|
Лістападаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
14 лістапада ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Быў заслуханы выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.
Зянон Пазьняк: “Беларусы зьбянтэжаныя, прыслухоўваюцца да новых ветраў. Ня ўсе прыслухоўваюцца, але задумаліся многія. Тым часам нічога ня зьменіцца да лепшага (нават калі б і справакаваліся б якія-небудзь падзеі) пакуль ня створыцца, не нарасьце крытычная маса адраджэнскай нацыянальнай эліты, актыўных беларусаў, здольных змагацца, павесьці за сабой іншых і ўсьведамляць беларускія інтарэсы. Стварэньню гэтакай сілы мы мусім актыўна спрыяць.
Што адбылося 17 кастрычніка, Вы бачыце і разумееце. (Мы папярэджвалі грамадзтва яшчэ за год да падзеяў). Прамаскоўскі рэжым застаўся і захаваўся. Лукашэнка захаваў уладу на нявызначаны тэрмін.
Парадыгма паводзінаў рэжыму (створаная і праілюстраваная ў пачатку 2004 года на выбарах у Расеі) была зразумелай. Уладу зьбіраліся ўтрымаць любым спосабам, не зважаючы ні на што. Законнасьць, легітымнасьць, міжнароднае прызнаньне – ня мелі значэньня. Толькі ўтрымацца – вось задача. (Таму і пусьцілі ў Беларусь усіх міжнародных назіральнікаў, якіх пры патрэбе вытурвалі з участкаў).
Маскоўская схэма таксама засьведчыла, што забаўкі ў “апазыцыю” скончыліся. У лукашэнкаўскую “палату” не павінен быў прайсьці ніхто са штатных апазыцыянэраў. Функцыя лукашэнкаўскай “апазыцыі” (якая заключалася, найперш, у кампрамэтацыі самой ідэі апазыцыі ў грамадзтве) з гледзішча рэжыму ўжо выкананая. “Апазыцыя” выдатна справілася з роляй загоншчыкаў людзей на “рэфэрэндум”. Цяпер можна яе засунуць у кут.
Пасьля “рэфэрэндуму” гэтую “апазыцыю”, як і ў Расеі, адвядуць на запасныя пуці (асноўную агентуру), а частку проста прыдушаць, абмяжуюць поле дзейнасьці, каб ня блыталіся пад нагамі. Такое мы ўжо назіраем. Працэс небясьпечны, бо ў гэтай справе ўдар будзе нанесены найперш па беларускіх культурных інстытуцыях якраз у рэчышчы антыбеларускай палітыкі гэбоўскага рэжыму.
Мы павінны разумець, што рэжым ніколі поўнасьцю не ліквідуе сваю “апазыцыю”, бо адна з функцыяў яе – гэта перашкаджаць разьвівацца беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху. Рэжым тут нават ня траціцца. Справу аплочвае Брусэль з Бэрлінам.
Мы не павінны недаацэньваць таксама палітычных здольнасьцяў рэжыму. З пункту гледжаньня складанай задачы захаваньня бястэрміновай улады ў неспрыяльных умовах апэрацыя “рэфэрэндум” была праведзена па-гэбоўску рашуча, арганізавана, жорстка, пасьлядоўна і безаглядна.
Паводзіны рэжыму лёгка прагназаваць, калі правільна разумець ягоную сутнасьць і мэтады. Тым часам тупізм заходніх палітыкаў толькі для тых, хто ня жыў на Захадзе, зьяўляецца сакрэтам. Нават калгасны Лукашэнка лёгка перагульвае іх на ўсе 100. Прытым ніякіх разумных высноваў з гэтага яны ня здольныя зрабіць. Аднак шкоды ад іх для Беларусі ня менш чым ад Лукашэнкі.
Нядаўна сумнавядомы Ганс Вік выступіў з чарговай “дэмакратычнай” прапановай стварыць незалежнае ад Лукашэнкі тэлебачаньне ды радыё ў Расеі і з Расеі трансляваць інфармацыя на Беларусь (зразумела на “обшчэпанятным языке”). Гэта значыць, усю гэтую лібэральную лухту, папсу, “свабоду Марынічу” ды “Шарамету”. Кажуць, што на Брайтане ўжо рэкрутуюць кадры ў вольнае “беларускае” тэлебачаньне, аб’явіўся нават нейкі Бахціяраў (жывы, курылка). На чарзе заявы розных Фіцпатрык ды Цапф пра перавод радыё “Лібэрці” на расейскую мову і г.д. Беларускай дэмакратыяй, бачыце, заняцца хочуць немцы. Такая вось чакаецца русіфікатарская навала “дэмакратаў” і шмат чаго яшчэ.
Нашыя дзеяньні цяпер павінны палягаць найперш на пазытыўнай нацыянальнай працы. Пратэстныя высновы павінны вынікаць з нашай пазыцыі. Мы мусім рыхтаваць беларускі грунт і спрыяць стварэньню беларускай сілы цераз нацыянальную і палітычную асьвету, праз ідэі і праз арганізацыі яднаньня дзеля нацыянальных інтарэсаў.
Цяперака ідэяй, якая будзе найбольш лучыць і аб’ядноўваць грамадзтва, ёсьць Беларуская Нацыянальная ідэя. Трымаем яе голасна і высока.
