся да Обілёт і калі ўсе ад’ехалі на замкавы панадворак, першы саскочыў з каня, дапамагаючы Обілёт зыйсьці з каня. Ён пацалаваў яе і яна яму адказала.

— Я бачу, што вы знайшлі ўжо сабе прыяцельку, — сказаў Ліпо.

— Але, — адказаў Гаван, — я ўдзячны ёй за абарону перад сястрой. Цяпер я буду яе рыцарам і паеду ў бой за вашу справу зь яе імем. Мы хутка пабачым, хто мае лепшых прыяцеляў — Обі ці Обілёт.

На наступны дзень з раніцы, яшчэ перад тым, як абложнікі пачалі варожыя дзеяньні, Ліпо выехаў з Гаванам на выпад, па-за горад. На сваім шоламе Гаван меў шоўкавую пальчатку Обілёт. Калі абаронцы гораду выехалі з гораду, Мэльянц і ягоныя рыцары выехалі насустрач, і пачалася бойка. Перавага была то на адным, то на другім баку. У адным месцы націскалі абложнікі, у іншым месцы — гарадзкія. Гаван змагаўся адважна. Многія рыцары атакавалі яго, але ён хутка нападаў і ськідаў іх з сёдлаў. Ягоныя збройчыя падавалі яму коп’і, калі яны ламаліся, і адводзілі коней пераможаных Гаванам рыцараў. У пэўным мамэнце Гаван наблізіўся да Мэльянца, які востра заатакаваў Гавана, бачачы тыя страты, якія ён зрабіў. Гаван так добра ўдарыў кап’ём Мэльянца, што прабіў яму шчыт і руку. Абодва зваліліся з коней і перайшлі да мячоў, пакуль Мэльянц, якому вастрыё кап’я засела ў руцэ, ня ўпаў на зямлю. Тады Гаван сьпешна падхапіў яго на рукі і панёс у горад.

Калі прыяцелі Мэльянца ўбачылі, што сталася, яны страцілі баявы дух і хацелі ўцякаць, але ім прыбыла неспадзяваная дапамога. Зь лесу выехаў рыцар у чырвонай зброі і кінуўся туды, дзе кіпеў найбольшы бой. Ён быў падобны да жняі ў полі, бо перад ім, як сьпелыя каласы, падалі на зямлю абаронцы горада. Найлепшыя рыцары кідаліся супроць яго, але ён усіх перамагаў, як у гульні, і змусіў абаронцаў гораду схавацца за муры. Чырвоны рыцар гэта быў Парсіваль, які езьдзіў уздоўж і ўпоперак па краі, шукаючы прыгодаў, каб заглушыць сваю злосьць супроць лёсу, які яго перасьледваў. Калі ён пабачыў змаганьне перад мурамі гораду, ён, не пытаючыся аб прычыне спрэчкі, уступіў у бойку, дапамагаючы слабейшай старане. Ён здабыў у бойцы шмат баявых коней, і чужыя збройчыя прывялі іх у лягер. Калі Парсіваль прыехаў у лягер і даведаўся, што правадыр паходу трапіў у палон, і калі яму расказалі, дзеля якога глупства пачалася вайна, ён ударыў свайго каня і выехаў з лягера.

Мэльянц, якога Гаван прынёс у горад, хутка апрытомнеў і пасьля таго, як ён абяцаў Гавану мір, яны пайшлі разам у залю, хаця Мэльянцу і было вельмі непрыемна паказвацца перад Обі ў ролі палоннага Гавана. Гаван правёў яго ў залю, дзе жанчыны чакалі на вынік бойкі, да Обілёт.

— Я прывёў, — зьвярнуўся Гаван да Обілёт, — найлепшага рыцара, якога мне прыйшлося перамагчы. Аддаю у вашыя рукі ягоны лёс; рабеце зь ім, што хочаце.

Обілёт усьцешылася і запляскага ў далоні.

— Ён павінен прысягнуць, што кахае толькі Обі і без усялякіх спрэчак ажаніцца зь ёю, а цяпер хай пацалуюцца на знак згоды.

Обі была незадаволеная, але раптам заўважыла, што з раненай рукі Мэльянца сьцякала на зямлю кроў. Яна вельмі спужалася, усё яе старанна хаванае каханьне выйшла наверх, яна ўпала перад Мэльянцам на калені і абняла ягоныя ногі, гаворачы:

— Прыяцель, даруй мне ўсё зло, якое я зрабіла, але я кахаю вас.

Так Гаван і Обілет завялі мір паміж імі, і вестка аб гэтым зараз жа разыйшлася па цэлым горадзе. Ліпо пасьпяшаў у замак і абняў свайго пана.

Вечарам адбылася багатая бяседа. Усе шляхотныя паны, прыбыўшыя з Мэльянцам, сьвяткавалі разам з рыцарамі Ліпо і бяз злосьці размаўлялі аб сваіх учынках. У горадзе, сярод мяшчанаў, таксама панавала радасьць, і цэлую ноч гарэла сьвятло.

— Хто найбольш адзначыўся ў сяньняшняй бойцы? — спытаўся адзін рыцар, які сядзеў каля Ліпо.

— Пэўна ж, ніхто іншы, як гэты рыцар, што ўзяў мяне ў палон, — адказваў Мэльянц.

Шмат хто з прысутных рыцараў адказалі на гэта:

— Мы ўсе дзівіліся з адвагі гэтага рыцара, але ж каб Чырвоны рыцар зьявіўся раней, дык вы ня трапілі б у палон.

— Дзе ж гэты Чырвоны рыцар, — спытаўся Гаван, — я ня бачу яго сярод нас?

Усе расказвалі яму, што ведалі пра Чырвонага рыцара, і Гаван лёгка здагадаўся, што гэта быў Парсіваль. Ён спахмурнеў, і Обілёт дарма старалася яго развесяліць.

— У якую дурную славу я ўблытаўся, — думаў ён, — як я раськідаю свой час, калі я губляю яго на гульню з дзіцём ці бяру ў палон нейкага дурня.

Гаван быў нездаволены сабой і пайшоў хутка адпачываць. Калі ледзь разаднела, Гаван разбудзіў сваіх збройчых і выехаў з гораду.

Пальчатку Обілёт ён забраў з сабою.

* * *

Некалькі дзён ехаў Гаван праз лясы і горы, шукаючы Грааля ці новых прыгодаў. Аднойчы раніцай, пасьля цэлай ночы язды, бо нідзе не было заезду, ён пад’ехаў да вялікага добра ўмацаванага гораду каля мора. Недалёка ад гарадзкой брамы ён спаткаў караля гэтага гораду, які ехаў на паляваньне.

Кароль гэты быў яшчэ малады. Ён меў на руцэ сокала, але сокал паляцеў, і кароль хутка ехаў за ім, не зважаючы, што абапал дарогі знаходзілася дрыгва. Ягоны конь трапіў у дрыгву і пачаў тапіцца, але ніхто не дапамагаў, бо ўсе баяліся загразнуць. На гэта наехаў Гаван і яму зручна ўдалося выцягнуць караля і ягонага каня на дарогу. Кароль дзякаваў свайму ратаўніку і запрасіў ехаць разам на паляваньне. Гаван, змучаны цэланочнай яздою, адмовіўся, падзякаваўшы за запросіны.

— У такім выпадку затрымайцеся ў маім горадзе Аскалуне, — сказаў кароль, — мая сястра Антыконі прыме вас радасна, калі даведаецца, што вы ўратавалі брата яе ад страшнай сьмерці. Вечарам мы вернемся з ловаў і падзякуем вам, як вы на гэта заслужылі.

