Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі месяца (лістапад 2004 г.)

Валеры Буйвал
2 лістапада расейскі генэрал-маёр Канстанцін Дзяменц’еў вяртаўся з Бабруйска (дзе наведваў сваякоў) у сваю Маскву (дзе ён рабіў кар’еру разам з касманаўтам Клімуком, парашутыстам Шпаком ды шэрагам іншых выхадцаў з Беларусі). На тэрыторыі Смаленшчыны ягоную машыну абагнала іншае аўто і адтуль пачалі паліць з аўтаматаў.

Генэрал і ягоны кіроўца загінулі. Расейскія СМІ і мінабароны адразу пачалі “замінаць справу”. Інфантыльная фармулёўка заслугоўвае цытаваньня: аказваецца, палявалі на кагосьці іншага, а генэрала забілі зусім выпадкова. Вось як бывае ў Расеі, пусьціш чаргу па нейкім канкурэнце, а яна трапляе ў намкамандуючага стратэгічнай авіяцыі РФ. Цікавая краіна. Хаця, бывае ў любой арміі такое: праўда, генэралаў там забіваюць ўсё ж не так часта і ў асноўным на вайне. Распачатае сьледзтва. Аднак, постсавецкі чалавек не надта спадзяецца даведацца праўду ад пракуратуры і сьледчых, хутчэй наслухаемся нейкай чарговай інфантыльнай лухты. Расейская армія хворая ад шэрагоўца да генэрала, мафійныя разборкі раскручваюцца тут з сіцылійскім імпэтам. Не выпадкова моладзь ня рвецца запісвацца ў гэты балаган. А тысячы афіцэраў-расейцаў уладкаваліся ў беларускім войску, падалей ад камандыровак на Каўказ і аўганскую мяжу.

5 лістапада завершыўся чарговы этап гучнай судовай справы яшчэ аднаго афіцэра. Два гады таму ў сібірскім горадзе Сургуце мясцовы ваенкамат сабраў школьную моладзь на летнюю трэніроўку (памятаем, як брыгада такіх трэніроўшчыкаў з таго ж Сургута шэсьць гадоў таму захапіла некалькі вёсак на Гомельшчыне, дзе зьбівала і катавала беларусаў пад камандай азьвярэлых афіцэраў). У выніку “практыкаваньняў” 16-гадовы школьнік Саша Бачанаў памёр. Справа ў тым, што падпалкоўнік Завадзкі прымусіў падлеткаў у якасьці пакараньня бегчы 2 кілямэтры ў газавых масках ды яшчэ й сьпяваць. Юнакі, якія выступалі на працэсе ў якасьці сьведкаў, шмат распавялі пра зьдзекі і гвалт з боку афіцэраў. Тыя нават здымалі свае гестапаўскія подзьвігі на відэа. Рабілі здымкі і ў лазьне, прымушаючы юнакоў маршыраваць голымі перад камэрай. За станам іхняга здароўя сачыла вечна пьяная мэдсястра. Бацькам перад пачаткам ваенкурсу заявілі, што іхныя сыны будуць абавязкава пасланыя на службу ў Чачэнію. Памятаем, як нядаўна на ўвесь сьвет шумела справа амэрыканскіх ахоўнікаў, што катавалі былі ірацкіх ваеннапалонных (вінаватых сурова пакаралі паводле закону). А расейскі суд ужо два разы апраўдваў падпалкоўніка Завадзкага (цікава, а дзе падзеліся астатнія сургуцкія садысты ў пагонах?). Аднак бацькі нябожчыка Сашы з падтрымкай іншых бацькоў пацярпелых зноў распачыналі справу. Як думаеце, што за пакараньне атрымаў “наставнік молодёжі” на гэты раз? Чатыры гады ўмоўна і забарону займаць камандныя пасады. Ён, дарэчы, падае на абскаржваньне прысуду. Ён жадае катаваць і забіваць далей. Зь яго нават не зьнялі пагоны. Нармальным беларусам няма што рабіць у жудасным расейскім войску і каля яго. Гэта пацьвярджае ўся наша гісторыя.

У той жа дзень Людзьміла Пуціна ўрачыста адкрывала мастацкую школу ў Санкт-Пецярбурзе. Вядома, Пуціны любяць дзяцей (асабліва асэцінскіх). Прэзыдэнтша паводзіла сябе дэмакратычна, нават разьмешвала фарбы на сподку. А потым пайшла на трыбуну. Зала сьцішылася. Прамова была да краёў перапоўненая гуманізмам і эстэтыкай: “Прежде всего нужно сказать огромное спасибо моему мужу. Он так обо всех заботится, без него ничего этого не было бы…” Нават халуйскія расейскія тэлеканалы пакінулі гэты пасаж без камэнтароў. Відаць успомнілі Раісу Максімаўну Гарбачову. Тая таксама была вечнай камсамолкай, але прынамсьці МГУ скончыла, умела велічна заявіць: “мой народ…” Адгадаў, прадбачыў усё гародзенскі габрэй Шандаровіч у сваёй тэлепраграме “Ітого” – да ўлады ў Маскве прышла дробная апэратыўная шпана, якая ня ўмее прыкідвацца, ды й навошта гэта рабіць цяпер?