Адной з галоўных праграмаў нашага дзеяньня павінна стаць ініцыятыва Беларуская Салідарнасьць. Мы мусім разгортваць яе на ўсіх узроўнях, памятаючы пра магчымасьць разьвіцьця яе і ўключэньня ў Нацыянальна-Вызвольны Рух.
Мы павінны ізноў прадоўжыць акцыю “Суд”, якая прыпынілася ў сувязі з “рэфэрэндумам”.
Вельмі важна стварыць грамадзкую палітычную альтэрнатыву рэжыму і ягонай “апазыцыі”. Дарогай да гэтага можа стаць “Беларуская Салідарнасьць”.
Наступны момант - асабовая альтэрнатыва ўзурпатару. Тут ужо вырашана і будзем дзейнічаць рашуча. Але ўся партыя і ўвесь рух павінны цяпер падрыхтаваць магчымасьць, гарантыю збору 150 тысячаў подпісаў. Калі гэтага не падрыхтуем - трэці тэрмін для рэжыму забясьпечаны.
Акцыю Грамадзянства БНР у сеціве трэба падтрымліваць і хай яна йдзе сваім ходам і сваёй чаргой. Высновы потым будуць ўдакладненыя. Бо трэба мець на ўвазе працэсы дэградадыі беларускай палітычнай эміграцыі, якія не спыняюцца.
Што датычыць тых групаў, якія зазывалі на незаконны “рэфэрэндум”, то прасіў бы Вас зьвярнуць увагу, што яны крычаць: “Лукашэнка прайграў!”. Неадэкватнасьць паводзінаў была і ў 2001 годзе. Пасьля так званай “элегантнай перамогі” Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах лёзунг гэтых людзей, што падтрымлівалі тады камуністычнага намэнклятуршчыка Ганчарыка, быў такі: “Мы перамаглі!” Можа яны і праўда перамаглі разам з Лукашэнкам і Ганчарыкам. Але выглядае, што тут, як у французкім тэатры клясыцызму, калі актор канчаў маналёг ролі, то, зыходзячы са сцэны, падымаў у гару правую руку. Аднойчы адзін забыўся падняць, але за кулісамі ўспомніў. Дык вярнуўся на сцэну і падняў гэтую сваю руку.
Брусэльскім лібэралам, відаць, сьніцца Бялград. Вось яны і прыдумваюць сваім кліентам лёзунгі на мамэнт пасьля галасаваньня, якія трэба было агучваць перад абураным сэрбскім народам. Але народ тутака ня сэрбскі, а беларускі і ня сто тысячаў, а сто асобаў (і то штатных). Але ж лёзунгі. Вось і падымаюць руку ўверх, каб адзначыцца.
Цяпер гэтыя пацыенты прыдумваюць сабе чарговы грантавы праект пад назовам “альтэрнатыўны парлямант”. (Мадыфікацыя нашай ідэі “грамадзянскага парляманту”, якую яны некалі гробілі як маглі). У 1999 годзе, калі яшчэ не існавала кантрактнай сістэмы працы і ня ўсе шрубы былі закручаныя, ідэю можна было ажыцьцявіць. Зараз – гэта сэрыйная ліпа палітбізнэсу, якім займаюцца адны і тыя ж кантракцёры.
Беларусы павінны ведаць, што, зьмятаючы рэжым, трэба будзе зьмятаць і ягоную падстаўную “апазыцыю”. Так нізка, як гэтыя, відаць, яшчэ ніхто не апускаўся.
Аднак яны не павінны стаць аб’ектам марнаваньня нашай увагі. Нас чакаюць высакародныя абавязкі і добрыя справы – дзейнасьць на карысьць нашай сьветлай і дарагой Бацькаўшчыны дзеля волі, незалежнасьці, творчасьці і жыцьця нашага народу, дзеля будучыні роднай Беларусі”.