Гаван паехаў у горад і замак і прывітаў каралеўскую сястру Антыконі, якая была вельмі прыгожая. Яна была загарэлая ад сонца, бо вельмі любіла паляваньне. Усё было ў ёй здаровае, жывое, і Гаван з прыемнасьцю глядзеў на яе. Калі яна даведалася, што Гаван уратаваў яе брата, яна абняла і пацалавала яго. Гаван моцна прыціснуў яе да сябе.

У гэты момант у залю ўвайшоў Экунат, жаніх Антыконі. Калі ён убачыў Антыконі ў абдымках незнаёмага рыцара і па адзеньні Гавана пазнаў, што гэта рыцар Круглага Стала, ён выбег з залі і падбухторыў рыцараў напасьці на Гавана, бо сам быў баязьлівы.

— Адзін з рыцараў Круглага Стала некалькі гадоў перад гэтым забіў нашага караля Кінгрузіна. Ці ж можа цяпер прыяцель забойцы абдымаць дачку караля? Ён павінен адпакутваць за тое, што зрабіў ягоны сябра.

Такім чынам ён хутка ўгаварыў рыцараў, тым больш, што яны думалі аб конях, якіх прывёў з сабою Гаван, і аб ягоным аружжы, якое яны думалі адабраць. Яны напалі на збройчых Гавана і ўзялі іх у палон. Потым яны ўбеглі ў залю, дзе сядзелі Гаван і Антыконі, не спадзяючыся нічога благога. Гаван ня меў пры сабе ні мяча, ні шчыта, так што ня меў чым бараніцца. Заля, у якой яны знаходзіліся, мела яшчэ іншы выхад; маленькія, цяжкія дзьверцы вялі ў вежу, куды не было доступу зь іншага боку. Антыконі ўвяла сюды Гавана і яны пачалі шукаць якога-небудзь аружжа. Праўдзівага аружжа яны не знайшлі, і тады Гаван схапіў жалезную засоўку і шахматную дошку, замест шчыта. Так узброены, Гаван выступіў супраць ворагаў, б’ючы кожнага, хто збліжаўся, засоўкаю. Хутка шмат хто з нападаючых палёг перад уваходам, а ў дошцы тырчэла не адно кап’ё.

Антыконі дапамагала ў змаганьні і прасіла спыніць бойку.

— Выдай рыцара, — адказвалі ёй, — ён павінен памерці.

У адказ на гэта Гаван пачаў бараніцца цяжкімі шахматнымі фігурамі і ў каго ён трапіў каралём, каралеваю, канём ці ніжнікам, дык той не адразу ўставаў. Так моцна кідаў ён фігуры ў гэтай шахматнай гульні.

Нарэшце, калі ўсе ўжо змарыліся, вярнуўся з ловаў Вэргуляш. Калі ён пабачыў некалькі рыцараў і Экуната мёртвымі і калі яму сказалі, што Антыконі засталі ў блізкасьці з Гаванам, ён забыўся ў злосьці, якая яго апанавала, аб гасьціннасьці, аб рыцарскім абавязку і аб удзячнасьці да Гавана і пачаў дапамагаць нападаючым. Вэргуляш на ловах спаткаў таксама Парсіваля і прывёз яго з сабою ў замак. Калі Парсіваль пачуў адгалоскі бойкі, і, увайшоўшы ў залю, пабачыў, як змагаўся амаль безабаронны Гаван, ён напаў на Вэргуляша, узьняў яго з падлогі і прынёс у вежу да Гавана.

— Падзякуйце мне, — зьвярнуўся Парсіваль да Вэргуляша, — што я ўратаваў вас ад ганебнага ўчынку. Апануйце сваю злосьць і або пагадзіцеся з рыцарам, або вядзеце зь ім чэснае змаганьне.

Антыконі абняла брата і расказала яму, што сталася.

Калі Вэргуляш пачуў, што з Гаванам абышліся несправядліва, ён засаромеўся, бо хаця ён і лёгка злаваўся, але не хацеў дзейнічаць несправядліва. Ён пагадзіўся з Гаванам і дзякаваў Парсівалю, што той усьцярог яго ад нягоднага ўчынку.

Мёртвых павыносілі, і Вэргуляш запрасіў усіх на вячэру. Усе сядзелі спакойна, забыўшыся аб непаразуменьні, бо ўсе яны былі прывыкшыя да крывавых падзеяў.

Гаван падыйшоў да Парсіваля і абняў яго, гаворачы:

— Што я магу зрабіць для цябе, прыяцель, з чаго б ты ўбачыў, як я цябе люблю?

Парсіваль, сьмяючыся, адказаў:

— Шукай Грааль, як ты мне пагражаў, а калі знойдзеш, скажы мне. Але не шукай яго толькі ў пакоях прыгожых жанчынаў.

Гаван засаромлены апусьціў вочы:

— Кожны робіць па-свойму, — адказаў ён, — але цяпер я хачу больш сур’ёзна шукаць лепшае мэты.

Раніцаю, устаўшы, Гаван склікаў сваіх збройчых і сказаў ім:

— Вы мне цяпер не спатрэбіцеся. Едзьце да караля Артура і чакайце мяне там. Далей я паеду адзін.

Тады ён загадаў асядлаць каня і выехаў з замкавага панадворку, яшчэ перш, чым усталі Вэргуляш і Антыконі. Брамнік, які адчыняў браму, сьмеючыся, зьвярнуўся да Гавана:

— Як здаецца, панам нешта ў нас не спадабалася, і яны сьпяшаюцца выехаць. Чырвоны рыцар выехаў ужо гадзіну таму.

* * *

Ня хопіць пяра апісаць усе прыгоды Гавана, якія ён меў у пошуках Грааля, але не наблізіўся да свае мэты. Ён застаўся верным сабе і найахватней забываўся аб сваіх няўдачлівых пошуках у каханьні прыгожых жанчынаў. Падчас пошукаў ён быў у далёкіх краінах і ўсюды ўмацоўваў славу свайго імя, хвалу сваёй адвагі і шляхотных звычаў.

Прайшлі гады з таго часу, як Парсіваль і Гаван пакінулі караля Артура, каб шукаць Грааль, але ніхто зь іх Грааля не знайшоў. У сваім падарожжы Гаван часта спатыкаўся са славаю Парсіваля. Усе з пашанаю гаварылі аб Чырвоным рыцары, але Гаван не спаткаўся зь ім з таго часу, калі яны бачыліся ў Аскалуне. Людзі гаварылі, што Парсіваль у гэтым часе выехаў за мора, каб адведаць Сьвятую Зямлю.

Нарэшце Гаван пачаў думаць:

— Хто яго ведае, ці варта наогул шукаць Грааль, але я ведаю напэўна — варта цалаваць прыгожых жанчын, варта перажываць прыгоды і здабываць славу і прыязнасьць. Ніколі жыцьцё не смакавала мне, як цяпер, калі я езджу з краіны ў краіну, з замку ў замак, нідзе доўга не спыняючыся, цяпер я вясёлы і свабодны, як птушка.

Перад ім ляжаў расквечаны лясны луг, над якім лёталі пярэстыя матылькі. Цэлы лес быў поўны птушыных галасоў і гуду пчолаў, што лёталі над кветкамі.

На скраі лугу Гаван знайшоў вялікую крыніцу. Каля яе сядзела прыгожая жанчына, укладаючы з кветак вянок. Яна выглядала багіняю гэтага летняга дня. Яна была надзвычайна прыгожая і загарэлая. Гаван саскочыў з каня і прывітаў яе:

— Часта гавораць, што некаторым рыцарам здараецца спаткаць багіню ці фею, якія палоняць іх на ўсё жыцьцё. Я ахвотна згублю свабоду дзеля вас.

— Гэта я адразу ўбачыла, — насьмешліва сказала жанчына, — вы адзін з гэтых балбатуноў, якія ахвотна шукаюць вясёлых прыгодаў.