Замежнікі даўно сьмяяліся: “Цікавыя гэтыя рускія, яны нават сваю кастрычніцкую рэвалюцыю сьвяткуюць у лістападзе…” Цяпер, аднак, 7 лістапада абвешчаны ў Расеі “днём примирения и согласия” (хто ж гэта павінен з кім прымірацца і саглашацца?). Ня можа рэжым гэбоўскай дэмакратыі жыць без саўдэпаўскай даты чырвонага путчу 1917 году. Бо тады правісае ўся імпэрская схема, канае пераемнасьць, рушыцца сатанінская традыцыя. Ды й навошта выдумляць нешта новае, усё даўно адпрацавана. Па Маскве з самай раніцы 7 лістапада сёлета крочылі шматтысячныя легіёны пад чырвонымі сьцягамі. Несьлі партрэты Леніна, Сталіна, Садама Хусэйна і Ясіра Арафата (?), а таксама транспарант “Руки прочь от Лукашенко!” Немагчыма ўявіць сябе, каб дзе-небудзь у Бэрліне або Рыме свабодна маршыравалі пад гітлерскімі чырвонымі сьцягамі прадстаўнікі фашыстоўскага вэтэранства і моладзі. Там гэтай “нацыянальнай традыцыі” даўно выракліся і законам забаранілі лезьці людзям у вочы з партрэтамі фюрэраў. А ў Расеі бальшавіцкі сатанізм набірае сілу, жывіцца голадам і холадам мільёнаў няшчасных людзей і сытай хітрасьцю крамлёўскага эстэблішмэнту. Як заўсёды, на бальшавіцкае сьвята адбыўся шэраг сьмешных і грэшных хэпэнінгаў. У Іркуцку ўрачыста адкрылі помнік беламу генэралу Калчаку непадалёк ад месца, дзе яго расстралялі бальшавікі. Аркестр іграў гімн СССР (!). Эстафэту абсурду працягнулі правінцыйныя музэйшчыкі сяла Герасімаўка Сьвярдлоўскай вобласьці. Пасьля доўгага пэрыяду заняпаду тут зноў адкрыўся музэй піянэра-стукача Паўліка Марозава. Усе дзячаць дабрадзея Сораса, які даў 40 тысячаў даляраў (вось дзе “друг усіх савецкіх піянэраў”!). Аказваецца, дагэтуль ня знойдзена ніякіх сьведчаньняў пра членства П. Марозава ў піянэрскай арганізацыі. Дасьледчыкі даўно сьцьвярджаюць, што гэта НКВД наладзіў правакацыю і забіў падлетка, каб распачаць рэпрэсіі супраць мясцовых сялян. Цікава выступіла па тэлевізіі жывая яшчэ стрыечная сястра Паўліка Ульяна. Яна так і не навучылася чыста размаўляць па-расейску: “Ён ім ня верыў і кінуў…” Вядома, што гэта была беларуская сямья, якая пад абяцанкі Сталыпіна паехала падымаць Сібір. Пуцін нядаўна заявіў, што “нам патрэбныя дэмаграфічныя рэсурсы заходніх тэрыторыяў былога савецкага саюзу, каб распрацоўваць сібірскія багацьці…” Беларусы не павінны папасьціся зноў у тую ж сьмяротную пастку.

Прамінула пару тыдняў пасьля “агульнарэспубліканскага падману” беларускага народу 17 кастрычніка. Нават эўрапейскія назіральнікі зьдзіўляліся, зь якой задзірыстасьцю “пяцёркі плюс” заваблівалі, падштурхоўвалі, заклікалі-гукалі нашых людзей зьявіцца на выбарчых участках “и сказать свое нет Лукашенко”. Улёткі, партрэты, “кандыдаты” псэўдаапазыцыі выглядалі нашмат больш брыдка за прапагандную траскатню рэжыму. Таму што кіруемая спэцслужбамі псэўдаапазыцыя прыкрывалася словамі пра народны пратэст, дэмакратычныя выбары, выстаўляла сабе саму як альтэрнатыву абрыдламу дыктатару. А на самай справе працавала разам з рэжымам (у каторы ўжо раз), пад камандай гэтага рэжыму і на ягоную карысьць. Падстаўныя не раскаяліся, людзі заўважылі, як многія зь іх весела сьмяяліся на сваіх тусоўках пасьля 17 кастрычніка. Ім хоць бы што. Ужо на пачатку лістапада яны вялікай групоўкай паехалі ў Варшаву на міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную выбарам у Беларусі і на Ўкраіне. Там яны зноў надзьмуваліся перад заходнімі грантадаўцамі, “ізабражалі” барыкадных барацьбітоў, тэарэтызавалі пра нейкую сваю “перамогу”. Найбольш адыёзныя зь іх – Вінцучок Вячорка і дама Гразнова – раптам заявілі, што будуць ствараць з кандыдатаў (тых самых падстаўных і праваленых рэжымам “кандыдатаў” ад “пяцёрак”) нейкі альтэрнатыўны парлямант. А Лябедзька (ён жа Лебедько) заявіў, што са сваімі ідэямі “істінная оппозіція” будзе хадзіць цяпер ад дзьвярэй да дзьвярэй па ўсёй Беларусі і гуртаваць грамадзянаў. Цікава, ці ім ня страшна, ці не сорамна стукацца ў нашыя дзьверы, глядзець людзям у вочы і пра што наагул зьбіраюцца расказваць электарату гэтыя асобы, якія паводле любога маральнага кодэксу згубілі твар? Якія ярка і незабыўна прадэманстравалі сваю прадажнасьць і подласьць, актыўна арганізоўваючы рэжымны падман беларускага народу.

7 лістапада па расейскім ТБ была агучаная афіцыйная дактрына РПЦ наконт бальшавікоў і памяці пра іхны пераварот. Выказваўся такі Кірыл, біскуп смаленскі і калінінградзкі. Выказваўся сваім па-камсамольску звонкім, агітатарскім голасам. Расказваў тэлегледачам, як “царква ня хоча абразіць людзей левых поглядаў, для якіх сьвята 7 лістапада ёсьць галоўнае сьвята рэвалюцыі”, як “царква ўсё ж прапануе перанесьці дзень прымірэнія і сагласія на 4 кастрычніка ў памяць пра сканчэньне смутнага часу ў 1613 годзе”. На тэму афіцыйнага выступу бацюшкі, у якога толькі не хапала на сутане пагоны прышыць, ёсьць некалькі меркаваньняў. Сапраўдная хрысьціянская царква і сапраўдны пастыр маюць абавязак паказваць пастве на справы Антыхрыста, папярэджваць людзей пра неабходнасьць пазьбягаць удзелу ў сатанінскіх бальшавіцкіх скоках, адвярнуцца ад антычалавечай і богапраціўнай ідэялёгіі. Дзе там, «церковь уважает чувства носителей левых взглядов…» Не выпадкова многія беларусы даўно ня ходзяць да гэтых бацюшак. Ды й у Расеі назіраецца глыбокі крызіс маскоўскага псэўдаправаслаўя і ягонай квазіцарквы, ад якой адварочваецца моладзь, адчуваючы фальш, хітрыкі і атэізм гэтага дзяржаўнага дэпартаманту. Але нават пуцінская імпэрыя ФСБ-КГБ ня можа ўжо трымацца за ленінскі пераварот 1917 году, бо маладыя сьмяюцца, а пад чырвонымі сьцягамі зьбіраюцца ў асноўным лядашчыя маразматыкі. Тэрмінова трэба ратаваць імпэрскую традыцыю, шукаць новае апірышча. Вось і спрабуюць праз рупар РПЦ агучыць новую кропку адліку савецкай гісторыі. Расейскі монстр набывае ўсё больш вырабленыя эклектычныя рысы.