Выступілі таксама сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны паведамілі, што практыка паказала правільнасьць нашай пазыцыі па байкоту выбарчага і рэфэрэндумнага фарсу, слушнасьць нашых заклікаў да байкоту, зь якімі мы зьвярталіся да грамадзтва. Менавіта байкоту (а не “галасаваньня супраць”) баяўся рэжым, бо байкот азначаў бы ягоны правал. Выступоўцы працытавалі па матэр’ялах СМІ выказваньні кіраўнікоў псэўдаапазыцыі (“пяцёрка плюс” ды іншыя) супраць байкоту і за ўдзел у незаконным рэфэрэндуме, зробленыя публічна перад 17 кастрычніка. Практыка паказала, што яны сьведама заганялі людзей на выбарчы і рэфэрэндумный фарс, дзейнічалі разам з рэжымам, імкнуліся падмануць і прынізіць наш народ. Цяпер яны прызнаюцца, што заранёў ведалі пра фальшывасьць выбараў і што рэжым будзе падтасоўваць вынікі галасаваньня. Мы становімся сьведкамі поўнай і канчатковай дыскрэдытацыі гэтых палітычных дзеячаў і правалу іхнай палітыкі, мэтай якой ёсьць зарабляць грошы на народнай бядзе (такзваны “палітычны бізнэс”). Цяпер гэтыя фальсіфікатары ня згадваюць пра антызаконны рэфэрэндум, робяць выгляд, што Лукашэнка застаўся пры ўладзе законна і рыхтуюцца да “новых выбараў у 2006 г.”. Яны зноў, у каторы ўжо раз шукаюць “агульнага кандыдата”. І ўсё дзеля таго, каб зноў ашукаць разам з ворагамі Беларусі наш народ і выканаць сваю ролю падстаўных гульцоў рэжыму. Падзеі паказалі, што большасьць беларускага народу стаіць у апазыцыі да антыбеларускага рэжыму – гэта ёсьць сапраўдная апазыцыя. А тыя груповачкі (створаныя Гансам Вікам па ўзгадненьні з мясцовым КГБ, аб чым Вік публічна прызнаўся ў газэтах), якія называюць сабе “аб’яднанай апазыцыяй”, на самай справе зьяўляюцца неад’емнай часткай антыбеларускага рэжыму, яны дзейнічаюць супраць нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў Беларусі. Таму наша задача – аб’ядноўваць беларускае грамадзтва, асабліва моладзь дзеля стваральнай, асьветніцкай працы і змаганьня за незалежнасьць і свабоду нашай Бацькаўшчыны.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра шок, які перажыло грамадзтва пасьля нахабнага падману, арганізаванага рэжымам і ягонай падстаўной “апазыцыяй”. Большасьць людзей, якіх загналі на выбары і рэфэрэндум, галасавалі супраць рэжыму. Цяпер неабходна тлумачыць людзям, хто арганізаваў гэтую афёру і чаму нельга ўдзельнічаць у далейшых выбарчых шоў рэжыму. Псэўдаапазыцыя згубіла твар – так ахарактарызавалі вынік палітычнага жульніцтва простыя грамадзяне. Сябры паведамілі таксама пра адэкватную ацэнку беларусамі ў розных рэгіёнах краіны палітыкі расейскай імпэрыі і падзеяў у Расеі: “Расея – гэта жудасная краіна, дзе пануе мафія, дзе ідуць войны і развальваецца эканоміка. Расейскія бандыты рабуюць, калечаць і забіваюць беларускіх рабочых, што едуць у Расею на заробкі. Нельга ствараць ніякіх саюзаў і агульных дзяржаваў з дэспатычнай Расеяй”. Фронт і Партыя будуць разгортваць асьветніцкую і арганізатарскую працу па ўсёй Беларусі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
14/11/2004 › Навіны
|
Панас
17/11/2004 2:18 |
|
Прачытаўшы ўсе справаздачы па становішчу на Беларусі і метадам барацьбы з рэжымам, хочыцца зь вялікім сумам вызначыць - нічога ў вас, спадары БНФаўцы-адраджэнцы, не атрымаецца… А ведаеце, чаму ? А таму, што вы як рабілі, так і робіце адну і тую ж дзяцячую памылку - вы не палітыкі, вы мітынгоўцы, крыкуны. Не разумее вас Брусель - ганьба Бруселю, не разумее вас Клінтан - ганьба Клінтану, не разумеюць Вік і Цапф - ганьба “Вікам і Цапфам”! Спадары барацьбіты, вам не надакучыла ? Калі вы навучыцеся асазнаваць адну вельмі простую рэч - калі вас не разумеюць, гэта можа вызначаць не толькі тое, што субяседнікі вашы недалекія, але яшчэ і тое, што самі “раскажчыкі” дрэнныя. Аднымі пісьмовымі зваротамі і папярэджваньнямі вы нічога не даб’ецеся. Трэба пастаянная прысутнасьць у палітычных структурах ЗША і Еўропы, павінны напрацовывацца прамыя і пастаянныя кантакты зь імі. Палітыка - гэта не крыкі “ганьба!”, гэта пастаянная тлумачальная праца, на лічбах, фактах, гэта - перамовы і дамовы, гэта - ДЫЯЛОГ, а не МАНАЛОГ у накірунку Захада. Першае, чаму вам трэба навучыцца, гэта вуменьню весьці дыялог. Гучыць вельмі проста і нікчэмна, але гэта менавіта тое, чаго вы не здольныя рабіць. Аддтаго і вакол вас усе вінаватыя, акрамя вас саміх. Вучыцеся тэрмінова COMMUNICATION (менавіта так завецца тое, што вам абсалютна патрэбна,як паветра). Паверце,ў размовах з Захадам вы карыстаецеся тыпічнымі саўкова-камуністычнымі метадамі, нават не заўважаючы гэтага. Сэнсам гэтых метадаў было затаптаць, замардаваць субяседніка, калі той быў не згодны. Вам не здаецца, што такімі ж метадамі вы адстойваеце беларускасьць і Беларусь ??? Нахрапам, упартасьцю. НЕ РАЗУМЕЮЦЬ ГЭТАГА НА ЗАХАДЗЕ! А вось Расея вельмі добра карыстаецца тым міжнародным вакуумам, у якім і па вашай віне таксама апынулася Беларусь, і прапануе свае ўмовы на разумелай Захаду мове… А мы зноў, замест нейкага здаровага сэнсу, пачынаем адно і тое ж “ГАНЬБА!”…. Калі мы зразумеем, што гэтае “ГАНЬБА!” мы фактычна крычым самім сабе ?… Паверце, не здольныя вы весьці ні асьветніцкую, ні арганізатарскую працы, таму што тыя, хто з вамі не згодзен, аўтамаьычна стануць ворагамі, тыя, хто вас не зразумее, будуць “антыбеларусамі”, вы падзеліце грамадства зноў на нейкіх “правільных” і якое-небудзь “балота са шкваркаю і чаркаю”. Чаму за 10 гадоў БНФ не стаў фактычна лідыруючай палітычнай сілаю ? А таму, што чакае, калі грамадства само на пузе прыпаўзе да яго і на руках прынясе на трон. Не будзе гэтага ніколі, не займайцеся ідэалізмам і не брашыце на ўвесь сьвет. Рабіце лепш працу над памылкамі, не асьветніцкую працу трэба весьці, а вывучаць настрой і патрэбы электарата, і як электарат перацягнуць на свой бок. Вось калі гэты электарат у большасьці сваей будзе на вашым баку, тады і Масква вам нічога не зробіць, і Захад зразумее, што на Беларусі скончылі “ганьбіць” і пачалі займацца канкрэтнай палітычнай працаю.