— Не, — адказаў Гаван, — я ахвотна даказаў бы ўчынкам, якое ўражаньне зрабіла на мяне ваша прыгажосьць.

— Добра, зрабеце мне ў такім выпадку дробную паслугу. Я ў задуме зайшла далёка ў лес ад замку і цяпер мне цяжка вяртацца пехатою. Прывядзеце майго каня. Ён стаіць на замкавым панадворку, прывязаны да дрэва.

Рыцар убачыў цяпер, што высака над лесам знаходзіўся на гары замак. Ён пасьпяшаў туды. Знайшоў прывязанага каня і хацеў адвязаць яго, як у гэты час да замку пад’ехаў рыцар, гаворачы:

— Прымеце рукі ад каня, калі вам дарагое жыцьцё, бо мая валадарка Оргэлюза пакінула яго пад маю апеку.

— Не хвалюйцеся, — адказаў Гаван, — я хачу адвесьці гэтага каня якраз вашай валадарцы, якая чакае на гэта ў лесе. Яна сама прыслала мяне.

— Але, гэта падобна да яе — прысылаць вандроўных шукальнікаў прыгодаў. Уцякайце хутчэй адсюль, бо мая цярплівасьць ўжо заканчваецца. Я называюся Лішуа Гівэліус, нікім яшчэ не пераможаны.

У міжчасе каля рыцараў сабраліся збройчыя і жанчыны. Лішуа ўзяў разгон і напаў на Гавана, але зараз жа адпакутваў за сваю неасьцярожнасьць. Гаван трапіў яго кап’ём, так што ён зараз жа памёр. Усе прысутныя аплаквалі маладога героя і наракалі на Оргэлюзу, якая была прычынаю ягонай сьмерці.

— Колькі ўжо бяды прынесла яна найлепшым мужом, але ёй гэтага заўсёды мала. Дзеля яе памерла больш рыцараў, чым дзеля кожнай іншай жанчыны ў Францыі. Зважайце і вы, — гаварылі прысутныя, — бо каханьне Оргэлюзы прыносіць цярпеньні і сьмерць. Яна атруціла сваім каханьнем Анфортаса і Грааль, калі яна была яшчэ зусім маладая. Яна загубіла сваёй прыгажосьцю больш рыцараў, чым мае пэрлаў у сваім нашыйніку.

Гаван адказваў:

— Ашчаджайце свае добрыя рады. Такой прыгожай і чароўнай жанчыны я яшчэ ня бачыў і ахвотна зьнясу дзеля яе шмат цярпеньняў.

Ён узяў каня і паехаў да крыніцы, дзе пакінуў Оргэлюзу, але тая яму нават не падзяквала.
— Цяпер я бачу, што вы былі б добрым маршалам двара, — сказала яна. — Што ж вам сказаў вартаўнік, вы пэўна ашукалі яго прыгожымі словамі?

— Лішуа забіты, — адказаў Гаван.

— Шкада яго, але я думаю, што яго пахаваюць да майго звароту ў замак, бо я не люблю глядзець на памерлых. Дзеля гэтага мы паедзем на адну маленькую цікавую прыгоду. Я хачу паглядзець, ці вы патрапіце мне служыць. Другое даручэньне будзе цяжэйшым.

— Што я павінен зрабіць? — запытаўся Гаван.

— Едзьце за мною, дык пабачыце.

Оргэлюза ўскочыла на каня і хутка паехала, а за ёю Гаван. Праз некалькі гадзін язды праз лес пад’ехалі да рэчкі. З другога яе боку, ля падэшвы гары, на якой знаходзіўся замак, ляжаў прыгожы сад. Пасярэдзіне саду цьвіло ляўравае дрэва.

Оргэлюза паказала на яго і сказала:

— З таго дрэва вы павінны мне прынесьці галінку. Вы ня зможаце сказаць, што я занадта цаню сваё каханьне.

Гаван зараз жа прышпорыў каня, хочучы пераскочыць рэчку, але скок каня быў занадта кароткі, і рыцар разам з канём апынуўся ў вадзе. Выбраўшыся на бераг, Гаван ськіраваўся да ляўравага дрэва і наламаў зь яго галінак. Калі ён хацеў варочацца, з боку замку, які стаяў на гары, пад’ехаў рыцар у прыгожай шоўкавай вопратцы і без аружжа. Ён наблізіўся да Гавана і, пагражаючы яму, сказаў:

— Цешцеся, што я прысягнуў ніколі ня весьці бойкі з адным рыцарам. Павінны быць прынамсі два рыцары, каб Грамафлянц зрабіў ім гонар, змагаючыся зь імі. Вы, пэўна, адзін з адураных Оргэлюзаю.

— Шкада, што вы ня ўзброены, — сказаў Гаван, — а то я б пераканаў вас, што варта весьці бой і са мною адным.

— Я наўмысна не нашу аружжа, каб у злосьці не зрабіць чаго неадпаведнага, — адказаў Грамафлянц, — але ня думайце, што я вам дарую. Я буду вас перасьледаваць і дзе застану вас з вашым прыяцелям, я нападу і зьнішчу вас. Я зрабіў гэта з усімі пасланцамі Оргэлюзы. Ніхто зь іх не застаўся ў жывых.
Гаван засьмяяўся:

— Мне здаецца, што толькі страх змушае вас выдумляць такія глупствы. Вы можаце давесьці, чаго вы вартыя ня словамі, але кап’ём.

— Вашыя насьмешкі, — адказаў Грамафлянц, — ня змусяць мяне зламаць прысягу. Я хацеў бы змагацца сам на сам толькі з адным рыцарам.

— Каму ж гэта вы робіце такі гонар?

— Найлепшаму рыцару Круглага Стала — Гавану, чый бацька забіў майго. Цяпер сын павінен заплаціць за бацьку.

— У такім выпадку — хутчэй за аружжа, бо Гаван — гэта я. Мы вырашым адначасна старую і новую спрэчку.

— О, не, — адказаў Грамафлянц, — цяпер яшчэ не. Вы павінны спачатку даць мне за жонку вашу сястру Ітонію, бо я яе люблю, а пасьля я заб’ю вас.

— Вы любіце Ітонію, — сказаў Гаван, — цяпер я ясна бачу, што шукаеце толькі выкрутаў, бо мая сястра была яшчэ малою ўкрадзеная чараўніком Кліншорам і ніхто з таго часу яе ня бачыў.

— Я таксама ня бачыў яе, — адказаў Грамафлянц, — але я чуў песьні пра яе. Адзін пясьняр, які бачыў яе хараство, апісаў мне яго, і я яе кахаю. Гэты пясьняр перадае мне весткі ад яе, бо замак Кліншора знаходзіцца недалёка адсюль. Нядаўна сам чараўнік памёр, і я хачу гэтымі днямі вызваліць Ітонію. Каваль куе мне адмысловую зброю для гэтага змаганьня. Тады мне не пашкодзяць і духі ў замку Кліншор. Пасьля гэтага будзе вясельле, на якое я запрашаю вас, а пасьля вы згінеце.

— Добра, — адказаў Гаван, — калі вы толькі да таго часу ня згінеце ад духаў, ці ад уласнае дурноты.