9 лістапада на тэлеэкране бадзёры Пуцін забег у невялікую залю паседжаньняў і віншаваў нейкіх людзей. Аказваецца, цяпер пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека пашыраюць да савета па правах чалавека пры прэзыдэнце РФ. Ясна, правоў стане значна больш, бо цяпер іх будзе курыраваць Уладзімер Уладзіміравіч, найвялікшы праваабаронца нашай эпохі (зь нецярплівасьцю чакаем такіх жа падзеяў у РБ). Сярод баяраў, што каля бацюшкі-цара будуць бараніць халопей гасударавых, пазначана сярод іншых Людзьміла Аляксеева — вядомая дысыдэнтка савецкіх часоў, шматгадовы вязень ГУЛАГу, старшыня Гэльсінскага камітэту РФ. Можа баярыня Аляксеева выступіла з справядлівымі заявамі наконт забойства сотняў людзей у Беслане, запатрабавала адстаўкі арганізатара забойстваў? Не, ня выступіла, арганізатар забойстваў цяпер курыруе ёйны савет і разам з ёю мацуе правы чалавека. У Думе за правы бесланскіх ахвяраў выступіў дэпутат Анатоль Ярмолін (адстаўны афіцэр разьведкі). Ён заявіў парлямантарам і журналістам, што думскае кіраўніцтва аказвала на яго жорсткі ціск як на члена дзяржкамісіі па рассьледваньню трагедыі ў Беслане: “Яны патрабавалі, каб я сказаў пра гэта тое, што хочуць яны і так, як хочуць яны. Калі я запярэчыў, то мне нагадалі, што я паднявольны чалавек і абавязаны так выказвацца”. Можна толькі меркаваць, якую хлусьню хацелі прымусіць сказаць на ўвесь сьвет дэпутата Ярмоліна. Мужны чалавек адразу зразумеў, што пакрые сябе ганьбай на ўсё жыцьцё. Як замітусіліся, як загарлапанілі думскія начальнікі – вось гэта скандал, вось гэта “уцечка інфармацыі”, як кажуць у ворганах! Старшыня Думы Б. Грызлоў (незабыўны футбаліст “за здравие детей Беслана”) нэрвова запэўніваў журналістаў, што ніякага ціску на дэпутата не было, усё шыта-крыта. Пра тое ж самае зашумелі кіраўнікі кіруючай думскай фракцыі ад пуцінскай партыі “Едіная Россія” і пасьпяшаліся выключыць Ярмоліна з партыі. Вялікая, злачынная хлусьня пра Беслан развальваецца на вачах. Расея – краіна цудаў. Дысыдэнтка са стажам, уся ў наколках, дапамагае рэжыму ў арганізацыі злачыннага бяспраўя пад выглядам “арыгінальнай расейскай дэмакратыі”, а ў той жа час афіцэр спэцслужбаў выказвае публічны пратэст супраць абалваньваньня грамадзтва. Як казаў Лех Валенса, “іх не зразумееш без паўлітры…”

8 лістапада трыюмфавала міністэрства абароны РФ “в лице” свайго міністра Іванова, як кажуць расейцы. “От лица министерства” ён выказваў радасьць тэлегледачам з нагоды запуску з касмадрому ў Плясецку ракеты “Саюз 2Л” – такіх не запускалі ўжо дваццаць гадоў. Ракетчыкі будуць супрацоўнічаць з французкімі калегамі, што пуляюць ракеты з касмадрома Куру ў Акіяніі. “Гэта,– запэўніваў Іваноў,– ёсьць важны ўнёсак у ваенную праграму Расеі”. Імпэрскі монстр сарваў банк з шалёных нафтадоляраў, якія пасыпаліся яму ў скарбонку ў сувязі з ірацкай вайной і Бэн Ладэнам. Можа Крэмль пусьціў гарачыя мільёны на мільёны няшчасных, хворых, бяздомных, занядбаных грамадзянаў імпэрыі, на сірат, сацыяльныя праграмы? Не, Крэмль аднавіў вытворчасьць сучасьнейшай зброі масавага зьнішчэньня, Крэмль рыхтуецца да пашырэньня сваёй дзяржаўнай ідэялёгіі – гэбізму – на шырокіх прасторах плянэты. Углядаючыся ў халоднае, зьмяінае “лицо” міністра Іванова, нармальныя людзі павінны жыць у трывозе, а нармальныя палітыкі Захаду павінны даўно ўжо кінуць купляць у Іванова нафту з газам і спыніць самазабойчы гандаль з антычалавечым рэжымам.

9 лістапада адбылася “рэвалюцыя крэслаў” у сталіцы каўказкай рэспублікі Карачаева-Чаркесіі г. Чаркеску. Сотні грамадзянаў (у авангардзе ішлі жанчыны) уварваліся ў будынак мясцовага парляманту аўтаноміі і разграмілі мэблю і інтэр’еры. Раніцай людзі сабраліся на мітынг і запатрабавалі сустрэчы з прэзыдэнтам аўтаноміі Батдыевым. Прэзыдэнт схаваўся ў сваім кабінэце. Вось грамадзяне самі й зьявіліся да яго. Міліцыя і спэцвойскі разьбягаліся, уносячы сваіх параненых. На прыканцы кастрычніка зяць прэзыдэнта з сябручкамі захапіў і вывез у невядомым накірунку 7 членаў дырэктарскай рады мясцовага камбінату. Потым у лесе знайшлі іхныя зьнявечаныя і спаленыя трупы. Ясна, што гэта ня першы подзьвіг прэзыдэнцкай сямейкі, а толькі трагічная кульмінацыя мафійнага ўдушэньня свайго народу (такіх вось дзеячаў паставіла Масква кіраваць сваімі калёніямі). Дзяржаўная мафія вымушаная цяпер лічыцца з тэмпэрамэнтным пратэстам салідарных людзей, якія настойліва дамагаюцца справядлівасьці. Па ўсёй Расеі прадстаўнікі ўлады рэгулярна арганізоўваюць і прыкрываюць забойствы соцень і тысячаў людзей. На злачынныя дзеяньні Крамля пасьля Чарнобыльскай катастрофы, падчас каўказкай вайны ня было роўна ніякой рэакцыі расейскага грамадзтва (па-за лякальнымі выступамі лічаных нетыповых “дзівакоў”). Наадварот, прастакі заявяць вам: “Мы любім нашага Пуціна, ён за магутную краіну”, а інтэлігенцыя прызнаецца: “Так, мы галасавалі за яго як за меншае зло…” Сацыяльны маразм, палітычная імпатэнцыя “самой читающей в мире публики” (як любяць называць сябе расейцы) даказваюць, што гэта небясьпечная і непрадказальная зьява, ад якой цывілізаваныя народы (чаркесы і ўсе астатнія) павінны трымацца як мага далей.