|
|
andrus m
17/11/2004 16:29 |
|
Ня згодны з Вамі, сп.Панас. Вы напэўна не ведаеце пра захады да дыялогу, на якія ніхто не рэагуе. А наконт Захаду, дык ніхто ж не кажа гэта ім(заходнім палітыкам), гэта тлумачэнне пазіцыі.
|
|
Панас
17/11/2004 18:07 |
|
andrus m 17/11/2004 16:29
Гэта залежыць ад таго, як рабіць захады. Прешы захад быў апрацаваны яшчэ тады, калі Зянон Станіслававіч быў на Беларусі. Тады ўсе спробы падняць людзей супраць незаконных дзеяньняў Лукашэнкі пацярпелі. Вывад, аднак, быў зроблены вельмі цікавы - на Беларусі балота, а потым з’явілася і славутая “чарка і шкварка”,як характэрыстыка электарата. Гэтым самым апазіцыя Зянона Станіслававіча першы раз знайшла крайняга. Потым ішлі АБСЕ, Еўрапарлямент, КНГ АБСЕ і т.д., і т.п. Хачу адразу падкрэсліць, што пра Беларусь ніхто нічога не ведаў, хто гэта, дзе гэта… Панаваў стэрэатып, што гэта ўвогуле заходняя частка Расеі, што Расея пачала вельмі зручна выкарыстовываць. РФаўскія дыпляматы нікога не ганьбілі, ні на нікога не нападалі, яны выкарыстовывалі міжнародную трыбуну дзеля дасягненьня сваіх канкрэтных мэтаў па Беларусі. Канешне, яны мелі перавагу, бо карысталіся яшчэ СССРаўскай базай і сродкамі. Дык вось, за тыя 10 гадоў кіраваньня Лукашэнкі, было шмат магчымасьцяў працаваць і ў ЗША, і ў Еўропе, працаваць цяжка, сустракаючы звычайнае непаразуменьне, шукаць сур’езныя сродкі і ствараць менавіта свае лобі з уплывовых заходніх палітычных дзеячоў. Што рабілі на самой справе ? Правільна! Пісалі звароты, справаздачы, папярэджваньні, а потым тыкалі беларускае і замежнае грамадства ў тое, якая КХП БНФ была правая,а яе не слухалі. Нават тыканьне носам на Беларусі не дало ніякага выніку, а тут яшчэ і з Захадам намагаліся размаўляць гэткім жа чынам… Паўтараю яшчэ раз - у Зянона Станіслававіча есьць шмат моцных якасьцяў, як тое адэкватнае разуменьне становішча на Беларусі і сапраўднага раскладу інтарэсаў. Але Зянон Станіслававіч можа зноў наступіць на тыя ж граблі, вызначаючы шляхі барацьбы з рэжымам. Гэта не віна, гэта бяда. Бяда не толькі яго, але і ўвогуле апазіцыі. У краіны з’явіўся яшчэ адзін шанец пасьля “Акта..”, Расея кінулася сама яго выкарыстовываць на свой манер, пачынаючы ціснуць на Луку, ўсталевываць “ревалюцыі апаўшага лісьця”, карацей, прыбраць з глаз свайго стаўленьніка Лукашэнку і паставіць другога свайго, не зьмяняючы сутнасьці. І калі Зянон Станіслававіч не сконьчыць грызьці заходніх лібералаў, а пачне на Захадзе актыўную дзейнасьць па раскрутцы беларускіх нацыянальных інтарэсаў, без папрокаў і наездаў, а церпяліва і разумела, калі на Беларусі выкінуць з галавы дурноцьце пад назвай “чарка і шкварка”, а пачнуць раскручваць эканамічныя інтарэсы сярод электарата, на якіх будзе грунтавацца і незалежнасьць з беларускасьцю, вось тады паступова нешта можа атрымацца. Паўтараю, не эканоміка будзе грунтавацца на беларускасьці, а менавіта беларускасьць на эканоміцы, таму што есьць чарговы шанец прапанаваць грамадству Бел-чырвона-белы і Пагоню, забыўшыся пра пенсіі, заробкі, працу, прайсы. Так, мы адукаваныя і ведаем, што ідзе перш, а што потым, але насельніцтва сотні гадоў жыло ў цемры, калі не будзе незалежнасьць падмацавана дабрабытам, тады не будзе патрэбы а ні ў якай асьветніцкай і арганізатарскай працы. КХП БНФ проста ніхто не будзе слухаць, акрамя адукаванай інтэлігенцыі, якой абсалютная меньшасьць… Менавіта гэта і адбывалася ўсе апошнія 10 гадоў. Дык хто вынаваты ? Клінтан, АБСЕ, НАТА, Кіоцкі пратакол ? Не, вінаватыя мы самі, бо не здольныя прагматычна і разумела давесьці нашыя інтарэсы… Як навучыў нас камунізм, так мы і “даказваем”… А гэта шлях у нікуды…
|
|
максім
18/11/2004 21:57 |
|
Каб электарат быў на нашым баку, для гэтага патрэбна асьветніцкая дзейнасьць. Тамушто у рэжыма ёсьць сьмі, якія ганьбяць нягодных.