Пасьля гэтага Гаван ад’ехаў, знайшоў Оргэлюзу і перадаў ёй ляўравую галінку. Ён расказаў Оргэлюзе аб усіх падзеях. Калі Оргэлюза даведалася, што ён гэта Гаван, яна павесялела, абняла рыцара і, плачучы, сказала:

— Цяпер я ведаю, што я адпомшчу свайму найгоршаму ворагу. Вы яго пераможаце. Спачатку я была лагодная, як усе жанчыны, пакуль Грамафлянц не забіў за нішто майго жаніха. Я прысягнула адпомсьціць за гэта і кірую ўсіх рыцараў супроць Грамафлянца. Але да гэтага часу я яшчэ не адпомсьціла. Калі вы заб’еце Грамафлянца, вы атрымаеце, як узнагароду, мяне і цэлую краіну. Цяпер мае беды ўсе мінуць, і я ня буду больш сумаваць, што Чырвоны рыцар не захацеў мне зрабіць паслугу.

— Што ж у вас было з Чырвоным рыцарам?

— Я скажу праўду. Ніхто ня можа супроцьстаяць маёй прыгажосьці, адно толькі ён. Нядаўна ён мяне спаткаў у лесе і ветліва, як і вы, прывітаў мяне. Але калі я захацела ськіраваць яго супраць Грамафлянца, дык ён толькі засьмяяўся і адмовіўся. Я прапанавала яму гэрцагства і сябе, ён не згадзіўся, гаворачы, што кахае толькі адну, якая далёка адсюль, і што ёй належыць ягонае сэрца і ён не займаецца лёгкай здабычай. Сказаўшы гэта, ён адвярнуўся і паехаў, пакінуўшы мяне поўную злосьці і сораму. Я хутка вярнулася ў замак і ськіравала ўсьлед за ім некалькі найлепшых рыцараў, але ён перамог усіх і адаслаў да мяне з разьбітымі шчытамі і зламанымі коп’ямі.

Гаван спахмурнеў, даведаўшыся, што тут быў Парсіваль.

— Усюды, дзе б я ні зьявіўся, ён перабягае мне дарогу, — сказаў ён, — на тое, за што я змагаюся, ён не зварочвае ўвагі; я знаходжу тое, што ён кіне, як бы ён быў больш варты ад мяне. Які б учынак зрабіць мне, каб перавысіць яго?

* * *

Моўчкі ехаў Гаван каля Оргэлюзы.

— Я бачу, што мой расказ закрануў вас. Ці вы вораг Чырвонага рыцара? Што ён вам зрабіў?

Гаван нічога не адказаў, а пасьля нейкага часу запытаўся:

— Скажэце, дзе знаходзіцца замак Кліншора? Грамафлянц сказаў, што ён недалёка адсюль у лесе.

— Але, я ведаю, дзе ляжыць замак Кліншора — Шахтэльмарвайль, бо Кліншор мой блізкі сваяк. Я была ў ягоным замку, больш багатага ад якога няма на сьвеце. Іншыя славяць Грааль, але ці ж ня прыносіць ён цярпеньні тым, хто служыць яму. Замак жа Кліншора прынясе таму, хто яго здабудзе ад злых духаў, толькі радасьць.

Кліншор паходзіць ад Віргілія і атрымаў ад яго ў спадчыне ўладу над паганскімі духамі. Яны памаглі яму збудаваць замак і напоўнілі яго золатам і шляхотнымі каменьнямі і іншымі багацьцямі. Там жыве цяпер чатырыста маладых дзяўчат. Кліншор набраў іх у паганскіх і хрысьціянскіх краёх. Іхны сьмех і маладосьць павінны былі захаваць яго пры жыцьці, калі ён састарэўся.

Я маю намер здабыць замак, — сказаў Гаван, — задоўга ўжо ежджу я, шукаючы Грааля. Я не хачу больш займацца марамі і губляць на гэта час.

— Кліншор памёр, — сказала Оргэлюза, — але злыя духі яшчэ трымаюць замак у сваёй моцы. Хто іх пераможа, таму яны будуць змушаныя служыць. Шмат рыцараў памыкалася зрабіць гэта, але ўсе яны былі знойдзеныя мёртвымі раніцаю перад брамаю замку.

— Гэта не пужае мяне.

— Так, — сказала яна, — Шахтэльмарвайль варты таго, каб рызыкаваць жыцьцём, але вы здабудзеце мяне, здабыўшы замак.

Гаван абняў яе, пацалаваў і сказаў:

— Вы мне наймілейшая з усіх жанчынаў. Мы будзем заўсёды разам, і я вельмі цешуся, што спаткаў вас на сваім шляху.

Праз нейкі час яны выехалі зь лесу і пабачылі перад сабою даліну, па якой цякла рэчка. З другога боку ракі стаяў горды замак, які сьвяціўся на сонцы, быццам бы ён быў збудаваны з шляхотнага каменьня.

Замак сваёй будоваю ня быў падобны да замкаў гэтага краю, але нагадваў замкі, будаваныя ў паганскіх краінах. Пасярэдзіне замку высілася высачэзная круглая вежа з мноствам вокнаў.

Оргэлюза і Гаван пад’ехалі да ракі, гэрцагіня дала знак, і з другога берагу прыплыў перавозьнік на лодцы. Коней увялі на лодку, перавозьнік ветліва прывітаўся, бо ён таксама быў рыцарам, але прымушаны чараўніком да гэтай працы.

Калі ён даведаўся, што мае намер зрабіць Гаван, ён зрабіўся сумным і сказаў: “За апошні час я перавёз на другі бок шмат каго, але назад не вярнуўся ніхто, і жанчыны ў замку згубілі ўжо надзею на вызваленьне.

— Нічога, — адказаў Гаван, — пабачым, ці гэтыя паганскія духі патрапяць мне што зрабіць; скажэце толькі, калі ведаеце, як увайсьці ў замак?

— Аб гэтым ня трэба турбавацца, — адказаў перавозьнік, — увайсьці ў замак лёгка, але выйсьці з яго цяжка.

Лодка прыстала да берагу, усе вылезьлі і цэлы гэты дзень правялі ў хаце перавозьніка.

Назаўтра Гаван устаў рана і пайшоў у сад, які быў каля хаты. На градках было поўна кветак, на дрэвах садовіны, усё было мокрае ад расы, выглядала, што будзе прыгожы дзень. Паміж дрэвамі Гаван убачыў, як у зачараваным замку былі адчыненыя ўсе вокны, і прыгожыя жанчыны выглядалі зь іх, асьвечаныя раньнімі залацістымі праменьнямі сонца. Усе сумненьні ў ягоным сэрцы зьніклі. Ён загадаў асядлаць каня і зараз жа паехаў да замка. Дачка перавозьніка Бэнэ пайшла зь ім, бо яна часта бывала ў замку. Оргэлюза яшчэ спала, калі Гаван быў ужо ў дарозе.

Гаван пад’ехаў да замку і ўехаў на замкавы панадворак. Усюды было пуста. Замкавы панадворак выглядаў у раньнім сонцы супакойна і мірна. Гаван прывязаў каня і сходамі ўвайшоў у замак. Усюды было пуста: у калідорах, залях, пакоях. Гаван пачаў крычаць, недзе адстала і Бэнэ. Усе калідоры і залі былі падобныя, і Гаван неўзабаве перастаў арыентавацца, дзе ён быў, а дзе не. Гаван хутка хадзіў па замку і шукаў выхаду. Ужо пачало цямнець, калі ён натрапіў у адным з пакояў на ложак.

Калі ён пачаў засынаць, але ягоная сьведамасьць яшчэ ня цалкам зьнікла, ён пачуў, як ложак ціха скрануўся зь месца і пасунуўся праз гмах, як бы ён быў жывы. Гаван пачаў прачынацца і хацеў ськінуць з сябе сонную зьяву, але гэта яму не ўдавалася. Раптам ён пабачыў, што адны дзьверы адчыніліся і цераз іх уляцела маса зданяў, сьмяротна страшэнных, і акружыла яго, перамагаючага страх. Здані нахіляліся над ім і сягалі па яго сваімі кіпцюрамі, каб разарваць на кавалкі. Калі Гаван пачуў на сваёй шыі востры халодны кіпцюр, ён цалкам прачнуўся, і бойка пачалася.