На наступны дзень ратаваць крамлёўскага сатрапа на хісткім чаркескім троне прыляцеў упаўнаважаны Крамля па паўднёвай фэдэральнай акрузе Козак. Як і пасьля забойстваў у Беслане, мясцовыя “прэзыдэнты”-сатрапы аказаліся без віны. Як там, так і ў Чаркеску крамлёўскі ўпаўнаважаны ашчэрыўся (гэта не мэтафара – трэба бачыць іхныя фізіяноміі па тэлевізіі!) і загаргатаў жалезным голасам: “Мы не дапусьцім зьмены кіраўніцтва такім спосабам! Спэцыяльныя сродкі і спэцыяльныя часткі ў нас напагатове…” Справа не ў сатрапах, а ў тым, што крамлёўцы баяцца за маскоўскі трон, баяцца, што “выбары” новага кіраўніцтва спосабам ламаньня дзьвярэй і крэслаў можа зрабіцца модным ня толькі на ўскраінах імпэрыі. А ў гэты ж час тысячы людзей (прыхільнікі аднаго з кандыдатаў на прарасейскае прэзыдэнцтва ў саманазванай Абхазіі, што з дапамогай Масквы крывава адарвалася ад Грузіі) узялі штурмам мясцовы парлямант у Сухумі, адбылася страляніна, ёсьць ахвяры ў людзях. Масква затрубіла: “Мы не дазволім пагражаць нашым дзяржаўным інтарэсам!..” Крамлёўскія шызафрэнікі ўвязваюць свой народ і войска ў яшчэ адзін крывавы каўказкі канфлікт, нахабна крычаць пра “пагрозу для Расеі” у сітуацыі, калі нават абхазкая тэрыторыя фармальна яшчэ не “інтэграваная” у РФ. Няхай расейская моладзь прызыўнога ўзросту рыхтуецца да яшчэ адной “міратворчай місіі”, на гэты раз пад пальмамі ў сухумскіх субтропіках.

10 лістапада на вуліцах Гаагі і іншых мясцовасьцяў Нідэрляндаў праводзілася сапраўдная вайсковая апэрацыя. Спэцназ на бронемашынах атачаў і штурмаваў сядзібы вядомых іслямскіх фундамэнталістаў. Кабінэт міністраў краіны сабраўся на надзвычайнае пасяджэньне. Галяндцы кажуць пра поўны правал шматгадовай палітыкі кіруючых сацыялістаў, якая крывадушна называецца “удасканальваньнем шматрасавага і шматкультурнага грамадзтва”. У свой час галяндзкі народ адваяваў незалежнасьць ад Гішпаніі пасьля 80-гадовай вызваленчай вайны (1566-1648), потым адваяваў у мора тытанічнай працай цэлых пакаленьняў траціну сваёй тэрыторыі, мужна бараніўся ад фашыстоўскай Нямеччыны. І ўсё гэта дзеля таго, каб дабрадзеі-сацыялісты ў імя “дэмакратыі і правоў чалавека” раскрылі невялікую краіну дзеля ўсіх бадзягаў Азіі і Афрыкі. З сотнямі тысячаў эканамічных эмігрантаў у Галяндыю прышлі наркотыкі, злачыннасьць, непавага да эўрапейскіх законаў і галяндзкага ладу жыцьця. Як і паўсюль, імігранты пачалі актыўна нараджаць дзяцей і атрымліваць вялізарныя сацыяльныя дапамогі ад дзяржавы. Працаваць у гэтым выпадку ўжо ня трэба, на кожную сямью чужынцаў працуе па некалькі галяндзкіх семьяў. Сацыялістычны інтарнацыянал пад лёзунгам “містэр, халява!” прывёў краіну да вострага сацыяльна-палітычнага крызісу. Народныя і хрысьціянскія партыі заяўляюць пра недапушчальнасьць працэсу “дэгаляндызацыі Галяндыі”. Сацыялісты,– абаронцы сэксуальных збачэнцаў і афрыканскіх бамжоў,– называюць галяндзкіх патрыётаў “фашыстамі” і “ворагамі правоў чалавека”. Нядаўна азіяцкія “суграмадзяне” забілі вядомага кінарэжысэра Тэа Ван Гога (нашчадка знакамітага галяндзкага жывапісца Вінсэнта Ван Гога) за тое, што ён зьняў фільм з асуджэньнем іслямскага фундамэнталізму. Кватэры, дзе хаваліся забойцы, штурмавалі спэцчасткі, фундамэнталісты кідалі ў галяндзкіх вайскоўцаў гранаты. Усё нідэрляндзкае грамадзтва ў шоку. Пакуль ня позна сытая Эўропа павінна задумацца над “правамі чалавека”, якіх, як вядома, не існуе, калі парушаюцца правы нацыі (да таго ж на дзяржаўнай тэрыторыі нацыі).

Эўропа пачала задумвацца 21 лістапада. У гэты дзень у Нямеччыне прайшлі дэманстрацыі з актыўным удзелам многіх тысячаў імігрантаў зь нямецкімі пашпартамі (у асноўным турак). Яны несьлі агромністыя шматмэтровыя турэцкія сьцягі і гукалі за салідарнасьць і талерантнасьць. Немцы, спадзяючыся на танную рабочую сілу, пачалі запрашаць турак на чорную працу з 1960-х гадоў. Цяпер у Нямеччыне існуюць ня проста турэцкія кварталы, а цэлыя мястэчкі, дзе эўрапеец пачувае сябе ў цэнтры Азіі. Кіраўніцтва кансэрватыўна-хрысьціянскай кааліцыі ХДС-ХСС (якая цяпер у апазыцыі і абяцае нямецкаму грамадзтву спыніць разбуральныя працэсы афра-азіяцкай іміграцыі) заявіла нядаўна: “Імігранты павінны ведаць і памятаць, што яны прыяжджаюць у хрысьціянскую краіну гуманістычнай традыцыі…” А сп. Бэкштайн, міністар унутраных справаў Баварыі (найвялікшага і найбольш самастойнага ланду ФРН), на фоне турэцкай дэманстрацыі прасіў: “Няхай яны хаця б вывучаць нямецкую мову!…” Аказваецца, сотні тысячаў “нямецкіх” грамадзянаў (тое ж самае ў іншых заходніх краінах) нават не пачухаліся, каб навучыцца размаўляць на дзяржаўнай мове. Яны жывуць абсалютна аўтаномна ад немцаў, галянцаў, бэльгійцаў і г.д. Немцам таксама даліся ў знакі такзваныя “фольксдойчы”, што сотнямі тысячаў ламануліся ў ФРН у 1990-я гады з постсавецкай прасторы. Абсалютная большасьць іх размаўляе выключна па-расейску, ненавідзіць і не прызнае нічога нямецкага, не жадае вывучыць нямецкую мову, не жадае працаваць. Многія валяюцца пьяныя на ходніках, спраўляюць фізіялягічныя патрэбы прама пад сябе ў публічных месцах (адным словам, паводзяць сябе як “істінно русскіе люді”). Цікава было б спытаць у “гуманных” сацыялістаў – да чаго вядзе гэтая “салідарнасьць і талерантнасьць”?