|
|
binder
19/11/2004 1:49 |
|
Сп. Панас прапануе вучыць “COMMUNICATION”. Добрая парада. Толькі эўрапейцы розныя і камунікат можа быць розны. Мы маем яскравы прыклад эўрапейскага камунікэйшэн. Яго сёлета ў кастрычніку прадэманстраваў эўрапарлямант. На натуральнае выказваньне веруючага італьянца,кандыдата на пасаду міністра юстыцыі Эўразьвязу сп.Бутільёне, што гомосэксуальныя сувязі ёсьць грэх, дэпутаты-сацыялісты паднялі агульнаэўрапейскі верхал і забалатавалі склад Эўракамісіі. Бачыце, не можа чалавек быць камісарам Эўразьвязу, калі не паважае гомасэксуалаў. Паследуй сп.Бутільёне правілам камунікэйшэн эўрапейскіх сацыялістаў, моглі б і педерастам зрабіць.
Горшы прыклад вынікаў камунікэйшэн маем у нашай краіне. “Спэцыялісты” па камунікэйшэн, асобы з кааліцыяў: “пяцёрка+”,”свабодная Беларусь” ды інш. папаліся на гачок расейскіх і нямецкіх “дэмакратызатараў” Беларусі, пад іх дыктоўку ашукалі беларускіх выбаршчыкаў, заклікалі ісьці і галасаваць “супраць” незаконнага “рэфэрэндуму”. Такім чынам дапамаглі Лукашэнку атрымаць “перамогу”. Вось і прывёў гэтых асобаў прагматызм і гандлярства даверам людзей (па іхнаму “камунікэйшэн”) на лаву здрады. Цяпер гэтыя асобы прыкладаюць намаганьні пахаваць вынікі 17 кастрычніка. Хочуць, каб людзі забыліся, хто яны ёсьць і што яны нарабілі. Аднак падел у грамадстве адбыўся.
З аднаго боку гэта - пратэстная супольнасьць грамадзянаў, якая складаецца з тых, хто не пайшоў на незаконную акцыю “рэферэндум+выбары” і тых, хто пад уціскам рэжыму і пад уплывам ашуканства асобаў з “пяцёркі+” ды іншых “каліцыяў”, пайшлі і рашуча галасавалі “супраць”. З другога - рэжым, яго пасобнікі і яго падкантрольная (праз расейскіх або эўрапейскіх пасрэднікаў)”апазыцыя”.
Няма з чым гэтым ашуканцам ісьці да людзей.
А наконт ” “COMMUNICATION” усё правільна. Трэба кантактаваць і даводзіць сваю беларускую пазыцыю. Што і робіцца. Але без гандлю інтарэсамі беларускага народа і Беларусі.
|
|
Панас
19/11/2004 8:25 |
|
binder 19/11/2004 1:49
З самага пачатку, сп. Binder, было б, мне здаецца, недрэнна вызначыць, што ўвогуле маецца на ўвазе пад тэрмінам COMMUNICATION. Гэта не працэс проста кантактаваньня і давядзеньня пазіцыі, гэта вуменьне весьці размову на канкрэтную тэму, што ўключае ў сябе вуменьне казаць і слухаць, ні ў якім разе не тыкаць носам субяседніка ў што б тое ні было, вуменьне ўдакладняць тыя пытаньні, якія не разумелыя вам, альбо вашым субяседнікам, вуменьне прыходзіць да агульных пунктаў паразуменьня. Гэтаму вучаць, вельмі зручна, праўда, за мяжою. Вучоба ўключае ў сябе role plays, відэазапісы практыкаваньняў з удзелам чальцоў з далейшым дэталевым разборам кожнай сітуацыі, амаль пакадрава, і т.д. Дзьвух тыдняў дастаткова, каб абсалютна відавочна зразумець, што такія пасажы, як то “падняць агульнаеўрапейскі вэрхал,папасьціся на гачок расейскіх і нямецкіх дэмакратызатараў, ашукаць беларускіх выбаршчыкаў,прывесьці на лаву здрады” і т.д. абсалютна недапушчальныя. Гэта не COMMUNICATION, гэта паток адмоўных эмоцыяў, які вядзе да банальнай брахалаўкі. Не больш… Калі такім чынам падыходзіць да пытаньня незалежнасьці Беларусі, то Захад мае аб’ектыўна толькі два шляхі рэакцыі на абвінавачаньні - альбо прамаўчаць і больш з вамі не зьвязвацца, альбо адказаць такім жа чынам. Гэта самы просты закон таго самага COMMUNICATION - калі на цябе пачалі брахаць, то ты будзеш альбо адбрэхівацца, альбо сам пяройдзеш у атаку. Трэцяга няма, як няма і паразуменьня. Гэта менавіта тое, чаго дасягнулі