Жанчыны, якія былі ў палоне ў замку, чулі ўначы такі шум, як бы цэлае пекла змагалася ў замку. Яны сабраліся ў адной залі, паселі ўсе разам і прыслухоўваліся, ня ведаючы, што сталася з рыцарам, пра якога ім расказала Бэнэ. Шум рабіўся што раз большым, здавалася, што ў замку шалее навальніца з маланкамі, громам і градам.

Жанчыны ня спалі цэлую ноч. Адны зь іх спакойна і абыякава прыслухоўваліся да шуму. Іншыя зачынялі вушы рукамі. Адны плакалі й маліліся, другія сьмяяліся. Некаторыя гулялі ў шахматы, гульню, якая найбольш супакойвае й узмацняе дух. Усе яны думалі, што можа гэтым разам яны будуць вызваленыя з палону.

Калі разаднела й шум бойкі пачаў сьціхаць па меры таго, як рабілася сьвятлей, устала каралева жанчынаў Арніва і сказала:

— Паглядзім, што сталася з рыцарам. Такога моцнага змаганьня яшчэ не было, але ня трэба мець дарэмных надзеяў. Гэтага мы знойдзем, напэўна, таксама мёртвым, як і іншых.

Арніва зь некалькімі жанчынамі пайшла ў залю, дзе адбывалася бойка. Калі яны падыйшлі да дзьвярэй, адтуль выйшаў Гаван. Ён быў стомлены й бледны. Жанчыны ўпалі перад ім, дзякуючы яму й цалуючы рукі за вызваленьне іх.

— Вы жывеце, — гаварылі яны, — а гэта знак, што сіла духаў зламаная. Усе яны, цэлы замак зь ягонымі скарбамі, належыць да вас. На сьвеце няма чалавека, які быў бы багацейшы і магутнейшы за вас.

— Тое, што я даў свабоду столькім шляхотным жанчынам, узнагароджвае мяне цалкам, — адказаў Гаван. – Ні за што іншае не хацеў бы перажыць другі раз такую ноч.

Ён быў так стомлены, што хістаўся на нагах. Жанчыны падтрымалі яго, завялі ў сьветлы сонечны пакой, зьнялі зь яго зброю й адсьвяжылі яго. Яны заўважылі, што частка ягоных валасоў была зусім сівая.

— Скажыце, — спытала Арніва, калі рыцар трохі адпачыў, — што было ўначы, зь кім вы змагаліся?

— Не пытайцеся, — адказаў Гаван, — рука сьмерці была блізка каля мяне, і я дагэтуль чую яе ледавы дотык, але што было, я не скажу. Хай вашыя сны ня будуць атручаныя тымі страшнымі рэчамі, якія я бачыў.

Калі Гаван адпачыў, Арніва абвяла яго па замку і ён абгледзеў усе скарбы, якія там былі. Найбольш спадабалася аднак рыцару (побач з прыгожымі жанчынамі, прыгажосьці якіх нішто не магло зацямніць), вежа з вокнамі, якая стаяла пасярэдзіне замку. Зь вежы разьлягаўся від на дваццаць міляў, прычым усё здавалася так блізкім, як бы было побач з замкам. Усё здавалася блізкім і асягальным: горы й лясы, рэкі з плывучымі па іх вадаплавамі, птушкі ў лёце. Сялян відаць было пры працы, мяшчанаў у горадзе, рыцараў у бойцы, прыгожых жанчынаў у вокнах дамоў і цяністых раскошных садах. Дакладны стракаты абраз усяго сьвету ляжаў перад ягонымі вачыма.

— Я не знайшоў Грааля, — думаў Гаван, — але ці ж гэта ўсё менш вартае? Я паклічу сюды, як сьведкаў майго шчасьця, караля Артура й рыцараў Круглага Стала, тым больш, што сярод вызваленых знаходзяцца сёстры і прыяцелькі некаторых рыцараў Круглага Стала.

Ён выслаў пасланца да караля Артура зь лістом, у якім прасіў яго прыбыць праз чатыры тыдні на раўніну Ізафлянцы й быць прысутным пры адной бойцы.

— Прывозьце, — пісаў ён, — усіх вашых паноў і дамаў, і мы правядзём добра час. Я таксама маю такую-сякую здабычу, якая шмат каго з вас вельмі ўсьцешыць.

* * *

Гаван сабраў войска з пасярод рыцараў, якія раней служылі Кліншору, і ў вызначаны час прыбыў з войскам і вызваленымі жанчынамі на раўніну Ефлянцы, недалёка ад гораду Лёгруа, дзе гэрцагіняю была Оргэлюза. Оргэлюза таксама сабрала сваіх рыцараў і прыехала ў гэты самы час на месца спатканьня.

Аднае раніцы з трох бакоў зьехаліся бліскучыя войскі на вызначаным месцы, дзе Гаван разьбіў ужо цэлы горад палаткаў. Спаткаўшыся, рыцары Артура пачалі з рыцарамі Оргэлюзы бойкі паміж сабою, бо думалі, што іх паклікалі сюды дзеля змаганьня. Гаван раздзяліў іх, супакоіў і калі спаткаў караля Артура й каралеву Гінаўру, дык ён абняў іх і расказаў ім, што здарылася. Тады ён павёў вызваленых жанчынаў да іх прыяцеляў, і ў цэлым лягеры стала поўна радасьці. Кожны зь іх знайшоў для сябе прыгатаваную ўжо каштоўную палатку, так што ўсе гаварылі, што ніколі яшчэ рыцары не спатыкаліся ў такіх бліскучых абставінах, як у лягеры Гавана на раўніне Ефлянцы. Гаван узяў сабе за жонку Оргэлюзу, толькі Ітонія, сястра Гавана, была сумная з тугі па сваім каханым — Грамафлянцы.

Калі Грамафлянц пачуў, што Гаван здабыў Шахтэльмарвайль, дык быў вельмі гнеўны, бо сам меў даўно намер зрабіць гэта. Ён выбраўся ў дарогу, каб пакараць Гавана. Падвечар ён пад’ехаў да лягеру і выслаў да Гавана свайго збройчага з выклікам на бой на жыцьцё ці сьмерць наступнай раніцай.

— Вы адабралі ў майго пана, — сказаў збройчы, — найлепшы ўчынак, які ён меўся зрабіць. Цяпер павінна вырашыцца, каму па праву належыць замак Кліншора. Нават каханьне да Ітоніі ня ўстрымае яго ад забіцьця вас.

— Твой пан любіць моцныя словы, — адказаў Гаван, — я іх чуў ужо даволі. Заўтра раніцай мы спаткаемся, толькі ніхто не павінен ведаць аб нашым спатканьні, бо Ітонія, даведаўшыся, магла б стрымаць нас.

Яны ўмовіліся аб месцы спатканьня на заўтра.

Наступнаю раніцай з ракі і азёраў раўніны ўстала густая імгла і атуліла ўсю ваколіцу.

Гэтай самай раніцай Парсіваль прыехаў у гэтую мясьціну, дзе ляжала поле бою паміж Гаванам і Грамафлянцам. Грамафлянц быў ужо там і калі заўважыў праз імглу рыцара, дык падумаў, што гэта Гаван і заатакаваў Парсіваля. Той аднак ня толькі абараніўся, але выкінуў з сядла Грамафлянца, зраніўшы яго так, што той зваліўся без прытомнасьці на зямлю.