11 лістапада дашчэнту згарэў інтэрнат (а прасьцей — начлежка для рабочых семьяў) у Кызыле, сталіцы аўтаномнай рэспублікі Тувы ў складзе РФ. Жыўцом згарэлі дзесяткі людзей, улады падаюць інфармацыю пакуль пра 25 загінуўшых і 30 параненых, але ў руінах знаходзяць усё новыя трупы і фрагмэнты целаў. Загінула і паранена шмат малых дзяцей. Аказваецца, некаторыя жыльцы не плацілі за камунальныя паслугі. А адміністрацыя адключыла цяпло ва ўсім будынку. У Кызыле цяпер мінус 20 градусаў, і людзі пачалі ратавацца ад сьцюжы падручнымі сродкамі. Ужо праз колькі гадзінаў адбылася катастрофа. Хто вінаваты ў трагедыі? Можа кызыльскія пралетарыі, што не заплацілі камуналку, бо не атрымоўвалі шэраг месяцаў жабрацкі заробак? А можа іхныя продкі, што ня здолелі абараніць незалежнасьць сваёй краіны ад расейскіх акупантаў? Тува – невялікая краіна ў самым цэнтры азіяцкага кантынэнту – да лютага 1944 г. была незалежнай дзяржавай. Калі саветам спатрэбілася пару новых дывізіяў для мясарэзкі на фронце, яны проста зьдзейсьнілі “інтэграцыю” тувінскай тэрыторыі з 200 тысячамі тувінскага народу ў СССР. Новыя гаспадары ў першую чаргу разграмілі і зьнішчылі ўсе тувінскія будыйскія храмы-“хурэ”, расстралялі і выслалі нацыянальную эліту ды засялілі краіну старажытнай культуры носьбітамі камунізму з Разані і Ленінграду. Некалі незалежная дзяржава дагэтуль існуе як занядбаная правінцыйная ўскраіна экзатычнай імпэрыі. На працягу апошніх 15 гадоў там адбываецца працэс нацыянальна-культурнага і рэлігійнага адраджэньня. Роўна столькі ж гадоў Крэмль не дапускае на сваю імпэрскую тэрыторыю Далай-Ламу, духоўнага лідара ў тым ліку й тувінскіх будыстаў. Масква працягвае душыць разьвіцьцё цывілізацыі ў сваёй тувінскай калёніі, кошт чалавечага жыцьця роўны тут нулю.

А грошы сыпяцца, нібыта зь неба, на бляшаныя дахі Крамля. Мільёны нафтадоляраў. Але чамусьці на пасяджэньні савета міністраў 11 лістапада зьявіўся разгублены і падпухлы прэм’ер Фрадкоў. Ён агледзеў прысутных і сказаў у тэлекамэру: “Товарищи, а нефти у нас осталось на десять лет…” Відаць, намякнуў, што столькі засталося існаваць ягонай імпэрыі, якая сядзіць на нафта-газавай ігле. Шчырае прызнаньне, толькі хто яшчэ знойдзецца, каб пампаваць гэтую нафту ў дзікай Сібіры? Вось для гэтага й зьбіраюцца завабіць у Сібір мільёны рабоў з разбуранай прамаскоўскім рэжымам беларускай эканомікі.

Высотныя будынкі ў Злучаных Штатах Амэрыкі пачалі будаваць у другой палове 19 стагоддзя. Вядомае нават імя архітэктара, якія распачаў гэтую рэвалюцыю ў гісторыі архітэктуры – Салівэн. Перад Першай сусьветнай вайной у Амэрыцы ўжо, як грыбы, расьлі сапраўдныя хмарачосы. У тую ж эпоху грымелі на ўвесь сьвет бюракратычныя скандалы. Так, ФБР разьбірала аднойчы фінансавыя паперы нью-ёркскай мэрыі. Спэцслужба прыкінула, што калі на суму, што праходзіла ў графе “закупка дываноў для будынку мэрыі”, сапраўды закупіць дываны, то імі можна было б пакрыць увесь востраў Манхэтэн… У Маскве першыя хмарачосы загадаў пабудаваць Сталін. Атрымалася, як заўсёды, экзатычна і адначасова эканамічна правальна. Хрушчоў мусіў прымаць адмысловую пастанову “Об излишествах в архитектуре”. Цяпер маскоўскага мэра ня спыніш ніякімі пастановамі. Лужкоў будуе хмарачосы. Імёнаў архітэктараў мы неяк ня ведаем, а вось імёны маскоўскіх жулікаў грымяць рэгулярна. 15 лістапада закончыўся працэс над Яўгенам Янкоўскім, адказным за пабудову маскоўскага “Бізнэс-сіці” (так называецца праект цэлага комплексу бізнэсовых шматпавярховых будынкаў у Маскве). Янкоўскаму інкрымінавалі толькі адзін эпізод. Ён атрымаў ад вядомага “Газпрому” 1 мільярд рублёў, перадаў яго па фінансавай інстанцыі дзеля рэалізацыі, а мільярд зьнік. На месцы хмарачосаў засталася гіганцкая яма. За гэта прадпрымальніку далі восем гадоў лягераў. Але цікавы іншы аспэкт тэмы. Нягледзячы на жулікаў і скандалы, на працягу апошніх ста сарака гадоў у Амэрыцы будуюцца хмарачосы. Прычым па ўсёй Амэрыцы. А ў Расеі сучаснае будаўніцтва вядзецца амаль выключна ў Маскве, якая зжырае да 95% усіх замежных інвэстыцыяў на разьвіцьцё. Па ўсёй астатняй імпэрыі назіраецца усеагульны тэхналягічны і архітэктурны заняпад, чорны правал, жыльлёвая катастрофа для мільёнаў грамадзянаў. Гіганцкая яма…

У Маскве ў шматпавярховым будынку Дзярждумы 15 лістапада абмяркоўвалі праблему дзяцей-сіратаў. Дзяржава афіцыйна прызнаецца, што сіратаў у РФ цяпер 700 тысячаў (!). Прычым палова зь іх мае жывых бацькоў (пьяніцы, наркаманы, асацыяльныя і г.д.). На працягу апошняга году замежнікі адаптавалі і зьвезьлі ў свае добраўпарадкаваныя краіны больш за 45 тысячаў расейскіх сіратаў (!). Але чыноўнікі начале з генпракурорам абмяркоўвалі ня гэтыя лічбы. Яны абмяркоўвалі праблему карупцыі расейскага чынавенства, якое зьдзірае шалёныя грошы з замежнікаў за адаптаваньне малых. Гэта стала прыбытковым бізнэсам дзеталюбных хабарнікаў. Але, відаць, заходнікі паскардзіліся сваім уладам і на паверхню вылезла такое знаёмае кожнаму беларусу (які езьдзіў у камандыроўкі ў Маскву) сьвінное рыла. Сапраўды, што там Крамлю сіраты,– ёсьць больш важныя заняткі, напрыклад, вайна супраць чачэнскага народу. (Дарэчы, у Чачэніі няма сіратаў і сіроцкіх дамоў. Таму што чачэнскія семьі бяруць да сябе дзетак, чыех бацькоў забілі расейскія эсэсаўцы).