за цэлых 10 гадоў. А чаму ? А таму, што ў савецкай школе вучылі аднолькава як будучых апазіцыянераў, так і будучых таталітарыстаў - нахрапам даказаць правату камунізма і замардаваць незгоднага. Камунізм ляснуўся, таму адны аўтаматычна замянілі яго папулізмам, другія - нацыянальнай сьвядомасьцю. А сэнс застаўся былы - чубіць і нахрапам прымушаць лічыць сябе правым. Дык вось на Захадзе гэтага не разумеюць. Дадам яшчэ больш - перастаюць паступова разумець і нават на самой Беларусі. А гэта вельмі сур’езны званочак у бок менавіта КХП-БНФ. Не, можна, канешне, рубануць праўду-матку, маўляў, усе яны ці то здраднікі, ці то агенты КГБ-Крамля, але не, ні тыя,ні другія, нават не прадстаўнікі зацюканага электарата, а тыя, хто ўжо здолеў сур’езна папрацаваць на Захадзе, і хто глядзіць на беларускую палітычную рэчаіснасць абсалютна другімі вачамі. Яны не ўспрымаюць Луку, аднак і не разумеюць прамалінейнасьці менавіта Зянона Станіслававіча, на якога ўсе яшчэ спадзяюцца…
|
|
Панас
19/11/2004 16:21 |
|
максім 18/11/2004 21:57
А што маецца на ўвазе пад “асьветніцкай дзейнасьцю”? Сапраўды, паняцьце вельмі абагульняючае, ва усялякім разе дзеля мяне, таму хацелася б удакладніць. Дзякуй!
|
|
максім
19/11/2004 21:44 |
|
Панас 19/11/2004 16:21
Асьветніцкая дзейнасьць?
Хацябы данесьці да людзей свае мэты
каб яны зразумелі нас. І не баяліся слова нацыяналізм.
Тое тычыцца і эканомікі. Людзі павінны ведаць альтэрнатыву. А гэта як-ніяк асьвета.
|
|
Панас
19/11/2004 22:23 |
|
максім 19/11/2004 21:44
Што праўда, тое праўда… Нават некаторыя мае знаемыя, каторыя маюць вышэйшую адукацыю, і тыя аўтаматычна пужаюцца слова “нацыяналіст”, нават не цікавячыся аб сэнсе. Што ўжо казаць пра звычайных людзей, каторыя “карыстаюцца” толькі афіцыйнымі СМІ на Беларусі… Але, мне здаецца, прыярытэт трэба аддаваць менавіта эканоміке і сацыяльным пытаньням, бо, наколькі я меў магчымасьць заўважыць, гэтыя пытаньні больш за ўсе клапоцяць грамадзян. Калі вашыя прапановы стануць сапраўды прывабнымі, тады і праблемы незалежнасьці, нацыянальных сімбаляў і інтарэсаў будуць успрымацца значна лягчэй і цікавей. Такая мая думка.
|
|
binder
20/11/2004 2:43 |
|
Панас: 19/11/2004 8:25 ды інш.
У дадзеным выпадку не прадукцыйна высвятляць, хто як разумее той ці іншы тэрмін. Можа атрымацца выключна схаластыка.
Да больш істотнага. Сп. Панас (17.11.)выказвае тэзу:”…не асьветніцкую працу трэба весьці, а вывучаць настрой і патрэбы электарата, і як электарат перацягнуць на свой бок.” І зноў жа 19.11. паўтарна ў іншай варыяцыі: “…Але, мне здаецца, прыярытэт трэба аддаваць менавіта эканоміке і сацыяльным пытаньням, бо, наколькі я меў магчымасьць заўважыць, гэтыя пытаньні больш за ўсе клапоцяць грамадзян. Калі вашыя прапановы стануць сапраўды прывабнымі, тады і праблемы незалежнасьці, нацыянальных сімбаляў і інтарэсаў будуць успрымацца значна лягчэй і цікавей.” Пры гэтым сп.Панас дае зразумець, што ён належыць да кола інтэлігентаў.
Калі ісці шляхам, які прапануе сп.Панас, то атрымліваецца наступная схэма:
1)інтэлігенцыя падладжваецца пад інтарэсы выбарцаў;
2)інтарэсы выбарцаў фармуюцца адміністратыўным ціскам і ўплывам сродкаў інфармацыі, манапалізаваных рэжымам;
3)інтэлігенцыя (пры Ўсксным пасрэдніцтве выбарцаў)служыць інтарэсам рэжыму.
Гэтая схэма спрацавала 17 кастрычніка сёлета. “Інтэлігенты” прапанавалі выбарцам “пяць крокаў да лепшага жыцьця”, заклікалі ісьці галасаваць (паколькі рэжым “усёроўна пагоніць”) і і дапамаглі Лукашэнку атрымаць “перамогу”.