Парсіваль хацеў ужо зсесьці з каня, каб дапамагчы раненаму, як у гэты час прыехаў Гаван, які трохі спазьніўся дзеля Оргэлюзы. Ён не пазнаў Парсіваля і заатакаваў яго. Распачаўся бой, які шмат хто хацеў бы бачыць, але ўсё пакрывала імгла. Даўжэйшы час ніхто ня мог перамагчы другога, але паступова перавагу атрымаў Парсіваль, бо Гаван быў ужо некалькі разоў ранены, хаця й Парсіваль быў таксама ранены.

Парыў ветру разьвеяў раптоўна імглу і зьбярог герояў ад горшай шкоды. Парсіваль пазнаў Гавана, адкінуў меч і абняў яго, гаворачы:

— Я далёкі ад думкі змагацца з вамі, пашто вы напалі на мяне?

— Я не пазнаў вас, — адказаў Гаван і расказаў Парсівалю, што яго запрасіў сюды на двубой Грамафлянц.

— Я зрабіў ужо работу за вас, — сказаў Парсіваль, — і яны пайшлі ўдваіх да Грамафлянца, паднялі яго і завезьлі ў лягер, дзе ўсе ўжо ўставалі.

Усе вельмі ўцешыліся, калі пабачылі Парсіваля, бо яны чулі шмат аб ягоных учынках, і ягоная слава пакрыла сабою праклён Кундры. Адна Ітонія плакала і пайшла у палатку, дзе ляжаў Грамафлянц. Ейнае каханьне ня зьменшылася, калі яна пабачыла яго зусім разьбітым, абняла й даглядала яго. Гаван, хочучы іх пацешыць, даў згоду на іхняе сужэнства.

— Прыяцель, — сказаў Гаван да Парсіваля, — я знайшоў цяпер тое, што мяне заўсёды будзе цешыць, і я ня буду больш шукаць Грааля. Я шчасьлівы з сваёю жонкай і з сваімі скарбамі. Што новага можа мне даць Грааль, калі я і так маю больш, чым магу скаштаваць. Заставайся са мною, як брат, і бяры ўва ўсім удзел. Я ведаю, што ты кахаеш Кандвірамур, мы прывязем і яе і будзем шчасьліва жыць у Шахтэльмарвайлі.

Парсіваль доўга глядзеў на Гавана.

— Прыяцель, — сказаў ён нарэшце, — я не хачу зрабіць табе прыкрасьць, але ёсьць рэчы, якіх нельга ніяк асягнуць рукамі. Ёсьць скарбы, перад якімі ўсе шляхотныя каменьні — шмарагды, рубіны, хрызаліты і залацістыя тапазы — зьяўляюцца попелам і нічым. Я шукаю такіх рэчаў. Я не пагарджаю рэчамі, якія цешаць цябе, але я не знаходжу ў іх дастатковага здавальненьня.

— Прыяцелю, — адказаў Гаван, — вы дзівіце мяне, бо я бачу, што вы патрацілі свае найлепшыя гады, нічога не здабыўшы з таго добрага, што нам дае зямля. Як сьвятары й мройцы, вы загледжаныя ў лепшую будучыню, хаця вы вартыя таго, каб спакойна й весела карыстаць з сучаснасьці.

— Мы не разумеемся, — сказаў Парсіваль, — я таксама люблю жыцьцё й ня шукаю ніякіх сонных мараў, але ў золаце і срэбры я не знаходжу мэты жыцьця, таксама і ў прыгожых жанчынах. Я шукаю Грааль і знайду, нарэшце, яго!

— Так, мы ня цалкам разумеем адзін другога, — сказаў Гаван, — але ня будзем псаваць гэтых прыгожых хвілінаў думкамі, якія да нічога не давядуць.

У лягеры стаяў радасны настрой, як ніколі. Жанчыны й рыцары забаўляліся гульнямі, танцамі, сьпевамі й цешыліся жыцьцём у гэтыя хвіліны.

Парсіваль паважна сядзеў між імі. Калі прыйшла ноч і збройчыя адвялі яго ў палатку, бо ён быў змучаны, ён чуў звонку шум сьвяткаваньня і радасны сьмех. Яго апанавала туга і ён падумаў:

— Ці ж мне адабрана ўсё, што дадзена іншым? Што ж мне рабіць тут з маёю віною, дзе ўсе радасныя і вясёлыя, як дзеці? Я не магу зьнесьці іхных гульняў і сьпеваў.

Парсіваль устаў, апрануўся, узброіўся, асядлаў каня і паціху выехаў з лягеру. За ім засталіся сьпевы і сьмех. Цэлы лягер сьвяціўся ад мноства асьвятленьня. Парсіваль супакоіўся толькі тады, калі, уехаўшы ў лес, перастаў бачыць і чуць пакінуты лягер, а над ім засьвяціліся зоры.

— Не, — сказаў ён сам сабе, — бляск гэтага жыцьця не асьлепіць мяне. Калі б я хацеў мець золата, дарагія каменьні і прыгожых жанчынаў, дык я не патрабаваў бы так доўга мучыць сябе.

Нейкае сьвятое захапленьне апанавала яго і ён пачуў прыемнасьць адзіноцтва. Кандвірамур і Грааль, як нейкія зоркі, стаялі перад ягоным зрокам, але ён чуў, што недзе павінна быць даступная дарога да іх.

ПАРСІВАЛЬ ЗДАБЫВАЕ ГРААЛЬ

Гэта была ясная сонечная раніца пачатку вясны. У цяні гораў яшчэ сьнег, але на палянках зьявіліся сярод сьвежай зелені першыя кветкі, якія напаўнялі паветра сваім прыемным пахам. Букі ўжо пачалі зелянець, шыпшына і цёрн паказвалі ўжо свае кволыя кветкі сярод калючых галінак. Дзікія пчолы гулі, зьбіраючы мёд і кветкавы пылок. Птушкі сьпявалі так, што нельга было пачуць паасобнага голасу — усё зьлівалася ў адну песьню. І ўсе клопаты мінулай зімы адыходзілі ў такія хвіліны ад людзей. Вясна бывае аднолькавая кожны год, але мы не прывыкаем да яе і кожны раз бачым у ёй нешта новае, нават старцы, блізкія сьмерці, з прыемнасьцю пахіляюцца над цьвітучай кветкай, успамінаючы ў такую пару ўсе прыгожыя дні маладосьці.

Парсіваль ехаў пахмурны гэтай сонечнай раніцаю, што здавалася, быццам бы ён быў рыцарам мінулай зімы, з апушчанай прылобіцай і кап’ём. Насустрач яму ішла працэсія багамолаў. Наперадзе йшоў паважны старац з сівымі валасамі. Гэта быў гэрцаг Кагэніс з сваімі дзьвюма дочкамі. Гэрцаг заступіў дарогу Парсівалю, і той мусіў затрымацца.

— Прыяцель, — сказаў ён, — ці вы паганец, што ў гэты дзень, калі ўсе хрысьціяне думаюць аб супакоі, вы едзеце з апушчаным кап’ём, гатовыя да бойкі.

— Што вам да гэтага, — адказаў Парсіваль, — я кожны дзень з аружжам, дык чаму ж сягоньня мне быць іначай?

— Дык вы ня ведаеце, які сягоньня дзень?

— Я даўно пакінуў ужо зварочваць увагу на ход году; я ведаю, калі бывае зіма, вясна, лета ці восень, але які калі дзень, я ўжо даўно забыўся. Сягоньня я такі самы, як і заўсёды. Я ўжо даўно ня быў у катэдры, дык скуль жа я магу ведаць, якое сягоньня сьвята?

— Зсядайце з каня, — незадаволена сказаў стары, — і ідзеце далей пехатою. Сягоньня дзень, калі Госпад памёр за ўсіх нас. Ці вы нічога ня ведаеце аб Богу?

— Калісьці, — адказаў Парсіваль, — я служыў таму, хто называецца Бог. Але Ён адкінуў мяне і пракляў. З таго часу мы з Богам ворагі.