16 лістапада канстытуцыйны суд РФ вынес прысуд татарскай мове. Масква забараняе татарам карыстацца лацінскім алфавітам, ультыматыўна патрабуе, каб волжскі народ вярнуўся “ва ўлоньне” кірылічнага алфавіту (які татары справядліва лічаць расейскім і чужым). Старшыня канстсуду РФ жвавы чалавек са звонкім голасам і піянэрскім прозьвішчам Зорькин зачытаў з гэрбавай паперкі: “Дабы предотвратить раскол общества, во избежание подрыва федерального единства…” Крамлёўцы сапраўды напалохаліся, закрычалі пра “лінгвістычны сэпаратызм” (!). І залезьлі ў новы канфлікт зь яшчэ адным этнасам ісламскай традыцыі. З кірылкі татары перайшлі на лацінку ўжо восем гадоў таму. Яны адэкватна сьцьвярджаюць, што лацінка дазваляе найбольш дакладна перадаць усе асаблівасьці татарскай мовы, як і кожнай іншай мовы цюркскай групы. У школах ужо давучваецца цэлае пакаленьне, якое піша і чытае па-татарску лацінскімі літарамі. Выдадзеныя цэлыя бібліятэкі кніг, пэрыёдыкі, адпаведна функцыянуюць усе ВНУ і наагул усё татарскае грамадзтва. Подласьць Масквы ня новага ўзору. Так рабіў яшчэ таварыш Сталін, перакідваючы цюркскія і іншыя падсавецкія народы з арабіцы на лацініцу, а потым яшчэ раз на кірыліцу – і так на працягу 15-20 гадоў. У выніку цэлыя пакаленьні перажывалі сур’ёзны стрэс, наносіўся ўдар па інтэлектуальнаму разьвіцьцю народаў (што й трэба было Маскве). Татары заявілі, што ня зьбіраюцца падпарадкоўвацца чарговаму маразму і на сваёй мове будуць пісаць і чытаць так, як ім гэта ўдобна. У гэтай сувязі ўспамінаецца, безумоўна, зьдзек расейскіх агрэсараў і іхных мясцовых паслугачоў з нашай беларускай мовы, інтэнсіўнае разбурэньне нашага нацыянальнага школьніцтва і нашага моўнага жыцьця, замена нармальнага беларускага існаваньня брыдкім і недапечаным маскоўскім сурагатам. Абаронім жа ад расейскага шайтана родную беларушчыну!

Памятаеце знакамітае “Дело кремлёвских врачей”, што прагрымела ў Маскве ўзімку 1953 года? Стукачы па наводцы НКВД абвінавацілі тады шэраг выдатных мэдыкаў у тым, што тыя труцілі таварыша Сталіна. “Атрутнікаў” арыштавалі, і ад расстрэлу іх выратавала толькі сьмерць пацыента ў сакавіку таго ж года. Што выратуе чарговых ахвяраў “паляваньня на вядзьмарак”, якое разгарнулася ў апошнія месяцы па ўсёй Расеі? Чуйная дзяржкантора пад назвай “Наркакантроль” з дапамогай міліцыі справакавала мноства судовых справаў супраць анэстэзіёлягаў, нарколягаў, гінэколягаў і вэтэрынараў “за захаваньне і распаўсюджваньне наркотыкаў”. А робіцца так. Міліцыя (часта на падпітку) выклікае наркалягічную брыгаду нібыта дзеля выратаваньня нейкага грамадзяніна, а калі лекар дастае з тэчкі пэўныя лекавыя рэчывы, хапае яго пад белыя ручкі і афармляе затрыманьне. Прычым аказалася, што адным з пунктаў абвінавачваньня ёсьць брак ліцэнзіі ў лекара на гэтыя лекавыя сродкі. Але ягоная мэдычная фірма такую ліцэнзію мае. Пад “фармальную лавачку” міліцыя доблесна ловіць “злачынцаў у белых халатах”. У выніку гэтай аблавы тысячы жыцьцяў хворых людзей аказаліся пад пагрозай. Мы самы б не зразумелі сэнсу гэтага наркалягічнага тэрору. Дзякуй, журналісты патлумачылі. Проста, і Наркакантроль РФ і міліцыя афармляюць сабе вялікія статыстычныя посьпехі ў барацьбе за народнае здароўе. Потым на герояў нябачнага фронту сыпяцца прэміі і дзяржпадзякі. Як сьпяваў незабыўны Высоцкі: “Укалоцца б і забыцца…”

17 лістапада “от Москвы до самых до окраин” пагражалі самураям. Пуцін нядаўна прагаварыўся, што ў крамлёўскіх плянах ёсьць вяртаньне дзьвюх выспаў Курыльскай грады Японіі (якой да 1945 г. належала ўся града). Курыльска-сахалінскі губэрнатар Сідарэнка прыгразіў зрабіць пратэстнае харакіры і крычаў пра тое, што “не аддамо ісконно русской землі”. У Дзярждуме вядомы бальшавіцка-імпэрскі дэпутат Бабурын уголас ўспамінаў руска-японскую вайну 1905 г. і “вопрошал”: “Якую гэта мы вайну ізноў прайгралі, каб аддаваць японцам выспы?!” Ды не, Расея прайграла мір. Як і паўсюль у РФ, на Курылах баракі, няшчаснае, зьбяднелае і пакінутае насельніцтва, каменны век. У японцаў тамака красавалі б сакуры і ў сажалках плавалі б чырвоныя рыбкі. Усе апэлююць да Ул. Пуціна. А ён вельмі заняты. У гэты ж дзень выступаў на нейкім генэральска-маршальскім сходзе ў Маскве. Сярод іншага ўзнагародзіў ордэнам маршала Язава, героя-путчыста 1991 года. А міністар абароны Іваноў там жа запэўніваў ваенспэцоў, што “праз пяць год мы будзем мець такую ядзерную зброю, якой яшчэ ня бачыў сьвет…” Вось дзе іхныя шалёныя нафтадоляры і вось з чым яны мяркуюць разабрацца з японцамі і ўсімі астатнімі.