Асобаў, якія плятуцца ў хвасьце грамадства, узрошчваюць свае дробныя інтарэсы на здрадзе грамадзтву, ня можна лічыць інтэлігентамі.
|
|
Панас
20/11/2004 8:11 |
|
binder 20/11/2004 2:43
1) Я не вясьвятляю, як разумець тэрмін COMMUNICATION. Я расказаў тое, што добра ведаю,таму што прымаў у гэтым працэсе ўдзел. Аб якой схаластыцы ідзе гаворка ?….
2) Чым я даў зразумець, што належу, альбо не да інтэлігенцыі ?
3) На якой падставе так вольна выкарыстовываюцца (ўжо ў каторы раз…) такія гучныя ярлыкі, як “плесьціся ў хвасьце грамадства, свае дробныя інтарэсы, здрада грамадству” ?
Спадар Binder, Вам не здаецца, што ўвесь час Вы слухаеце толькі сябе, выступаеце ад імя цэлага грамадства, зноў і зноў ганьбіце тое, што вам не падабаецца, не захацеўшы нават намагчыся крышачку разабрацца ў прадмеце размовы. Мне здаецца, з Вамі трэба толькі пагаджацца, інакш есьць вялікая рызыка “пазбавіцца права быць інтэлігентам”… Калі ласка, не бярыце на сябе столькі шмат, ды яшчэ ад імя ўсяго народа… Здаецца, лепш казаць ад свайго імя, ды не раздаваць направа і налева “здраднікаў і хвастоў грамадства”, бо вельмі хутка гэтыя “прыемныя” словы могуць вярнуцца да Вас, і Вы вельмі разабідзіцеся…
|
|
максім
20/11/2004 13:09 |
|
binder 20/11/2004 2:43
У любым выпадку мы павінны задавальняць інтарэсы грамадства ня здраджваючы сваім мдэалям.
|
|
Панас
20/11/2004 17:07 |
|
binder 20/11/2004 2:43
Тут я з Вамі магу толькі пагадзіцца. Але, здаецца, трэба вызначыць такое паняцьце, як “здрада ідэалам”. Патлмачу: кажучы пра прывалею эканамічна-сацыяльных пытаньняў над нацыянальнымі, я не меў на ўвазе займацца “папулярызацыяй чаркі і шкваркі”. Наколькі я магу бачыць настрой звычайнага асяродьдзя, то яму абрыдла проста выжываць, шукаць грошы на самае неабходнае. Шмат людзей хочуць працаваць (а не каб ім нехта даў), зарабляць грошы не толькі “дзеткам на мяса к сьвяту”, як вызначыў таварыш Лукашэнка, але і яшчэ на нешта. Стала быць, галоўнае пытаньне дзеля іх - як пабудаваць свой дабрабыт. Безумоўна, не атрымаўшы сапраўднай незалежнасьці, не вызнчыўшы, хто мы, адкуль мы, якая была наша гісторыя, якія сапраўдныя каштоўнасьці, якая наша нацыянальная спадчына, што мы намагаемся пабудаваць у будучыні, немагчыма забяспечыць і эканамічнае разьвіцьце. Аднак, мне здаецца, звычайнаму чалавеку вельмі цяжка разабрацца ў тым, чаго ен не разумее. Можна заняцца яго асьветай. Але такіх прыкладаў было шмат - і дэкабрысты, і асьветнікі хадзілі ў народ, але нічога не дасягнулі і самі пацярпелі, а потым той жа Мураў’еў-Апостал вельмі зручна сам закручваў гайкі на Беларусі, відаць, пазабыўшыся пра свае дэкабрыстсва… Дык вось, на маю думку, калі даць электарату магчымасьць зразумець, што канкрэтныя крокі ў эканамічна-сацыяльнай палітыцы такія і такія, і калі разуменьне вашых намаганьняў у гэтай галіне стане блізка электарату, то вызначыць той факт, што немагчыма дасягнуць пленных вынікаў у жыцьці без незалежнасьці, нацыянальнай сьвядомасьці, шанаваньня нацыянальных інтарэсаў. Я не запрашаю сягодня займацца толькі эканомікай, а праз год перайсьці на нацыянальныя інтарэсы. Не!. Толькі думаю, што выводзіць людзей на нацыянальную сьвядомасьць трэба праз разумелыя і актуальныя дзеля іх катэгорыі. Зараз, акрамя сацыяльна/эканамічных катэгорый, я ўласна нічога не бачу. Аднак, гэта толькі мае думкі, я магу памыляцца.
|
|
Панас
20/11/2004 17:18 |
|
Прабачце, папярэдні пост быў да Максіма, я тут нешта заблытаўся…
|
|
цётка
20/11/2004 21:18 |
|
binder 20/11/2004 2:43
= Асобаў, якія плятуцца ў хвасьце грамадства, узрошчваюць свае дробныя інтарэсы на здрадзе грамадзтву, ня можна лічыць інтэлігентамі.=
Інтэлігэнтнае спадарства! Гэта вельмі добра, што вы так пільна захоўваючы адну вам ведамаю ісьцінную Параўду, імкнецеся ісьці зь Ёю, адзінай, НАПЕРАДЗЕ ўсяго цёмнага грамадзтва, каб барані Божа ды не побач зь ім, адсталым. Гэтак жаж шпарка шыбуеце, шаноўныя, што забеглі ўжо так далёка, ажно за далягляд, што зрэшты вас нават і не відаць адсюль. …А то яно дык, можа, і добра… Амінь.
|
|
binder
21/11/2004 19:45 |
|
Цётка 20/11/2004
«Моцна» секанула Цётка. Хоць не па тэме, але «моцна». Дазваляецца, аказываецца, штурхаць грамаду ззаду, або даваць парады з боку. Толькі не даць магчымасьці нацыянальнай інтэлігенцыі стаць наперадзе. Яна ж Беларусь зробіць беларускай і беларусаў нельга будзе выкарыстоўваць ў расейскіх імпэрскіх войнах, і ў якасьці таннай рабочай і інтэлектуальнай сілы на абшарах імпэрыі.
|
|
цётка
21/11/2004 21:39 |
|
binder 21/11/2004 19:45
= Толькі не даць магчымасьці нацыянальнай інтэлігенцыі стаць наперадзе… =
А што, а разам ніяк? Га?