Старац жахнуўся:

— Вы абражаеце Бога, які нікому не зьяўляецца ворагам. Ён памёр за ўсіх нас. Ён аддаў сваю кроў за нашыя грахі і дазволіў забіць сябе, каб мы ўсе былі збаўленыя. Ён мучыўся за нас, каб мы ўсе былі збаўленыя ад мукаў. Дзеля гэтага мы сягоньня сумныя і адначасна радасныя.

— Я не хачу парушаць вашай радасьці, — сказаў Парсіваль, — але я не знаходжу нічога добрага ў тым, што і Бог мусіў мучыцца і памерці, як і ўсе мы. Хто навучыў бы мяне жыць, той быў бы для мяне больш варты, чым той, які навучыў бы мяне паміраць, бо мне здаецца, што гэта ня так цяжка.

— Вы выказваеце поўную няведу і засьляпеньне, — сказаў стары, — быццам бы ніколі не было Хрыста. Вам патрэбныя лепшыя тлумачэньні, чым я магу вам даць. Едзьце далей гэтай дарогай. Вы знойдзеце там пустэльніка, які ўсё добра растлумачыць.

Дочкі герцага зацікаўлена прыглядаліся да Парсіваля і ахватней бы спаткалі запрашэньне яго ў замак, чым накіраваньне да пустэльніка. Яны зьвярнуліся да Парсіваля:

— Едзем спачатку з намі, падмацавацца пітвом і ежаю ў нашым замку. Наш замак недалёка адсюль, а ў пустэльніка Трэврыцэнта вы знойдзеце толькі адзін сухі хлеб і ваду.

Парсіваль ветліва падзякваў і паехаў далей ужо з больш вясёлымі думкамі.

Прыгожая раніца асьвяжыла яго, і ён падумаў, што ўсё гэта зрабіў Бог.

* * *

Парсіваль перажыў шмат радасьцяў і прыкрасьцяў з таго часу, як ён пакінуў раўніну Ефлянцы, але не наблізіўся да сваёй мэты. Час ад часу на яго находзіў такі самы настрой, як тады, калі ён выехаў з лягеру Гавана. Са сьвятым даверам любіў ён тады ўсё. Але часам яго агортваў настрой, калі ён ненавідзеў Бога і свой лёс. Ён быў як добры меч у руках Бога, які Бог на зьмену раскаліваў і каваў, аж пакуль ён ня зробіцца моцны і шляхотны.

Падчас дарогі Парсіваль раздумваў над словамі старога рыцара.

— Напэўна, я завузка думаў аб Богу, калі я шукаю яго, як нейкага шукальніка прыгодаў па дарогах. Магчыма, што Бог пакінуў ужо свой гнеў, а магчыма, Ён наогул ня гневаецца, як людзі.

Праз нейкі час Парсіваль пад’ехаў да хаткі пустэльніка ў лесе, прытуленай да скалы. Перад хаткаю сядзеў сівы паважны стары, які прывітаў Парсіваля. Парсіваль саскочыў з каня і падыйшоў да яго, гаворачы:

— Ойча, даруйце, што я з аружжам парушаю ваш супакой.

— Прыяцель, — сказаў пустэльнік, — я ня чую агіды да аружжа. Я сам калісьці быў рыцарам, такім самым гордым, як ты, але скажы, чаго ты хочаш сягоньня ад мяне?

— Я патрабую добрай рады, — адказаў Парсіваль, — а мне ўжо здарылася, што я атрымаў яе ад старца.

— Я ведаю, — сказаў стары, — што ўсе ахвотна слухаюць радаў старых, але пасьля гэтага кожны робіць, што яму падабаецца. Якой рады ты хочаш?

— Я імкнуся да мэты і не магу яе дасягнуць, а ўсё, што я асягаю, ня цешыць мяне.

— Чаго ж ты шукаеш?

— Я шукаў Бога і не знайшоў Яго.

— Але, — сказаў пустэльнік, — Бог — гэта ня рэч, аб якой гавораць: “Я маю яе, а ты — не!” Бог адступае перад шукаючымі Яго і змушае іх такім чынам сьледаваць за сабой. Нельга здабыць Бога, як нейкі горад. Цішыня і яснасьць пануе там, дзе ёсьць Бог, і хто хоча сьледаваць за Ім, павінен быць, як Ён — ціхі і сьветлы. Я сам калісьці, як і ты, думаў, што можна ўсё здабыць сілаю, пакуль цярпеньне не зьмяніла мяне.

— Я таксама шмат перацярпеў, — сказаў Парсіваль, — Бог паслаў мне гэта, бо я быў Яму варожы і хацеў сілаю ўзяць тое, што Ён не хацеў даць самахоць.

— Прыяцель, — сказаў пустэльнік, — людзкія лёсы падобныя. Я таксама шукаю ласкі Бога. Я быў Яму варожы таксама, як і ты, і хацеў перамагчы Яго сілаю, бо я ня быў прывыкшы да цярплівасьці. Мой бацька — гэта Тытурэль, кароль Грааля. Пасьля яго Грааль перайшоў у спадчыне да майго брата Анфортаса. Я таксама служыў Граалю, аднак слава і бяседы былі мне з братам у той час мілейшыя за справядлівасьць, і Бог пакараў нас. Аб гэтым ведаюць усе рыцары.

— Як жа вы трапілі ў гэтую глуш? — запытаўся ў пустэльніка Парсіваль.

— Я трапіў сюды, бо хацеў змусіць Бога. Анфортас быў хворы, ён меў балючую рану, якую сам учыніў сабе ў сэрцы. Але сьмерць не захацела яго. Я езьдзіў па ўсім сьвеце, прывозячы брату розныя лекі. Я прывозіў ваду з ракі Тыгру, якая выцякае з брамаў раю. Я прывозіў кроў пэлікана, які разрывае сабе сэрца, каб карміць сваіх дзяцей. Нішто не дапамагала майму брату. Сіла Грааля не варочалася. Тады я прыйшоў сюды, пашчуся і прашу Бога дапамагчы, але да гэтага часу дапамогі я не атрымаў, хаця веру ў атрыманьне яе. Некалькі гадоў таму выбаўленьне было блізка. Вызвольнік, якога Бог абяцаў нам, прыйшоў, і мы ўсклалі на яго ўсе надзеі. Аказалася, аднак, што ён быў нягодны і пазбаўлены сэрца і нікому не хацеў дапамагчы. Я часта праклінаю яго за гэта.

— Што ж цяпер з Граалем? — запытаўся Парсіваль.

— Я ня быў больш у Монтсальвачы, але калі тут адночы праязджала Кундры, пасланка Грааля, дык яна з сабой прынесла сумную вестку, што на Монтсальвач далей пануе сум.

— Я — гэта той, — сказаў Парсіваль, — каго вы часта пракліналі. Я згубіў Грааль праз сваю віну і дурнату маладосьці. Цяпер я шукаю яго, але не магу знайсьці дарогу на Монтсальвач, якую я так лёгка нясьведама знайшоў. Але я яшчэ знайду.

Трэврыцэнт доўга прыглядаўся да Парсіваля і сказаў:

— Вы грамадзіце адно глупства на другое. Ці ж вы ня ведаеце, што Грааль можа знайсьці толькі той, каго пакліча да гэтага Бог і чыё імя ўкажа Грааль.

— Я ўжо доўга супроцьстаўляю сваю волю волі Бога, — адказаў Парсіваль, — і яшчэ не згубіў надзеі, што я яго змушу. Хто сам робіцца годным кароны, таму і Бог яе не адмовіць.