Калі б такое здаралалася з грамадзянамі якой іншай краіны, то адбываліся б адмысловыя парляманцкія паседжаньні, мабілізавалася б паліцыя дзеля ўзаемадзеяньня з калегамі ў суседняй імпэрыі, СМІ падавалі б зьвесткі і праводзілі б журналісцкія рассьледваньні. Калі б такое адбывалася з грамадзянамі дэмакратычнай і эўрапейскай, а не цяперашняй Беларусі, так усё й было б. Паводле розных афіцыйных зьвестак ад 550 да 800 тысячаў беларусаў працуюць на рабскай працы ў Расеі побач з азіяцкімі, украінскімі і малдаўскімі рабамі. Іх, як правіла, не рэгіструюць, ніякіх кантрактаў зь імі не заключаюць, яны працуюць на самых чорных і небясьпечных працах. Але галоўнае, што расейскія ўлады і насельніцтва трактуюць іх як бяспраўных і безабаронных наймітаў, як адпрацаваны чалавечы матар’ял. Тысячы нашых грамадзянаў (у тым ліку й тыя, хто проста падарожнічае па РФ) былі абрабаваныя, зьбітыя, скалечаныя і забітыя. Многія зьніклі бязь вестак і родныя ня могуць нават знайсьці іхныя целы. Паказаць у Расеі беларускі пашпарт альбо размаўляць між сабой па-беларуску (ці з мясцовымі асобамі з нашым акцэнтам) – гэта значыць падзьвяргаць сваё жыцьцё сур’ёзнай небясьпецы. “Нар. Воля” 19 лістапада ўпершыню за сваю гісторыю надрукавала матар’ял пра (тыповую) беларускую трагедыю ў Расеі. 12 лістапада чацьвёра маладых мужчынаў з вёскі Пціч Петрыкаўскага раёну і адзін з Петрыкава, што працавалі ў падмаскоўным горадзе Пушкіне, згарэлі жыўцом уначы, калі спалі ў вагончыку на будпляцоўцы. Вядомыя імёны чатырох ахвяраў: Пятро Курэенка, Аляксандар Цітоў, Віктар Сігай і Міхаіл Сігай. Дома будаўнікі працавалі за мізэрны заробак у 100 тыс. рублёў, вартаўнікі атрымлівалі па 20-38 тыс. заробку. А трэба было жывіць семьі. У Расеі яны будавалі гандлёвы цэнтар, працавалі без гарантыяў, жылі ў быдлячых умовах і баяліся выходзіць па-за межы будпляцоўкі, каб ня быць абрабаванымі ці забітымі. Магчыма, што забойцы самы прыйшлі па іх уначы. Тысячы такіх трагедыяў засталіся невядомымі нашаму грамадзтву. Толькі таму, што адразу загінулі пяцёра беларусаў, пра гэта стала вядома ў Маскве. На запыты семьяў амбасада РБ у Маскве заяўляла спачатку, што нічога ня ведае. Потым, калі прыкрыць скандал было ўжо немагчыма, справай пачаў займацца начальнік консульскай службы РБ у Маскве з “істінно белорусской фаміліей” Скворцов. Эканамічная вайна Расеі супраць нашай краіны і катастрафічнае кіраваньне мясцовага прамаскоўскага рэжыму прывялі да глыбокага крызісу беларускай эканомікі. Каб зарабіць на жыцьцё, беларусы вымушаныя ехаць у жудасную бандыцкую Расею і працаваць на маскоўскую мафію. Некаторыя зь іх накіроўваюцца туды, а не ў заходне-эўрапейскія краіны, бо думаюць, што “у Расеі свой народ, такія ж во, як мы, славяне-браты, можна па-руску гаварыць і дагаварыцца…” Ад ілюзіяў іх хутка вылечваюць. Нармальная Беларуская дзяржава павінна будзе ўмацаваць сваю эканоміку і адначасова ўсходнюю мяжу, каб нашыя грамадзяне ня гінулі ў Расеі. Беларусы даўно павінны зразумець, што нам ня трэба езьдзіць у расейскае пекла – няхай яны самы будуюць для сабе.

Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ) апублікаваў вынікі сацыяльнага манітэорынгу, праведзенага ў краінах Усходняй Эўропы і СНД. Па колькасьці зарэгістраваных у Беларусі самагубстваў сярод моладзі нашая краіна знаходзіцца на трэцім месцы пасьля Расеі і Казахстану. У Беларусі колькасьць самагубстваў за апошнія 15 год узрасла ў два разы – да 14,3 на 100 тысячаў маладых людзей і падлеткаў. Наперадзе, як і ў іншых жудасных статыстыках, — магучая Расея, дзе гэты каафіцыент вырас удвая і склаў 23,3 на 100 тысячаў чалавек.

У дваццатыя чыслы лістапада Пуцін засьвяціўся ў Лацінскай Амэрыцы. Спачатку наведаў у Чылі міжнародны форум краінаў азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёну. Актор паводзіў сябе паводле сістэмы Станіслаўскага, вельмі верагодна “ізабражаў” з сябе лідэра вялікай дзяржавы. Навакольныя людзі таксама рабілі выгляд, што вераць у ягонае акторскае майстэрства. Хаця нават лідэры Папуа-Новай Гвінэі маглі б пахваліцца больш высокім узроўнем жыцьця на сваёй выспе і лепшымі посьпехамі трапічнай прамысловасьці. Расейскія журналісты неяк ня здолелі растлумачыць, пра што вёў перамовы крамлёўскі манарх у далёкай краіне. Ён прымяраў понча,– стракатую накідку лацінцаў–, энэргічна скідваў пінжак, залазячы ў аўтамабіль. Адным словам, актыўна імітаваў напружаную дзяржаўніцкую дзейнасьць. Потым працягнуў імітацыю ў Бразіліі. Наведаў Рыа-дэ-Жанэйра (нязбыўную мару Астапа Бэндэра). Мэр горада вадзіла яго па плошчах і пагорках, прымусіла ўдарыць па мячу на стадыёне Маракана. І ён неяк без асаблівага настрою хадзіў, глядзеў, біў. Мусіў бы папрасіцца на сустрэчу з pistoleiros (так у Бразіліі называюць паліцэйскіх, якія рэгулярна адстрэльваюць беспрытульных падлеткаў на вуліцах гарадоў, каб “зьменшыць узровень злачыннасьці”). Можна ўявіць сабе, як ажывіўся б на гэтай сустрэчы Пуцін, падзяліўся б з дарагімі калегамі сваім бесланскім досьведам і іх паслухаў бы. Глядзіш, і паездка была б не дарэмнай. А ў той самы час адна за адной прыходзілі зьвесткі з былых маскоўскіх калёніяў. Эўразьвяз прызнаў апошнія выбары ў Беларусі, зробленыя па маскоўскаму сцэнару, “жульніцкімі” (гэта цытата). Пуцінскіх паслугачоў з менскай адміністрацыі зноў выставілі на сьмех і арганізоўваюць ім блякаду. Маскоўскі фарсавы сцэнар прэзыдэнцкіх выбараў церпіць поўны правал на Украіне. Сотні тысячаў людзей (у асноўным маладых) усталі сьцяной на абарону сваёй дзяржавы супраць расейскай агрэсіі і супраць маскоўскага стаўленіка крымінальніка Януковіча. Пуцін пасьпяшаўся даслаць Януковічу віншавальную тэлеграмку і цяпер рызыкуе патрапіць у вельмі няёмкае становішча, калі данецкай марыянэтцы прыйдзецца ўцякаць у Маскву. Які ўжо тут настрой пад какосавымі пальмамі?