А давайце! Давайце будзем РАЗАМ!!!
Давайце ніхто ня будзе хавацца за даляглядамі, хай сабе і самімі разумнімі і сьвядомымі, дзе б яны там тыя далягляды ні былі: хоць спераду, хоць ззаду, а хоць бы й збоку!
Можа тады хоць пагамонім… дый зразумеем адзін адного…
|
|
Панас
22/11/2004 8:10 |
|
binder 21/11/2004 19:45
Я не ведаю, планавала Цетка, ці не, але яна дала добры прыклад таго, якую рэакцыю можна чакаць на з’яўленьне чарговага правадыра да сьветлай будучыні. Людзі не любяць, калі іх нехта некуды вядзе, нават не пытаючыся. Так робяць толькі са скацінай, якую вядуць на бойню. Я б прапанаваў той самай інтэлігенцыі заключыць з грамадствам джэнтэльменскае пагадненьне - інтэлігенцыя прыходзіць да ўлады з дапамогаю грамадства, забясьпечвае выкананьне заканадаўства і спрыяе грамадству ў яго працы (рэальныя, а не рабаўніцкія падаткі, прыватная ўласнасьць на зямлю і яе недатыкальнасьць, мясцовае самакіраваньне, сацяльнае забяспячэньне, скараненьне карупцыі, крышаваньня, хабарніцтва, і т.д., і т.п.). Грамадства ў сваю чаргу бярэ абавязак спрыяць палітычнаму кіраўніцтву (інтэлігенцыі) ў правядзеньні нацыянальнай палітыкі, аднаўленьні гісторыі, традыцыяў, забяспячэньні палітычнай і эканамічнай незалежнасьці шляхам сумленнага выплочваньня падаткаў, ахвяраваньня сродкаў, атрыманых у выніку ўласнай эканамічнай дзейнасьці, і грамадска-палітычнай падтрымкі пад час чарговых выбараў. Пагадненьне выконваюць усе. І ніхто нікога нікуды не будзе весьці, альбо цягнуць за вушы. Незалежныя веткі ўлады і грамадства будуць выступаць у якасьці партнераў пры пабудаваньні Беларусі. Як, спадар Binder, такі варыянт падойдзе ?
|
|
цётка
22/11/2004 16:18 |
|
Панас 22/11/2004 8:10
=…з’яўленьне чарговага правадыра да сьветлай будучыні. Людзі не любяць, калі іх нехта некуды вядзе, нават не пытаючыся…=
да bindera і усіх “сьвядомых” лідэраў:
чытайце ўважліва НАШАГА Васіля Быкава “Пахаджане”.
|
|
максім
22/11/2004 21:03 |
|
Панас 20/11/2004 17:07
Мне здаецца, што простаму чалавеку лягчэй зразумець нацыянальную ідэю, а адсюляка нацыянальную эканоміку: усё дзеля нацыі; чым проста зразумець усе тонкасьці эканамічных рэформаў. Бо людзі ведаюць адно: нічога ня можна продаць, таму й баяцца апазыцыі, што яна ўсё прадась.
Панас 22/11/2004 8:10
Мне здаецца , што грамадзтва ня возьме на сябе абавязак спрыяньня ў правядзеньні нацыянальнае палітыкі. Таму што нацыянальная палітыка - гэта ў першую чаргу беларусізацыя гвалтоўна маскалізаванага грамадства, якое прызвычаілася да такога ладу жыцьця і ў дадатак ведае слова - дэмакратыя.
|
|
binder
23/11/2004 2:23 |
|
1. Панас 22/11/2004 8:10
Аб пагадненьні. Шаноўны сп.Панас, як Вы сабе ўяўляеце паднісаньне такога пагадненьня? Інтэлігенцыя і грамадства не зьяўляюцца суб’ектамі. Падпісваць нешта могуць толькі асобы. З улікам гэтага прапанаванае пагадненьне ёсьць абстракцыя.
2. Для ўсіх нас.
Ва ўсіх папярэдніх выказваньнях прысутнічаюць, непасрэдна або ўскосна, палажэньні аб неабходнасьці палітычнай асьветы. Яна неабходная, каб людзі не паддаваліся на ашуканства і былі цьвёрдыя ў супрацьдзеяньні гвалту, накшталт тых, што прымяніў 17 кастрычніка сёлета рэжым са сваёй “апазыцыяй” . Пра гэта і йдзе гаворка ў вышэй прыведзеным выступе Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Зянона Пазьняка.
|
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:





Hosted by

Лічыльнік:
|
|