— Вы адважны, — сказаў пустэльнік, — але Бог толькі можа вам дапамагчы. Аставайцеся са мною — пасьціць, маліцца і чакаць на Божую ласку, калі Бог зробіцца і вам ласкавым.

— Не, — адказаў Парсіваль, — пост, малітва, чаканьне ля мора пагоды — гэта не для мяне. Вы стары, а я малады і мушу дзеяць. І калі я не здабуду Грааль, дык усёроўна перадчасна не паддамся. Хто не здаецца, той нарэшце перамагае.

Дзе зыдуцца двое, якія шмат перажылі, дык з размоваў паміж імі абодва маюць карысьць. Юнацкія сілы Парсіваля далі новую надзею старому. Ціхі розум Трэврыцэнта даў шмат Парсівалю. Ён аглянуўся на сваё жыцьцё, і надзея ажыла ў ім нанова. Вера ў свае сілы і вера, што лёс прыхіліцца да яго, напоўнілі Парсіваля.

На трэці дзень Вялікадня, раніцаю, Парсіваль разьвітаўся з Трэврыцэнтам. Калі Парсіваль ад’язджаў, Трэврыцэнт стаў на калені і маліўся за яго. Калі Парсіваль уехаў ужо глыбока ў лес, ён пачуў, як стары сьпяваў вялікодную песьню:

Сьвяты, Вялікі дзень настаў,
У славе з гробу нам зазьзяў –
Хрыстос уваскрос — нам вечны сьвет! –
Хрыстос уваскрос!

Як сам прад сьмерцю Ён сказаў,
На трэці дзень із мёртвых ўстаў.
Ад радасьці ня трэба сьлёз
Хрыстос Уваскрос!

Парсіваль заехаў за выступ гары і перастаў чуць пустэльніка. Вялікія думкі ажывалі ў яго галаве.

* * *

Што б цяпер ня здарылася, — думаў Парсіваль, — я буду ўжо цяпер рабіць справу Грааля. Я буду дапамагаць прыгнечаным і рабіць дабро. Нянавісьць і гнеў ня будуць мець да мяне доступу.

Парсіваль ехаў некалькі гадзінаў, пакінуўшы выбар дарогі каню. Ён быў як у нейкім дзіўным сьне.

— Дзіўна, — думаў ён, — але мне здаецца, што я быў ужо калісьці ў гэтай глушы. Яна мне адначасова чужая і знаёмая.

Нейкі неспакой апанаваў яго, і ён дрыжучы ехаў туды, дзе раступаўся лес.

Раптам ён пабачыў у ясным сьвеце поўдня бліскучыя вежы і вокны Монтсальвача. Яго сэрца застукала ў грудзёх, як бы хацела выскачыць. Абедзьвюма рукамі прыціснуў ён меч і сказаў:

— Монтсальвач — маё каралеўства, цяпер я буду цябе мець і ахоўваць!

Калі Парсіваль уехаў на шырокую дарогу да замку, з муроў раздаліся гукі трубаў, і з адчыненай брамы — стройна і ўрачыста — выехалі рыцары Грааля на спатканьне свайго валадара. Зь вялікай радасьцю прывіталі яны Парсіваля і павялі яго ў замак.

— Збаўленьне прыйшло, — гаварылі яны, — ваша імя гарыць на Граалі. Бог вярнуў Монтсальвачу ўсе ягоныя сілы, цяпер Грааль павінен сьвяціцца, як сонца, усяму рыцарству, і мы будзем далей служыць яму.

Калі Парсіваль увайшоў у залю, Анфортас ляжаў на сваім ложы, — бледны, блізкі сьмерці. Ён багаславіў Парсіваля і абняў яго, гаворачы:

— Прыяцель, ты лепш пазнаў Бога, чым мы. Цяпер я бачу, што нішто ня можа ўстрымаць мужа на ягоным шляху, калі ён патрапіць толькі перамагчы сваю дурнату. Я паміраю спакойна, пакідаючы табе цяжары жыцьця.

Усе рыцары Грааля сабраліся ў залі каля Парсіваля. Яны пасадзілі яго на каралеўскі пасад і далі яму каралеўскую вопратку. Тады адчыніліся дзьверы і гордая, прыгожая жанчына ўнесла Грааль, які сьвяціўся ў яе руках, як сонца, і паставіла яго перад Парсівалем.

Усе глыбока пахіліліся. Калі Парсіваль узьняў вочы, ён убачыў, што перад ім стаіць Кандвірамур. Яе рукі дрыжэлі, а вочы былі поўныя сьлёз шчасьця.

— Прыяцель, — сказала яна, — Анфортас паклікаў мяне сюды, ці ты ізноў будзеш уцякаць ад мяне?

Парсіваль прыгарнуў яе да сябе і трымаў абняўшы. Уся заля была поўная шуму радасьці і ніхто не заўважыў, што Анфортас, захаваўшы ўсьмешку на твары, ляжаў мёртвы.

Парсіваль у гэты самы дзень узяў шлюб з Кандвірамур.

Аб цярпеньнях, якія прыносіць каханьне, балесных расчараваньнях, ашуканствах і сьмерці пісьменьнікі ўсіх часоў напісалі шмат вершаў і апавяданьняў, але перад поўнай гармоніяй двух людзей, якія зьліліся цалкам у адно сваё жыцьцё, праходзяць пераважна моўчкі міма.

Ёсьць яшчэ адно старое дасьведчаньне: нашыя сэрцы ахвотна чуюць пра цярпеньні і сьмерць і лёгка хвалююцца, але чужое шчасьце нікога не цікавіць. Дзеля гэтага мы таксама прамаўчым пра зьменныя лёсы далейшага жыцьця Парсіваля і Кандвірамур. Яны перажылі таксама шмат непрыемнасьцяў, але непахісна служылі Граалю і ўсяму добраму і вялікаму на зямлі.

Аднак ніхто не патрапіць зьмяніць сьвету. Хопіць і таго, калі кожны будзе на сваім месцы рабіць тое, да чаго ён пакліканы.

* * *

Пасьля часоў Парсіваля і ягонага сына Лёэнгрына, які быў па сваім бацьку каралём Грааля, анёлы (як гавораць) забралі замак Монтсальвач з Граалем і ягонымі рыцарамі і перанесьлі яго праз мора і горы ў краіну Сарас у Індыі. Там, як пяюць паэты, замак высіцца ў старой магутнасьці, на высокай гары, і анёлы трымаюць варту перад ягонымі брамамі, аж да таго часу, пакуль Бог зноў зыйдзе на зямлю і будзе судзіць усіх.

Тады Грааль будзе пастаўлены вышэй усяго, і тыя, хто яму служыць, будуць знаходзіцца найбліжэй да Бога.

У гэта можна верыць, ці не. Шмат хто паважае толькі тое, што зьяўляецца цудоўным, рэдкім і нячуваным; мы ж верым, што Грааль не такі ўжо далёкі ад нас. Мы бачым некаторых людзей, якія і цяпер жывуць сярод нас, шукаючы залатых вежаў Монтсальвачу.

Калісьці Грааль раздаваў кароны і каралеўствы, калісьці ён спачываў у руках анёлаў, а адзін рыцар здабыў яго сваім кап’ём. Сягоньня кароны і мячы ня маюць даўнейшай вартасьці, але і сёньня кожны чалавек можа паказаць, чаго ён варты, а іншым таксама відаць, хто заслугоўвае на Грааль. Непакліканым, аднак, замак Монтсальвач сёньня і заўсёды зьяўляецца чужым і нябачным. Але лепшыя людзі кожнага часу ахоўваюць Грааль і Монтсальвач, які пануе высока на скалах над дзікімі лясамі і безданямі ўпадку.

“Беларускія Ведамасьці“. – 2001-2002 г., с. 1-23

8/12/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2004
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2017
Сувязь