22 лістапада мільёны людзей па ўсёй Украіне і сотні тысячаў у Кіеве распачалі народную рэвалюцыю. Ужо на наступны дзень патрыёты занялі будынак парляманту, лідэр рэвалюцыі Віктар Юшчанка прыняў прэзыдэнцкую прысягу на Бібліі і пачаў атрымліваць выншаваньні з розных куткоў Украніны і з-за мяжы. Быў утвораны Камітэт нацыянальнага выратаваньня, які пачаў прымаць на сябе адказнасьць за кіраваньне краінай. Войска заявіла пра сваё неўмяшальніцтва ў палітычныя справы і працяг выкананьня сваіх функцыяў па абароне Украінскай дзяржавы ў нармальным рэжыме. Міліцыя маршыравала па сталіцы, гукаючы: “Міліцыя з народам!” За Львоўшчынай шэраг рэгіёнаў краіны абвесьцілі пра падтрымку адміністрацыі Юшчанкі і паслалі ў адстаўку дзяржаўных прадстаўнікоў фальсіфікатара Януковіча. Другі фальсіфікатар выбараў зыходзячы прэзыдэнт Кучма ўжо дамовіўся з Лукашэнкам пра “прыватны візыт у Менск” (чытай: пра тэрміновыя ўцёкі і эміграцыю ў РБ). Ужо ў аўторак, 23 лістапада рэвалюцыя павінна была пачаць пасьлядоўнае выкананьне дзяржаўных функцыяў. Але ў Кіеў прыляцелі дабрадзеі з Эўропы. Яны патлумачылі, што “усё павінна быць у адпаведнасьці з літарай закону і паводле працэдуры”. Тлумачыў гэта такі Хав’ер Саляна, адказны ў Эўразьвязе за міжнародныя справы і бясьпеку. У гэтага касьцільца рукі ў крыві басконскіх патрыётаў. Там, дзе ён зьяўляўся з “мірнай місіяй”, заўсёды яшчэ мацней распальваўся канфлікт і гінулі людзі (успомнім Югаславію, Косава, Македонію). Эўрадабрадзеі прымусілі Юшчанку сядаць за стол перамоваў з Кучмай і Януковічам — з тымі асобамі, якія павінны ўжо знаходзіцца пад вартай і судом за злачынныя фальшаваньні на апошніх выбарах. З тымі, супраць каго паўстаў народ. Каля круглага стала круціўся таксама Б. Грызлоў – дохлы кот з расейскай Дзярждумы (што гэты там рабіў?!). Вось і “улагодзілі канфлікт”. З 24 лістапада пасьля першага перапуду падняла галаву контррэвалюцыя. У Данецк прыехаў маскоўскі мэр-мафіёза Лужкоў, пачаў заклікаць мясцовых начальнікаў і агентуру да адколваньня ад Украінскай дзяржавы ўсходніх рэгіёнаў. На наступны дзень там зьявіўся Януковіч (злачынца, які мусіў ужо знаходзіцца на допыце ў пракуратуры з кайданкамі на нячыстых руках). Некалькі ўсходніх начальнікаў заявілі пра правядзеньне 5 сьнежня (антыканстытуцыйнага) рэфэрэндуму па пытаньні абвяшчэньня “рэспублікі” на Усходзе Украіны і ў Крыме. Ажывілася гэбоўская агентура, пачала заганяць рабочых і моладзь на мітынгі пад антыўкраінскімі лёзунгамі і расейскімі сьцягамі ў Сімфэропалі і Данецку. 29 сьнежня тэлевізія паказала, як Кучма засядае ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі з усходнімі губэрнатарамі і кажа ім: “Товаріші, цэ е пэрэворот…” Гэта ён так пра народную рэвалюцыю кажа путчыстам, якія ўзначалілі контррэвалюцыю. Што праўда, у наступным тэлерэпартажы аб гэтым паседжаньні гэты эпізод быў зьняты. Сотні тысячаў людзей ужо восьмы дзень стаяць на сьнезе і марозе перад дзяржаўнымі будынкамі (дзе павінна ўжо восьмы дзень кіраваць народная ўлада). А ў гэты час Вярхоўны суд вырашае пытаньне: як пераарганізоўваць выбары, як пералічваць галасы, як захаваць працэдуру… Не адпраўлены ў адстаўку нават выбарчы шулер і путчыст Януковіч. Да, не хапае цяпер у Кіеве вялікага патрыёта Вячаслава Чарнавола (забітага КГБ у 1999 г.). Гэты гнаў бы Саляну ад самага парогу і не губляў бы час на пагаданкі з путчыстамі. Намэнклятура, якая апынулася на чале народнага пратэсту, паступова заводзіць Украінскую рэвалюцыю ў тупік. Нельга стаяць ля параднага пад’езду канторы, дзе сядзяць дзяржаўныя злачынцы, і прасіць у іх “працэдуры”,“справядлівасьці” і “выкананьня закону”. Але ясна адно – Расея (якая стаіць за антыдзяржаўнымі фальсіфікатарамі украінскіх выбараў) ужо пацярпела сакрушальную паразу на Украіне. Халяўны посьпех выбарчага і рэфэрэндумнага фарсу 17 кастрычніка ў Беларусі закруціў галаву крамлёўскім мафіёзам і яны марылі пракруціць такі ж сцэнар на Украіне. І пралічыліся. На нашых вачах распачынаецца наступны этап развалу расейскай гэбоўскай імпэрыі. Яе ня выратуюць нават брусэльскія дабрадзеі-жулікі. Украінскі народ абароніць сваю незалежную дзяржаву і гэта будзе пачаткам канца маскоўскага рэйха ў Цэнтральнай Эўропе.

30/11/2004 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024